Дзяржаўная калегія БНР

Дзяржаўная калегія — орган выканаўчай улады Беларускай Народнай Рэспублікі. Утворана пасля працяглага ўрадавага крызісу з сяброў Прэзідыума Рады БНР і ўрада. Дзейнічала з 11 кастрычніка 1922 да 20 красавіка 1923 у Коўне. У склад калегіі ўваходзілі С. Жытлоўскі, Л. Заяц, П. Крачэўскі (старшыня), В. Ластоўскі, А. Цвікевіч. Крызіс быў выкліканы тым, што 3 мая 1922 Старшыня ўрада БНР Ластоўскі і міністр замежных спраў уручылі старшыні Генуэзскай канферэнцыі  (руск.) 1922 ноту, у якой прызналі права Літоўскай Рэспублікі на г. Вільня. Гэта нота супярэчыла афіцыйнай пазіцыі Рады БНР і большасці сяброў урада. 30 мая 1922 на пасяджэнні Рады міністраў БНР была прынята рэзалюцыя, паводле якой урад павінен быў імкнуцца да дасягнення незалежнасці Беларусі ў яе этнаграфічных межах. В. Ластоўскі і А. Цвікевіч, апынуўшыся ў меншасці, падалі ў адстаўку. Яны планавалі склікаць у Дзвінску нацыянальную нараду з мэтай дамагчыся на ёй падтрымкі сваёй пазіцыі. Такая нарада магла раскалоць беларускую палітычную эміграцыю, прыняць пастановы, супярэчныя рэзалюцыі аб дзяржаўным будаўніцтве, якую ў 1921 зацвердзіла Беларуская палітычная канферэнцыя ў Празе. У прыватнасці, Ластоўскі мог пайсці на стварэнне альтэрнатыўных органаў улады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі зрабіў усё ад яго залежнае, каб нарада ў Дзвінску не адбылася. 11 кастрычніка 1922 была ўтворана Дзяржаўная калегія. Аднак супярэчнасці паміж дзеячамі БНР заставаліся. 20 красавіка 1923 Ластоўскі выйшаў з Дзяржаўнай калегіі. Пачаўся чарговы ўрадавы крызіс.

Літаратура

правіць

Сідарэвіч, А. Дзяржаўная калегія / Анатоль Сідарэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 243. — ISBN 985-11-0041-2.