Гальшанскія
Гальшанскія (літ.: Alšėniškiai) — арыстакратычны род літоўскага паходжання. Карысталіся гербам «Гіпацэнтаўр»[1]. Мелі буйныя землеўладанні на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны, займалі высокія дзяржаўныя і царкоўныя пасады ў ВКЛ. Род згас у 1556 годзе.
Гальшанскія | |
---|---|
Перыяд | ??? — 1556 |
Тытул: | Князі гальшанскія |
Родапачынальнік: |
згодна родаваму паданню, Гольша. Першы пэўна вядомы: Іван |
Кагнаты: | Гедзімінавічы |
Падданства | Вялікае Княства Літоўскае |
Палацы | Гальшанскі замак |
Гальшанскія на Вікісховішчы |
Імя і паходжанне
правіцьІмя роду паходзіць ад вотчыннай рэзідэнцыі ў Гальшанах паблізу Ашмян[2].
Генеалагічныя легенды XVI стагоддзя звязвалі паходжанне Гальшанскіх з міфічнай літоўскай дынастыяй Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад дынастыяй Віценя i Гедзіміна. Паводле гэтых легенд, Гальшанскія паходзілі ад Гольшы, які вёў свой радавод ад легендарнага жамойскага князя Гімбута, унука Палямона.
Магчыма, князі Гальшанскія сапраўды паходзілі ад кагосьці з родзічаў вялікага князя Трайдзеня (1270—1282) і былі нашчадкамі ўдзельных літоўскіх князёў, пазбаўленых улады новай дынастыяй, але, імаверней, яны атрымалі княжацкі тытул толькі пры вялікім князю Вітаўце праз сваяцтва з ім па некалькіх шлюбах.
Гісторыя
правіцьШэраг позніх летапісаў, напрыклад, Летапіс Археалагічнага таварыства, згадвае арыстакратаў часоў вялікага князя Гедзіміна «Міндоўгава сына Альгімонта, вялікага князя Гальшанскага». Яўрэінаўскі летапіс называе гэтага ж персанажа «сынам Гольшыным». У той жа групе позніх летапісаў у звестках пра Гольшу, легендарнага заснавальніка Гальшанаў, згадваецца яго сын Альгімонт, Хроніка Быхаўца называе Гольшынага сына Міндоўга, Хроніка літоўская і жамойцкая — абодвух. Калі гэтыя звесткі прынамсі часткова слушныя ў частцы імёнаў і роднасных сувязяў, можна атрымаць генеалогію першых пакаленняў (гл. пункцір агульнага радаводу).
Род згас у 1556 годзе са смерцю князя Сямёна Юр’евіча. Пасля яго смерці ўладанні Гальшанскіх перайшлі да шасці сясцёр Сямёна, а потым як іх пасаг і спадчына перайшлі да родаў Сапегаў, Заслаўскіх, Палубінскіх , Курбскіх , Кірдзеяў, Саламярэцкіх і Вішнявецкіх[2].
Уладанні
правіцьРадавым гняздом Гальшанскіх быў маёнтак Гальшаны (цяпер у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці). Гальшанскія валодалі латыфундыямі на тэрыторыі сучасных Беларусі (Глуск, Раманаў у Ашмянскім павеце), Украіны (на Валыні — Дубровіцкае і Сцяпаньскае княствы ) і Літвы[2].
Прадстаўнікі
правіць- Іван Гальшанскі (? −1401) — сын Альгімонта з Гальшан. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў вялікага князя літоўскага Вітаўта. Намеснік вялікага князя ў Кіеве ў 1397 годзе. Ездзіў з пасольствам у Ноўгарад (1387) і Маскву (1390). Падпісаў Віленска-Радамскую унію 1401 года. Меў пецярых сыноў (Аляксандр Нялюб, Андрэй, Сямён, Міхаіл і Барыс) і дзвюх дачок (Юліянія і Ганна). Дачка Юліянія была жонкай вялікага князя літоўскага Вітаўта.
- Андрэй Гальшанскі (пам. да 1422) — намеснік кіеўскі, сын Івана Гальшанскага. У 1371 годзе ў складзе літоўскага пасольства ездзіў на перамовы да вялікага князя маскоўскага Дзмітрыю Іванавічу Данскому. Быў жанаты з князёўнай Аляксандрай Дзмітрыеўнай Друцкай , ад шлюбу з якой меў трох дачок Васіліса, Соф’я і Марыя ).
- Сямён Іванавіч Гальшанскі (?-1433) — сын Івана Гальшанскага. Намеснік Вітаўта ў Ноўгарадзе ў 1422 годзе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы замаху на вялікага князя Свідрыгайлу ў Ашмянах у верасні 1432 года. Пасля раскрыцця змовы патоплены ў Заходняй Дзвіне ў Віцебску. Дзеці: Даніла, Андрэй, Юрый, Глеб, Сямён, Аляксандр, Юліянія.
- Міхаіл Іванавіч Гальшанскі (?-1433) — сын Івана Гальшанскага, намеснік кіеўскі і ваявода вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы, у 1433 годзе разбіў пад Маладзечна войскі Жыгімонта Кейстутавіча і палякаў.
- Соф’я Гальшанская (1405—1461) — каралева польская. З 1422 года жонка караля Уладзіслава II Ягайлы, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Мела трох сыноў, адзін з якіх памёр у маленстве. Двое іншых — Уладзіслаў і Казімір Андрэй — сталі каралямі.
- Юрый Сямёнавіч Гальшанскі (пам. пасля 1457) — сын Сямёна Іванавіча Гальшанскага, князь Сцяпаньскі і Дубровіцкі, прыхільнік Свідрыгайлы, у 1440 годзе быў адным з арганізатараў абрання на літоўскі вялікакняскі прастол польскага каралевіча Казіміра Ягелончыка. Дзеці: Іван, Юліянія, Аляксандр, Васіль, Сямён, Юрый і Ганна.
- Іван Юр’евіч Гальшанскі (?-1481) — сын Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага, удзельнік змовы супраць вялікага князя літоўскага Казіміра IV, задумаў аддзяліць усходнія землі Вялікага Княства Літоўскага да Бярэзіны і перайсці з імі ў падданства да вялікага князя маскоўскага Івана III. Пасля раскрыцця змовы пакараны. Быў жанаты з Ганна Міхайлаўнай Чартарыйскай, дачкой Міхаіла Васілевіча Чартарыйскага. Дзеці: Аўдоцця, Агрыпіна, Юрый, Васіліса.
- Сямён Юр’евіч Гальшанскі (каля 1445—1505) — староста луцкі з 1490 года, маршалак зямлі Валынскай з 1494 года, вялікі гетман літоўскі ў 1500—1501 гадах. Быў жанаты з Настассяй Сямёнаўнай Збаражскай. Дзеці: Леў, Настасся і Таццяна. Яго дачка Таццяна — жонка князя Канстанціна Астрожскага.
- Аляксандр Гальшанскі (каля 1440—1511) — сын Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага, краўчы літоўскі, падчашы і намеснік гродзенскі (з 1488), кашталян віленскі (1493—1511), староста берасцейскі (з 1506). Быў жанаты з Соф’яй, дачкой ваяводы віленскага Алехна Судзімонтавіча. Дзеці: Януш, Павел, Юры, Ганна, Ядвіга, Аляксандра і Барбара.
- Юрый Іванавіч Гальшанскі (каля 1480—1536) — сын Івана Юр’евіча Гальшанскага, князь Дубровіцкі, Сцяпанскі і Гальшанскі. Быў жанаты з Юліянай Іванаўнай Бароўскай і Марыяй Андрэеўнай Сангушка. Дзеці: Януш, Фёдар, Уладзімір, Сямён, Багдана, Андрэй, Настасся, Марыя, Соф’я, Алена, Ганна і Фядора.
- Павел Аляксандравіч Гальшанскі (?-1555) — сын Аляксандра Юр’евіча, кашталяна віленскага і Соф’і з Хожава. У 1504—1507 гадах вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. З 1507 года каталіцкі біскуп у Луцку, з 1536 — біскуп віленскі, з 1527 — староста Пінскі. Уладальнік багатых маёнткаў. Пераследваў прыхільнікаў Рэфармацыі.
- Януш Юр’евіч Гальшанскі-Дубровіцкі (пам. 1549) — сын Юрыя Іванавіча, князь Дубровіцкі і Гальшанскі (1536—1549), вялікі стольнік літоўскі (1540), ваявода кіеўскі (1542—1544) і троцкі (1544 — 1549). Быў жанаты з княгіняй Эльжбетай Мікалаеўнай Радзівіл.
- Сямён Юр’евіч Гальшанскі (каля 1515—1556) — сын Юрыя Іванавіча, князь Дубровіцкі і Гальшанскі (1549—1556), вялікі стольнік літоўскі (1555). Быў жанаты з Ганнай Юр'еўнай Радзівіл (пам. 1558). Апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх.
Генеалогія
правіцьЗноскі
- ↑ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. -- S. 94-115
- ↑ а б в Насевіч В. Гальшанскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. — С. 491—493.
Літаратура
правіць- Славянская энциклопедия // Автор-составитель В. В. Богуславский. — T .2. — М., 2002.
- Ochmanski J. Biskupstvo wilenskie w sredniowieczu. — Poznan, 1972.
- Tegowski J. Przodkowie Zofii Holszańskiej, czwartej żony Władysława Jagiełły // Genealogia. Studia i materiały historyczne. 8, 1996.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. S. 94-115;
- Pułaski K. Ks. Holsyańscy. Kraków, 1887;
- Насевіч В. Гальшанскія // ЭВКЛ. Т. 1. С. 491—493.
- Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975;
- Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980.
Спасылкі
правіць- Гольшанские // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Генеалогическая таблица на сайте Владимира Соловьева (руск.)
- Gajl T.: Polish Armorial Middle Ages to 20th Century.