Сяргей Іосіфавіч Баран
Сяргей Баран (Баранаў) (27 верасня 1892, в. Віцькі Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі раён — пасля 1935) — беларускі нацыянальны і грамадска-палітычны дзеяч, педагог.
Сяргей Іосіфавіч Баран | |
---|---|
Нараджэнне |
27 верасня 1892 |
Смерць |
не раней за 25 красавіка 1935 |
Партыя | |
Член у | |
Адукацыя | |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў праваслаўнай сям’і. Бацька працаваў у маёнтку, гарбарні, апальшчыкам у лазні. Скончыў сярэднюю школу ў Гродне. Вучыўся на «Вышэйшых навуковых курсах» у Кіеве (паводле Е. Глагоўскай — у Гродне). У час 1-й сусветнай вайны служыў пры вайсковай канцылярыі на Паўднёва-заходнім фронце (1914—1918), узначаліў Гродзенскае таварыства дапамогі ахвярам вайны. Сябра партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў — «эсэраў» (БПС-Р), яму было даручана весці арганізацыйную працу на Гродзеншчыне. Сябра Гродзенскага камітэта БПС-Р, Рады БНР, старшыня Грамады беларускай моладзі, сябрам яе драматычнай секцыі, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Гродне. Кіраваў юрыдычным аддзелам Гродзенскага рэўкама (8.1920).
У лістападзе 1920 годзе падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50 % беларусаў, 40 % палякаў і 10 % яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Андрэй Паўлавіч Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка, Чэслаў Урбанавіч Крупскі[1]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[2].
У канцы 1920 г. быў арыштаваны бальшавікамі і вывезены з Гродна, але па дарозе ўцёк.
Заснавальнік і выкладчык Гродзенскай беларускай гімназіі (канец 1920). Сябра Гродзенскага прадстаўніцтва Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (1921), Беларускага выбарчага камітэта ў Гродне (1922).
У 1922 годзе быў абраны ў Сейм Польскай Рэспублікі 1-га сходу (1922—1927) па Гродзенскай акрузе ад Блока нацыянальных меншасцей.
Праз нядоўгі час з’яўляўся віцэ-старшынёй Беларускага пасольскага клуба, уваходзіў у склад дзвюх сеймавых камісій — па грамадскай апецы і інвалідству і камісіі па петыцыях. Актыўная дзейнасць пасла выклікала незадавальненне польскіх уладаў. У 1923 быў арыштаваны, абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання ў Заходняй Беларусі. Асуджаны Беластоцкім акруговым судом на «працэсе 45-ці» да 6 гадоў турмы паводле арт. 101 і 102 Крымінальнага Кодэксу за антыдзяржаўную дзейнасць (1923). Быў звольнены загадам прэзідэнта Польшчы (1926).
Жыў у Гродна, станам на 1922 год па адрасе вул. Rzeźnicka, 13. Меў жонку Алену (нар. каля 1900) і сына Анатоля (нар. каля 1930).
У 1928 годзе нелегальна перайшоў у БССР. Праз пэўны час працаваў на табачным складзе, пазней — у фабрычнай краме. Паступіў у Вышэйшы педагагічны інстытут у Мінску (1930). У 1932 годзе ўступіў у ВКП(б). Працаваў у ЦК МАДРа.
Арыштаваны ДПУ БССР 25.9.1933 года ў Мінску, па адрасе вул. Правіянцкая, д. 20, кв. 2, па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Асуджаны 9.1.1934 года паводле пастановы калегіі АДПУ СССР «як удзельнік контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў Далёкаўсходні канцлагер НКУС Хабараўскага края. Апошні раз яго бачылі жывым 25 красавіка 1935 годзе ў Дальлагу[3]. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 18.4.1956 года. Асабовая справа Сяргея Барана № 10182 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Зноскі
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 295. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Баран Сяргей // Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі / С. Кандыбовіч. — Мн.: БГА, 2000.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.