Асвейскае

возера на поўначы Беларусі

Асве́йскае возера, Асвея — возера на поўначы Беларусі, другое паводле плошчы сярод беларускіх азёр. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса.

Асвейскае
Асвейскае возера з боку пасёлка Чапаеўскага
Асвейскае возера з боку пасёлка Чапаеўскага
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 129,8 м
Даўжыня 11,4 км
Шырыня 7,8 км
Плошча 43,8 км²
Даўжыня берагавой лініі 33,4 км
Найбольшая глыбіня 7,5 м
Гідралогія
Салёнасць 0,125 ‰
Празрыстасць 2,5 м
Басейн
Плошча вадазбору 206 км²
Упадаюць рака Выдранка і інш.
Выцякаюць канал Дзегцяроўка
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Асвейскае (Беларусь)
Асвейскае
Асвейскае
Асвейскае (Віцебская вобласць)
Асвейскае
Асвейскае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва Правіць

Назва Асвея балцка-літоўскага паходжання. Звязаная са старалітоўскім ašva, прускім *asva «кабыла», далей да індаеўрапейскага кораня *ek'ṷo-s «конь»[1].

Прамы гідранімічны адпаведнік — назва літоўскага возера Asvejà на Аўкштайцкім Паазер’і, далей латышская Asva, літоўскія Ašva, Ašvija, Ašvinė, пруск. Asswene (усё рэкі)[2]. Той жа «конскі» гідранімічны корань Asv- у назве дняпроўскай рэчкі Асвіцы (< *Asva)[3].

У назвах Асвея, Asvejà бачаць след балцкіх гаворак тыпу селійскіх, бо літоўскі моўны варыянт гэта Ašv-. Такога самага афармлення (з пераходам -š- > s, -ž- > -z-) і назвы падзвінскіх азёраў Вісяты, Золва, ракі Вазуза па той бок дзвінска-волжскага водападзелу.

У назве Асвея «конскі» корань Asv- пашыраны балцкім гідранімічным пашыральнікам -ej-, як у балцкіх рачных назвах тыпу *Vedēja, *Merēja, *Rupēja[4], Roveja[5]. Блізкія яму пашыральнікі -ij-, -uj- у водных назвах тыпу Ілія, Бабруя. Пашыральнік -ej- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні (tekėti «цячы» — tekėja «цячэнне»)[6].

Недалёка ад возера Асвея — возера Кабыльніца, назва якога ўяўляе сабой пазнейшы пераклад-кальку.

На тэрыторыі цяперашняй Беларусі корань Asv- быў не адзіным «конскім» назоўным коранем. Каля надвілейскай вёскі Кумельшчына ў Вілію ўцякае рака Кабылянка, адпачатная назва якой мусіла быць тыпу літоўскага Kumel-upis (літ. kumelė «кабыла»). Таксама ад літ. žirgas «конь» задзвінскі тапонім Жыргаліна.

Гідраграфія Правіць

Плошча возера 52,8 км², глыбіня да 7,5 м, даўжыня 11,4 км, шырыня да 7,8 км.

 
План Асвейскага возера. 1927

Катлавіна падпруднага тыпу, авальнай формы, выцягнутая з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Мелкаводнае, водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У заходняй частцы возера знаходзіцца востраў Манастыршчына плошчай каля 5 км² — самы вялікі востраў на Беларусі.

Даўжыня берагавой лініі 33,4 км. Берагі возера нізкія, тарфяністыя або пясчаныя. Вадазбор — градава-хвалістыя ўзвышшы ледавіковага паходжання з чаргаваннем раўнінных паніжэнняў.

Упадае рака Выдранка і больш за 40 ручаёў. Сцёк адбываецца праз канал Дзегцяроўка.

Для возера характэрна ўстойлівая летняя і зімовая межань і павышаны ўзровень вады ўвосень.

Каля 80% плошы дна возера ўкрыта гліністымі іламі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўночна-ўсодніх берагоў дно выслана заіленым пяском. Сапрапель высцілае 65% плошчы азёрнай чашы, сярэдняя магутнасць адкладаў 3 м, найбольшая 7,5 м[7].

Экалогія Правіць

Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Кіслародная насычанасць добрая ўвесь год. Празрыстасць вады дасягае 2,3 м.

Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу. Прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія 20 гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, у 1951 годзе на канале Дзегцяроўка было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой меркаванай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.

Водзяцца лешч, шчупак, язь, карась, мянтуз, сазан; ёсць вугор. У трысняговых зарасніках сустракаюцца андатра і бабёр.

 
Над возерам

Возера выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы, у рэкрэацыйных мэтах. З’яўляецца ядром Асвейскага ландшафтнага заказніка. На беразе Асвейскага возера знаходзіцца паляўніча-рыбалоўная база Верхнядзвінскай ЛПГ.

На беразе возера размясціўся гарадскі пасёлак Асвея, пасёлак Чапаеўскі і вёскі Вялікае Сяло, Асвеіца, Канчаны і іншыя.

Заўвагі Правіць

  1. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 301—302.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 49.
  3. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 200.
  4. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 178, 195, 206.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 280.
  6. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 84.
  7. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз. — С. 140

Літаратура Правіць

  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
  • Край Асвейскіх азёр = Край Освейских озер / А. Ф. Бубала, В. І. Рудой; фота А. Ф. Бубала, А. У. Маладзечкін, В. Л. Салаўёў. — Наваполацк, 2007. — 44 с.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 11, 44, 64. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5.