Мелавы перыяд, мел або мелавая сістэма (ад назвы характэрнай горнай пароды) — трэцяя (апошняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае трэцяму перыяду мезазойскай эры геалагічнага развіцця Зямлі. Пачалася каля 137 млн. гадоў назад, доўжылася каля 70 млн. гадоў. Выдзелена ў 1822 годзе французскім геолагам Ж. Амаліусам д'Алуа.

Дзяленне мелавага перыяду

правіць

Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі) і на 13 ярусаў (вякоў).

сістэма аддзел ярус Узрост, млн гадоў таму
Палеаген Палеацэн Дацкі меней
Мел Верхні Маастрыхцкі 66,0 — 72,1±0,2
Кампанскі 72,1±0,2 — 83,6±0,2
Сантонскі 83,6±0,2 — 86,3±0,5
Каньякскі 86,3±0,5 — 89,8±0,3
Туронскі 89,8±0,3 — 93,9
Сенаманскі 93,9—100,5
Ніжні Альбскі 100,5—113,0
Апцкі 113,0—125,0
Барэмскі 125,0—129,4
Гатэрыўскі 129,4—132,9
Валанжыскі 132,9—139,8
Берыяскі 139,8—145,0
Юра Верхні Тытонскі болей
Дзяленне мелавога перыяду згодна IUGS па стану на жнівень 2012.


Некаторыя даследчыкі адносяць берыяскі ярус да юры, а дацкі да палеагену.

Адклады мелавога перыяду, пераважна верхняга аддзела, шырока развіты на платформах (Усходне-Еўрапейская, Паўночна-Амерыканская, Афрыканская і Аўстралійская) і ў межах геасінкліналей (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс).

Геалогія

правіць

У раннемелавую эпоху ўсе платформы былі прыўзняты, на іх намнажаліся кантынентальныя асадкі. У геасінклінальных абласцях фарміраваліся вулканагенна-асадкавыя тоўшчы, якія ў познамелавую эпоху перакрыліся пераважна вапняковымі тоўшчамі.

На мяжы ранняга і позняга мелу і ў канцы позняга мелу адбываліся інтэнсіўныя працэсы тэктагенезу, што асабліва праявіліся ў Ціхіаакіянскім геасінклінальным поясе.

У пачатку позняга мелу, у выніку апускання вялізных участкаў сушы азначаных платформ, пачалася найбольшая ў гісторыі Зямлі познемелавая трансгрэсія, адметная намнажэннем магутных тоўшчаў карбанатных парод, у т.л. пісчага мелу.

Да гэтага часу адносіцца распад гіганцкага мацерыка Пангея, разам з Гандванай і Лаўразіяй.

Расліннасць

правіць

Арганічны свет істотна змяніўся ў другой палове ранняга мелу. У складзе расліннасці шырокае развіццё атрымалі пакрытанасенныя (платаны, лаўры, магноліі, эўкаліпты і інш.), хвойныя (секвоі, цісавыя, кіпарысавыя).

Жывёльны свет

правіць

У жывёльным свеце значнага росквіту дасягнулі фарамініферы і галаваногія малюскі (аманіты, белемніты), якія з'яўляюцца кіруючымі відамі для пабудовы стратыграфічнай схемы мелавых адкладаў.

Карысныя выкапні

правіць

З адкладамі мелавога перыяду звязаны шматлікія радовішчы баксітаў, фасфарытаў, вуглёў, нафты, мергельна-мелавых парод, трэпелаў, гіпсоў і інш.

Мелавы перыяд на Беларусі

правіць

На тэрыторыі Беларусі адклады мелавога перыяду пашыраны на поўдні ад шыраты Мінска, прадстаўлены ўсімі ярусамі, акрамя берыяскага і дацкага. Верхні аддзел падзелены на фарамініферах на 15 рэгіянальных зон.

Ніжнемелавыя (даальбскія) адклады развіты на паўднёвым усходзе (Прыпяцкі прагін, паўднёва-усходні схіл Варонежскай антэклізы), прадстаўлены некарбанатнымі пясчана-алеўрыта-гліністымі пародамі, якія маюць у сабе фарамініферы, споры і пылок, альбскія — на захадзе і ўсходзе плошчы пашырэння мелавых адкладаў (некарбанатныя глаўканіта-кварцавыя пясчаныя пароды са спікуламі губак, луской і зубамі рыб, пеліцыподамі, спорамі і пылком). Магутнасць ніжнемелавых адкладаў да 77,5 м.

Верхнемелавыя пароды развіты на ўсёй плошчы пашырэння мелавых адкладаў, па далінах Дняпра, Сажа і іх прытокаў выходзяць на паверхню. Складзены 2 тоўшчамі: тэрыгенна-карбанатнай (вапняковыя пяскі, пясчаністы мел) і карбанатнай (мергельна-мелавыя). Трапляюцца карбанатна-крамяністыя пароды (каньякскі ярус). Па ўсёй тоўшчы шмат фарамініфер, астракод, зрэдку брахіяподы, пеліцыподы, белемніты. Магутнасць 338 м (паўднёва-заходні схіл Варонежскай антэклізы) і 241 м (Валынская монакліналь).

З адкладамі мелавога перыяду звязаны радовішчы мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод, фасфарытаў.

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (Т. 10).