Белагруда
Белагру́да — вёска ў Тарноўскім сельсавеце Лідскага раёна. Знаходзіцца на рацэ Дзітва, за 17 км на паўднёвы захад ад Ліды, 2 км ад чыгуначнага прыпынку Белагруда. Побач з вёскай размяшчаецца зона адпачынку.
Вёска
Белагруда
| ||||||||||||||||||||||||||
Гістарычны нарыс
правіцьПраўдападобна, што людзі жылі ў гэтай мясцовасці з глыбокай старажытнасці: на поўнач ад вёскі, за сучаснымі могілкамі знойдзены рэшткі стаянкі каменнага веку. Гістарычныя крыніцы падаюць інфармацыю пра радовішча вапняку каля вёскі Белагруда, ад якога і сама старажытная назва вёскі Белы Груд.
Пад сучаснай назвай паселішча вядома з XVI ст., як прыватнае ўладанне ў складзе Лідскага павета ВКЛ. У 1-й палове XV ст. гэтыя землі належалі Кезгайлам Завішам гербу «Лебедзь». Першым вядомым прадстаўніком роду быў Андрэй Гульгіновіч, князскі кухмістр, якому каля 1442 Казімір Ягайлавіч пацвердзіў спадчыну ў Лідскай воласці, а таксама падараваў 5 душ у Ольжаве над Дзітвою. Пад канец XV в. маёмасць належала каралеўскаму двараніну Міклашу Завішу. Каля 1500 яна была падзелена паміж яго братамі: частку зямель на левым беразе Дзітвы атрымаў віленскі цівун Андрэй Завіша, а на правым беразе — Ежы Завіша. Такі ўклад існаваў прыкладна да 1560, калі частку Белагруды, а таксама недалёкія Вашкевічы купіў у Завішаў Андрэй Вішнявецкі, каб праз 20 год прадаць Яраславу Мікалаевічу Ваўчку. Пад канец XVI ст. маёнтак ізноў аб'яднаў унук Андрэя — падкаморны лідскі, а пазей кашталян і ваявода віцебскі Ян Янавіч Завіша. Яго нашчадкам быў сын Мікалай, кашталян віцебскі.
Белагрудская парафія была створана ў 1609, калі яна была выдзелена з часткі парафій лідскай i ваверскай. Вядома, што Ян Завіша 15.1.1609 зрабіў дарункі касцёлу св. Яна Хрысціцеля, каторы быў збудаваны незадоўга да гэтых падзей.
У канцы XVII ст. маёнтак перайшоў ва ўласнасць братавай Яна Завішы — Ганны, якая ў 1690 выйшла за Пятра Станіслава Тарноўскага, а напярэдадні 1702 за кашталяна смаленскага Крыштафа Неміровіча Шчыта. У гэты перыяд на Лідчыне з'явіліся вёскі Тарноўшчына i Шчытнікі.
Другі касцёл, які таксама насіў імя св. Яна Хрысціцеля, быў збудаваны ў 1703 коштам старасты лідскага Уладзіслава Шэмета. Пачынаючы з 1783 гэты касцёл узгадваецца ў крыніцах з іменем св. Міхаіла Арханёла.
У сяр. XVIII ст. Тарноўшчыну з Белагрудай атрымалі Радзівілы — у выніку шлюбу Барбары Кезгайлаўны Завішы з Мікалаем Фаўстынам Радзівілам, мечнікам літоўскім і ваяводам навагрудскім. Наступнымі спадчыннікамі былі падкаморны літоўскі Станіслаў Радзівіл (1722—1787) і яго сын Мікалай (1751—1811). У сяр. XVIII ст. Караліна Радзівіл з Пацеяў (жонка Станіслава Радзівіла) заснавала ў Белагрудзе шпіталь-прытулак.
Пад канец XVIII ст. на землях Радзівілаў на поўдзень ад Белагруды існавалі капальні вапны, адкуль выкапні вазілі для абпальвання ў печах ва ўрочышча Арлянка над Дзітвою. Праз раку быў перакінуты мост з парэнчамі. Гасцінец вёў з поўдня, ад Арлянкі, на Мыто. У Белагрудзе дзейнічалі касцёл, шпіталь, карчма. У парафіяльнай школе, што існавала тут доўгі час, у 1777 быў 21 вучань, а ў 1782 — 4.
Мікалай Станіслававіч Радзівіл у 1808 пакінуў Тарноўшчыну з Белагрудай Тадэвушу Анджэйковічу, які ў 1824 выкупіў маёнтак. Яго сын Юлій прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу (1828—1881), апошні за ўдзел у лютаўскім паўстанні 1861 быў сасланы ў Сібір, а ў 1866 вымушаны прадаць маёнтак. У 1864 ліквідавана парафіяльная школа.
З таго часу Тарноўшчына з фальваркам Белагруда належала палкоўніку Дзмітрыю Маўрасу (пам. 1896), а пасля яго сыну Мікалаю (пам. 1919). У 1921 маёмасць перайшла ва ўласнасць Польскай дзяржавы.
На пачатку ХХ ст. Белагруда — фальварак Тарноўскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. У 1908 ўзведзены мураваны касцёл св. Міхаіла Арханёла, што існуе да сённяшняга дня. Побач з фальваркам знаходзілася сядзіба касцёла.
У 1921-39 гг. фальварак у складзе Тарноўскай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства Польшчы. Паводле перапісу насельніцтва 1921 налічвала 10 жылых пабудоў, 69 жыхароў. Побач з фальваркам знаходзілася асада Белагруда, 4 жылыя пабудовы, 31 жыхар. Да 1926 года шмат асаднікаў мела тут зямельныя надзелы, і ў гэтай сувязі побач пачаў дзейнічаць чыгуначны прыпынак[2].
З 1954 па 1974 Белагруда — цэнтр Белагрудскага сельсавета[3]. У 1970 у вёсцы было 18 двароў, 77 жыхароў.
У 1996 г. у Белагрудзе налічвалася 36 падвор'яў, 80 жыхароў.
Славутасці
правіць- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — пабудаваны ў 1900-05 гг. з цэглы на месцы драўлянага храма, помнік архітэктуры неараманскага стылю
- Селішча — за 1 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Дзітва, належыць да банцараўскай культуры (VI—VIII ст.) і раннефеадальнага часу (XII—XIII ст.)
Вядомыя асобы
правіць- Амброзій Кастравіцкі (1871—1937) — лекар, беларускі грамадскі дзеяч, брат Казіміра Кастравіцкага (Каруся Каганца), бацька Самуэля Кастравіцкага
Зноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ pawet.net
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 14 студзеня 1974 г. // Зборнік законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 10 (1420).
Літаратура
правіць- Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — ISBN 985-01-0522-4
Спасылкі
правіць- Белагруда ад каменнага веку да нашых дзён Архівавана 6 жніўня 2017. — «Падарожжы дылетанта» на tut.by