Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы
Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца пад травяністай і мохава-травяністай лясной расліннасцю на роўных і паніжаных участках, дзе застойваюцца атмасферныя ападкі, або блізка знаходзяцца грунтовыя воды, у выніку падзолістага, дзярновага і балотнага працэсаў глебаўтварэння. Паводле ўмоў увільгатнення падзяляюцца на аглееныя знізу, часова пераўвільготненыя, глеяватыя і глеевыя.
На дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы прыпадае каля 23% сельскагаспадарчых зямель Беларусі. Адносна малая плошча іх у Гродзенскай вобласці (16%), у іншых абласцях яна складае ад 22 да 30%.
Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы маюць невялікую колькасць гумусу (да 3%), высокую кіслотнасць. Для паляпшэння ўрадлівасці праводзяць агратэхнічную і гідратэхнічную меліярацыю, унясенне ўгнаенняў, вапнаванне.