Лоеў
Ло́еў[3] (трансліт.: Lojeŭ) — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Лоеўскага раёна. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км ад Гомеля, 60 км ад чыгуначнай станцыі Рэчыца на лініі Гомель — Калінкавічы. Аўтадарогі на Брагін і Рэчыцу. Насельніцтва 6 739 чал. (2017)[4].
Гарадскі пасёлак
Лоеў
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Лоеў на Вікісховішчы
|
Гісторыя
правіцьАрхеалагічныя звесткі
правіцьНа месцы сучаснага Лоева існавалі старажытныя паселі-шча плямён мілаградскай, зарубінецкай культуры VII—III стст. да н.э., потым гарадзішча дрыгавічоў на Замкавай гары XI—XIII стст. Пазней тут існаваў Лоеўскі замак.
У 2004—2005 гадах А. Р. Цімафеенка і А. А. Макушнікаў даследавалі плошчу да 3 га каля вусця ручая Вітач у межах забудовы гарадскога пасёлка. Было выяўлена селішча (магчыма, пасад), якое датуецца XI—XIII стст.
За 4 км на паўночны захад ад гарадскога пасёлка, у лесе, побач з урочышчам Грэгарава Поле знаходзіцца курганны могільнік. Налічваў больш за 70 курганоў (захаваліся 53, у т.л. паўразбураныя). Даследаваў 15 курганоў у 1890 годзе У. З. Завітневіч. Пахаванне па абраду трупапалажэння. Датуецца XI—XII стст.
За 0,1 км на паўднёвы ўсход ад курганоў ва ўрочышчы Грэгарава Поле знаходзіцца селішча плошчай каля 3,5 га. Абследавалі ў 1890 годзе У. З. Завітневіч, у 2004 годзе А. Р. Цімафеенка. Датуецца X—XII стст.
Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае
правіцьУ XIV стагоддзі Лоеў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час на правым беразе Дняпра збудавалі замак, а вакол размясьцілася паселішча.
Першы пісьмовы ўспамін пра Лоеў (пад назвай Лоева гара) датуецца 1505 годам, калі ён уваходіў у склад Кіеўскага павета. У 2-й палове XV ст. тут быў пабудаваны замак, які абараняў Татарскі брод цераз Дняпро. У 1505, 1506, 1536 і 1538 гадах зведаў напады крымскіх татараў[5]. У 1538 годзе Лоеў згаданы як мястэчка Любецкай воласці[6]. У 1569 годзе, напярэдадні падпісання ўмоваў Люблінскай уніі, апынуўся ў складзе Каралеўства Польскага[5]. Са жніўня 1576 года прывілеем караля Стэфана Баторыя Лоеву было нададзена Магдэбургскае права[7]:
…Иж мы хотячи местца пустые пограничные людми ωсадити и тое староство нашо Любецкое способнеишое и безпечнеишое учинити, позволили и злецили есмо урожоному Павлови Сопезе, кашталянови киевскому, старосте нашому любецкому и перевалскому, на кгрунте нашомъ влостномъ названомъ Лоевомъ городищу, которое лежитъ ωт замку нашого Любецкого в пяти милях на шляху татарскомъ, замокъ будовати и место ωсажати. Якож позволяемъ тымъ теперешним листомъ нашимъ всимъ вобец подданымъ панствъ наших тамъ на томъ местцу Лоевомъ городищу ωседати и будоватися водле порадку иных местъ нашихъ, яко будет назначоно черезъ того ж кашталяна киевского, старосты любецкого… Надаемъ тежъ им в томъ месте право маидемборское по тому, яко въ иных местах наших пограничныхъ естъ надано. Мают ся ωни сами также и гостеи приеждчихъ перед воитомъ своимъ ω всякие речи судити водлугъ права и порадку иных местъ наших вечными часы…
Але толькі ў 1582 годзе кароль прызначыў магдэбургскаму Лоеву войта; ім стаў шляхетны Фёдар Васільевіч Воўк[8][A]. У 1585 годзе Лоеў стаў цэнтрам староства[9]. Прысутны ён і на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 года.
У 1646 годзе сойм Рэчы Паспалітай далучыў Лоеўскае староства да Старадубскага павета Смаленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 31 ліпеня 1649 года каля мястэчка адбылася бітва паміж казакамі Хмяльніцкага на чале з Крычэўскім і войскамі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Януша Радзівіла. У 1651 годзе А. ван Вэстэрфэльд стварыў малюнак «Выгляд Лоева ўлетку 1651», паводле якога можна ўзнавіць выгляд умацаванняў мястэчка. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе казацкае войска Залатарэнкі захапіла і спустошыла Лоеў[5]. Па страце Старадубскага павета ў 1667 годзе Лоеўскае староства ўвайшло ў склад Рэчыцкага павета Менскага ваяводства ВКЛ.
У XVIII стагоддзі Лоеў быў значным гандлёвым цэнтрам, у якім штогод праводзілася 10 кірмашоў. У канцы XVIII ст. мястэчка падзялялася на Верхняе і Ніжняе, мела 90 двароў і 5 вуліцаў — Базарную, Паштовую, Троіцкую, Казярогавую, Супрунову, а таксама Троіцкі завулак. Каля Лоева працавалі вадзяны млын і шкляная гута, будаваліся судны-байдакі, існавалі ганчарны, гарбарны, канатны і іншыя промыслы; дзейнічала паштовая станцыя, прыстань і паромная пераправа на шастох праз Дняпро[5].
Расійская імперыя
правіцьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лоеў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 году Мінскай губерні Расійскай імперыі[10]. У крыніцы, заснаванай на звестках расійскай рэвізіі 1795 года, сказана, што мястэчка Лоеў было самым шматлюдным у Рэчыцкай акрузе. Тут налічвалася 849 мужчын і 879 жанцын. Існавала адна з сямі ў акрузе юдэйскіх школ, але ў адрозненьне ад іншых, яна была мураваная[11]. Дзейнічала найбуйнейшая прыстань Мінскай губерні. Яна ў 1836 годзе загрузіла і адправіла па Дняпры ў Кацярынаслаў, Крамянчуг, Кіеў, Херсон і Пераяслаў 30 суднаў і 37 плытоў з «гарачым віном, рознымі вырабамі, смалою, пянькою». Акрамя таго, праз прыстань у гэтым годзе прайшлі 612 суднаў і 510 плытоў, загружаных у іншых месцах[12].
У 1858 годзе ў Лоеве адбыліся хваляванні сялянаў. У парэформавы перыяд мястэчка — цэнтр воласці Рэчыцкага павета. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у Лоеве быў 251 двор, дзейнічалі дзве царквы, каталіцкая капліца; працавалі школа, 9 млыноў, паштовая станцыя.
У чэрвені—жніўні 1905 года прайшлі мітынгі і дэманстрацыі мяшчан і сялян[13].
Найноўшы час
правіцьУстанаўленне савецкай улады
правіцьПасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расійскай імперыі, у сакавіку 1917 года, быў створаны Лоеўскі Савет рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Большасць месцаў у Савеце займалі эсэры, меншавікі і бундаўцы. Бальшавікі ў Лоеве з’явіліся толькі ў жніўні 1917 года і шырокай падтрымкі з боку насельніцтва не мелі[14].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкая ўлада была ўсталявана толькі ў снежні 1917 года, калі ў доме памешчыка Лашча быў створаны бальшавіцкі Рэвалюцыйны камітэт (старшыня — марак Балтыйскага флоту Дзмітрый Васілевіч Казека). У канцы лютага 1918 года група лоеўскіх эсэраў і меншавікоў пад кіраўніцтвам эсэра Бенкера зрабіла спробу ліквідаваць бальшавіцкі рэўкам. Яна захапіла будынак валаснога савета, аднак у начным баі перамаглі бальшавікі[14].
У пачатку сакавіка 1918 года Лоеў занялі германскія войскі[15][14]. Савецкая ўлада тут была ліквідавана, а павет па дамоўленасці паміж урадамі Германскай імперыі і Украінскай Народнай Рэспублікі далучаны да апошняй. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Рэчыцкі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў Лоеве дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР[16]. Разам з тым, на фоне Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і адклікання нямецкіх войск, 6 снежня 1918 года бальшавіцкі атрад пад камандаваннем Васільвіцкага заняў Лоеў, а на наступны дзень аднавіў сваю працу Лоеўскі валрэўкам, пасля чаго Лоеў апынуўся ў складзе Заходняй камуны РСФСР[14].
З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Лоеў увайшоў у склад БССР. З 16 студзеня Лоеў быў уключаны ў склад РСФСР, дзе належаў да Гомельскай губерні[14].
Спробу ліквідаваць савецкую ўладу ў Лоеўскай воласці зрабіў атрад пад камандаваннем палкоўніка Ільі Цімафеевіча Струка, які дзейнічаў у Чарнобыльскім павеце Кіеўскай губерні. Струк захапіў параход і некалькі буксіраў на Дняпры і ўзброіў іх. 25 мая 1919 года ён прыбыў у Лоеў, але на падмогу бальшавікам падаспеў атрад, у які ўваходзілі рэчыцкія бальшавікі і салдаты каравульнай роты вайсковай часці з Рэчыцы пад камандаваннем Я. П. Міцкевіча. Струкаўцы вымушаны былі адысці ў Чарнобыльскі павет[14].
У чэрвені Лоеўскі валасны Савет прыняў рашэнне аб наборы добраахвотнікаў у Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію, якія былі накіраваны спачатку ў Чарнігаў, а затым адпраўлены супраць арміі Антона Дзянікіна[14]. 23 кастрычніка 1919 года ў раёне Лоева адбыўся мяцеж інтэрнацыянальнай брыгады, якая складалася ў асноўным з ваеннапалонных венграў пад камандаваннем Дабравольскага. На падаўленне мяцяжу былі накіраваны 2 палкі РСЧА, якія разам з Дняпроўскай ваеннай флатыліяй і мясцовымі добраахвотнікамі разграмілі мяцежнікаў.
Польская інтэрвенцыя
правіцьУ сакавіку 1920 года пачалося наступленне польскай арміі[14]. У гэты час у раёне Лоева знаходзілася пасля зімоўкі частка караблёў Дняпроўскай ваеннай флатыліі (кананерская лодка «Грамавы», старажавы карабель «Арол», параход «Расія», судны «Чыгірын», «Ваявода», «Пажарны» і інш. На пасяджэнні Лоеўскага партыйнага камітэта было прынята рашэнне па падрыхтоўцы маракоў флатыліі і мясцовых жыхароў да адбіцця наступлення праціўніка ў раёне Лоева. Ноччу з 9 на 10 сакавіка ў Лоеў прыбыў адступаючы з Мазыра 421-ы полк 47-й стралковай дывізіі РСЧА і атрад Рэчыцкага павятовага ваенкома па барацьбе з дэзерцірствам. [17] У ноч на 14 мая часці 4-й польскай арміі занялі Лоеў[14]. У час контрнаступлення войск Паўднёва-Заходняга фронту адбыўся Лоеўскі прарыў кананерак Дняпроўскай ваеннай флатыліі[16]. У выніку наступлення РСЧА на рэчыцкім напрамку 20 чэрвеня часці Самара-Ульянаўскай Жалезнай дывізіі вызвалілі Лоеў[14].
Савецкі міжваенны перыяд
правіцьУ снежні 1926 года Лоеў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка.
Вялікая Айчынная вайна
правіцьУ Другую сусветную вайну з 26 жніўня 1941 года да 17 кастрычніка 1943 года Лоеў знаходзіўся пад германскай акупацыяй.
Пасляваенны савецкі перыяд
правіцьУ 1962—1966 гадах Лоеў уваходзіў у склад Рэчыцкага раёна.
Насельніцтва
правіцьЭканоміка
правіцьПрадпрыемствы харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца.
Культура
правіцьДзейнічае Музей бітвы за Дняпро.
Славутасці
правіць- Магіла ахвяр фашызму (1943) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000461
- Магіла ахвяр фашызму (1943, 1990), вул. Камсамольская, на грамадзянскіх могілках — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000838
- Былы купецкі дом (XIX стагоддзе), вул. Леніна, 6 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000462
- Былы купецкі дом (XIX стагоддзе), вул. Леніна, 23 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000463
- Брацкая магіла (1942), вул. Леніна — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000464
- Жылы дом (ХІХ стагоддзе), вул. Савецкая, 1 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000465
- Былы купецкі дом (ХІХ стагоддзе), вул. Савецкая, 4 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000466
- Паселішча перыяду сярэднявечча, за 0,5 — 0,7 км ад паўночна-ўсходняй ускраіны горада — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000467
- Гарадзішча ранняга жалезнага веку і тэрыторыя былога сярэднявечнага горада Лоева (V стагоддзе да н.э.]] — II стагоддзе н.э., X—XVIII стагоддзі) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр
- Свята-Троіцкі сабор (1990)
Вядомыя асобы
правіць- Андрэй Дзмітрыевіч Адэнскі (1897—1979) — беларускі ўрач-тэрапеўт. Доктар медыцынскіх навук (1943), прафесар (1945).
- Вадзім Андрэевіч Жучкевіч (1915—1985) — беларускі вучоны-географ.
- Аляксей Васілевіч Казлоў (1913—1976) — Герой Савецкага Саюза.
- Акім Паўлавіч Карпенка (1915—1974) — Герой Савецкага Саюза.
- Рыгор Сяргеевіч Пінчук (1912—1944) — Герой Савецкага Саюза.
- Вольга Васілеўна Церашчатава (1926—1992) — беларускі мастацтвазнавец.
Гл. таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ Відавочна, гэта будучы кіеўскі войт, гл.: Білоус Н. О. Привілеї на київське війтівство XVI – першої половини XVII ст. // Архіви України. – 2002. № 1-3 (249). С. 113
Зноскі
правіць- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ а б в г Лоеў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Кондратьєв І. Любецьке староство (XVI — середина XVII ст.). — Чернігів: Видавець Лозовий В., 2014. С. 63, 292
- ↑ Білоус Н. О. Привілей на магдебурзьке право Лоєву від 3 серпня 1576 р. // Днепровский паром. Материалы научно-исследовательского полевого семинара «Культурно-исторический потенциал Восточного Полесья и перспективы развития регионального туризма» (11-12 августа 2016 г., г. Брагин), Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). Минск, 2017; Білоус Н. Привілеї польського короля Стефана Баторія для Лоєва 1576 та 1582 рр. // Місто: історія, культура, суспільство. Е-журнал урбаністичних студій. — Київ, 2018. Вип. 1 (5). C. 168, 170—171
- ↑ Білоус Н. Привілеї польського короля Стефана Баторія для Лоєва 1576 та 1582 рр. С. 169, 171—172
- ↑ Кондратьєв І. Любецьке староство. С. 124, 292
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 74, 75
- ↑ Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX — першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 65. Са спасылкай на: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 295. — Воп. 1. — Спр. 545. — Арк. 7 адв.
- ↑ Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да нашых дзен: У 3 т. / З. Е. Абезгауз, Х. Ю. Бейлькін, А. Р. Бухавец [і інш.]; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Галоўная рэдкал.: М, С. Сташкевіч (старшыня) і інш.; Рэд. тома В. П. Панюціч. Т. 2: Ад рэформы 1861 г. да сакавіка 1917 г. — Мн.: Беларуская навука, 2002. — 550,[1] с. — С. 301. — ISBN 985-08-0506-4. Са спасылкай на: Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі. — Ф. 124. — Воп. 43. — Спр. 2796. — Арк. 1.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Ермакоў, І. Р., Крупейчанка, В. П. Устанаўленне Савецкай улады / І. Р. Ермакоў, В. П. Крупейчанка // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лоеўскага раёна / [укладальнікі: В. П. Крупейчанка, Л. В. Календа; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.; Мастак Э. Э. Жакевіч]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2000. — 588 с.: іл., табл. — С. 62—65. — ISBN 985-11-0176-1.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19
- ↑ а б Грыцкевіч, А. Лоеў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 389—390. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ Краўцоў, І. Я. Трывожная вясна 1920 года / І. Я. Краўцоў // Памяць… — С. 65—67.
- ↑ а б Беларусь 1995.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
правіць- Макушнікаў, А. А., Штыхаў, Г. В. Лоеў / А. А. Макушнікаў, Г. В. Штыхаў // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 23—24. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- Лоеў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 433—434. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лоеў
- Геаграфічныя звесткі па тэме Лоеў на OpenStreetMap
- Лоеў на Radzima.org
- Лоеў на Globus.tut.by Архівавана 27 снежня 2007.
- Юрый Мыцык. Інвентар і люстрацыі Лоева і Горваля XVII — сярэдзіны XVIII ст. | Беларускі Гістарычны Агляд . Праверана 11 кастрычніка 2023.
- Николай Анисовец. Древний город у слияния Днепра и Сожа(недаступная спасылка) // Краяўзнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны