Навагрудскае ваяводства (Польшча)
Навагру́дскае ваяво́дства (польск.: Województwo Nowogródzkie) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка міжваеннай Польскай Рэспублікі з цэнтрам у Навагрудку, утворанае 4 лютага 1921 г.[1] Плошча — 22 966 км², насельніцтва — 1 057 200 чалавек.
Навагрудскае ваяводства | |||
---|---|---|---|
Województwo Nowogródzkie | |||
|
|||
Краіна | Польская Рэспубліка | ||
Статус | ваяводства | ||
Уваходзіць у | |||
Уключае |
10 паветаў (1922) 8 паветаў (1929) |
||
Адміністрацыйны цэнтр | Навагрудак | ||
Найбуйнейшыя гарады | Баранавічы, Ліда, Нясвіж, Стоўбцы | ||
Дата ўтварэння | 4 лютага 1921 г. | ||
Дата скасавання | 4 снежня 1939 г. | ||
Афіцыйная мова | польская | ||
Насельніцтва (1931) | 1 057 200 чал | ||
Нацыянальны склад |
палякі (54%) беларусы (37,8%) |
||
Канфесійны склад |
праваслаўныя (51,2%) католікі (39,4%) |
||
Плошча | 22 966 км² (6 %) | ||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт |
324 м |
||
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
правіцьПавет | Гады існавання | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Цэнтр | Герб | Насельніцтва, чал. |
---|---|---|---|---|---|---|
Баранавіцкі | 1921—1939 | 3298 | 161 100 | Баранавічы | 22 893 | |
Валожынскі | 1921—1939 | 2799 | 115 500 | Валожын | 6269 | |
Вілейскі | 1921—1922 | 3421 | 103 914 | Вілейка | 3417 | |
Дзісненскі | 1921—1922 | 5156 | 170 342 | Дзісна | 4514 | |
Дунілавіцкі | 1921—1922 | 3687 | 112 717 | Дунілавічы | 1386 | |
Лідскі | 1921—1939 | 4258 | 183 500 | Ліда | 19 490 | |
Навагрудскі | 1921—1939 | 2930 | 149 500 | Навагрудак | 9567 | |
Нясвіжскі | 1921—1939 | 1968 | 114 500 | Нясвіж | 7357 | |
Слонімскі | 1921—1939 | 3069 | 126 500 | Слонім | 16 284 | |
Стаўбцоўскі | 1921—1939 | 2371 | 99 400 | Стоўбцы | 6569 | |
Шчучынскі | 1929—1939 | 2273 | 107 200 | Шчучын | 1539 |
Геаграфія
правіцьНавагрудскае ваяводства займала тэрыторыю плошчай 22 966 км², што складала 6 % тэрыторыі ўсёй Польскай Рэспублікі[2][3]. На ўсходзе межавала з СССР, на поўдні — з Палескім ваяводствам, на захадзе і поўначы — з Беластоцкім і Віленскім ваяводствамі.
Ваяводства ляжала на плоскасці, найвышэйшы пункт якой знаходзіўся на вышыні 324 м над узроўнем мора і размяшчаўся ў Навагрудку. На захад і на поўдзень рэльеф зніжаўся, і пераважалі абшары, якія ляжалі на вышыні 150—200 м.[4]
Навагрудскае ваяводства займала тэрыторыю ў парэччы ракі Нёман, якая падзяляла яго натуральным чынам на дзве часткі. Нёман праходзіў праз Стаўбцоўскі, Навагрудскі, Лідскі і Шчучынскі паветы па даўжыні 286 км.[5]
Да найважнейшых рэк, акрамя Нёмана, належаць Сула (даўжыня 72 км), Заходняя Бярэзіна (192 км), Гаўя (65 км), Дзітва (95 км), Лебяда (57 км), Маўчадка (86 км), Уша (83 км), Сэрвач (68 км) і найвялікшая пасля Нёмана рака Шчара (330 км). Цалкам даўжыня рачной сеткі ваяводства даходзіла да 4066 км.[3]
Вялікіх азёраў не было. Найважнейшымі былі Свіцязь, Кромань, Калдычэўскае і Дамашэўскае азёры, Пеласы і Маторы. Іх паверхня вагалася ў межах 93—170 га.
21 % абшараў Навагрудскага ваяводства займалі дрыгвы. Цалкам паверхня багнаў і балот, якія ляжалі ў басейнах рэк, складала 588—600 га. Найбольш іх было ў Стаўбцоўскім, потым у Валожынскім, Слонімскім і Баранавіцкім паветах, найменш — у Навагрудскім і Шчучынскім. Значныя дрыгвяныя комплексы, якія знаходзіліся ў паўднёвай частцы ваяводства, былі працягам Палескіх балот. Яны даходзілі да шашы Брэст—Слуцк і ішлі далей, на поўдзень.
Тэрыторыя Навагрудскага ваяводства была досыць густа залесенай. Агульная плошча лясоў у 1931 годзе дасягала 517 000 га (24.3 % паверхні)[6]. Найбуйнейшыя лясныя абшары знаходзіліся ў Валожынскім, Слонімскім і Баранавіцкім паветах. Валожынскі і ўсходнюю частку Стаўбцоўскага павета займаў буйны лясны комплекс, які складаўся з Бакштанцкіх, Вішнеўскіх, Любчанскіх лясоў і Налібоцкай пушчы з паверхняй каля 100 000 га. Другім па памеры лясным абшарам была пакладзеная па левым беразе Нёмана пры вусці Шчары ў Слонімскім і часткова Навагрудскім паветах Ліпічанская пушча, званая таксама Занёманскай. У Баранавіцкім павеце былі значныя лясныя скапленні ў прырэччы Шчары.
На поўнач ад Нёмана лясы выступалі радзей. Найменей іх было ў Лідскім, Навагрудскім і Нясвіжскім паветах. Гэтыя паветы прадстаўлялі сабой слаба залесены пас, які апаясваў Навагрудскае ваяводства з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. У Шчучынскім павеце лясныя абшары ляжалі на паўднёва-ўсходнім яго канцы і адносіліся да Гродзенскай пушчы.
Насельніцтва
правіцьПаводле статыстычных дадзеных 1921 года, у Навагрудскім ваяводстве пражывалі 822 106 чалавек[7]:
Насельніцтва Навагрудскага ваяводства паводле нацыянальнасці і веравызнання, 1921 г. | |||||
Нацыянальнасць | Колькасць чалавек | Адсоткавыя суадносіны | Веравызнанне | Колькасць чалавек | Адсоткавыя суадносіны |
---|---|---|---|---|---|
Палякі | 443 701 | 54 % | Праваслаўе | 421 247 | 51,2 % |
Беларусы | 310 152 | 37,7 % | Каталіцтва | 323 728 | 39,4 % |
Яўрэі | 56 174 | 6,8 % | Іўдаізм | 74 334 | 9,0 % |
Літоўцы | 9 801 | 1,2 % | Іслам | 1 776 | 0,2 % |
Рускія | 1293 | 0,2 % |
У 1931 годзе колькасць насельніцтва ваяводства дасягнула паказчыка ў 1057,2 тыс. асобаў, з якіх у гарадах пражывалі каля 102,3 тыс. чалавек[2]. У параўнанні з іншымі тэрыторыямі Польскай Рэспублікі, гэта быў рэгіён не толькі слаба заселены, але і вельмі неўрбанізаваны.
Згодна з вынікамі тагачаснага ўсеагульнага перапісу, польскую мову назвалі роднай 553 859 чалавек, беларускую — 413 466, ідыш — 76 025 асобаў. У плане веравызнання, як і 10 гадоў таму, пераважалі праваслаўныя (542 333 чал.) і католікі (424 549 чал.), а таксама іўдзеі (82 872 чал.)[8].
Перадваеннае Навагрудскае ваяводства не мела нацыянальнага адзінства. Адвечна ў ім пераважалі беларусы і палякі. Яўрэі, літоўцы, татары і рускія складалі нацыянальныя меншасці. На падставе статыстычных дадзеных 1931 г. цяжка высветліць, хто быў палякам, а хто беларусам, паколькі апытваным асобам ставілася пытанне не аб нацыянальнай прыналежнасці, а толькі аб мове і веравызнанні.
Статыстычныя дадзеныя гавораць, што католікі не заўсёды карысталіся польскай мовай, падобна як і не ўсе праваслаўныя ўжывалі беларускую мову[9].
У гарадах ваяводства дамінавалі палякі і яўрэі, на вёсцы ў большасці раёнаў пераважалі беларусы. У Лідскім, Шчучынскім і Валожынскім паветах дамінавала польскае насельніцтва, значны адсотак палякаў жыў у Стаўбцоўскім павеце, але ў астатніх паветах пераважалі беларусы[9].
Сярод 19 115 працаўнікоў публічнай службы, касцёла, арганізацыяў і грамадскіх інстытутаў католікаў было 13 389, праваслаўных — 3050 асобаў, іўдзеяў — 1481[10].
У 1939 г. на тэрыторыі Навагрудчыны было 23 прадшколы, 1323 пачатковыя школы, 12 гімназіяў, 9 ліцэяў і настаўніцкіх семінарыяў, 5 тэхнікумаў, 13 прафесійных і 10 сельскагаспадарчых школаў[11][12]. З 202 100 дзяцей у школьным узросце наведвалі школы 164 500 (81,4 %).
Транспарт
правіцьТранспартная сетка ў Навагрудскім ваяводстве была развіта слаба. Яго тэрыторыю абдымалі чатыры чыгуначныя лініі: Брэст—Баранавічы—Стоўбцы, Вільня—Баранавічы—Лунінец, Беласток—Баранавічы, Седльцэ—Ліда—Загацце. Даўжыня ўсёй чыгункі дасягала 584 км, з іх 56 % прыпадала на Лідскі і Баранавіцкі паветы.
Вузкакалейныя лініі ваяводства мелі даўжыню 148 км і выконвалі ролю лакальнага транспарта.
Даўжыня звычайных дарог Навагрудчыны дасягала 14 338 км, з якіх асфальтаванымі і брукаванымі былі толькі 2214 км. І без таго цяжкія камунікацыйныя ўмовы пагаршаліся ападкамі, асабліва ўвясну, увосень і ўзімку, калі выпадала шмат снега[13].
Сельская гаспадарка
правіцьНавагрудскае ваяводства было аграрным рэгіёнам. Перанаселенасць вёсак, прымітыўная сістэма кіравання сельскай гаспадаркай (дамінавала трохполле), малаўраджайная глеба, недастатковая механізацыя — усё гэта спрыяла таму, што большасць гаспадарак ваяводства былі натуральнымі і самадастатковымі, слаба звязанымі з рынкам[14].
У 1931 годзе на тэрыторыі ваяводства было 164 256 гаспадарак, з іх 143 767 мелі зямлі менш за 15 га. У 81 853 гаспадарак зямлі было менш за 5 га і працавала на іх каля 378 959 асобаў (ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў), ад 5 да 10 га лічыліся 46 677 гаспадарак (265 916 асобаў), гаспадарак ад 10 да 15 га было 12 237 (69 777 асобаў), ад 15 да 50 га 7946 гаспадарак (45 706 асобаў). Маёнткаў вышэй за 50 га было 938 (3572 асобы)[9][15].
Уладарамі дужых (звыш 50 га) і сярэдніх маёнткаў былі збольшага палякі, з якіх шмат належала вайсковым асаднікам (на 1 студзеня 1925 г. іх лічба на Навагрудчыне была каля 1921 асобы)[9].
Скасаванне
правіцьУ выніку пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года, на некаторы час наступіла анархія. Гэты перыяд быў скарыстаны крымінальнымі і камуністычнымі коламі, якія правялі бандыцка-рабункавыя акцыі супраць асаднікаў, заможных сялян, паліцэйскіх і афіцэраў Войска Польскага. Часам гэтыя акцыі сканчаліся забойствамі. Толькі на тэрыторыі Навагрудскага павета ахвярамі падобных акцый сталі прынамсі 25 чалавек[16][17].
Разбурэнні працягваліся да таго часу, пакуль сітуацыя не была ўзята пад кантроль новай адміністрацыяй і НКУС. На тэрыторыі Навагрудскага ваяводства была ўсталявана савецкая ўлада, а ў 1940 годзе ўтварылася Баранавіцкая вобласць, якая ўключала ў сябе яго колішнія тэрыторыі.
Ваяводы
правіць- чэрвень 1921 г. — 17 кастрычніка 1921 г. — (выконваў абавязкі) Чэслаў Урбанавіч Крупскі
- 17 кастрычніка 1921 г. — 29 жніўня 1924 г. — Уладзіслаў Рачкевіч
- 29 жніўня 1924 г. — 24 жніўня 1926 г. — Марыян Юзаф Жагота-Янушайціс
- 24 верасня 1926 г. — 20 чэрвеня 1931 г. — Зыгмунт Бачковіч
- 1 ліпеня 1931 г. — 8 верасня 1932 г. — Вацлаў Костак-Бярнацкі
- 8 верасня 1932 г. — 2 снежня 1935 г. — Стэфан Свідэрскі
- 17 снежня 1935 г. — 17 верасня 1939 г. — Адам Людвік Корвін-Сакалоўскі
Зноскі
правіць- ↑ ЭГБ 1999.
- ↑ а б Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 13
- ↑ а б Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 11
- ↑ Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 11
- ↑ S. Odlanicki-Poczobutt, Województwo Nowogródzkie, Wilno 1936, s. 4
- ↑ Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 72
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII, Część I — Województwo Nowogródzkie, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923
- ↑ Główny Urzęd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej. Statystyka Polski. Seria C. z. 71. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9 XII 1931. Mieszkania i gospodarstwa domowe, lidność, stosunki zawodowe. Województwo Nowogródzkie. Warszawa, 1938, s. 19
- ↑ а б в г Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 14
- ↑ Główny Urzęd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej. Statystyka Polski. Seria C. z. 71. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9 XII 1931. Mieszkania i gospodarstwa domowe, lidność, stosunki zawodowe. Województwo Nowogródzkie. Warszawa, 1938, s. 231
- ↑ Mały rocznik statystyczny 1939. — Warszawa: nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1939. S. 318
- ↑ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 15
- ↑ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 13
- ↑ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 14—15
- ↑ Główny Urzęd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej. Statystyka Polski. Seria C. z. 71. Drugi powszechny spis ludności z dn. 9 XII 1931. Mieszkania i gospodarstwa domowe, lidność, stosunki zawodowe. Województwo Nowogródzkie. Warszawa, 1938, s. 60
- ↑ Baradyn Zygmud. Niemen — rzeka niezgody / Red. — Warszawa : Rytm., 1999. S. 17
- ↑ M. Werzbicki. Niektórze aspekty stosunków polsko-białoruskich w czasie pierwszych miesięcy okupacji sowieckiej (1939—1940), w : Spoleczeństwo białoruskie, litewskie i polskie… S. 240
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Навагру́дскае ваяво́дства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 509. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.