Дакембрый
Дакембрый — найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню.
Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае 6/7 геалагічнай гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў дакембрыя — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540— 530 млн. гадоў назад).
Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышталічныя сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб'ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. 3 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне дакембрыя: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў.
Адклады ранняга дакембрыя (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент старажытных платформ. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўднёва-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. дакембрый — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. дакембрыйская складкавасць).
Мяркуюць, што з дакембрыем звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асноўнага аб'ёму (60—80%) хантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетаых жывёл.
З дакембрыем звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і іншых руд, радовішчы алюміневай сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях дакембрыя трапляюцца паклады нафты.
На тэр. Беларусі ўтварэнні дакембрыя развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга дакембрыя падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышталічны фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы будаўнічага каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім дакембрыі выяўлены вялікія запасы падземных вод.
Літаратура
правіць- Найдзянкоў І. Дакембрый // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).