Бярэзіна
Бярэ́зіна — рака ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўжыня 613 км. Вадазбор 24,5 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Агульнае падзенне 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 ‰.
Бярэзіна | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 613 км |
Басейн | 24 500 км² |
Расход вады | 142 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | каля г. Докшыцы |
• Каардынаты | 54°53′46″ пн. ш. 27°45′20″ у. д.HGЯO |
Вусце | Дняпро |
• Каардынаты | 52°32′59″ пн. ш. 30°15′00″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Дняпро → Дняпроўскі ліман[d] |
Краіна | |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Асноўныя прытокі
правіцьСправа: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач, Каменка, Асовіна, Бабруйка. Злева: Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала.
На рацэ
правіцьГарады: Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск. Зоны адпачынку: рэспубліканскага значэння — Беразіно і Асіповічы; мясцовага значэння — Дроздзіна, Прырэчча і інш.; Курорты: Бабруйск і Горваль. Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога, галавень, падуст, сом, мянтуз.
Агульнае
правіцьПачынаецца на паўднёвым захадзе ад г. Докшыцы, вусце ў 2 км на паўночны ўсход ад в. Берагавая Слабада Рэчыцкага раёна. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі. Пад′ём узроўню (працягласць 20 — 30 сутак) пачынаецца з сярэдзіны сакавіка; сярэдняя вышыня 2,3 — 3,4 м над межанным узроўнем, найбольшая 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сутак. Спад узроўню ў вярхоўі 30 — 40 сутак, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал. снежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 30 — 60 см (канец лютага — пачатак сакавіка). Веснавы ледаход 4 — 7 сутак. Сярэдняя тэмпература вады летам 18 — 20 °С. Гадавы сцёк завіслых наносаў каля Барысава 7,2 тыс. т.
Агульная даўжыня рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км, густата рачной сеткі 0,35 км/км². Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіна падзяляецца на 3 участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця 240 км).
У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, купістая, шырынёй 2 — 3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3 — 1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясчанымі астравамі. Шырыня ракі 15 — 20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных участках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясчаныя, забалочаныя.
У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шырыня яе 2 — 3 км, месцамі — да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10 — 35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грувтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5 — 2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,5 — 3 м, тэрмінам ад 10 — 20 сутак да 1,5 — 2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60 — 80 м, найбольшая 100 — 300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1 — 2 м.
У ніжнім цячэнні да вусця даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 2 — 8 км, месцамі звужаецца да 0,3 — 0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6 — 15 м, месцамі 20 — 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5 — 5 км. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,2 — 3,5 м тэрмінам да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, адмелін, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шырыня ракі 80 — 130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1 — 2 м да 15 м.
Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.
Літаратура
правіць- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.