Парачаны
Парача́ны[1] (трансліт.: Paračany, руск.: Поречаны) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Тарноўскага сельсавета.
Вёска
Парачаны
|
Геаграфія
правіцьВёска знаходзіцца за 20 км на паўднёвы захад ад Ліды, на шашы Р11, што вядзе з Гродна на Навагрудак. За 1,6 км на захад ад вёскі размешчаны прыпыначны пункт на чыгуначнай лініі Ліда — Масты.
Рэльеф раўнінны. На паўночным усходзе працякае рака Дзітва. З захаду і поўдня ўчасткі лесу.
Гісторыя
правіцьЗ першай паловы XV стагоддзя землеўладальнікамі ў гэтай мясцовасці былі Завішы. Каля 1442 года вялікі князь літоўскі Казімір пацвердзіў Завішам 12 людзей парачан у Лідскай воласці, якія ўжо перад тым былі іх спадчынай па бацьку Андрэю Завішу (кухмістру вялікага князя)[2].
Вопіс парафій Лідскага дэканата 1784 года згадвае Парачаны (Porzeczany) у Белагрудскай парафіі як уласнасць князя Станіслава Радзівіла. Побач ва ўрочышчы Арлянка (Orlanka) над Дзітвою, па дарозе на Белагруду мелася карчма і вапельня (печы для абпальвання вапны)[3]. Старая дарога з Ліды праходзіла міма Ольжава на Белагруду, далей бегла цераз Дзітву на Парачаны, Голдава і Жалудок і была вядома пад назвай Зэльвенскага гасцінца[3].
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. Належала да Тарноўскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні.
У Першую сусветную вайну з верасня 1915 года да канца 1918 года акупавана германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года ў складзе БССР, у красавіку занята польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі. З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, належала да Тарноўскай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства.
З 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. З фронту не вярнуліся 6 вяскоўцаў.
У 1950 годзе арганізаваны калгас «1 Мая». Затым землі ўвайшлі ў склад калгаса «Сцяг Саветаў».
Да 1978 года вёска ўваходзіла ў склад Радзівонішкаўскага сельсавета[4], да 2009 года — у склад Голдаўскага сельсавета[5].
Насельніцтва
правіць- 1897 год — 475 жыхароў, 64 двары.
- 1908 год — 487 жыхароў, 33 двары, 66 сямей.
- 1921 год — 487 жыхароў, 87 двароў.
- 1940 год — 584 жыхары, 182 двары.
- 1960 год — 514 жыхароў.
- 1992 год — 170 жыхароў, 98 гаспадарак.
- 2015 год — 73 жыхары, 48 гаспадарак.
- 2019 год — 65 жыхароў.
Крыніцы
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ pawet.net
- ↑ а б pawet.net
- ↑ Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў Беларускай ССР ад 27 сакавіка 1978 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 16 (1570).
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 21.12.2009 N 191 Об изменении границ Тарновского и Голдовского сельсоветов Лидского района Архівавана 23 мая 2012. (руск.)
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 9: Гродзенская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — 848 с.: іл. — 1 500 экз. — ISBN 978-985-11-0908-7.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх