Голдава
Го́лдава[1] (трансліт.: Holdava, руск.: Голдово) — аграгарадок у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Ходараўскага сельсавета.
Аграгарадок
Голдава
| ||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьЗнаходзіцца за 32 км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Ліда, за 110 км ад Гродна, за 6 км ад чыгуначнага прыпыначнага пункта Курган[2].
Гісторыя
правіцьВядома, што ў XV—XVII ст. гэты населены пункт у дакументах мае назву «Овдово» ці «Олдово». Тады ж каля вёскі існавала некалькі маёнткаў з гэтай жа назвай. Адзін з маёнткаў Голдава пры вялікім князі Казіміры Ягайлавічы (пам. 1492) уваходзіў у склад вялікакняскага Беліцкага павета, які па прывілеях караля трымалі беліцкія баяры Шымка і Барташ Ганусавічы. Потым кароль Казімір надаў Голдава гаспадарскаму баярыну Герману Дзетрыховічу (Дзітрыковічу), а беліцкім баярам узамен даў землі ў Ваўкавыскім павеце. Аднак, браты Ганусавічы не атрымалі ад Казіміра пацвярджальных дакументаў, і вялікі князь Аляксандр адабраў у іх землі. Тады баяры Ганусавічы пачалі аспрэчваць у Дзітрыковіча Голдава, як ранейшае наданне караля Казіміра, і ў 1498 годзе Аляксандр пацвердзіў ім валоданне маёнткам.
У 1495 г. берасцейскі намеснік Сенька (Сямён) Алізаравіч купіў двор Голдава ў жалудоцкага баярына Пятрашкі Міхайлавіча, гэтую пакупку яму пацвердзіў вялікі князь Аляксандр.
Тады ж, іншы маёнтак Голдава належаў васілішскім баярам Ваську і Івану Міхайлавічам (верагодна, братам Пятрашкі) і іх стрыечнаму брату Станку Дашкавічу. Іван узяў за сына гаспадарскага пісара Ігната Мікіцініча, якому і запісаў па сваёй смерці сваю частку маёнтка. Васька Міхайлавіч і Станка Дашкавіч пазычылі ў Ігната пэўную суму грошай, аднак, у тэрмін не вярнулі, і ў 1503 г. яму былі перададзены ў валоданне іх часткі маёнтка за доўг. Ігнат Мікіцініч з жонкай Марынай, не маючы дзяцей, узялі сабе за сына гаспадарскага маршалка — усынавілі астрынскага дзяржаўцу Аляксандра Іванавіча Хадкевіча і ў 1518 г. запісалі яму і яго старэйшаму сыну Івану маёнтак Голдава. У 1526 г. А. І. Хадкевіч прыкупіў да Голдава фальварак Няцеч і іншыя землі і лясы ў навакольных баяраў.
Ёсць яшчэ звесткі пра той другі маёнтак Голдава, які купіў С. Алізаравіч. Памёр ён каля 1506 г. і пакінуў пасля сябе адзінай дачцэ Настассі Сямёнаўне Алізараўне ўсе свае маёнткі, у тым ліку і Голдава. Спачатку яна выйшла замуж за князя Януша Міхайлавіча Сангушку-Ковельскага, а пасля яго смерці (паміж 1516 і 1520 г.) — за князя Івана Міхайлавіча Вішнявецкага. Паміраючы, Настасся Алізараўна запісала трэццюю частку сваіх маёнткаў, у тым ліку і Голдава, мужу, якому ў 1538 г. кароль пацвердзіў гэты запіс. Тады ж князь Вішнявецкі ажаніўся ў другі раз з Магдаленай Дэспатаўнай, якой запісаў ва ўласнасць Голдава і іншыя маёнткі. Па смерці мужа ў 1542 г. Магдалена Дэспатаўна неўзабаве выйшла замуж за князя Аляксандра Фёдаравіча Чартарыйскага і ў 1551 г. запісала Голдава мужу. У 1569 г. князь Чартарыйскі перад смерцю напісаў тастамант, якім маёнтак Голдава перадаваў у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы, пасля смерці якой уладанне павінна было перайсці на карысць іх сына князя Міхайлы Чартарыйскага. У 1571 г. памерла і ўдава, але ў яе тастаманце Голдава не фігуруе, бо, верагодна, яго ўжо трымаў сын князь Міхайла, які ў сваю чаргу напісаў тастамант у 1582 г., але і ў гэтым дакуменце Голдава няма. Ёсць звесткі, што ён прадаў маёнтак у 1581 г. саноцкаму кашталяну пану Трызне. З тых часоў род Трызнаў валодаў Голдавам больш за сто гадоў[3].
Голдава набыло статус мястэчка ў пачатку XVII стагоддзя. Належала да Лідскага павета Вялікага Княства Літоўскага, у складзе Рэчы Паспалітай; мелася праваслаўная царква, праходзіў штотыднёвы гандаль і штогадовыя кірмашы.
Міхал Шымялевіч пісаў, што старая дарога з Ліды, якая праходзіла міма Ольжава на Белагруду, далей бегла цераз Дзітву на Парачаны, Голдава і Жалудок, была вядома пад назвай Зэльвенскага гасцінца.
З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1915 годзе акупавана Германіяй, з 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.
Да 2013 года Голдава было цэнтрам Голдаўскага сельсавета[4].
Насельніцтва
правіць- 1996 год — 458 жыхароў, 165 двароў[2].
Славутасці
правіцьЗноскі
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б в БелЭн 1997.
- ↑ pawet.net
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 18.10.2013 № 259 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Лидского района Гродненской области (руск.)
Літаратура
правіць- Го́лдава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 323. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Голдава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 9: Гродзенская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — 848 с.: іл. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-11-0908-7.