Іўеўскі раён
Іўеўскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна складае 1842 тыс. км². Падзелены на 10 сельсаветаў. Знаходзіцца на ўсходзе Гродзенскай вобласці. На поўначы мяжуе з Літоўскай Рэспублікай і Ашмянскім раёнам, на ўсходзе — з Валожынскім і Стаўбцоўскім раёнамі Мінскай вобласці, на поўдні — з Навагрудскім раёнам, на захадзе — з Лідскім і Воранаўскім раёнамі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Іўе.
Іўеўскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
альтэрн.: Івейскі раён | |||||
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Гродзенская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Іўе | ||||
Дата ўтварэння | 15 студзеня 1940 | ||||
Кіраўнік | Аляксандр Іванавіч Булак[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 93,66 %, руская 5,67 % Размаўляюць дома: беларуская 84,21 %, руская 13,86 %[2] |
||||
Насельніцтва (2009) |
28 891 чал.[2] (12-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 15,68 чал./км² (15-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 79,63 %, палякі — 15,4 %, рускія — 2,42 %, татары — 1,84 %, іншыя — 0,71 %[2] |
||||
Плошча |
1 845,50[3] (3-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт |
243,4 м |
||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Прырода
правіцьРаён знаходзіцца ў межах Беларускай антэклізы, дзе выдзяляецца Іўеўская брахіантыкліналь субмерыдыянальнага распасцірання. Паблізу горада Іўе крышталічны фундамент знаходзіцца на глыбіні 20-30 м. Тэрыторыя належыць да Лідскай раўніны на поўначы і Нёманскай нізіны на поўдні. Рэльеф раўнінны. У 50 % вышыня рэльефу складае 150—200 метраў над узроўнем мора, 50 % — ніжэй за 150 м. Самы высокі пункт — 243,4 метры (за 8 км на паўднёвы захад ад вёскі Трабы).
Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, крэйда, гліны.
Сярэдняя тэмпература студзеня −6,2 °C, ліпеня 17,6 °C. Ападкаў выпадае 610 мм у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 191 суткі.
Праз раён цячэ рака Нёман з прытокамі Заходняя Бярэзіна, Гаўя (з Апітай) і Іўнянка. Іншыя рэкі: Дудлянка, Чапунька. У раёне на рацэ Гарача знаходзіцца Лаздунскае вадасховішча.
Лясы пераважна хваёвыя, займаюць 44,7 % тэрыторыі раёна, з іх 22,3 % — штучныя насаджэнні. Найбольшая лясістасць — на паўднёвым усходзе і паўночным захадзе раёна, на ўсходзе знаходзіцца частка (20 тыс. га) лясоў Налібоцкай пушчы. Глебы дзярнова-падзолістыя (40 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4 %), тарфяна-балотныя (11,6 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3 %). Балоты займаюць каля 4,7 % тэрыторыі раёна. Самыя буйныя балотныя масівы — Сіма, Жыжма, Краснае балота.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца частка рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі», заказнікі мясцовага значэння: біялагічны «Урочышча Краснае», ландшафтны «Раздоры».
Гісторыя
правіцьІўеўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР з цэнтрам у гарадскім пасёлку Іўе. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Галімшчынскі, Геранёнскі, Дайлідскі, Драбышоўскі, Жамласлаўскі, Іўеўскі, Князікоўскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Некрашскі, Слесарскі, Старчаняцкі, Суботніцкі, Суражскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Драбышоўскі, Іўеўскі, Некрашскі сельсаветы, утвораны Лукашынскі сельсавет, Слесарскі сельсавет перайменаваны ў Кудэйшынскі. 5 чэрвеня 1959 года скасаваны Кудэйшынскі сельсавет, 1 верасня 1959 года — Лукашынскі сельсавет. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Юрацішкі, Бакштаўскі, Даўнарскі, Лаздунскі, Лежневіцкі, Лелюкінскі, Такарышкаўскі, Трабскі, Юрацішкаўскі, Яхімаўшчынскі сельсаветы скасаванага Юрацішкаўскага раёна і Багданаўскі сельсавет Валожынскага раёна Маладзечанскай вобласці. 13 лютага 1960 года Багданаўскі сельсавет перададзены ў склад Ашмянскага раёна. 2 сакавіка 1960 года Даўнарскі сельсавет скасаваны. 29 красавіка 1960 года скасаваны Жамласлаўскі, Такарышкаўскі, Яхімаўшчынскі сельсаветы, утвораны Даўгердзішскі сельсавет. 9 верасня 1960 года скасаваны Князікоўскі, 2 снежня 1961 года — Галімшчынскі і Старчаняцкі сельсаветы. 20 красавіка 1962 года скасаваны Юрацішкаўскі сельсавет, Дайлідскі сельсавет перайменаваны ў Іўеўскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Багданаўскі сельсавет Ашмянскага раёна. 15 мая 1963 года скасаваны Геранёнскі, Даўгердзішскі і Суражскі сельсаветы, утвораны Жылеўскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года Багданаўскі сельсавет перададзены ў склад Валожынскага раёна Мінскай вобласці. 19 студзеня 1965 года ўтвораны Такарышкаўскі сельсавет. 6 жніўня 1979 года Жылеўскі сельсавет перайменаваны ў Геранёнскі, 15 ліпеня 1985 года Такарышкаўскі сельсавет — у Эйгердаўскі. 22 снежня 1986 года скасаваны Лежневіцкі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Іўе і Іўеўскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 12 студзеня 2000 года Іўе атрымала статус горада раённага падпарадкавання. 23 студзеня 2014 года Юрацішкаўскі пассавет рэарганізаваны ў Юрацішкаўскі сельсавет. 18 красавіка 2017 года скасаваны Морынскі сельсавет[4].
Насельніцтва
правіцьНасельніцтва раёна — 28,8 тыс. чалавек (2009), гарадское насельніцтва складае 27,8 %. Сярэдняя шчыльнасць — 15 чалавек на 1 кв.км. Цэнтр раёна — горад Іўе. Разам з гарадскім пасёлкам Юрацішкі раён змяшчае яшчэ 372 сельскія населеныя пункты.
Адміністрацыйна раён падзяляецца на 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі, Юрацішкаўскі.
Гаспадарка
правіцьАгульная плошча сельгасугоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаныя — 25,7 тыс.га. У раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: свінагадоўля, мяса-малочная жывёлагадоўля і конегадоўля, вырошчваюць збожжавыя, алейныя і кармавыя культуры, цукровыя буракі, лён, бульбу.
Прадпрыемствы: харчовай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Транспарт
правіцьПа тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія Ліда — Маладзечна, магістраль Мінск — Гродна M6. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Навагрудак і Ашмяны. На Навагрудак вядзе рэспубліканская аўтадарога Іўе — Навагрудак — Баранавічы Р5, на Ашмяны — рэспубліканская аўтадарога Іўе — Юрацішкі — Ашмяны — Варняны / пад’езд да граніцы Літоўскай Рэспублікі (Лоша) Р48.
Таксама ад раённага цэнтра ў бок літоўскай мяжы ідзе рэспубліканская аўтадарога Іўе — Трокелі — Радунь Р135.
Сродкі масавай інфармацыі
правіцьМясцовая прэса прадстаўлена раённай газетай «Іўеўскі край», якая з’яўляецца грамадска-палітычным выданнем. Заснавальнік — Іўеўскі райвыканкам. Выходзіць 2 разы на тыдзень: па сярэдах і суботах. Газета двухмоўная (беларуская і руская мовы).
Аб’ём вяшчання раённага радыё «Голас Іўеўшчыны» складае каля 1 гадзіны ў тыдзень. Трансляцыя ідзе па правадной сетцы раніцай ці позна вечарам у выглядзе кароткіх блокаў мясцовых навін.
Адукацыя і культура
правіцьУ раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пачатковых школ, школа-інтэрнат, музычная школа, прафесійна-тэхнічнае вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 38 клубаў, 13 дамоў культуры, 44 бібліятэкі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Памятныя мясціны
правіцьАрхітэктурныя помнікі: Мікалаеўскі касцёл (1519) і руіны замка (15-16 стст.) у вёсцы Геранёны, касцёл Марыі (1772) у вёсцы Дуды, сядзіба (1870) у вёсцы Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у вёсцы Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пачатак 20 ст.) і капліца (19 — пачатак 20 ст.) у вёсцы Ліпнішкі, Мікалаеўская царква (пачатак 20 ст.) у вёсцы Морына, Суботніцкі касцёл Святога Уладзіслава (1907) у вёсцы Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у вёсцы Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пачатак 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пачатак 20 ст.) у вёсцы Трабы.
Вядомыя асобы
правіць- Уладзіслаў Брахоцкі (1810—1896) — грамадскі дзеяч.
- Янка Пазняк (1887—1939) — беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, палітык.
- Зянон Пазняк (нар. 1944) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».
Крыніцы
правіць- ↑ http://ivje.gov.by/ru/predsedatel_rik-ru/
- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 18 апреля 2017 г. № 245 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Ивьевского района Гродненской области
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
правіць- Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 6 жніўня 2013. (руск.)
- Інфармацыя на старонцы Гродзенскага аблвыканкама Архівавана 19 красавіка 2014.
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online (руск.)
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Іўеўскага раёна на сайце «Дорогами Беларуси» (руск.)
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Фотаздымкі на сайце Radzima.org
- Виртуальная Ивьевщина Архівавана 21 снежня 2019.