Пойма

частка рачной ці азёрнай даліны
(Пасля перасылкі з Абалона (геаграфія))

Абало́на (поплаў[1], пойма[1], абалонь, абалонне) — частка рачной даліны, якая затапляецца ракой пры разводдзі ці ў час паводак.

Абалона падчас разводдзя

Шырыня абалон раўнінных рэк звычайна складае ад шырыні ўласна рэчышча да некалькіх дзясяткаў шырынь рэчышча, у асобных выпадках дасягаючы 40 км. Участкі былой абалоны, якія знаходзяцца вышэй за ўзровень сучаснага падняцця ўзроўню вады ў час разводдзя ці паводкі, называюцца тэрасамі. Часам выдзяляюць некалькі ўзроўняў абалоны, напрыклад нізкую і высокую. Таксама адрозніваюць цэнтральную і прытэрасную часткі абалоны. Апошняя можа быць як павышанай так і паніжанай ў залежнасці ад баланса наносаў. Край абалоны часта адзначаны крутым склонам, на броўцы якога часам размяшчаюцца прырэчышчавыя валы.

Пры разліве рака выносіць на абалону наносы, якія пры адкладанні звычайна паступова павышаюць узровень яе паверхні. Адначасова з акумуляцыяй (адкладам наносаў) на паверхні абалоны адбываецца бесперапыннае падмыванне яе берагоў рачным патокам на адных участках і нарошчванне пляжаў — у іншых, з-за чаго контуры абалоны пастаянна змяняюцца.

У залежнасці ад тыпаў рэчышчавых працэсаў, характэрных для пэўных участкаў ракі, паверхня абалоны можа выглядаць вельмі разнастайна, так, напрыклад пры меандраванні на ёй бываюць лагчыны, якія перамяжоўваюцца з градамі, складзенымі з наносаў.

Поймавыя глебы, якія пастаянна папаўняюцца глеем, што прыносіць рака, звычайна вельмі ўрадлівыя. Да таго ж расліннасць абалоны адыгрывае значную ролю ў фарміраванні яе рэльефу, замацоўваючы паверхню і спрыяючы накапленню наносаў. Пры асваенні большая частка абалоны занятая паплавамі, якія лічацца лепшымі кармавымі ўгоддзямі. У час затаплення абалоны паплавы звычайна ператвараюцца ў месцы нерасту, што мае вялікае значэнне для рыбнай гаспадаркі.

Акрамя рачных, існуюць азёрныя абалоны.

Зноскі

Літаратура

правіць