Іслач (рака)
І́слач — рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток Заходняй Бярэзіны (басейн Нёмана).
Іслач | |
---|---|
![]() Стромкі бераг Іслачы | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 102 км |
Басейн | 1 330 км² |
Расход вады | 10 м³/с (за 88 км ад вусця) |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | каля в. Глушынцы |
• Каардынаты | 53°51′19″ пн. ш. 27°04′41″ у. д.HGЯO |
Вусце | Заходняя Бярэзіна |
• Месцазнаходжанне | в. Бакшты |
• Каардынаты | 53°54′48″ пн. ш. 26°12′57″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 1,9 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Заходняя Бярэзіна → Нёман → Балтыйскае мора |
Краіна | |
Рэгіёны | Мінская вобласць, Гродзенская вобласць |
Раёны | Дзяржынскі раён, Мінскі раён, Валожынскі раён, Іўеўскі раён |
![]() ![]() |
|
![]() |
Даўжыня 102 км. Плошча вадазбору 1330 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1,9 ‰.
ГідраграфіяПравіць
Пачынаецца каля вёскі Глушынцы Дзяржынскага раёна, на адлегласці 1,4 км на паўночны ўсход ад гары Дзяржынскай. У вярхоўі цячэ ў межах Мінскага ўзвышша, у ніжнім цячэнні — праз Налібоцкія лясы.
Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная; у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шырынёй 300—500 м. Абалона ў вярхоўі роўная, шырыня яе складае 30—50 м, у нізоўі паступова расшыраецца да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, зарэгулявана трыма плацінамі; яго шырыня вагаецца ў межах 10—40 м. На ўсім працягу трапляюцца невялікія астравы. Берагі стромкія, абрывістыя.
Упадае ў Заходнюю Бярэзіну на паўднёвы ўсход ад вёскі Бакшты Іўеўскага раёна, на поўдзень ад вёскі Ягадзень.
Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом адбываецца ў пачатку сакавіка. Адна з нямногіх рэк Беларусі, у якой водзіцца стронга ручаёвая.
Асноўныя прытокіПравіць
Справа: Чарнаруч, Яршоўка, Кіявец, Вялік, Люцінка, Пяршайка, Носаўка, Валожынка.
Злева: Выганічанка, Ратынца, Цяце́раўка[1], Волма, Івенчык.
ТурызмПравіць
Лясныя масівы абапал ракі, маляўнічасць і хуткае цячэнне вабяць турыстаў, у т. л. воднікаў. У верхнім цячэнні ля ракі створана зона адпачынку Аксакаўшчына. Тут пабудавана Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі Архівавана 14 мая 2012.. На ўсход ад зоны адпачынку знаходзіцца біялагічны заказнік Падсады.
ГалерэяПравіць
Зноскі
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз. — С. 305.
ЛітаратураПравіць
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.