Лідская раўніна

Лідская раўніна (літ.: Lydos plynaukštė, Lydos lyguma) — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, частка Паянямоння.

Лідская раўніна на карце Беларусі (2001)
Краявід у раёне Ліды

ГеаграфіяПравіць

Знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі, у Воранаўскім і Іўеўскім раёнах, займае большую частку Лідскага і Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці; на паўночным захадзе заходзіць на тэрыторыю Літвы. Плошча каля 4 тыс. км². Працягласць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход 125 км, з поўначы на поўдзень 50 км. Межамі служаць рачныя даліны Бярэзіны на ўсходзе і Котры на захадзе, паўднёвая мяжа праходзіць па Нёманскай нізіне. На поўначы як асобны геамарфалагічны раён выдзяляецца Воранаўская раўніна ў Беларусі і адрозніваецца Эйшышская раўніна (літ.: Eišiškių plynaukštė) у Літве.

ГеалогіяПравіць

Лідская марэнная раўніна прымеркавана да паўночнай часткі Беларускай антэклізы. Крышталічны фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. У цэнтры, паблізу г. Іўе, крышталічны фундамент знаходзіцца на глыбіні 20–30 м, а на ўсходзе, у межах Валожынскага грабена, яго глыбіня дасягае 250 м. Адклады асадчнага чахла прадстаўлены мелам. У асобных месцах адзначаны палеагенавыя пяскі, а таксама пратэразойскія пяскі, гліны, алеўраліты. Магутнасць антрапагенавых парод у паніжэннях рэльефа дасягае 150–180 м, а на павышэннях скарачаецца да 100 м. У іх ліку пашыраны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на поўначы), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, а ў некаторых месцах паазерскага часу. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час.

Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы пясок.

РэльефПравіць

Лідская раўніна — спадзіста-хвалістая другасная марэнная раўніна, злёгку нахіленая на поўдзень, да даліны ракі Нёман. Складзеная валуннымі супескамі і суглінкамі, месцамі водна-ледавіковымі пяскамі, у паўднёвай частцы трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Пераважаюць абсалютныя вышыні 150—200 м. Ваганні адносных вышыняў да 5 м. Паверхня ўскладненая сеткай лагчынаў сцёку, забалочанымі далінамі дробных рэчак і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя вышыні 10-15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы. Ад г. Шчучын на паўночны ўсход да Ашмянскага ўзвышша цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Паўночная частка тэрыторыі занята водна-ледавіковай раўнінай паазерскага і сожскага ўзросту. У вярхоўях Жыжмы выдзяляецца забалочаная азёрна-алювіяльная раўніна.

ГідраграфіяПравіць

Асноўныя рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда належаць да басейну Нёмана, Шальча — басейн Мяркіса. У вярхоўі Дзітвы знаходзіцца скразная даліна, якая злучае басейны Нёмана і Мяркіса.

Глебы і расліннасцьПравіць

Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш.

Пад лесам 30 % тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на паўночным усходзе, захадзе і поўдні трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невялікія ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў. Найбольшыя балоты: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота. Пад ворывам 40 % тэрыгорыі.

ЛітаратураПравіць

  • Кпіцунова Н. Лідская раўніна // Беларуская энцыклапедыя, у 18 т. Т. 9. — Мн.: БелЭн 1999.
  • Кпіцунова Н. Лідская раўніна // Энцыклапедыя прыроды Беларусі, у 5 т. Т. 3. — Мн., 1984.
  • Лідская раўніна // Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 60.