Лідскі раён
Лі́дскі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Ліда.
Лідскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Гродзенскую вобласць | ||||
Уключае |
272 сельскія населеныя пункты 10 сельсаветаў |
||||
Адміністрацыйны цэнтр | Ліда | ||||
Кіраўнік | Сяргей Васілевіч Ложачнік | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 53,48 %, руская 41,75 % Размаўляюць дома: беларуская 30,81 %, руская 61,07 %[1] |
||||
Насельніцтва (2009) |
135 096 чал.[1] (1-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 86,12 чал./км² (1-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 51,38 %, палякі — 35,28 %, рускія — 9,35 %, украінцы — 1,68 %, іншыя — 2,31 %[1] |
||||
Плошча |
1 566,74[2] (6-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
136 м[3] | ||||
Часавы пояс | UTC+03:00 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьРаён размешчаны ў цэнтральнай частцы Гродзенскай вобласці. Плошча раёна — 1 543,57 км². Мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім, Навагрудскім, Дзятлаўскім і Мастоўскім раёнамі.
Гісторыя
правіцьРаён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР, цэнтр — горад абласнога падпарадкавання Ліда. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 20 сельсаветаў: Аполінскі, Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Вольшаўскі, Ганчарскі, Гервянікаўскі, Дакудаўскі, Дубровенскі, Запольскі, Лідскі, Мейраўскі, Мыцкі, Нёманскі, Няцецкі, Радзівонішкаўскі, Тракельскі, Траццякоўскі, Фалькавіцкі, Цвермаўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Аполінскі, Вольшаўскі, Запольскі, Лідскі, Мейраўскі, Мыцкі, Нёманскі, Няцецкі, Цвермаўскі сельсаветы, утвораны Белагрудскі, Крупаўскі сельсаветы, Фалькавіцкі сельсавет перайменаваны ў Канюшанскі. 3 красавіка 1959 года скасаваны Гервянікаўскі сельсавет, Тракельскі сельсавет перададзены Воранаўскаму раёну. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Гасцілаўскі, Голдаўскі і Парэцкі сельсаветы скасаванага Жалудоцкага раёна, 25 снежня 1962 года — далучаны рабочы пасёлак Бярозаўка Навагрудскага раёна, Пескаўскі і Ходаравецкі сельсаветы Шчучынскага раёна, Нагародавіцкі і Стрэльскі сельсаветы Дзятлаўскага раёна. 12 чэрвеня 1964 года пасёлак торфапрадпрыемства «40 год БССР» пераўтвораны ў рабочы пасёлак Першамайскі з перадачай у адміністрацыйнае падпарадкаванне Лідскага гарсавета. 6 студзеня 1965 года Нагародавіцкі і Стрэльскі сельсаветы перададзены Дзятлаўскаму раёну. 26 чэрвеня 1965 года ўтвораны Мыцкі сельсавет, скасаваны Парэцкі і Канюшанскі сельсаветы. 11 студзеня 1966 года ўтвораны Дварышчанскі сельсавет, 24 чэрвеня 1968 года рабочы пасёлак Бярозаўка атрымаў статус гарадскога пасёлка. 11 лютага 1972 года скасаваны Мыцкі сельсавет. 12 лістапада 1973 года Белагрудскі сельсавет перайменаваны Тарноўскі. 27 сакавіка 1978 года скасаваны Радзівонішкаўскі сельсавет. 24 красавіка 1978 года ўтвораны Дзітвянскі сельсавет. 21 верасня 1990 года гарадскі пасёлак Бярозаўка набыў статус горада раённага падпарадкавання. 20 верасня 2002 года Ходаравецкі сельсавет перайменаваны ў Ходараўскі, Гасцілаўскі — у Мажэйкаўскі, рабочы пасёлак Першамайскі аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак)[4]. 23 снежня 2002 года пасёлак Першамайскі ўключаны ў склад Дубровенскага сельсавета. 9 лютага 2004 года Лідскі раён і горад Ліда аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 18 кастрычніка 2013 года скасаваны Голдаўскі і Дакудаўскі сельсаветы, 26 верасня 2016 года — Пескаўскі сельсавет. У 2019 годзе вёска Карытніца выключана з Лідскага раёна і ўключана ў склад Дзятлаўскага раёна. 21 лютага 2023 года скасаваны Бердаўскі і Крупаўскі сельсаветы[5].
Адміністрацыйны падзел
правіцьУ складзе раёна гарады Ліда і Бярозаўка, 272 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Беліцкі, Ваверскі, Ганчарскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Мажэйкаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Ходараўскі.
Прырода
правіцьУ тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Цэнтральнабеларускага масіву, у межах якога выдзяляецца Лідская ступень. Зверху залягаюць антрапагенавыя адклады магутнасцю 80-120 м (у ледавіковых лагчынах да 190 м) сожскага, дняпроўскага, бярэзінскага і беларускага ледавікоўяў. Рэльеф падэшвы антрапагенавых адкладаў расчлянёны старажытнымідалінамі і ледавіковымі лагчынамі. Ніжэй залягаюць неагенавыя або палеагенавыя адклады магутнасцю да 20 м, па ўсёй тэрыторыі — мелавыя да 100 м, на поўначы вендскія да 150 м. Пароды крышталічнага фундамента на глыбіні 100—200 м ніжэй узроўню. Вядомы радовішчы торфу (Дакудаўскае балота і інш.), мелу (каля вёскі Вялікія Канюшаны), пясчана-жвіровага матэрыялу, будаўнічых пяскоў, глін і суглінкаў.
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць вышыні 130—180 м, найвышэйшы пункт — 207 м (за 8 км на поўнач ад Ліды). Агульны нахіл паверхні з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, да даліны Нёмана.
Сярэдняя тэмпература студзеня −5,7 °C, ліпеня 17,6 °C, ападкаў 604 мм за год, вегетацыйны перыяд 194 дні.
З паўночнага ўсходу на паўднёвы захад уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнамі працякае рака Нёман, якая мае прытокі Гаўя (з Жыжмой), Дзітва (з Лідзеяй), Лебяда, Нарва, Астроўна. На тэрыторыі раёна азёры Вялічкаўскае і Глухава.
Глебы сельгасугоддзяў дзярнова-падзолістыя (50,6 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярновыя забалочаныя (12,7 %) і інш. Пад лесам 27 % тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найбольшыя масівы на ўсходзе — частка Нёманскіх лясоў. Балоты займаюць 13,4 % тэрыторыі раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс. га; найбольш вялікія Дакудаўскае балота, Жыжма.
Насельніцтва
правіцьНацыянальны склад насельніцтва (паводле перапісу 2009, %): беларусы — 51,4, палякі — 35,3, рускія — 9,4, украінцы — 1,7. Беларускую мову назвалі роднай 53,5 % жыхароў раёна.
Гаспадарка
правіцьГалоўны гаспадарчы цэнтр раёна — горад Ліда. У горадзе Бярозаўка працуе шклозавод «Нёман». Дзейнічаюць торфапрадпрыемствы ў Дзітве і Першамайскім. У в. Даржы знаходзяцца ільнозавод і завод мяса-касцяной мукі.
У раёне 16 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 33 фермерскія гаспадаркі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, лён. Развіваецца мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Працуе Лідская птушкафабрыка.
Славутасці
правіць- Пакроўская царква ў в. Ганчары (XVIII ст.)
- Царква Раства Багародзіцы ў в. Голдава (XVIII ст.)
- Крыжаўзвіжанская царква ў в. Бабры (XVIII ст.)
- Крыжаўзвіжанская царква ў в. Беліца (пач. ХХ ст.)
- Пакроўская царква ў в. Збляны (ХХ ст.)
- Міхайлаўскі касцёл у в. Няцеч (ХІХ ст.)
- Міхайлаўскі касцёл у в. Белагруда (пач. ХХ ст.)
- Сядзібны комплекс у в. Малое Мажэйкава (ХІХ ст.)
- Сядзібны комплекс у в. Тарнова (ХІХ — пач. ХХ ст.)
- Помнікі землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну
- Брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан
- Магілы ахвяр фашызму
- Помнікі археалогіі паблізу вёсак Белагруда, Беліца, Беневічы, Гарняты, Дакудава, Збляны, Красоўшчына і інш.
Вядомыя асобы
правіць- Вітольд Ашурак (1970, в. Агароднікі — 2021) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, палітычны зняволены.
- Данута Бічэль-Загнетава — беларуская паэтэса.
- Янка Жамойцін — беларускі пісьменнік-публіцыст, літаратурны крытык.
- Кіпрыян Кандратовіч (1859, в. Зіновічы — 1932) — генерал, член Народнага сакратарыята БНР, Галоўнакамандуючы беларускай народнай арміяй у часы Першай сусветнай вайны.
- Аляксей Логвін (1934, в. Збляны — 2004) — беларускі грамадскі дзеяч. Сябра і адзін з кіраўнікоў антыкамуністычнай Лідскай моладзевай падпольнай арганізацыі ў 1950—1951 гадах, рэпрэсаваны савецкай уладай.
- Хрысціна Лялько — беларуская пісьменніца.
- Апалонія Серакоўская (1838, фальварак Кункулка — 1919) — грамадская дзяячка, удзельніца паўстання 1863 года, жонка Зыгмунта Серакоўскага.
- Мар’ян Іванавіч Стралюк — беларускі вучоны ў галіне энергетыкі.
- Яўген Сямашка — беларускі журналіст, гісторык.
- Казімір Уладзіслававіч Рахатка (нар. 1952) — беларускі палітык.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 98 О решении вопросов административно-территориального устройства Лидского района
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 21 февраля 2023 г. № 497 Об изменении административно-территориального устройства Лидского района Гродненской области
Літаратура
правіць- Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 566 с., іл. ISBN 985-01-0522-4
- А. С. Макарэвіч. Спіс незацверджанай шляхты Лідскага павета за 1853 г. як каштоўная крыніца па сацыяльна-дэмаграфічнай гісторыі і генеалогіі краю // Архіварыус, № 6. Мн., 2008.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.