Возера

вадаём у выглядзе запоўненай вадой катлавіны, якая не мае непасрэднага злучэння з акіянам

Во́зера — прыродны вадаём, які ўяўляе сабой катлавіну, запоўненую вадой, і не мае непасрэднага злучэння з акіянам. Плошча азёр зямнога шара каля 2,7 млн км². Найбуйнейшыя азёры на Зямлі — Каспійскае мора (1371 тыс.км²), возера Верхняе ў Паўночнай Амерыцы (82,4 тыс.км²), возера Вікторыя ў Афрыцы, самае глыбокае — возера Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на вышыні 4400 метраў, Мёртвае мора ў Заходняй Азіі на 392 метры ніжэй за ўзровень акіяна. У Беларусі найбольшае па плошчы возера Нарач, найбольшую глыбіню мае возера Доўгае.

Возера ў Барылочэ (Аргенціна)
Возера Нарач

У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання.

Паводле характару воднага балансу выдзяляюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хімічным складам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арганічнага жыцця — алігатрофныя, этатрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці.

Азёры Беларусі

правіць

На Беларусі каля 10 800 азёр. Сумарная плошча амаль 2000 км², агульны аб'ём вады 6-7 км³. Размешчаны ў асноўным на поўначы (Беларускае Паазер’е) і на поўдні (Палессе). Утварэнне большасці азёр Беларускага Паазер'я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук). узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эразійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць