Рэчышча
Рэчышча — найбольш паніжаная частка рачной даліны, па якой адбываецца сцёк вады ў міжпаводкавыя перыяды. Шырыня рэчышча буйных рэк ад дзясяткаў і сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Па даўжыні рэчышча плёсы чаргуюцца з перакатамі. Для рэчышча раўнінных рэк характэрны рукавы, меандры і рэчышчавыя ўтварэнні (астравы, асяродкі, косы, мелі, пляжы і інш.). Рэчышчы горных рэк парожыстыя, часта скалістыя.
Пры разводдзях і паводках вада не ўмяшчаецца ў рэчышча і выходзіць на пойму. У гэтыя перыяды фарміруюцца прырэчышчавыя валы, адбываецца найбольшая эразійная работа рэк, што можа выклікаць істотныя змены ў мікрарэльефе і форме рэчышча. У засушлівых раёнах рэчышчы многіх рэк большую частку года застаюцца сухімі.
Беларусь
правіцьДля рэк Беларусі характэрны рэчышчы раўнінных і нізінных рэк — звілістыя, месцамі падзеленыя на рукавы, часта суправаджаюцца пратокамі, старыцамі. Шырыня рэчышча пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня рэчышча буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Глыбіня большасці рэчышчаў складае 0,3—1 м, на плёсах 1—4 м, месцамі да 6—8 м.
Літаратура
правіць- Рэчышча // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэчышча