Лоеўскі музей «Бітвы за Дняпро»

Лоеўскі музей «Бітвы за Дняпро»музей, створаны ў 1984 г. у г.п.Лоеў паводле рашэння ЦК КПБ. Для наведвальнікаў адкрыты 9 мая 1985 г. Да 1990 г. з'яўляўся філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Музеем кіравалі І.Р.Ермакоў, В.І.Краўцова, А.М.Сініла. З 2007 г. дырэктар Р.Г.Стаднікава.

Фонды музея (2008) налічваюць 3293 адзінкі захоўвання, з якіх 1656 адзінак — экспанаты асноўнага фонду. Агульная плошчы экспазіцыі 170 м².

ФондыПравіць

Фонды прадстаўлены калекцыямі дакументаў (пасведчанні да ўзнагарод, партызанскія лістоўкі, франтавыя лісты землякоў і ўдзельнікаў бітвы за Днепр, граматы і т.п.), фотадакументаў, друкаваных выданняў, прадметаў фалерыстыкі, баявой тэхнікі і сродкаў пераправы. Найбольшую цікавасць выклікаюць прадметы экіпіроўкі і адзення ўдзельнікаў бітвы за Днепр, падручныя сродкі пераправы першых дэсантных атрадаў, а таксама ўзбраенне і баявая тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны — кулямёты, мінамёты, супрацьтанкавае ружжо, узоры стралковай зброі.

ЭкспазіцыяПравіць

Экспазіцыя музея размешчана ў 2 залах. Першая прысвечана пачатку фарсіравання Дняпра на Гомельшчыне войскамі Цэнтральнага фронту пад камандаваннем К.К.Ракасоўскага. Пасля разгрому гітлераўцаў на Курскай дузе Чырвоная Армія восенню 1943 г. ажыццявіла адну з самых буйнамаштабных аперацый Вялікай Айчыннай вайны, якая ўвайшла ў гісторыю як бітва за Днепр. З абодвух бакоў у ёй прынялі ўдзел каля 4 млн. салдат і афіцэраў. Раздзелы экспазіцыі расказваюць аб падрыхтоўцы да фарсіравання Дняпра, раскрываюць подзвігі воінаў 13-й арміі, якая першая ўступіла на беларускую зямлю, байцоў 61-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.А.Бялова, якая пачала ў верасні 1943 г. вызваленне Лоеўскага раёна.

Экспазіцыя другой залы прысвечана баявым дзеянням 65-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.І.Батава ў час фарсіравання Дняпра і вызвалення г.п.Лоеў і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фотадакументы музея адлюстроўваюць ход аперацыі, поспех якой у многім быў вызначаны зладжаным узаемадзеяннем розных родаў войскаў. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі лётчыкаў 16-й паветранай арміі, танкістаў 9-га і 1-га гвардзейскага танкавых карпусоў, якія прымалі ўдзел у баях на Лоеўскім плацдарме. Тут дэманструюцца дакументы і асабістыя рэчы двойчы Героя Савецкага Саюза П.І.Батава. У 2005 г. на мемарыяльнай пляцоўцы музея ўстаноўлены яго бюст.