Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Трабы)
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у вёсцы Трабы, Іўеўскага раёна, Беларусь. Адносіцца да Іўеўскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Помнік архітэктуры неаготыкі[2].
Каталіцкі храм | |
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
![]() | |
54°09′20,32″ пн. ш. 25°54′23,85″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Трабы |
Канфесія | Рымска-Каталіцкая Царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | Неаготыка |
Будаўніцтва | 1900[1] — 1905[1] |
Стан | дзейнічае |
Гісторыя
правіцьУ 1534 годзе ваявода віленскі Альбрэхт Гаштольд прафінансаваў новы драўляны касцёл у гонар Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гэтую назву ён носіць і дагэтуль.
Драўляныя святыні змянялі адна адну на працягу стагоддзяў, пакуль з пачаткам ХХ ст. вернікі на чале з тагачасным пробашчам кс. Паўлам Сухоцкім не вырашылі пабудаваць тут ужо каменны касцёл. У 1900 годзе касцёл быў закладзены і ў 1905 пабудаваны ў неагатычным стылі з жоўтай вонкавай цэглы. Новазбудаваны касцёл быў кансэкраваны ў 1928 віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім пад гістарычным тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
II сусветная вайна была цяжкім перыядам для трабскай парафіі. У 1940 годзе быў закатаваны злачынцамі ксёндз Вацлаў Родзька, які быў пахаваны пры касцёле. Яго паслядоўніка кс. Станіслава Зубкевіча расстралялі гітлераўцы ў 1941 годзе.
Іншы настаяцель кс. Раман Місевіч закатаваны савецкімі партызанамі і памёр 12 верасня 1943 года. Кс. Францішак Цыбульскі расстраляны немцамі як закладнік 10 сакавіка 1943 года ў Лідзе і пахаваны на лідскіх могілках у раёне Слабодка. Кс. Пятра Араньскага забілі савецкія ў 1944, і ён быў пахаваны ў Гальшанах.
Архітэктура
правіцьКасцёл знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Двухвежавы прамавугольны ў плане храм з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам. Асноўны аб'ём накрыты двухсхільным дахам, трох'ярусныя вежы — высокімі шатрамі. Крылы трансепта прылягаюць адначасова да асноўнага аб'ёму і апсіды, накрыты двухсхільнымі дахамі, якія з трох бакоў закрыты шчытамі. Сцены рытмічна расчлянёны контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі. Унутры касцёл падзелены слупамі на тры нефы. Цэнтральны перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі[2].
Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох цагляных неагатычных слупкоў-пінакляў.
Інтэр’ер
правіцьУ інтэр’еры трабскага касцёла знаходзяцца тры двух’ярусныя разьбяныя (цёмнае дрэва з пазалочанымі элементамі) алтары ў неагатычным стылі. Галоўны алтар уяўляе сабою трыфорыумную карункавую кампазіцыю, у цэнтры якой змешчаны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езус, упрыгожаны пазалочанай шатай з каронамі, адзначаны вотамі. У бакавых спічастых нішах змешчаны паліхромныя фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. У другім ярусе алтара знаходзіцца абраз св. Казіміра. Бакавыя алтары ўсталяваны ў тарцах наваў. У цэнтры левага бакавога алтара змешчаны абраз Укрыжавання, а ў другім ярусе – П’ета. У цэнтры правага алтара знаходзіцца абраз св. Антонія ў пазалочанай шаце, а наверсе – абраз св. Францішка з Асізі.
Над уваходам на дзвюх апорах размяшчаюцца хоры з арганам. Крыпты пад касцёлам няма.
Вядомыя асобы
правіцьНекаторы час ксяндзом у касцёле працаваў Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), беларускі каталіцкі святар, паэт. У Трабах ён пачаў гаварыць касцельныя казанні па-беларуску.
Галерэя
правіць-
Абраз Святога апостала Паўла з Трабскага касцёла, 1732. МСБК
Зноскі
- ↑ а б Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 344. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ а б «Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Гродзенская вобласць». Мінск, выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1986 год. С. 205
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5 — С. 468.
- Габрусь Т. В. Трабскі касцёл́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 495. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Гродзенская вобласць — Мінск: выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1986. — С. 205.