Францішак Кушаль

беларускі вайсковы дзеяч
(Пасля перасылкі з Ф. Кушаль)

Франці́шак Вінцэ́нтавіч Ку́шаль (16 лютага 1895, в. Пяршаі, Мінскі павет — 25 мая 1968, Рочэстэр, Нью-Ёрк) — беларускі вайсковы і палітычны дзеяч, афіцэр войскаў Расійскай імперыі і Польшчы, кіраўнік штаба Беларускай самааховы, камендант Беларускай краёвай абароны (вафен-штурмбанфюрэр СС) у час Другой сусветнай вайны. Муж паэткі Наталлі Арсенневай.

Францішак Кушаль
Дата нараджэння 16 лютага 1895(1895-02-16)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 мая 1969(1969-05-25) (74 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Жонка Наталля Арсеннева
Дзеці Яраслаў Кушаль[d] і Уладзімір Кушаль[d]
Альма-матар
Месца працы
Грамадзянства
Прыналежнасць Расійская імперыя, БНР, Польская Рэспубліка і Трэці рэйх
Род войскаў Руская імператарская армія, пяхота Другой Польскай Рэспублікі[d], Беларуская дапаможная паліцыя, Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона і 30-я грэнадзёрская дывізія СС
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
ордэн Святой Ганны 3 ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені ордэн Святога Станіслава сярэбраны крыж Заслугі ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Біяграфія правіць

Раннія гады. У беларускім руху правіць

Нарадзіўся ў сялянскай каталіцкай сям’і. Бацькі працавалі на графа Тышкевіча, узімку нарыхтоўвалі дровы, улетку касілі графскія сенажаці. У маленстве Францішак Кушаль працаваў пастухом, у 10 гадоў пайшоў у школу. Скончыў Пяршайскую народную школу, а ў 1910 годзе паступіў у гарадское вучылішча ў Івянцы. Напярэдадні 1-й сусветнай вайны сям’я пераехала з Пяршаяў у Забор’е[1]. У 1915 годзе быў мабілізаваны ў армію Расійскай імперыі. Па сканчэнні школы малодшых камандзіраў у тым самым годзе накіраваны ў Віленскае пяхотнае вучылішча, якое скончыў у 1916 годзе. Атрымаў ранг прапаршчыка, прайшоў кароткі стаж у палку недзе ў Астрахані, а потым у рангу падпаручніка быў адразу адасланы на фронт, знаходзіўся пад Крэвам. Служыў на Заходнім фронце ў шэрагах 115-га Астраханскага запаснога, а ў 1916 годзе быў пераведзены да 276-га Купянскага палка стральцоў камандзірам роты, даслужыўся да чыну штабс-капітана.

Па распадзе царскага войска вярнуўся на Беларусь. Даведаўшыся, што ў Менску адкрылася беларуская кнігарня, Францішак Кушаль пехатой прайшоў 70 кіламетраў, каб туды трапіць — там пазнаёміўся з Алесем Гаруном і далучыўся да беларускай справы. Прыняў удзел у дзеянні беларускіх нацыянальных арганізацый. У 1918 годзе ўзначаліў беларускую моладзевую арганізацыю ў Івянцы, а ў сярэдзіне 1919 года ўвайшоў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, за што пазней быў арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі.

З пачаткам польска-савецкай вайны ў 1919 годзе стаўленне Польшчы да беларускага руху змянілася, Юзаф Пілсудскі пагадзіўся на стварэнне беларускага войска. Вызвалены Кушаль з жніўня 1919 года працаваў намеснікам старшыні Беларускай вайсковай камісіі, у ваенных дзеяннях на фронце ўдзелу не браў. Па акупацыі бальшавікамі Менска Вайсковая камісія была эвакуявана ў Лодзь і там неўзабаве распушчана, а Францішак прыехаў у Вільню шукаць працы. У 1920 годзе ад тыфусу памерла маці і наймалодшая сястра. Атрымаўшы доўгатэрміновую пазыку і прадаўшы маёмасць, Кушалі пераехалі ў Доры.

У Войску Польскім правіць

Па заканчэнні вайны застаўся ў Польшчы. У 1922 годзе далучыўся да Войска Польскага. Адвучыўшыся ў польскім ваенным вучылішчы ў Рэмбертове, ён быў прызначаны ў 80-ты Слонімскі пяхотны полк, ажаніўся з Наталляй Арсенневай і пераехаў у 1922 годзе ў Слонім, адкуль праз год быў пераведзены на Польскае Памор’е. Працяглы час быў афіцэрам 66-га Кашубскага палка пяхоты ў Хэлмне, у якім апроч іншага выконваў абавязкі каменданта унтэр-афіцэрскай школы. Тут Кушаль скончыў курс цяжкіх кулямётаў у Торуні, быў камандзірам кулямётнай роты ў палку, камандзірам афіцэрскага курса для падхарунжых, камандзірам падафіцэрскай школы, а пазней — выхаваўцам і камандзірам роты у 2-м Кадэцкім корпусе. У 1932—1936 гадах быў выкладчыкам у Корпусе кадэтаў № 3 у Равічы, адкуль быў пераведзены з Кадэцкага корпуса ізноў у 13-ты пяхотны полк у Пултуску пад Варшавай. Пазней выкладаў у школе падхаружых пяхоты ў Камарове каля места Остраў Мазавецка. Атрымаў чыны паручніка і капітана, быў узнагароджаны срэбным Крыжам заслугі.

Камандаваў батальёнам у часе Польскай абарончай вайны 1939 года, у баях у раёне Львова трапіў у савецкі палон. 22 верасня 1939 года інтэрнаваны ў СССР. Разам з іншымі польскімі афіцэрамі трапіў у Старабельскі лагер (цяпер Луганская вобласць), дзе ўтрымлівалася 4 тысячы чалавек. Амаль усе зняволеныя былі расстраляныя, аднак Францішак Кушаль быў перавезены ў Бутырскую турму, дзе быў у зняволенні разам з высокапастаўленымі польскімі ваеннапалоннымі, у тым ліку з генералам Уладзіславам Андэрсам. Адтуль перад Другой сусветнай вайной яго перавезлі ў Валожын — «па месцы жыхарства», быццам на «перагляд справы». У пачатку 1941 года вызваліўся, паводле Наталлі Арсенневай, ён уцёк разам з іншымі вязнямі падчас адступлення бальшавікоў. Валожын ад Дор усяго 16 кіламетраў, так што хутка Кушаль, апынуўся ў роднай хаце. Адначасова жонцы Наталлі Арсенневай было дазволена вярнуцца з ссылкі. Гэтыя акалічнасці далі магчымасць меркаваць, што ў лагеры Кушаль быў завербаваны НКУС[2][удакладніць].

Другая сусветная вайна правіць

 
Францішак Кушаль на прысязе Беларускай краёвай абароны ў Мінску, 25 сакавіка 1944 г.

Да пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе пражываў у Беластоку. У часе нямецкай акупацыі Францішак Кушаль супрацоўнічаў з немцамі. З снежня 1941 года быў камендантам падафіцэрскай школы Беларускай дапаможнай паліцыі ў Мінску. З кастрычніка 1941 года быў шэфам аддзела самааховы Цэнтральнай рады Беларускай народнай самапомачы. У чэрвені — ліпені 1942 года на загад Івана Ермачэнкі, шэфа Беларускай самааховы, распрацаваў праект стварэння Вольнага корпуса Беларускай самааховы. Са жніўня да канца лістапада быў камендантам афіцэрскіх курсаў у Мінску, пад канец лістапада стаў галоўным вайсковым рэферэнтам Беларускай самааховы, на гэтай пасадзе кіраваў працай акруговых і павятовых рэферэнтаў. У красавіку 1943 года спыніў гэтую дзейнасць у сувязі з расфармаваннем немцамі Беларускай самааховы. З жніўня 1943 года быў галоўным упаўнаважаным па пытаннях беларускіх аддзелаў дапаможнай паліцыі. У студзені 1944 года стаў начальнікам аддзела вайсковых спраў Беларускай цэнтральнай рады. З сакавіка 1944 года шэф галоўнага камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні часопіса «Беларус на варце».

У часе наступу Чырвонай Арміі эвакуяваўся ў Германію. Увесну 1945 года стаў камандзірам аднаго з палкоў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС (1-й беларускай), якая ў апошнія дні красавіка 1945 года без бою капітулявала амерыканцам. Перабываў у лагеры для інтэрнаваных у Рэгенсбургу.

Пасля вайны. Эміграцыя ў ЗША правіць

Пазбег рэпатрыяцыі ў СССР. У 1947 годзе ў Германіі заснаваў Аб’яднанне беларускіх ветэранаў. У 1950 годзе выехаў у ЗША. У 1952—1954 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне; удзельнічаў у выданні яго газеты «Беларус». Адзін з заснавальнікаў газеты «Бацькаўшчына». Выступаў у друку з публіцыстычнымі матэрыяламі (таксама па пытаннях вайсковай гісторыі Беларусі[3]), аўтар успамінаў пра дзеячаў беларускай культуры[4]. Выконваў функцыі вайсковага міністра Беларускай цэнтральнай рады на выгнанні, пазней сябра Рады БНР у выгнанні[5].

Пахаваны на могілках ў Рочэстэры (могілкі Маўнт Хоўп), штат Нью-Ёрк[6]. Побач пахаваная ягоная жонка Наталля Арсеннева[7].

Сям’я правіць

У 1922 годзе ажаніўся з паэткай Наталляй Арсенневай, у шлюбе мелі двух сыноў — Яраслава (1923—1943) і Уладзіміра (1924—?). Яраслаў загінуў ад выбуху закладзенай савецкімі партызанамі бомбы, у мінскім тэатры ў часе прадстаўлення. Уладзімір ажаніўся з Наталляй Куліковіч (1928—1967), дачкой Мікалая Шчаглова-Куліковіча, ад якой меў двух дзяцей — Пятра і Наталлю, якіх пасля смерці жонкі дапамагалі даглядаць ягоныя бацькі[8].

Прозвішча правіць

Прозвішча Кушаль балцкага паходжання, звязана з літоўскім kušlys «сляпец» (хто падслепаваты). Ад яго літоўскі антрапонім Kušlys[9], тапонімы Кушляны, Кушлі, Кушлікі. Аснова Kušl- сустракаецца ў літоўскай антрапа- і тапаніміі[10].

Творы правіць

Зноскі

  1. Наталля Арсеннева. Біяграфія Франца Кушаля. rv-blr.com. Архівавана з першакрыніцы 2-1-2020. Праверана 2-1-2020.
  2. Залесский К. А. Кушель Франц…
  3. БелЭн у 18 т., Т.9…
  4. Маракоў Л. У.…
  5. Францішак КУшаль (бел. (тар.)). radabnr.org. Архівавана з першакрыніцы 2-1-2020. Праверана 2-1-2020.
  6. Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.
  7. Пантэон Беларусі. Наталля Арсеннева Архівавана 7 ліпеня 2019.
  8. Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. — Мінск : ??, 2012. — 6 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 20)
  9. Lietuvių pavardžių žodynas. А-К. Vilnius, 1985. С. 1140.
  10. В. Н. Топоров. Прусский язык. I-K. Москва, 1984. С. 361.

Літаратура правіць

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т.. — Мн., 2003. — Т. 1. — ISBN 985-6374-04-9.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Rocznik Oficerski 1924. — Warszawa: Ministerstwo Spraw Wojskowych, Oddział V Sztabu Generalnego Wojska Polskiego, 1924. — С. 280, 381.
  • Rocznik Oficerski 1928. — Warszawa: Ministerstwo Spraw Wojskowych, 1928. — С. 80, 234.
  • Rocznik Oficerski 1932. — Warszawa: Biuro Personalne Ministerstwa Spraw Wojskowych, 1932. — С. 75, 594.
  • Залесский К.А. Кушель Франц // Кто был кто во второй мировой войне. Союзники Германии. — М., 2003.