Чэслаў Урбанавіч Крупскі

польскі палітык

Чэслаў Урбанавіч Крупскі (руск.: Чеслав Урбанович Крупский, польск.: Czesław Krupski; 31 снежня 1889, Засулле, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1939/1940, (?) Мінск, Мінская вобласць, БССР, СССР) — беларускі і польскі дзяржаўны дзеяч, юрыст і маянтковец. Рэдактар (1917—1918) мінскай газеты «Dziennik Miński», член (1917—1918) Польскай рады Мінскай зямлі, член (1918) Рады БНР, член Камітэта абароны Крэсаў (1918), выконваў абавязкі навагрудскага ваяводы (1921) Польшчы, польскі соймавы пасол V кадэнцыі (1938—1939), член палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў».

Чэслаў Урбанавіч Крупскі
герб «Корчак»
герб «Корчак»
(выконваў абавязкі) Навагрудскі ваявода
чэрвень 1921 — 17 кастрычніка 1921
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Уладзіслаў Рачкевіч
Нараджэнне 31 снежня 1889(1889-12-31)
Засулле, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць 1939/1940
(?) Мінск, Мінская вобласць, БССР, СССР
Род Крупскія (гербу Корчак)
Бацька Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915)
Маці Гелена Свіда (1841—1896)
Жонка Аляксандра Браніславаўна Шалевіч (1892—1978)
Дзеці Януш Чэслававіч Крупскі (каля 1920—1940)
Веравызнанне каталік
Партыя
Дзейнасць палітык
Узнагароды
залаты крыж Заслугі афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Паходжанне і сям’я правіць

Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак». Нарадзіўся 31 снежня 1889 г. у фамільным маёнтку Засулле (Мінскі павет Мінскай губерні Расійскай імперыі) у сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і яго жонкі Гелены Свіды (?—1901).

Ажаніўся дзесьці ў 1910-ых гг. з Аляксандрай Браніславаўнай-Юзафатаўнай Шалевіч (1892—1978) — дачкой Браніслава-Юзафата Шалевіча (каля 1840—1893) і Аляксандры Быкоўскай-Лопат (каля 1860—1940), — з якой меў аднаго сына — Януша Чэславіча Крупскага (каля 1920—1940).

Палітычная дзейнасць правіць

У 1904—1905 гг. удзельнічаў у тайных арганізацыях школьнай моладзі[1]. Быў старшынёй Таварыства сяброўскай дапамогі і Таварыства самаадукацыі польскай моладзі і кіраўніком Арганізацыі мінскай моладзі ў Санкт-Пецярбургу[2].

У 1917—1918 гг. быў членам і сакратаром Польскай рады Мінскай зямлі і членам Польскай рады Беларускіх зямель. Паплечнік Эдварда Вайніловіча[3]. З 1 ліпеня 1917 г. па 1918 г. уключна быў рэдактарам мінскай польскамоўнай газеты «Dziennik Miński» (1917—1918)[4].

Разумеючы часовасць поспехаў польскага генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага ў 1918 г. над бальшавікамі ў Беларусі, лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і «польскіх рад» пачалі шукаць збліжэння з паўнезалежнай пранямецкай польскай Рэгенцкай Радай Каралеўства Польскага (1916—1918) у Варшаве (у склад якой уваходзіў і даўні сябар графа Ежы Чапскага ксёндз Зыгмунт Хелміцкі) і немцамі, кіруючыся прынцыпам «толькі, каб не Расія»[5]. 7 лютага 1918 г. дэлегацыя прадстаўнікоў Польскай рады Мінскай зямлі перасекла фронт і сустрэлася ў Брэсце з нямецкім генералам Максам Гофманам (1869—1927), дзе прапанавала немцам займаць тэрыторыі да Дняпра, абяцаючы дапамогу ў гэтым праз стварэнне ўласных вайсковых адзінак. Галоўным жаданнем было, паводле слоў удзельніка дэлегацыі Ежы Асмалоўскага (1872—1952), каб Беларусь «была б толькі адарвана ад Расіі, была б толькі пад уплывамі Захада»[6]. Пасля Брэста дэлегацыя Польскай рады Мінскай зямлі накіравалася ў Варшаву да польскай Рэгенцкай Рады і паведаміла аб жаданні выхаду Беларусі з-пад уплываў бальшавіцкай Расіі, але «без намеру непасрэднага ўключэння Беларусі ў склад Польшчы»[7]. Адначасова лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі імкнуліся паўплываць на генерала Доўбар-Мусніцкага, каб не перашкаджаў руху нямецкіх войск да Дняпра. З гэтай місіяй у другой дэкадзе лютага 1918 г. у Бабруйск, галоўную стаўку I Польскага корпуса, паехала дэлегацыя ад Польскай рады Мінскай зямлі (Геранім Кеневіч (1867—1925), Караль Незабытоўскі (1865—1952), Чэслаў Урбанавіч Крупскі), Польскай рады Віленскай зямлі (Вітальд Копец), Польскай рады Магілёўскай зямлі (Канстанцін Гардзялкоўскі) і інш., да якой хутка далучыліся Ежы Асмалоўскі і Козел-Паклеўскі, якія неўзабаве вярнуліся з місіі ў Варшаву да Рэгенцкай Рады[8]. Дэлегацыя паставіла за мэту пераканаць Доўбар-Мусніцкага ў непазбежнасці ліквідацыі Начпола (Naczelny Polski Komitet Wojskowy, Naczpol) і схіліць генерала да супрацоўніцтва з немцамі. Кіраўніцтва Польскай рады Мінскай зямлі пайшло яшчэ далей і паслала з Мінска ў Бабруйск да сваёй дэлегацыі тэлеграму, дзе гаварылася, што, калі Доўбар-Мусніцкі не згодзіцца з прапановамі дэлегацыі «польскіх рад», то трэба прызначыць на месца начальніка I Польскага корпуса іншага афіцэра. Тэлеграма была перахоплена, дастаўлена генералу Доўбар-Мусніцкаму і выклікала заканамернае абурэнне, але ў канечным выніку Доўбар-Мусніцкі згадзіўся выканаць прапановы дэлегацыі не перашкаджаць немцам[9].

21 лютага 1918 г. I Польскі корпус заняў Мінск, у які пасля без бою ўвайшлі немцы. У прывітальнай прамове на Віленскім вакзале мінскія маянткоўцы (Ігнат Ігнатавіч Віткевіч, Эдмунд Леанардавіч Івашкевіч, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, З. Нагорскі і іншыя члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Польскай рады Мінскай зямлі), сярод якіх прысутнічалі Раман Скірмунт і Павел Аляксюк, выказалі ўдзячнасць нямецкаму генералу Максу Гофману (1869—1927) «за вяртанне грамадскага парадку, дапамогу ў аддзяленні ад бальшавіі[10] і супольнае жыццё з народамі Захада з апорай на нямецкую дзяржаву»[11][12].

У канцы кастрычніка 1918 г. увайшоў у якасці члена ў Раду БНР — быў дэлегаваны ад Польскай рады Мінскай зямлі[13].

У лістападзе 1918 г. ад Польскай рады Беларускіх зямель быў абраны дэлегатам да Уставадаўчага сойма Польшчы і выступаў (як і ўсе дэлегаты ад Польскай рады Беларускіх зямель) за ўнію Беларусі і Польшчы, але катэгарычна супраць інкарпарацыі Беларусі Польшчай[14]. Аднак мандаты дэлегатаў Польскай рады Беларускіх зямель не былі прызнаны польскім соймам.

У 1918—1919 гг. у незалежнай Польшчы быў членам выканаўчага аддзела Камітэту абароны Крэсаў — быў дэлегаваны ў Камітэт ад Мінскай губерні.

 
Некаторыя члены Камітэта абароны Крэсаў. Стаіць трэцім злева — Чэслаў Крупскі. Фота 1919 г.

У кастрычніку 1919 г. прызначаны на пасаду начальніка аддзела палітыкі і прэсы Мінскага акруговага інспектарата Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель[15]. З 1919 г. з’яўляўся начальнікам аддзелу нацыянальных спраў у Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель[16].

25 мая 1919 г. у Варшаве на звыклым штотыднёвым пасяджэнні «Саюза палякаў беларускіх ускраін» пад кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча слухалі справаздачу Прыгадоўскага аб становішчу на Навагрудчыне, а Чэслава Крупскага — на Міншчыне[17].

З 31 мая 1919 г. па верасень 1920 г. быў членам Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі[18].

15 чэрвеня 1919 г. у Варшаве на звыклым штотыднёвым пасяджэнні «Саюза палякаў беларускіх ускраін» пад кіраўніцтвам Эдварда Вайніловіча Чэслаў Крупскі даваў справаздачу аб Беларускім з’ездзе ў Вільні: на беларускім з’ездзе выказавалася вялікая цяга сабраных дэлегатаў да Польшчы, але з моцнай сацыяльна-рэвалюцыйнай арыентацыяй[19].

У лістападзе 1920 г. падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Андрэй Паўлавіч Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка, Сяргей Іосіфавіч Баран[20]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[21].

 
Кіраўніцтва Навагрудскага ваяводства Польшчы. Сярод іншых: Казімір Букраба (сядзіць пяты злева), Чэслаў Урбанавіч Крупскі (сядзіць шосты злева), Альгерд Юліянавіч Свіда (сядзіць другі злева), Браніслаў Гласка (сядзіць сёмы злева). Фота 1921 г.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) Чэслаў Крупскі стаў грамадзянінам Польшчы. З чэрвеня па 17 кастрычніка 1921 г. выконваў абавязкі на новастворанай пасадзе — навагрудскага ваяводы Польшчы. Быў дзеячом мясцовага самакіравання — членам Стаўбцоўскай павятовай рады, Стаўбцоўскага павятовага аддзела і членам Віленскай ваяводскай рады[22]. Далучыўся да палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў».

Увайшоў разам з Канстанцінам Рдултоўскім (старшынёй), Конрадам Мацкевічам, Станіславам Ваньковічам, Томашам Шалевічам, Казімірам Міхальскім, Рудольфам Халавецкім, Зыгмунтам Даманскім і Янушам Труговічам у склад створанага ў пачатку вясны 1928 г. віленскімі кансерватарамі землеўласніцкага выбарчага камітэта Навагрудскай акругі, каб рыхтавацца да блізкіх парламенцкіх выбараў у Польшчы[23]. 17 лютага 1929 г. у Вільні быў выбраны членам у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы (1926), старшынёй якой быў выбраны Іпаліт Канстанцінавіч Гечэвіч (1854—1935), а намеснікам Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943)[24] — арганізацыі віленскіх кансерватараў.

У 1935—1937 гг. быў старшынёй Сельскагаспадарчай ізбы ў Вільні (Izba Rolnicza w Wilnie), членам Дзяржаўнай камунікацыйнай рады (Państwowa Rada Komunikacyjna)[25].

6 лістапада 1938 г. быў выбраны паслом на сойм Польшчы з выбарчай акругі №52 (Баранавічы) ад Партыі нацыянальнага адзінства (ці Лагеру нацыянальнага аб'яднання — Oboz Zjednoczenia Narodowego) — і быў паслом V кадэнцыі польскага сойма да верасня 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна. Уваходзіў у парламенцкія камісіі — самакіравальна-адміністрацыйную і бюджэтную[26].

У 1939 г. быў старшынёй Стаўбцоўскага кола Навагрудскай акругі ў начальным кіраўніцтве Таварыства развіцця Усходніх зямель[27].

23 верасня 1939 г. Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940) быў арыштаваны савецкай уладай, вязнены ў Стоўбцах і пераведзены ў Мінск, дзе, верагодна, і загінуў у 1939 ці 1940 г. Гэтак жа быў арыштаваны і вязнены савецкімі ўладамі яго брат — Януш Урбанавіч Крупскі (1898—1939), уласнік маёнтка Засулле, які таксама, верагодна, загінуў.

Узнагароды правіць

Атрымаў ад польскага ўраду Залаты крыж заслуг (Złoty Krzyż Zasługi) і 2 мая 1924 г. афіцэрскі крыж ордэну Адраджэння Польшчы.

Маёнтак правіць

Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну маёнтак Геленаў[28] у Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі[29]. Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) маёнтак Геленаў апынуўся на польскім баку мяжы і адносіўся да Засульскай гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства міжваеннай Польшчы. Чэслаў Крупскі кіраваў гаспадаркай у сваім маёнтку Геленаў.

Пасля заняцця савецкімі войскамі тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 г., маёнткі Засулле, Геленаў, Коласава і Алешкава ў сыноў Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) былі забраны і нацыяналізаваны савецкай уладай.

Творы правіць

  • Kresy a emigracja // Tygodnik Ilustrowany. — 1918. — nr 21 i 22. — s. 247—249.
  • Instytucje polskie w Mińsku // Tygodnik Ilustrowany. — 1918. — nr 21 i 22. — s. 249—259.

Зноскі

  1. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
  2. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
  3. Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  4. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю . — Мн., 2018. — С. 301—302.
  5. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 78.
  6. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  7. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  8. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  9. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 79.
  10. Пад "бальшавіяй" маюцца на ўвазе "бальшавікі".
  11. Jurkowski, R. Rada Polska … С. 81.
  12. Чарнякевич, А. Чужы сярод чужых: Павел Аляксюк і беларускія "паланафілы", 2017. — С. 31.
  13. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю . — Мн., 2018. — С. 482.
  14. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 340.
  15. Дашкевич, Е. Организационная структура польской гражданской администрации в Минске в 1919―1920 гг. — Мінск, 2020. — С. 212.
  16. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
  17. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 247.
  18. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах... С. 17.
  19. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 249.
  20. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах... С. 325—326.
  21. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах... С. 17.
  22. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
  23. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 287.
  24. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 175.
  25. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
  26. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl
  27. ROCZNIK ZIEM WSCHODNICH, 1939
  28. Каля Стоўбцаў.
  29. Czesław Krupski // bs.sejm.gov.pl

Літаратура правіць

  • Дашкевич, Е. Организационная структура польской гражданской администрации в Минске в 1919―1920 гг. / Е. Дашкевич // Знакамітыя мінчане XIX—XX стст. Роля выхадцаў з Міншчыны ў польскім культурным, грамадскім і палітычным жыцці ў перыяд II Рэчы Паспалітай : матэрыялы [XI] Беларуска-польскай навуковай канферэнцыі, Мінск, 27 верасня 2019 г. / [рэдкалегія: А. Вялікі, З. Вінніцкі (навуковыя рэдактары) і інш.]. — Мінск, 2020. — С. 210―218.
  • Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
  • Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Чарнякевіч, А. Чужы сярод чужых: Павел Аляксюк і беларускія "паланафілы" / А. Чарнякевіч. — Мінск: А.М. Янушкевіч, 2017. — 315 с.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. — ISBN 978-83-227-2629-7.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі правіць