Сэрвач (прыток Нёмана)

рака ў Беларусі, прыток Нёмана

Сэрвач  — рака ў Беларусі, левы прыток Нёмана на тэрыторыі Баранавіцкага (пачынаецца каля вёскі Сялявічы), Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў.

Сэрвач
Характарыстыка
Даўжыня
  • 64 км
Басейн 747 км²
Расход вады 4,8 м³/с
Вадацёк
Выток  
 • Каардынаты 53°17′41″ пн. ш. 25°55′27″ у. д.HGЯO
Вусце Нёман
 • Каардынаты 53°38′46″ пн. ш. 26°13′30″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Нёман → Балтыйскае мора
Краіна
physical
Сэрвач (прыток Нёмана)
Сэрвач (прыток Нёмана)
— выток, — вусце

Асноўныя прытокі — Петухоўка, Карчоўка, Нёўда, Рута (злева).

Назва Сэрвач балцка-літоўскага паходжання, складаецца з дзвюх асноў.

Першая аснова Serv- таксама ў літоўскіх гідронімах Servas, Servelis (назвы азёраў), Sarva (назва ракі). Ён звязаны з літоўскім serventi «паціху цячы, струменіць»[1], далей да індаеўрапейскага *sreu- "цячы, *sreṷo- «плынь»[2].

Другая аснова назвы Сэрвач тая ж, што і ў назвах Нарач, Іслач і падобных, — Ak-. Яна звязаная з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе»[3]. Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *okṷ(e)s-)[4]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.

У двухасноўных гідронімах тыпу Іслач ці Нарач ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. ape «рака»)[5] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[6] — як у гідронімах Жукопа або Ясельда.

Назву Сэрвач можна перадаць як «Рака, што струменіць».

Апісанне

правіць

Даўжыня ракі 63 км. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Плошча вадазбору 770 км².

Даліна ў вярхоўі шырынёй 0,3—0,5 км, у сярэднім цячэнні 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, забалочаная або лугавая, пераразаюць меліярацыйнымі каналамі, у вярхоўі шырынёй 50—100 м, у сярэднім цячэнні 400—600 м, у вусці 2—1 км. Рэчышча звілістае, у ніжнім цячэнні каналізаванае; у вярхоўі рака зарэгулявана вадасховішчам Кутаўшчына. Берагі супясчаныя, радзей тарфяністыя, часцей крутыя.

Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку дэкады сакавіка, сярэдняе перавышэнне ўзроўню вады каля вёскі Беразавец дасягае 2 м.

На беразе ракі археалагічныя помнікі — каля вёскі Панямонь паселішчы першабытных людзей 4—2-га тысячагоддзяў да н.э., у гарадскім пасёлку Гарадзішча і каля вёскі Сёгда гарадзішча IX—XIII ст. Каля вёскі Карчоўка помнік садова-паркавага мастацтва — Туганавіцкі парк (XVIII ст.), каля парку валун — Камень філарэтаў.

Зноскі

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 296.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1003.
  3. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
  5. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 170—171.
  6. K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.

Літаратура

правіць
  • Сэ́рвач // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 60—61. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
  • Сэ́рвач // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 359. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Республика Беларусь. Брестская область. Барановичский район: карта. Барановичи: план / Ред. Г. П. Ляхова. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — 5 000 экз. (руск.)