Сха
Сха — рака ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).
Сха | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 80 км |
Басейн | 577 км² |
Расход вады | 3,9 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | каля в. Міхайлава |
• Каардынаты | 54°20′25″ пн. ш. 28°41′39″ у. д.HGЯO |
Вусце | Бярэзіна |
• Каардынаты | 54°13′54″ пн. ш. 28°30′56″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Бярэзіна → Дняпро → Дняпроўскі ліман[d] |
Краіна | |
— выток, — вусце |
Даўжыня 80 км. Плошча вадазбору 577 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Назва
правіцьНазва балцкага паходжання.
Захаваная форма назвы Сха мяркуецца змененай з цягам часу, як і роднасная ёй назва ракі Ісга (таксама ў басейне Бярэзіны, прыток гайненскай Цны). У назве Ісга пачатковы галосны І- другаснага і пазнейшага паходжання.
Абедзве назвы зводзяцца да агульнай ім прамежкавай формы *Сга (фрыкатыўнае г дало пазней форму Сха). Далей да *Зьга (з выбухным ґ), ад балцкага *Zĭgā[1].
Далей да балцкага *žei- / *ži- «гарэць; свяціць, ззяць», ад якога латышскае zīt «світаць, віднець», zaigs «зіхоткі» (*žei-, -g-), літоўскае žibus «зіхоткі» (*ži-, -b-)[2].
Літоўскія гідранімічныя аналагі — назвы тыпу Žiba, Žiegas, Žied-upė, Žyd-a-upis[3]. «Зіхоткія» водныя назвы ў балцкай гідраніміі на ўсходзе — Лучоса (на старой балцкай тэрыторыі тройчы), Свіцязь (двойчы).
Ад таго ж балцкага кораня таксама азёрныя назвы Жыд-возера (у басейне Прыпяці) і *Zeitō, ад якой назва нёманскай ракі Zietela (> Дзятлаўка). Гэтыя назвы, рачныя і азёрныя, значаць «Блішчастае (возера)», «Блішчастая (рака)» і матываваныя «блішчастасцю» воднай паверхні.
На Бярэзіне (як і на Сажы) Ул. Тапаровым адзначалася адмысловая канцэнтрацыя балцкіх гідронімаў.
Асноўныя прытокі
правіцьГідраграфія
правіцьПачынаецца за 0,5 км на ўсход ад вёскі Міхайлава, вусце ў горадзе Барысаў. Рака цячэ па Верхнебярэзінскай раўніне. Замярзае ў сярэдзіне — канцы снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.
Даліна да ўпадзення ракі Глініца невыразная, ніжэй скрынкападобная, шырынёй 0,3—0,4 км, месцамі 1—2 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія (вышыня 15—20 м), парэзаны ярамі і далінамі прытокаў. Характэрны шматлікія выхады грунтовых водаў. Пойма двухбаковая, зрэдку чаргуецца па берагах або адсутнічае; шырыня яе ў вярхоўі каля 0,1 км, у месцы ўпадзення Неманіцы 0,9 км, у нізоўі зліваецца з далінай Бярэзіны. Паверхня роўная, месцамі забалочаная і перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3—0,5 м тэрмінам да 5—10 сутак.
Рэчышча ад вытоку на працягу 12,5 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, шырынёй 6—12 м. Берагі стромкія і абрывістыя. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем 1,7 м.
Зноскі
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 189—190.
- ↑ S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 137—141.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 400, 401.
Літаратура
правіць- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.