Трабы
Тра́бы[1] (трансліт.: Traby, руск.: Трабы) — аграгарадок у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Трабскага сельсавета.
Аграгарадок
Трабы
| ||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьЗнаходзяцца за 34 км на паўночны ўсход ад горада Іўе, за 185 км ад Гродна, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі, на аўтамабільнай дарозе Юрацішкі — Ашмяны, каля ракі Клява[2].
За 8 км на паўднёвы захад ад Трабаў ляжыць самы высокі пункт Іўеўскага раёна — 243,4 метры.
Гісторыя
правіцьПаводле падання, зафіксаванага ў другой рэдакцыі Літоўскай Хронікі, Трабы заснаваныя літоўскім князем Трабусам альбо Трубасам, які пабудаваў тут замак. Вядомыя з XV стагоддзя. Уладанне князёў Гальшанскіх. У 1490—1498 гадах Трабы паступова перайшлі ва ўладанне ваяводы троцкага Альбрэхта Марцінавіча Гаштольда, унука княгіні Марыі Сямёнаўны з Гальшанскіх (дачкі Сямёна Трабскага).
У 1534 годзе быў пабудаваны касцёл, адкрыта прыватная свецкая школа. У 1543 годзе Трабы перайшлі ва ўласнасць вялікага князя Жыгімонта Старога, які падараваў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У Трабах знаходзілася каралеўская рэзідэнцыя, праходзілі з’езды. З 1558 года — цэнтр староства, першы староста Станіслаў Пац. У 1550 годзе — 33 дымы, 7 службаў, у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
У 1690 годзе належалі Е. Шымковічу, старосту трабскаму. Пазней уладальнікамі мястэчка былі Францковічы, Зяньковічы, з 1774 — Дамінік Нарбут. У 1784 годзе пабудавана драўляная царква. У сярэдзіне XIX — пачатку XX стагоддзя мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1-й палове XIX працавалі суконная мануфактура (у 1813 годзе — 156 рабочых) і металаапрацоўчая майстэрня (у 1828 годзе — 5 рабочых). Мясцовыя жыхары акрамя земляробства займаліся ганчарным, суконным і іншымі рамёствамі, дробным гандлем. У 1851 заснавана сельскае вучылішча (у 1861 годзе — 45 вучняў). У 1885 годзе — 57 двароў, 143 жыхары, 14 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, школа, яўрэйская школа, 12 крам, вадзяны млын, двойчы на год праводзіліся кірмашы. У 1897 годзе — 176 двароў, 1083 жыхары, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўрэйская школа, народнае вучылішча, 2 хлебазапасныя магазіны, аптэка, вадзяны млын, 5 тытунёвых крам, 15 крам дробнага тавару, 4 піўныя дамы, штотыднёвыя таргі, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У народным вучылішчы ў 1897 годзе вучыліся 67 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак, у 1903 — 93 хлопчыкі і 7 дзяўчынак. У 1905 годзе — 1080 жыхароў, 1264 дзесяціны зямлі. У 1915—1918 акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі.
У 1921—1939 гадах у складзе Польшчы. Мястэчка з’яўлялася цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1921 годзе — 176 двароў, 981 жыхар. З 12 кастрычніка 1940 года мястэчка (275 двароў, 1340 жыхароў) цэнтр сельсавета Юрацішкаўскага раёна. Працавалі млын, ваўначоска, 7-гадовая школа, магазін. У час Вялікай Айчыннай вайны акупіравана з 26 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 года, часткова спалена. З 20 студзеня 1960 года ў Іўеўскім раёне. У сакавіку 1960 года на базе дробных калгасаў быў створаны саўгас «Трабы». У 1970 годзе — 870 жыхароў.
-
Агульны выгляд
-
Вуліца
-
Касцёл
Сучаснасць
правіцьВёска Трабы — цэнтр аднайменнай аграфірмы-калгаса. Працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, аптэка, Дом быта, сталовая, ветэрынарная лячэбніца, дзіцячы сад, 5 магазінаў.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1866 год — 499 чал.[3], з іх 159 праваслаўных, 65 каталікоў, 275 іўдзееў; 1882 год — 1238 чал. (599 муж. і 639 жан.)[4]; 1897 год — 1083 чал[5].
- XX стагоддзе: 1905 год — 1080 чал.; 1923 год — 981 чал[3]; 1940 год — 1340 чал.; 1970 год — 870 чал.; 1999 год — 929 чал.; 2000 год — 842 чал., 148 двароў[3].
- XXI стагоддзе: 2002 год — 816 жыхароў у 355 дварах[2].
Славутасці
правіць- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Петра-Паўлаўская царква.
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Д000308
Страчаная спадчына
правіць- Сінагога
Вядомыя асобы
правіць- Сямён Аляксандравіч Клінцэвіч — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст[6]
- Пётр Аляксандравіч Гарбацэвіч-Клінцэвіч (1903—1938) — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, навуковец.
- Освальд-Ян Лявонавіч Бекіш — вучоны-імунолаг. Доктар біялагічных навук (1973), прафесар (1978).
- Пётр Якаўлевіч Юргелевіч (1894—1973) — беларускі мовазнавец, педагог.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б БелЭн 2002.
- ↑ а б в ЭГБ 2001.
- ↑ Traby // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. S. 441
- ↑ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна / рэд. Крэнь І.П. — Мн: БЕЛТА, 2002.
- ↑ Клінцэвіч Сямён Аляксандравіч
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум хроніка Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці — Мн.: Белта, 2002.
- Traby // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. S. 441
- Марат Батвіннік. Тра́бы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 517. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Батвіннік М. Б. Тра́бы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 495. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Трабы
- Трабы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Фотаздымкі на Radzima.org