Юрацішкі
Юрацішкі[2] — гарадскі пасёлак у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца за 16 км на паўночны ўсход ад Іўя, 174 км ад Гродна, 4 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі. Насельніцтва 1 281 чал. (2019)[3].
Гарадскі пасёлак
Юрацішкі
| ||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьЮрацішкі вядомыя з пачатку XVI стагоддзя як прыватнае ўладанне Гаштольдаў, якое перайшло да іх у якасці пасагу ад князёў Гальшанскіх. Мелі статус мястэчка. Каля 1520 года будучы канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода Альбрэхт (Войцех) Гаштольд пабудаваў у Юрацішках Мікалаеўскую царкву з прыдзелам Святой Параскевы. 6 чэрвеня 1532 года Гаштольд падараваў царкве 5 пляцаў у саміх Юрацішках, больш 5 валок раллі і сенажаці, права збіраць гандлёвае мыта падчас кірмашоў на дні памяці Свяціцеля Мікалая Цудатворцы (9 мая і 6 снежня па юліянскім календары), а таксама на «Дзесятуху» (дзясятая пятніца пасля Пасхі, прысвечаная памяці Святой Параскевы Пятніцы). Пасля смерці сына Альбрэхта Гаштольда Станіслава ў 1542 годзе Юрацішки перайшлі да вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, які перадаў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. Аднак з дазволу вялікага князя права карыстання мястэчкам захавала ўдава Альбрэхта Гаштольда Сафія, княжна Вярэйская, да сваёй смерці ў 1549 годзе. З гэтага года Юрацішкі становяцца часткай Трабскага староства. У 1580 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторы подараваў Юрацішкі князю Васілю Цяляцеўскаму, уцекачу з Масквы, які быў ваяводам цара Івана Грознага ў Полацку. Пасля смерці князя мястэчка і вёска Сямёнкі перайшлі да яго ўдавы Аўдоцці з роду князёў Сонцавых і іх дачкі Марыі. Пасля шлюбу Марыі з Рыгорам Фёдаравічам Ходкавічам Нямірам Стэфан Баторы па просьбе Аўдоцці Сонцаўны перадаў Юрацішкі ў пажыццёвае карыстанне Рыгору Няміру і яго сыну Яну. Кароль таксама прыняў да ўвагі хадайніцтва кіеўскага кашталяна Паўла Сапегі, пад кіраўніцтвам якога служыў Рыгор Няміра. 7 студзеня 1650 года па просьбе навагрудскага гараднічага Яна Няміры кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір падараваў Юрацішкам права на правядзенне штотыднёвых таргоў па нядзелях. Ян Няміра 23 мая 1663 года з дазволу караля саступіў сваё пажыццёвае права на валоданне Юрацішкамі свайму сыну дзерпцкаму харунжаму Гераніму Няміры. Пасля смерці Гераніма яго жонка Кацярына з роду Багуфалаў з дазволу караля польскага Аўгуста II 15 ліпеня 1698 года перадала Юрацішкі ва ўладанне сына Ераміі, таксама дзерпцкага харунжага. Ерамія 12 кастрычніка 1703 года са згоды таго ж Аўгуста II перадаў Юрацішкі ва ўладанне пінскаму абознаму Міхалу Антону Копцю. Копаць у 1717 годзе дабіўся перадачы Юрацішак з ліку дзяржаўных маёмасцей у земскія, скарыстаўшы тое, што пасля Паўночнай вайны ў мястэчку засталося толькі тры гаспадаркі. Дачка Копця Канстанцыя, якая ўзяла шлюб з Францішкам Касцялкоўскім, атрымала Юрацішкі ў якасці пасагу. Юрацішкі пры Касцялкоўскіх былі часткай маёнтка Бокшышкі, захаваўшы статус мястэчка. За даўгі сыноў Францішка Каэтана, Андрэя і Тадэвуша (быў паслом на Чатырохгадовым сейме) Юрацішкі разам з іх іншымі маёнткамі былі па рашэнні эксдывізарска-таксатарскага суда падзелены паміж іх крэдыторамі. Асноўная частка мястэчка і навакольных зямель дасталася смаленскаму падчашаму Паўлу Радкевічу, які раней меў Юрацішкі ў заставе ад Касцялкоўскіх, і яго сыну Ігнату. Часткі, якія дасталіся іншым крэдыторам, пазней купіў другі сын Паўла Радкевіча трабскі пробашч, канонік інфлянцкі і смаленскі Андрэй Радкевіч. Такім чынам у канцы XVIII стагоддзя Юрацішкі сталі ўладаннем рода Радкевічаў, у руках якіх знаходзіліся да 1939 года[4].
У Трынаццацігадовую вайну расійскія войскі спалілі Юрацішкі. У Вялікую Паўночную вайну мястэчка занялі шведы.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Юрацішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні.
З пабудовай чыгункі Маладзечна — Ліда за 4 км ад Юрацішак адкрылася аднайменная чыгуначная станцыя. Станам на 1866 у мястэчку было 23 дамы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Юрацішкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства.
У 1939 Юрацішкі ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 сталі цэнтрам раёна (з 1944 — у Маладзечанскай вобласці). 23 снежня 1957 года вёска атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу[5]. У 1960 Юрацішкаўскі раён расфарміравалі, мястэчка ўвайшло ў склад Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Насельніцтва
правіцьЭканоміка
правіцьПрадпрыемствы харчовай прамысловасці.
Транспарт
правіцьПаблізу чыгуначная станцыя на лініі Ліда—Маладзечна; аўтадарогамі злучаныя з Іўем, Валожынам, Ашмянамі.
Славутасці
правіць- Царква Св. Мікалая (1520 год, капітальныя рамонты ў 1845 і 1864 гадах; у 2014 годзе поўнасцю перабудавана пасля пажару)
- Сядзіба Радкевічаў (XIX ст.)
- Касцёл Перамянення Гасподняга (2003)
- Магілы нямецкіх салдат Першай сусветнай вайны, каля царквы Св. Мікалая
- Памятны камень на месцы штаба нямецкай дывізіі (1915—1918)
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл Перамянення Гасподняга (1937)
-
Касцёл Перамянення Гасподняга
-
Сядзібны дом
-
Лядоўня
-
Памятны камень
Вядомыя асобы
правіць- Марыям Новіч
- Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі (нар. 1969) — беларускі вучоны. Доктар гістарычных навук, прафесар.
- Эдуард Іванавіч Старавойтаў (нар. 1950) — беларускі вучоны ў галіне будаўнічай механікі.
Зноскі
правіць- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Крыніцы/Насельніцтва Беларусі 2019
- ↑ Стренковский, С. П. Под омофором Святителя Николая Чудотворца : история православного прихода в местечке Юратишки // С. П. Стренковский. — Минск : МГИРО, 2017. — С. 325—366.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб пераўтварэнні вёскі Юрацішкі, Юрацішкаўскага раёна, Маладзечанскай вобласці, у гарадскі пасёлак ад 23 снежня 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 12.
- ↑ Juraciszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. S. 628.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
- ↑ Juraciszki // Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ↑ Юратишки // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Juraciszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. S. 626.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Юрацішкі
- г. п. Юрацішкі на Radzima.org