Бяроза (горад)
Бяро́за[3] (трансліт.: Biaroza; да 1940 г. Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Бярозаўскага раёна, на рацэ Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская на лініі Брэст — Баранавічы.
Горад
Бяроза
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьУпершыню згадваецца як вёска Слонімскага павета з 1477 года, калі Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай заснавалі тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. З 1521 года ў складзе Кобрынскага павета. У 1538 годзе касцёл перайшоў да новых гаспадароў, а менавіта: «Ян і Ганна Гамшэі са Здзітава са сваім сынам Станіславам, а таксама дзецьмі апошняга Марцінам, Паўлам, Янам, Юрам са сваімі жонкамі ў Бярозе, нашчадкамі Гамшэяў, у 1537 годзе на алтары бярозаўскага касцёла імянным запісам, замацаваным пячаткай…» «…Бярозу, плошчу з агароджай, поле Рыбака, карчму з арэнднай платай даравалі і запісалі…»
На мяжы XV—XVI стагоддзяў Бяроза зрабілася асяродкам гандлю. Прывілей Жыгімонта Старога выдаў дазвол Мікалаю Гамшэю на правядзенне ў маёнтку штотыднёвых таргоў з пятніцы да суботы: «Біў нам чалом дваранін наш пан Мікалай Гамшэй у тым, каб, па-першае, дазволіць яму ў маёнтку бярозаўскім мець таргі ў пятніцу, згодна ліста яго бабкі нябожчыцы — пані Віштарт, і, па-другое, біў нам чалом, каб гэты торг у Бярозе прадоўжыць да суботы і зацвердзіць на вякі».
У пачатку XVII стагоддзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадаў Бярозу канцлеру вялікаму літоўскаму Льву Сапегу. У 1614 годзе яе набыў харунжы Марцін Німіра «сам маёнтак з мястэчкам і ўсёй маёмасцю». Але знаходзілася Бяроза ў руках М. Німіра нядоўга: ён не вылучаўся стараннасцю і гаспадарлівасцю, і неўзабаве пасля набыцця пазычыў мястэчка тутэйшым яўрэям. Збанкрутаванага М. Німіру з цяжкага становішча выратаваў у 1617 годзе Леў Сапега. Канцлер выкупляў яго распіскі, якія аддавалі ў заклад Бярозу. «Маёмасць, — пішацца ў дакуменце, — належыць канцлеру і яму належаць прыбыткі, пакуль я [Німіра] не вярну яму 14 600 польскіх злотых». Марцін Німіра не знайшоў гэтай сумы, пасля чаго ўжо ў 1617 годзе суд у Брэсце зацвердзіў акт продажу мясціны «на вякі Льву Сапегу», а менавіта «маёнтак у Бярозе, землі, палі, само мястэчка Бярозу з усімі жыхарамі, з кірмашом, рэкі, азёры, млыны, бабровыя ўгоддзі на рацэ Ясельдзе» за 24 000 польскіх злотых.
Найперш, як перакананы каталік, Леў Сапега фундаваў у Бярозе касцёл. Неабходнасць заснавання новага касцёла абгрунтоўвалася тым, што з 1538 года мясцовы касцёл з навакольнымі землямі знаходзіўся ў руках кальвіністаў і заставаўся ў іх дзясяткі гадоў, бо калі ён зноў вярнуўся да каталікоў у 1600 годзе, то меў невялікі ўласны надзел і самастойна існаваць не мог. Леў Сапега дзеля выратавання ад банкруцтва касцёла ў 1620 годзе падараваў яму «ў вёсцы Левашкі чатыры валокі, Траяноўшчынай называемыя», якія паўторна былі замацаваны ў 1632 годзе. Акрамя заснавання новага касцёла, канцлер дазволіў мясцовым яўрэям у 1629 годзе збудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, збудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы».
Побач з яўрэйскім малітоўным домам і касцёлам у Бярозе існавала ўніяцкая царква. Першыя звесткі пра яе месцяцца ў дакуменце 1618 года, у якім апісваюцца межы зямель касцёла, а таксама ідзе гаворка пра землі «рускага папа з царквы».
Пасля смерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна з тэстаментам, перайшла да яго старэйшага сына Яна Сапегі, маршалка Вялікага Княства Літоўскага, пасля смерці апошняга — да яго брата Казіміра Льва Сапегі.
Казімір Леў Сапега, малодшы з двух сыноў славутага канцлера, быў перакананаым каталіком, ён фундаваў шэраг касцёлаў і кляштараў, сярод якіх быў картузскі кляштар у Бярозе. Закладка першага нарожнага каменя з вялікай урачыстасцю адбылася ў 1648 годзе, дзе прысутнічалі сам заснавальнік, а таксама біскуп луцкі Андрэй Гембінскі і рымскі нунцый ксёндз Ян дэ Торэс.
Пераход бярозаўскага ўладання да картузаў быў надзвычайным момантам у гісторыі мястэчка, што перш за ўсё адлюстравалася ў падтрымцы новымі ўладальнікамі развіцця гандлю і рамёстваў. Асаблівую ўвагу надаваў кляштар дакладнасці вагаў на бярозаўскіх кірмашах. «Жадаем мець дакладнасць і справядлівасць у вагах, — піша ксёндз Хрысціян Бекерс, — таму спецыяльна за кошт кляштара накіроўваем хадака ў сталічні горад Вялікага Княства Літоўскага Вільню, каб прынёс інфармацыю… колькі гарнцаў уваходзіць у віленскую бочку, каб потым ён мог важыць у нашым мястэчку Бярозе згодна віленскіх мераў пры продажы і пакупцы збожжа, напояў, піва, мёду і г. д.». У кляштарнай хроніцы ад 1767 года сустракаецца павучэнне малазямельных сялян пра пажаданне займацца «гандлем або рамяством, адпавядаючым мясцовым умовам, напрыклад, вырабам скураў і гэтак далей».
У 1665 г. у Ружанах памёр, а ў бярозаўскім картэзінскім касцёле пахаваны вялікі гетман ВКЛ і віленскі ваявода Павал Ян Сапега
У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у свята Адшукання Святога Крыжа (паводле падання, кляштар заснавалі на месцы ў пушчы, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у часе палявання), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасцям мястэчка. Акрамя кірмашу на Святую Тройцу, у Бярозе адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэння. Старанні картузаў на паляпшэнне гаспадарчых спраў у Бярозе не здолелі прынесці вялікага выніку, мястэчка да сярэдзіны XIX стагоддзя было маленькім, небагатым населеным пунктам. Яно некалькі разоў гарэла, цярпела ад чумы.
У 1706 годзе тут адбылася сустрэча расійскага цара Пятра I з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аўгустам II. У Вялікую Паўночную вайну ў канцы красавіка 1706 года каля Бярозы адбылася сутычка паміж расійскім і шведскімі войскамі. Апошнія пасля пераходу Ясельды занялі мястэчка і кляштар, якіх спалілі і разрабавалі. Шведы захапілі некалькі манахаў з кляштара, за якіх потым плацілі выкуп.
Значэнне і статус Бярозы пад кіраўніцтвам картузаў не змянілася. Уладу ў мястэчку, згодна з загадам пракурора картузіі, выконваў кляштарны ўраднік.
Пад расійскай уладай
правіцьУ 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Бяроза апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Пружанскім павеце Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губерні. У 1-й пал. XIX ст. у мястэчку праводзіліся 8 рэгулярных кірмашоў, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконная мануфактуры, працавалі 36 крамаў.
Пасля здушэння вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1832 годзе расійскія ўлады зачынілі кляштар картузаў за ўдзел манахаў у паўстаннях 1794 і 1831 гадоў. Інфраструктура кляштара, разам з мястэчкам, перайшла да Упраўлення Дзяржаўнай маёмасці Гродзенскай губерні. У перыяд 1860—1870-х гадоў паводле рашэння царскага ўрада значная частка будынкаў кляштара была разабрана. Цэгла пайшла на будову ваенных казармаў і праваслаўнай царквы ў Бярозе, медзяныя лісты з касцёла — у Гродна для даху праваслаўнай царквы.
Станам на 1833 у Бярозе было 200 драўляных будынкаў, на 1897 — 5 цагляных і 1070 драўляных, працавалі мужчынская і жаночая народныя вучылішча, фельчарскі пункт, аптэка. Хуткаму росту мястэчку паспрыяла пракладзеная ў 1871 годзе праз Бярозу Маскоўска-Брэсцкая чыгунка.
Як і ўся Беларусь, Бяроза з’яўлялася часткай «мяжы аселасці» і была заселена яўрэямі. У пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя яўрэі складалі 53 % насельніцтва.
-
Кляштар, агульны выгляд
-
Кляштар, шпіталь
-
Кляштар, каплічка
-
Кляштар, брама
-
Кляштар, фрагмент
-
Руіны касцёла
-
Новы касцёл
-
Вуліца
Найноўшы час
правіцьУ Першую сусветную вайну ў 1916 годзе Бярозу занялі нямецкія войскі. У 1918 годзе мястэчка было абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, потым — БССР.
14 лютага 1919 года Бярозу заняла польскае войска. У польска-савецкую вайну мястэчка двойчы рабілася месцам буйных бітваў. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1934 годзе ў мурах былых расійскіх кашараў была арганізавана вязніца для палітычных зняволеных — украінскіх нацыяналістаў з АУН і камуністаў. У лагеры, якім кіраваў паліцэйскі інспектар з Познані Ян Грэфнер, трымалася да 800 вязняў. 1 красавіка 1939 года да мястэчка далучылі населены пункт з гміны Сялец — вёску Навасёлкі[4].
У 1939 года ў складзе БССР. 15 студзеня 1940 годзе Бяроза стала цэнтрам новаўтворанага Бярозаўскага раёна і атрымала статус горада[5].
Перад наступам Германіі на СССР бальшавікі стварылі тут базу ваеннай авіяцыі. На ёй дыслакаваліся 97-ы, 121-ы, 125-ы, 130-ы хуткасныя, 162-і рэзервовы, 207-ы і 212-ы далёкабамбардзіровачныя авіяпалкі, падрыхтаваныя да нападу на Германію. Таксама ў горадзе дыслакавалася 205-я матарызаваная дывізія 14-га механізаванага корпуса.
22 чэрвеня 1941 года, у першы дзень вайны з СССР, Бярозу занялі нямецкія войскі. 205-я матарызаваная дывізія сіламі аднаго палка сумесна з іншымі часцямі 14-га механізаванага корпуса нанесла контрудар да р. Мухавец у раёне Кобрына, аднак да зыходу дня пад напорам нямецкага наступлення вымушана была адысці і заняць абарону на р. Ясельда. Ужо ў пачатку ліпеня былі праведзены карныя аперацыі супраць партыйнага і камсамольскага актыву, арганізатараў і членаў калгасаў, сем’яў камандзіраў і палітработнікаў РСЧА, якія не паспелі эвакуіравацца[6] .
У часы нямецкай акупацыі тут існавала яўрэйскае гета. Нацысты ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс. чалавек. Дзейнічала патрыятычнае падполле. Жыхары Бярозы рознымі спосабамі дапамагалі падпольным і партызанскім рухам раёна. Так, кладаўшчыкі базы «Нарыхтзбожжа», размешчанай у раёне чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская, М. М. Галенка і П. М. Жабрун, недагружаючы вагоны са збожжам, здолелі сэканоміць у 1943 годзе і перадаць партызанскім атрадам імя Дзімітрава і М. Ф. Гастэлы больш за 50 тон збожжа[6] .
7 ліпеня 1944 года горад быў вызвалены ў ходзе Беларускай аперацыі 28-й арміяй 1-га Беларускага фронту.
Пасля вайны ў Бярозе была адноўлена авіябаза, у раёне збудаваная гідраэлектрастанцыя.
У 1987 годзе да горада далучана вёска Самойлавічы Бярозаўскага сельсавета[7].
У 1995 годзе каля горада беларускія сілы супрацьпаветранай абароны збілі паветраны шар з двума амерыканскімі аэранаўтамі — удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1830 — 584 муж., з іх шляхты 6, духоўнага саслоўя 28, мяшчан-іўдзеяў 161, мяшчан-хрысціян і сялян 389[8]; 1833 — 1,2 тыс. чал.; 1878 — 2 507 чал. (1 121 муж. і 1 386 жан.)[9]; 1897 — 6,2 тыс. чал.
- XX стагоддзе: 1931 — 4,5 тыс. чал.[10]; 23.06.1940 — 4,5 тыс. чал.[11]; 1959 — 5,6 тыс. чал.; 1968 — 7,5 тыс. чал.[12]; 1992 — 26 тыс. чал.[5]; 1995 — 31 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2006 — 29,5 тыс. чал.; 2009 — 29 357 чал. (перапіс)[13]; 2016 — 29 408 чал.[14]; 2017 — 29 451 чал.[15]
Эканоміка
правіць- Бярозаўскі філіял ААТ «Савушкін прадукт» (былы Бярозаўскі сыраробны камбінат) — перапрацоўка малака, акрамя кансервавання, вытворчасць сыроў, масла жывёльнага, натуральнамалочнай прадукцыі, марожанага і іншых харчовых прадуктаў;
- ААТ «Бярозабудматэрыялы» — вытворчасць пліткі керамічнай;
- ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў» (юрыдычны адрас знаходзіцца за межамі горада, у Бярозаўскім сельсавеце) — вытворчасць сценавых блокаў з ячэістага бетону і блокаў ячэістага бетону для перагародак будынкаў;
- ААТ «Цеплапрыбор» — выпускае наступную прадукцыю: вентылятары, электрарадыятар «Ясельда», катлы ацяпляльныя, нестандартызаванае абсталяванне, камплектуючыя да СЗК-8, лініі сартавання цвёрдых бытавых адходаў, гандлёвыя павільёны, кантэйнеры для смецця — 11 м³, машынкі для рэзкі даху;
- ААТ «Бярозаўскі маторарамонтны завод» — ажыццяўляе капітальны рамонт трактарна-камбайнавых рухавікоў, вузлоў і дэталяў, выраб новых дэталяў; выраб крапежных метызных вырабаў, запасных частак да трактароў, запасных частак да сельгасмашын;
- ДУП «Бярозатара» — вытворчасць упакоўкі з лёгкіх металаў — вечка металічнай СКО-1058; СКО-1-82; ПТ-51;
- ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат»;
- ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод»;
- Гасцініца «Ясельда».
- Дом паляўнічага «Смалярка»[16].
Інфраструктура
правіцьАдукацыя
правіцьУ Бярозе працуюць 3 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 7 дашкольных устаноў.
Медыцына
правіцьМедыцынскія паслугі падаюць бальніца і паліклініка.
Культура
правіцьДзейнічаюць Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дом культуры, кінатэатр, 2 бібліятэкі.
Славутасці
правіць- Гістарычная забудова (кан. XIX ст. — пач. XX стагоддзяў; фрагменты)
- Рэшткі былога кляштара картэзіянцаў (1648—1689): брама, агароджа з вежамі, будынак шпіталя — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000133
- Петра-Паўлаўская царква (1772, перабудавана ў 2003)
- Свята-Міхайлаўская царква (2007)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1998)
- Казармы
- Брацкая магіла (1941—1944), Камсамольскі сквер — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000134
- Магіла ахвяр фашызму (1941—1944), на старых могілках па вул. Пушкіна — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Д000135
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл (1933)
- Сінагога (XIX ст.)
- Царква (1618; грэка-каталіцкая)
-
Рэшткі былога кляштара картэзіянцаў
-
Вуглавая вежа кляштара
-
Рэшткі касцёла
-
Адноўленая брама кляштара
-
Памяшканне лагернай адміністрацыі і памятны абеліск на месцы канцлагера
-
Свята-Петра-Паўлаўская царква
-
Свята-Міхайлаўская царква
-
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Нематэрыяльная спадчына
правіць20 сакавіка 2023 года традыцыйнаму роспісу на шкле ў горадзе Бярозе, аграгарадку Спораве, аграгарадку Стрыгінь Бярозаўскага раёна і горадзе Пружаны, вёсцы Слабудка, вёсцы Новыя Засімавічы Пружанскага раёна быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі[17].
Вядомыя асобы
правіць- Мікалай Аляксандравіч Дубоўскі (1933—2013) — беларускі пісьменнік, празаік. Нарадзіўся ў в. Самойлавічы, якая ўвайшла ў межы Бярозы.
- Кадзя Маладоўская (1894—1975) — яўрэйская пісьменніца, паэтка, драматург, літаратурны крытык.
- Сцяпан Купрыянавіч Мадалінскі (1927—1979) — Герой Сацыялістычнай Працы. Нарадзіўся ў в. Самойлавічы, якая ўвайшла ў межы Бярозы.
Заўвагі
правіць- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 24 marca 1939 r. o zmianie granic miasta Berezy Kartuskiej w powiecie prużańskim, województwie poleskim, Dz. U. Nr 27, poz. 178 (польск.)
- ↑ а б Я. В. Сяленя. Бяроза // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 170.
- ↑ а б Память: историко-документальная хроника Березовского района / Белорусская Советская Энциклопедия; Редкол.: И. П. Шамякин (главный редактор) и др. — Минск: Издательство «Белорусская Советская Энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1987. — 438, [1] с.: ил., цв. ил., портр., карты.
- ↑ Рашэнні выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 17 жніўня, 14 верасня, 16 лістапада 1987 г. і 18 студзеня 1988 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1988, № 9 (1923).
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
- ↑ Bereza-Kartuska // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 140.
- ↑ Береза Картузька // Енциклопедія українознавства . У 10-х томах. / Головний редактор Володимир Кубійович . — Париж, Нью-Йорк: «Молоде життя »-«НТШ »; 1954—1989, 1993—2000.
- ↑ История // Березовский районный исполнительный комитет
- ↑ Берёза // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Перепись населения — 2009. Брестская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Береза // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- ↑ Традыцыйны роспіс па шкле і ткацтва «кажушком» атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей . heritage.gov.by (9 снежня 2023).
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Bereza-Kartuska // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 140—141.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бяроза
- Геаграфічныя звесткі па тэме Бяроза на OpenStreetMap
- Бяроза (горад) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Бяроза — здымкі на Radzima.org
- http://berezakartuska.livejournal.com/ — блог Бярозы ў ЖЖ