Беларуская вайсковая камісія

Беларуская вайсковая камісія — орган па фарміраванні беларускіх часцей у польскім войску ў 19191921 гадах, якая складалася з грамадзянскіх і вайсковых членаў, была ўтворана 2 жніўня 1919 года паводле рашэння Беларускага з’езда Віленшчыны і Гарадзеншчыны (першая палова чэрвеня 1919 года, Вільня), і падпарадкоўвалася Цэнтральнай Радзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім.

Беларуская вайсковая камісія
Пячатка Беларускай вайсковай камісіі, 1920 г.
Пячатка Беларускай вайсковай камісіі, 1920 г.
Адміністрацыйны цэнтр
Кіраўнікі
Старшыня Павел Аляксюк (да 3 кастрычніка 1920 г.), Андрэй Якубецкі
Камандзір Гасан Канапацкі
Заснаванне
Дата заснавання 2 верасня 1919
Ліквідацыя
Дата скасавання 21 красавіка 1921

Гісторыя правіць

Задачай камісіі было распрацаваць праект арганізацыі беларускага войска ў складзе польскага войска і тэкст звароту да польскіх уладаў па дазвол на такую арганізацыю. Планавалася, што разам з польскімі арміямі беларускае войска будзе змагацца ў ходзе польска-савецкай вайны з бальшавікамі для ажыццяўлення праекту польска-беларускай федэрацыі, дэклараванай у 1919 годзе Юзафам Пілсудскім.

У далейшым камісія павінна была дзейнічаць пры польскім галоўным камандаванні, а таксама мець прадстаўнікоў ва ўсіх галінах ваеннай гаспадаркі, якія б тычыліся беларускіх часцей. Камісія павінна была б прапаноўваць кандыдатуры афіцэраў для беларускага войска, зацвярджаць пастановы польскага галоўнакамандавання аб іх прызначэнні і выдаленні.

Адпаведны мемарандум быў пераданы Юзафу Пілсудскаму 28 ліпеня 1919 года, тады ж была атрымана яго згода. З тэхнічным удзелам прызначанага прадстаўніка польскага камандавання капітана Баброўскага, камісія распрацавала праект арганізацыі беларускага войска ў складзе адной пяхотнай дывізіі — трох пяхотных палкоў, артылерыйскага палка, кавалерыйскага эскадрона, роты сапёраў, усяго 20 тыс. чалавек.

Гэты праект быў пераданы польскаму галоўнаму камандаванню, але рэальных крокаў да яго ажыццяўлення не рабілася да кастрычніка 1919 года. Тым часам у жніўні — верасні 1919 года на беларускіх тэрыторыях, занятых польскім войскам, праводзіўся набор і фарміраваліся Літоўска-беларускія дывізіі — галоўным чынам, сярод дзяцей мясцовых каталіцкіх і польскамоўных дваран — для ажыццяўлення праекту польска-беларускай федэрацыі.

Дэкрэт Пілсудскага (22 кастрычніка 1919 года) пацвердзіў склад і паўнамоцтвы Камісіі: Павел Аляксюк (старшыня), Антон Аўсянік, палкоўнікі Гасан Канапацкі (камандуючы беларускім войскам) і Д. Якубоўскі, штабс-капітаны Ф. Кушаль і А. Якубецкі, Ю. Мурашка, А. Прушынскі (А. Гарун), С. Рак-Міхайлоўскі, яе сталае месца дыслакацыі (Мінск) і фарміраванне беларускага войска пад назвай «беларускіх нацыянальных аддзелаў» у Слоніме пад камандаваннем член Камісіі палкоўніка Канапацкага. Польскім афіцэрам і салдатам беларускай нацыянальнасці было дазволена пераходзіць у беларускія часці. Апроч гэтага, дазвалялася арганізацыя пры Варшаўскай школе падхаружых беларускага ўзводу з ахвотнікаў з сярэдняй адукацыяй, дзеля падрыхтоўкі беларускіх афіцэрскіх кадраў. Аднак, колькасны склад беларускага войска быў скарочаны да двух батальёнаў.

У лістападзе 1919 года БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статную (Прушынскі), культурна-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і іншыя. У паветах БВК стварыла беларускае вярбовачнае бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у беларускае нацыянальнае войска. Перакладала на беларускую мову польскія вайсковыя статуты, выдала зборнік «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваенных чыноўнікаў, урачоў).

У снежні 1919 года ў Мінску Камісія пачала працу дзеля ажыццяўлення гэтага дэкрэта, і адразу сутыкнулася з сістэматычным палітычным і адміністрацыйным процідзеяннем польскай адміністрацыі, якая была пад моцным уплывам польскай «эндэцыі» (Польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі).

У сакавіку 1920 года распараджэннем ваеннага міністэрства вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясцовым органам польскай адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу.

Рэальна Камісіі ўдалося сфарміраваць адзін пяхотны батальён, стварыць узвод ахвотнікаў (30 чал.) пры Варшаўскай школе падхаружых і арганізаваць курсы перападрыхтоўкі афіцэраў у Мінску.

У ліпені 1920 года ў сувязі з наступленнем Чырвонай Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3 кастрычніка 1920 года ў Лодзі (Польшча) у складзе: А. Якубецкі (старшыня), Ф. Кушаль, Ф. Умястоўскі, Э. Якабіні, Д. Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920 года. Займалася культурна-асветніцкай працай сярод інтэрнінаваных у Польшчу вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Заходняй Беларусі былі адхілены польскімі ўладамі. 15 мая 1921 года БВК скасавана.

Акрамя Беларускай вайсковай камісіі пры польскім войску ў 1918 годзе існавала Беларуская вайсковая камісія на Румынскім фронце пры Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе, якая стварала беларускія аўтаномныя вайсковыя фармацыі, непадкантрольныя Польшчы, Германіі або Расіі (Беларуская пяхотная дывізія на Румынскім фронце).

Выданні правіць

  • Падарунак беларускаму жаўнеру. — Выданьне Беларускай Вайсковай Камісіі. — Менск: Друкарня інвалідаў, 1920.; Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне». — Менск, 1992 [факсім.].

Літаратура правіць