Сож

рака ў Беларусі

Сож — рака ў Смаленскай вобласці Расіі, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях і на мяжы Беларусі з Расіяй і з Украінай[1], а таксама на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны[2]. Левы прыток ракі Дняпро.

Сож
Сож у Гомелі
Сож у Гомелі
Характарыстыка
Даўжыня 648 км
Басейн 42 140 км²
Расход вады 219 м³/с (у вусці)
Вадацёк
Выток Расія
 • Месцазнаходжанне Смаленская вобласць
 • Каардынаты 54°41′21″ пн. ш. 31°57′57″ у. д.HGЯO
Вусце Дняпро
 • Каардынаты 51°56′50″ пн. ш. 30°48′24″ у. д.HGЯO
Ухіл ракі 0,17 м/км
Размяшчэнне
Водная сістэма Дняпро → Чорнае мора
Краіны
Рэгіёны Смаленская вобласць, Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць, Чарнігаўская вобласць
Код у ДВР 04010000412105000011550
physical
выток
выток
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Даўжыня 648 км, у межах Беларусі 493 км. Плошча вадазбору 42,14 тыс. км²[3], у межах Беларусі 21,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 219 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,17 .

Назва правіць

Узнікненне назвы Сож сягае часоў балцка-фінскага ўзаемадзеяння ў рэгіёне вярхоўяў гэтай ракі, пачатак якога датуюць 4400—4200 гг. да н.э. Тады, у пачатку сярэдняга неаліту, на тэрыторыю протабалтаў (Нарвенская і Нёманская археалагічныя культуры) з паўночнага ўсходу насунулася фіна-вугорская па паходжанні археалагічная культура ямачна-грабенчатай керамікі. Яе пашырэнне запынілася, крыху не даходзячы да Дзвіны, фрагментарна сляды яе фіксуюць і на поўдні ад Дзвіны[4].

Саму назву "Сож" асобныя навукоўцы звязваюць з ліўскім suž[5], эстонскім suzi, фінскім susi «воўк», яна зведала эвалюцыю Suž > Съжь > Сож[6][7]. Менавіта на Пасожжы і на сумежных тэрыторыях назіраецца асаблівая канцэнтрацыя балцкіх «ваўчыных» гідронімаў: бел. Воўчаса, Аўчоса, укр. Вовчасова, Вовчасок, Вовчас / Овчес (усе да балцкага *Vilkesà, ад балцкага vilkas «воўк»)[8][9].

Найімаверней, сам Сож у верхнім цячэнні або адзін з яго прытокаў там жа першапачаткова меў балцкую «ваўчыную» (Vilk-) назву, якая была перакладзеная прышлымі фінамоўнымі прадстаўнікамі культуры ямачна-грабенчатай керамікі і пазней пашырылася ніжэй на ўсё цячэнне Сажа (падобным чынам і назва ракі Акі распаўсюдзілася з яе вытокаў на ўсё цячэнне[10]). Ідэнтычная пасожскай сітуацыя балцка-фінскага «ўзаемаперакладу» і каля літоўскага Вількаміра, дзе побач з «ваўчынай» ракой Vilkesa знаходзяцца «ваўчыныя» тапонімы Sužai і Sužionys[11].

Менавіта на Пасожжы адна з найбольш значных канцэнтрацый балцкай гідраніміі на ўсім Верхнім Падняпроўі[12].

Існуе і некалькі іншых версій паходжання назвы Сож. Ул. Тапароў, балтыст і прыхільнік «фінскай» версіі, пералічваў такія з іх, згодна з якімі назву Сож у мінулым звязвалі таксама з прускім suge «дождж» (чытаецца, аднак, як suji), з назвай сакаў (скіфаў) або з індаеўрапейскім коранем з семантыкай «чысты»[13]. Гомельскі філолаг А. Рогалеў звязвае з чарнігаўска-сумскімі дыялектызмамі «сажкі» (ямы на балоце), «сага», «сога», «саж» (возера)[14]. Географ В. Жучкевіч звязваў з старажытнарускім сожжь «выпаленыя ўчасткі лесу, падрыхтаваныя для разворвання»[15].

Гідраграфія правіць

Пачынаецца за 12 км на поўдзень ад горада Смаленск і цячэ па Смаленскай вобласці, далей працякае па тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, вусце каля гарадскога пасёлка Лоеў. У вярхоўях з’яўляецца дзяржаўнай мяжой Беларусі з Расіяй, у апошніх 20 км цячэння з Украінай.

Агульная даўжыня рачной сістэмы (3410 рэк) 16 220 км, густата рачной сеткі на тэрыторыі Беларусі 0,38 км/км². На вадазборы ў межах Беларусі больш за 300 рэк і ручаёў часткова або поўнасцю каналізаваных, пракладзена больш за 170 меліярацыйных каналаў даўжынёй 5 км і больш. Верхняе цячэнне на паўднёва-заходняй ускраіне Смаленскага ўзвышша, сярэдняе — на Аршанска-Магілёўскай раўніне, ніжняе — у Гомельскім Палессі. У сярэднім і ніжнім цячэнні Сож працякае праз тэрыторыі, забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Суднаходства ад вёскі Барысавічы Клімаўскага раёна (за 373 км ад вусця) — пры высокіх узроўнях, рэгулярнае — ад горада Слаўгарад.

57 % гадавога сцёку прыпадае на перыяд веснавога разводдзя. Пад’ём узроўняў вясной пачынаецца звычайна ў 3-й дэкадзе сакавіка (радзей — у пачатку сакавіка) або ў сярэдзіне красавіка, доўжыцца 10—15 сутак у верхнім цячэнні, 20—25 сутак у нізоўі. Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4—5 м, найбольшая 6— 7,5 м. Зімовыя ўзроўні ў сярэднім на 10—20 см вышэй за летнія, але ў асобныя гады ў выніку адліг павышаюцца ў нізоўі да 2,5 м. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка ад вусця да вярхоўя. Веснавы крыгаход 3—5 сутак. На Беларусі найбольшая таўшчыня лёду ў рацэ 62—65 см. Сярэдняя тэмпература вады ў чэрвені — жніўні 19—21 °C, найбольшая ў ліпні — да 28 °C.

Даліна пераважна трапецападобная, ад вытоку да вусця Проні — выразная, глыбокаўрэзаная (20—30 м). Шырыня ў вярхоўі ад 0,3 км да 1 км, на вялікім працягу 1,5—3 км, пры зліцці з далінамі рэк Асцёр і Проня — 5 км, ніжэй горада Ветка — да 7 км, пры зліцці з далінай Дняпра — да 20 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія (радзей стромкія), вышынёй 15—25 м (месцамі да 40 м), парэзаны ярамі, лагчынамі, далінамі прытокаў. Правы схіл больш адкрыты, левы зарос лесам і хмызняком. На Беларусі амаль на ўсім працягу вылучаюцца пойма з нізкім (1,5—2,5 м над урэзам вады) і высокім (3—4 м) узроўнямі і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная або чаргуецца па берагах. Паверхня яе перасечана лагчынамі, старарэччамі і невялікімі азёрамі-старыцамі. Затапляецца на 5—10 сутак на глыбіню 0,5—2,5 м, у вусцевай частцы — да 4—5 м.

 
Землечарпальныя работы (Гомель, 2022).

Рэчышча звілістае. У ніжнім цячэнні вялікая колькасць лукавін, рукавоў, старыц. Да Гомеля трапляюцца астравы (даўжыня 30—300 м, шырыня 10—50 м). Шырыня ракі ў верхнім цячэнні 40—80 м, у ніжнім 90—125 м, месцамі да 230 м. Дно роўнае. Берагі да вусця Проні пераважна стромкія, вышынёй 1,5—4 м, ніжэй па цячэнні спадзістыя; на лукавінах, дзе рэчышча падыходзіць да карэннага берага (напрыклад, каля вёскі Гайшын Слаўгарадскага раёна), абрывістыя, вышынёй 12—15 м, месцамі да 35 м. Ніжэй горада Ветка па берагах пясчаныя пляжы.

Асноўныя прытокі правіць

Фаўна правіць

Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра, мінога ўкраінская, галавень, судак.

На рацэ правіць

Гарады: Крычаў, Чэрыкаў, Слаўгарад, Чачэрск, Ветка, Гомель. Гарадскія пасёлкі: Хіславічы (Расія), Лоеў.

У культуры правіць

Ціхі Сож. Валавяныя воды.
Бурштынее зара ў берагах.
Дзесь глухія гудкі параходаў
Аблятаюць разліўны размах.

Як у люстры, густою сцяною
Кучаравіцца лес у вадзе,
Абярнуўшыся ўніз галавою,
К водам пільнае вуха кладзе.

Леанід Гаўрылаў. «Сож»[16].
  • У легендзе «Сіні калодзеж» цераз Сож кідалі вялікія камяні «багатыры» Сцяпан і Марка, спаборнічаючы між сабой у заляцанні да «багатыркі» Кацярыны[17].
  • Згодна з легендай «Аб Сожу і Няпрэ» Сож меў атрымаць ад бацькі блаславенне «ици ў пуць», але быў апярэджаны хітрым братам Няпром, якога падмануты бацька блаславіў ісці «па хорошихъ мѣстахъ — лугами, городами». Сожу ж у выніку дастаўся шлях «имхами, болотами» і бацькава спадзяванне, што ён зможа дагнаць і пераняць брата пакуль той «у мора ня ўцёкъ»[18].
  • Сож фігуруе ў паданні, якое звязвае паходжанне назвы Гомеля з адрасаванымі плытагонам папераджальнымі выклічамі аб мелях на рацэ: «Го! Мель!»[19][20][21].
  • У казцы «Праз Іллюшку» «по Сожи по рацѣ» спачылы святы сплыў у склепе (труне) «у Кіявъ, у пящеры»[22].
  • Упамінаецца ў шэрагу замоў  ад «уроку» (сурокаў), у адной з якіх мае імя Максім[23].
  • У 1890-х гадах у Ветцы хадзіла быліца пра чорта, які ў выглядзе карліка выйшаў з Сожа, катаўся на палачцы, а потым — на маленечкай лодцы, пасля чаго танулі людзі[24].

Зноскі

  1. БелЭн 2002.
  2. desna-buvr.gov.ua Архівавана 9 красавіка 2018.
  3. Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора ≥ 200 км²) Гомельской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» (руск.)
  4. A. Girininkas. Baltų kultūros ištakos II. Klaipėda, 2011. С. 102—107.
  5. Tiit-Rein Viitso, Valts Ernštreits. Livokiel-estikiel-letkiel sonarontoz / Liivi-eesti-lati sonaraamat / Libiešu-igaunu-latviešu vardnica. Tartu / Riga. 2012. С. 311.
  6. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541.
  7. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 208.
  8. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 181.
  9. Гідронімія України в її міжмовних і міждіалектних зв’язках. — К., 1981. — С. 72—73.
  10. В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. I // Балто-славянские исследования 1986. Москва, 1988. С. 157.
  11. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 541.
  12. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 233.
  13. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 208, 227.
  14. Рогалев, А. Ф. Топонимия Беларуси : Гомельская область. Лоевский район. — Гомель , 2015.  — С. 74.
  15. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. С. 355.
  16. Скрыжалі памяці : з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусвет. вайны : у 3 кн. — Мінск : Бел. кнігазбор, 2005. — ISBN 985-504-017-1 (агул.). Кніга першая
  17. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 173.
  18. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. 176—177.
  19. Пульнер, И. Из жизни города Гомеля / И. Пульнер // Еврейское местечко в революции : Очерки / Под ред. проф. В. Г. Тана-Богораза. — Москва ; Ленинград : Гос. изд-во, 1926. — С. 156.
  20. Лебедев С. М. Гомель: краткий историко-экономический очерк. — Минск: Государственное издательство БССР, Редакция политической литературы, 1957 . — С. 9.
  21. Легенды і паданні / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — С. 269.
  22. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1887. — Вып. 3. — С. 262.
  23. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Заговоры, апокрифы и духовные стихи. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 5. — С. 23, 149, 150.
  24. Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Быт белорусса; Словарь условных языков. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1912. — Вып. 8. — С. 288.

Літаратура правіць

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
  • Макарэвіч А. А. Сож // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 75—76. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сож // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 678. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі правіць