Глей
Глей[1], буза́, мул — тонказярністая мяккая горная парода з сумесі мінеральных і арганічных рэчываў, якія адкладаюцца на дне вадасцёкаў і вадаёмаў.
Глей у прыродных умовах знаходзіцца ў цякучым стане, пры высушванні набывае ўласцівасці цвёрдага цела. Утрымлівае вялікую колькасць вельмі дробных фракцый: ад 30 % да 50 % часціц маюць памер меншы за 0,01 мм.
На дне мораў і кантынентальных вадаёмаў (азёр, сажалак) распаўсюджаны глеі, якія складаюцца з тонказярністых прадуктаў разбурэння горных парод (тэрыгенны, гліністы, вапняны глей) і з мікраскапічных ракавін ці шкілетных рэшткаў марскіх арганізмаў (глобігерынавы, дыяматавы, радыёлярыевы глей). Вылучаюць глеі, узбагачаныя вулканічным попелам (вулканічны глей).
Часам глей узбагачаны арганічным рэчывам (сапрапель), раскладанне якога выклікае серавадароднае заражэнне ці развіццё гніласных працэсаў (гнілы глей).
Глей з’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання звязаных асадкавых парод.
Глей выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы ў якасці ўгнаення ці ў кампоставых кучах. Пэўныя віды глею (азёрны, сажалкавы, лагунны) ужываюць і ў якасці мінеральнай прыкормкі хатніх жывёл, а таксама ў медыцыне ў гразелячэнні.
Зноскі
правіцьГл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Глей; Гле́істы; Гле́евы // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. — Т. 2: Г — К / [рэдактар А. Я. Баханькоў]. — С. 56. — 765 с.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Глей