Драгічынскі раён

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Брэсцкай вобласці Беларусі

Драгі́чынскі раё́н — раён у складзе Брэсцкай вобласці. Мяжуе з Кобрынскім, Бярозаўскім і Іванаўскім раёнамі Брэсцкай вобласці.

Драгічынскі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Брэсцкая вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Драгічын
Дата ўтварэння 15 студзеня 1940
Кіраўнік Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 82,06 %, руская 15,99 %
Размаўляюць дома: беларуская 55,06 %, руская 43,22 %[2]
Насельніцтва (2009)
42 948 чал.[2] (9-е месца)
Шчыльнасць 23,15 чал./км² (9-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 95,12 %,
рускія — 2,13 %,
украінцы — 2,07 %,
іншыя — 0,68 %[2]
Плошча 1 855,06[3]
(8-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
148 м[4]
Драгічынскі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адміністрацыйны падзел правіць

Драгічынскі раён адміністрацыйна падзелены на 11 сельскіх саветаў: Антопальскі, Асавецкі, Бездзежскі, Брашэвіцкі, Драгічынскі, Закозельскі, Імянінскі, Немяржанскі, Папінскі, Радастаўскі і Хомскі.

Гісторыя правіць

Раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Пінскай вобласці БССР. Цэнтр — гарадскі пасёлак Драгічын. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 20 сельсаветаў: Агдэмерскі, Асавецкі, Бездзежскі, Белінскі, Брашэвіцкі, Вавуліцкі, Валавельскі, Вулькаўскі, Гошаўскі, Жаберскі, Застаўскі, Каралінскі, Ліпнікаўскі, Літоўскі, Ляхавіцкі, Нямержаўскі, Папінскі, Сохскі, Старасельскі, Хомскі. 17 лістапада 1948 года ўтвораны Аляксеевіцкі сельсавет. З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Агдэмерскі, Аляксеевіцкі, Вавуліцкі, Валавельскі, Жаберскі, Застаўскі, Каралінскі, Сохскі сельсаветы, утвораны Гутаўскі сельсавет, вёска Пігановічы перададзена ў склад Антопальскага раёна, з Антопальскага раёна перададзены вёскі Тыневічы і Пацы[5]. 31 сакавіка 1959 года скасаваны Гошаўскі сельсавет, 2 чэрвеня 1959 года — Белінскі і Ляхавіцкі сельсаветы. 8 жніўня 1959 года да раёна далучаны Галоўчыцкі, Дзеткавіцкі, Імянінскі, Першамайскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Антопаль скасаванага Антопальскага раёна і Радастаўскі сельсавет скасаванага Дзівінскага раёна. 11 жніўня 1959 года ў склад Кобрынскага раёна перададзены населеныя пункты Бярэзна, Іласк, Калонія, Лука, Навасёлкі, Смалярня і Шамятоўка Дзеткавіцкага сельсавета[6]. 8 сакавіка 1960 года скасаваны Ліпнікаўскі і Першамайскі сельсаветы, апошні з пералікам населеных пунктаў у адміністрацыйнае падпарадкаванне Антопальскаму пассавету[7]. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Адрыжынскі, Гарбахскі, Глінненскі, Дружылавіцкі, Дастоеўскі (за выключэннем шэрагу населеных пунктаў), Крытышынскі, Ляскавіцкі, Магільнаўскі, Махроўскі, Моладаўскі, Опальскі, Псышчаўскі, Рудскі, Стрэльненскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Іванава скасаванага Іванаўскага раёна, якія 6 студзеня 1965 года вернуты ў склад адноўленага Іванаўскага раёна. 27 ліпеня 1965 года Старасельскі сельсавет перайменаваны ў Драгічынскі[8]. 10 лістапада 1967 года гарадскі пасёлак Драгічын набыў статус горада раённага падпарадкавання. 21 снежня 1970 года Літоўскі сельсавет перайменаваны ў Закозельскі. 20 жніўня 2021 года скасаваны Вулькаўскі сельсавет, яго тэрыторыя перададзена Немяржанскаму сельсавету[9].

Прырода правіць

Драгічынскі раён знаходзіцца ў межах буйной тэктанічнай структуры Усходне-Еўрапейскай платформы — Рускай пліты. У геалагічных адносінах Драгічынскі раён размешчаны на заходняй ускраіне Палескай седлавіны і паўднёва-ўсходняй частцы Падляска-Брэсцкай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні 950 — 1 600 м ніжэй узроўню мора. Зверху фундамент перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразоя, палеазоя і кайназоя. Магутнасць неагенавых адкладанняў дасягае 40 — 60 метраў.

Развіццё рэльефу ў мезазойскую эру характарызавалася павольнямі падняццямі і апусканнямі. Мелавыя, мергелістыя, алеўрыта-гліністыя, крэмнязёмістыя, пясчаныя адклады гэтага часу сустракаюцца на тэрыторыі раёна. Такія адкладанні можна назіраць каля вёскі Бездзеж. Тут знойдзены рэшткі старажытных акамянелых жывёл і раслін.

У рэльефе раёна адносна роўныя мясціны. Максімальная вышыня 178 м на поўначы раёна характэрна для краявога ледавіковага ўтварэння Загароддзе. Пераважаючая адносная вышыня 10-15 м. Максімальныя вышыні групуюцца па напрамку вёсак Крамно — Мікіцк — Дастоева — Аснежыцы і вёсак Дробаты — Вярхусце — Бярозавічы (некалькі названых вёсак Іванаўскага раёна). На поўначы Загароддзе абмежавана р. Ясельдай. Участак слабахвалісты, паўсюдна інтэнсіўна забалочаны. На астатняй тэрыторыі распасціраецца водна-ледніковая раўніна, паверхня якой плоская. Поўдзень раёна забалочаны.

Радовішчы торфу распаўсюджаны на поўначы раёна, каля вёскі Какорыца. Таксама ёсць невялікія радовішчы будаўнічых матэрыялаў — гліны, мелу, будаўнічых пяскоў. Гліна служыць сыравінай для вытворчасці цэглы. Будаўнічыя пяскі выкарыстоўваюць у дарожным будаўніцтве. Мелавыя адкладанні залягаюць на поўдні вёскі Бездзеж.

Клімат Драгічынскага раёна ўмерана кантынентальны, з дамінаваннем уплыву марскіх паветраных мас, з даволі прыцяглым летам (150 дзён) і кароткай зімою (90-105 дзён). Цыклоны ў зімовы час прыносяць цёплае паветра, а летам — пахаладанні і дажджлівае надвор’е. Чаргаванне паветраных мас рознага паходжання ў халодную палову года стварае няўстойлівае надвор’е. Сярэдняя рознасць тэмператур паветра самага цёплага і самага халоднага месяцаў складае 23 °C. Сярэдняя гадавая тэмпература паветра 7,4 °C. Сярэднягадавая сумарная радыяцыя складае 87,6 ккал/см². Самы халодны месяц — студзень (-4,4 °C), самы цёплы — ліпень (18,8 °C). Сярэдняя гадавая адносная вільготнасць паветра 78 %: у халодную частку года яна набліжаецца да 90 %, а ў цеплы перыяд да 60 %. Агульная працягласць светлай часткі сутак складае за год 4457 гадзін, фактычна сонца свеціць 1880 гадзін (астатні час яно закрыта воблакамі). Раён адносіцца да тэрыторый з дастатковым увільгатненнем. За год выпадае 548 мм ападкаў.

Раўнінны рэльеф і ўмовы ўвільгатнення вызначаюць рачную сетку раёна. Тэрыторыя раёна па гідралагічнаму рэжыму адносіцца да басейна Дняпра. На яго тэраторыі знаходзяцца рэкі Ясельда, Няслуха і Плёса. Цячэнне рэк павольнае, яны маюць невялікія ўхілы. Рэкі маюць змешанае жыўленне з перавагай снегавога. Рэкі маюць вялікае значэнне як водапрыемнікі пры асушэнні балот. На тэрыторыі раёна знаходзіцца Дняпроўска-Бугскі канал.

На поўдні і паўднёвым захадзе раёна пераважаюць тарфяна-балотныя нізінныя глебы. У цэнтральнай частцы глебы больш разнастайныя з перавагай дзярноваглеяватых супясчаных на рыхлых водна-ледніковых супесях, падсцілаемых пяскамі, тарфяна-балотныя нізінныя, дзярнова-падзолістыя часова залішне ўвільгатненыя пясчаныя глебы на водна-ледніковых пясках. На поўначы і паўночным усходзе: тарфяна-балотныя нізінныя глебы, дзярнова-падзолістыя глеяватыя супясчаныя на рыхлых водна-ледніковых супесях, падсцілаемых пяскамі, дзярнова-падзолістыя часова залішне ўвільготненыя супясчаныя на рыхлых водна-ледніковых супесях. На паўночным захадзе: дзярнова-падзолістыя глеяватыя пясчаныя на водна-ледніковых пясках, пераходзячых у рыхлыя пяскі, дзярнова-падзолістыя пясчаныя на водна-ледніковых пясках, тарфяна-балотныя нізінныя.

Асноўнымі тыпамі расліннага покрыва ў межах раена з’яўляюцца: лясы, лугі, балоты. Лясістасць складае 26 %.

Экалогія правіць

Адзін з чатырох раёнаў Брэсцкай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г.[10]

Насельніцтва правіць

1971 — 64,4 тыс.
1989 — 53,4 тыс.
1995 — 52,9 тыс.
2008 — 45,9 тыс.

Зноскі

  1. http://drogichin.brest-region.gov.by/index.php?option=com_content&view=article&id=11777&Itemid=771&lang=ru
  2. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  6. Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 жніўня 1959 г. // Зборнік законаў Беларускай ССР і указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1959, № 10.
  7. Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 сакавіка 1960 г. // Зборнік законаў Беларускай ССР і указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1960, № 10.
  8. Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 27 ліпеня 1965 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1965, № 30 (1110).
  9. Решение Брестского областного Совета депутатов от 20 августа 2021 г. № 272 Об административно-территориальном устройстве Дрогичинского района Брестской области Архівавана 1 верасня 2021.
  10. А. С. Судас, Н. К. Филипенко, Л. В. Жуковская, А. А. Зайцев. Актуальные проблемы ликвидации последствий катастрофы на чернобыльской АЭС в загрязненных радионуклидами районах Брестской области на современном этапе. Архівавана 29 красавіка 2015.

Літаратура правіць

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі правіць