Вацлаў Ластоўскі

беларускі грамадскі і палітычны дзеяч
(Пасля перасылкі з Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі)

Ва́цлаў Юсты́навіч Ласто́ўскі (27 кастрычніка (8 лістапада) 1883, засценак Калеснікаў Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці — 23 студзеня 1938, Саратаў, НКУС. Псеўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Васіль Люцьвяг[1]; Юры Верашчака; Ласт; В.Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю.Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В.В…; В-…; В. Л.; В.Л-скі; В-т; Л.; Ю. В.) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік АН Беларусі (1928).

Вацлаў Ластоўскі
Сцяг 2-і Старшыня Рады міністраў БНР Сцяг
снежань 1919 — красавік 1922
Папярэднік Антон Луцкевіч
Пераемнік Аляксандр Цвікевіч
Неадменны сакратар БАН
1928 — 1930
Нараджэнне 8 лістапада 1883(1883-11-08)
Смерць 23 студзеня 1938(1938-01-23) (54 гады)
Род Ластоўскія
Бацька Юстын Ластоўскі
Маці Ганна
Жонка Марыя з Іваноўскіх
Дзеці Ганна, Станіслава
Веравызнанне рыма-каталік
Партыя БСГ (19061908), БПСР (19191923)
Член у
Дзейнасць філалогія, празаік, гісторык, філолаг, перакладчык і публіцыст
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

У 1902 уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904—1905 слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй, далучыўся да мясцовага беларускага руху. У 1906—1908 член БСГ.

З сакавіка 1909 у Вільні. У 1909—1914 рэдакцыйны сакратар газеты «Наша ніва». Рэдагаваў часопісы «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газету «Гоман» (1916—1917). Выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль беларускай літаратуры, у якой прынялі ўдзел Я. Купала, М. Гарэцкі, Л. Гмырак.

У час Першай сусветнай вайны заставаўся ў Вільні. У студзені 1915 разам з В. Святаполк-Мірскім, І. Луцкевічам і А. Луцкевічам падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў у прыватным выдавецтве, сам удзельнічаў у іх напісанні. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). Адзін з аўтараў «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя, 1916).

Быў адным з удзельнікаў Сувязі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі (СНіНБ), што ўзнікла ў 1916 годзе. У лістоўках ад імя гэтай арганізацыі выказаў ідэю дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, у той час як многія іншыя беларускія дзеячы яшчэ схіляліся да стварэння канфедэрацыі з Літвой. Такім чынам, Вацлаў Ластоўскі стаў першым, хто выказаўся за поўную незалежнасць Беларусі[2].

У 1918—1919 член Віленскай беларускай рады, у сакавіку 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады БНР. Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР. У лістападзе 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Літоўскай Тарыбе, потым беларускі аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне.

3 1919 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У снежні 1919 узначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919; вызвалены ў лютым 1920; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цвікевічам і іншымі ўвайшоў у Камітэт загранічных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік 1920) у афіцыйным пасланні мірнай канферэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР. 20 кастрычніка 1920 на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўнінтвам В. Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі Камітэта замежных груп і ЦК БПС-Р (П. Бадунова, Я. Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снежні 1920 выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень 1921), якая прызнала ўрад Луцкевіча адзіным законным беларускім урадам. У 1920—1923 з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і іншыя краіны, выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі. 20 красавіка 1923 падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве.

У 1923—1927 выдаваў часопіс «Крывіч», надрукаваў некалькі падручнікаў. Узначальваў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку: 1525—1925» (разам з К. Дуж-Душэўскім, А. Ружанцовым). Быў старшынёй Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. Запрошаны Інбелкультам на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін (літоўскі ўрад адмовіўся фінансаваць выданне «Крывіча» і Беларускі цэнтр у Коўне, палітычны пераварот 17 снежня 1926 у Літве) у красавіку 1927 пераехаў у БССР.

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, не маючы нават сярэдняй адукацыі. З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Рэдагаваў «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасвтечыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Пастановамі СНК БССР 20 лістапада 1929 вызвалены з пасады сакратара Беларускай АН. 21 ліпеня 1930[3] арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. 6 снежня 1930 пазбаўлены звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я. Станкевіча «Дыспалаталізацыя l у беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзела гуманітарных навук», выдадзеных Інбелкультам. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў[3]. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў біблітятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937[3]. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938[3] прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988; па другім — 16 верасня 1958[3]. Адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990.

У палітыцы

правіць

У публіцыстыцы, асабліва ў нашаніўскіх артыкулах «Сплачвайце доўг» (1913), «Па свайму шляху!» (1914), выступаў супраць рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў літаратуры. Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі, непрыхільна ставіўся да марксізму.

«Для нас вельмі важна вырваць наш народ з-пад рускага гіпнозу, паказаць яму іншыя каштоўнасці і шляхі нацыянальнага жыцця, звярнуць увагу на неабходнасць больш цеснага збліжэння з нашымі прыбалтыйскімі суседзямі»[4], — пісаў ён у 1924 годзе.

У навуцы

правіць
 
Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Вокладка.

У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» — першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» у рубрыцы «З нашай мінуўшчыны» і ў газеце «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх склалі асобнае выданне «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918). У пачатку 1920-х гадоў працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія па сутнасці ўяўляюць сабой першую беларускую энцыклапедыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняццяў з беларускай мінуўшчыны (машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы). Даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. У 1924 годзе надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік», які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў: руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных — «Іменьнік расьцін». У слоўніку беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда» апроч народнай лексікі прапаноўваў шмат уласных лексічных вынаходак і да добрага, сапраўднага матэрыялу дадаў шмат выдуманага, і, паводле думкі Яна Станкевіча, выдуманага несістэмна. Апрацаваў разам з Тадэвушам Іваноўскім, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. У 1925 годзе апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. У 1926 годзе пабачыла свет галоўная праца Ластоўскага — манументальная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя», у якой прыводзіліся цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.» Пасля пераезду ў БССР Вацлаў Ластоўскі апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX стагоддзяў.

Вацлаў Ластоўскі выставіў тэзіс ад тоеснасці крывіцкай (т. ч., Полацкай) і беларускай дзяржаўнасці, адзін з найбольшых прапагандыстаў назвы «Крывія» для Беларусі і «крывіцкая» для беларускай мовы. Перыядызацыя гісторыі Ластоўскага, нягледзячы на кампіляцыйны характар яго «Кароткай гісторыі», лічыцца ў радзе момантаў больш дасканалай[5] за пазней прапанаваную У. Ігнатоўскім і прынятую за афіцыйную аснову. Прыхільнік канцэпцыі «залатога веку». Шмат увагі ўдзяляў этнаграфіі, між іншым, лічыў племя волатаў старадаўнімі продкамі беларусаў[6].

Выступаў[7] за ўлік і асваенне ў беларускай мове не толькі сучаснага народнага, але і гістарычнага старабеларускага досведу. Таксама меркаваў, што пісанне мяккага знаку ў беларускай арфаграфіі карэніцца ў польскай арфаграфічнай практыцы[7]. Падтрымліваў праект Я. Лёсіка на акадэмічнай канферэнцыі (1926), адзначаючы, што тарашкевічава азбука фактычна русіфікуе вымаўленне беларускіх ётаваных галосных.

Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акадэмік АН Беларусі (1928).

Літаратурная творчасць

правіць

Друкаваўся з 1909 (псеўданімы Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.). Аўтар фантастычнай аповесці «Лабірынты» (Коўна, 1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923). Складаў чытанкі для дзяцей. Апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і іншых, успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг, Б. Мэон), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і іншых моў. У апавяданні «Дудар», зробленым на аснове накіду Казімежа Пшэрвы-Тэтмаера для планаванай аповесці, якая так і не была напісаная, Вацлаў Ластоўскі замяніў скрыпача на дудара. У 1923 годзе, у часопісе «Крывіч» пад псеўданімам Васіль Люцьвяг, Вацлаў Ластоўскі надрукаваў гісторыка-абычаёвы нарыс «Дуда», у якім прааналізаваў значэнне беларускай дуды для беларускай культуры і гісторыі. Менавіта ў вобразе дудара прадстаўлены таксама сам аўтар у вершы-прысвячэнні Янкі Купалы:

Аўтару «Беларускай Гісторыі» Власту

На кургане на адвечным,

Пад асінай векавой,

Сеў дудар, сагнуўшы плечы,

З пасівелай галавой[8].

Дакументы і матэрыялы з архіва В. Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Мінску, Саратаве.

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Вацлаў Ластоўскі
  • Кароткая гісторыя Беларусі. З 40 рысункамі. (Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1910; факсімільнае перавыданне — Мінск, 1992 і 1993).
  • Што трэба ведаць кожнаму беларусу? / Выданне «Вольнае Беларусі» (Менск: друк-ня А. Я. Грынблята, 1918; перавыданні — 1943, 1991 (факсімільн.)).
  • Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў. Коўна, 1923 (у сааўт. з К. Дуж-Душэўскім).
  • Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (Коўна: друк-ня А. Бака, 1924; факсімільнае перавыданне — Мінск: Навука і тэхніка, 1990).
  • Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: (Спроба паясніцельнай кнігапісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагоддзя) (Коўна, 1926; факсімільнае перавыданне — Мінск, 2012 з прадмовай Алеся Сушы).
  • Творы (Мюнхен, 1956).
  • Выбраныя творы (Мінск, 1997; уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча).

Памяць

правіць

З 2003 года ў Полацку ёсць Дуб Вацлава Ластоўскага[9]. У 2012 годзе ў Глыбокім быў усталяваны бюст Вацлава Ластоўскага[10]. Памяць пра Вацлава Ластоўскага ўшаноўваецца ў межах фэсту Дударскі рэй[11].

Вацлаў Ластоўскі быў аўтарам-складальнікам шэрага «чытанак», прызначаных для дзяцей і моладзі. Праз іх Ластоўскі ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак «гістарычныя песні», якія, на думку беларускага гісторыка Алега Ліцкевіча, былі яго ўласнымі творамі, сюды адносіцца і вядомая песня пра бітву пад Оршай («Слава Воршы ўжо не горша…»)[12].

Гісторык Аляксандр Гронскі мяркуе, што менавіта Вацлаў Ластоўскі сканструяваў «беларускасць» Кастуся Каліноўскага і паспрабаваў скласці яго біяграфію як ідэальнага беларускага героя. Таксама А. Гронскі сцвярджае, што менавіта ў В. Ластоўскага Канстанцін (або Канстанты) стаў Касцюком; пазней «Касцюк» трансфармуецца ў «Кастуся», што і замацавалася да нашых дзён[13]. Скарэктаваныя ў патрэбны для беларускага нацыяналізму бок былі і арыгінальныя тэксты Каліноўскага. Напрыклад, у арыгінальным тэксце[14]:

«Браты мае, мужыкі родныя!
Марыська, чарнаброва галубка мая»

Тэкст у Ластоўскага[15]:

«Беларусы, браты родныя!
Беларуская зямелька, галубка мая»

Сям’я і нашчадкі

правіць
 
Старэйшая дачка В. Ластоўскага Ганна

З 1904 года быў у шлюбе са значна старэйшай за яго літоўскай пісьменніцай Марыяй Іванаўскайце (1872—1957), літаратурны псеўданім «Лаздзіну Пяледа». Ад шлюба нарадзіліся дзве дачкі:

  • Ганна (07.08.1905 — ?)[16], па мужы Главацкене (літ. Lastauskaitė-Glovackienė).
  • Станіслава (Стася) (1910—1995), па мужы Матулене (літ. Lastauskaitė-Matulienė).

Муж Ганны Ластоўскай Піюс Главацкас[lt] (1902—1941) быў членам даваеннай Літоўскай камуністычнай партыі, падчас нядоўгай даваеннай савецкай акупацыі Літвы ў 1940—1941 гг. займаў высокія пасады ў ЛССР. Падчас адступлення савецкага войска памылкова быў забіты чырвонаармейцам 24 чэрвеня 1941 г. у наваколлі літоўскай Уцяны.

Вядомы партрэт Ганны Ластоўскай-Главацкене, напісаны яе дзедам мастаком Нікадэмам Эразмам Іванаўскасам (цесцем В. Ластоўскага). Доўгі час гэты партрэт памылкова лічыўся выявай яго дачкі Сафіі Іванаўскайце-Пшыбіляўскене.[17]

Выявы Станіславы не захавалася. Яе сын Рымантас Матуліс[lt] (нар. 19.02.1941) — вядомы літоўскі грамадскі і палітычны дзеяч, старшыня «Саюза літоўскіх таўцінінкаў» у 1989—1990 гг., дырэктар Фонда культуры Літвы ў 1990—1995 гг. Яго дзяцей (праўнукаў В. Ластоўскага) завуць Доўмантас, Вісвідас, Рамінта.

Другая жонка В. Ластоўскага — Станіслава, шлюб з ёй ён аформіў пасля пераезду з даваеннай Літвы ў БССР.

Цэнзура

правіць

Па заяве пракуратуры горада Мінска ў пачатку мая 2024 года кніга «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага (1997), выпушчаная ў серыі «Беларускі кнігазбор», прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі[18].

Зноскі

  1. Ластоўскі В. Аб найменьнях — «Гуды», — «Крывічы», — «Русь» Архівавана 26 верасня 2021.
  2. Міхалюк 2015, с. 123-124
  3. а б в г д Ластовский Вацлав Устинович (1883) (руск.). Открытый список. Праверана 8 лістапада 2023.
  4. Выбраныя творы. — Мн., 1997.
  5. Грыцкевіч…
  6. Лыч. Назвы зямлі беларускай, 1994.
  7. а б БАК-1926…
  8. https://be.wikisource.org/wiki/%D0%94%D1%83%D0%B4%D0%B0%D1%80
  9. У гонар 120-годзьдзя Вацлава Ластоўскага ў Полацку зьявіцца дуб ягонага імя
  10. У Глыбокім усталявалі помнік прэм'еру БНР Вацлаву Ластоўскаму. Эўрарадыё (30 жніўня 2012).
  11. http://vitvesti.by/kultura/dudarsk-rei.html
  12. Ліцкевіч А. «Слава Воршы ўжо не горша…» // Беларуская думка. — 2009. — № 3. — С. 92—99.
  13. Гронский А. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. — 2008. — № 2. — С. 82—87.
  14. «Мужыцкая праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы»: Тексты і каментарый. — Нью-Йорк, 1980.
  15. Гронский…
  16. Знойдзеныя пашпарты старэйшай дачкі Вацлава Ластоўскага. ФОТА Архівавана 6 мая 2021.
  17. Vaida Ščiglienė. Dailininkas Nikodemas Ivanauskas: nuo svajonių iki tikrovės // Acta Academiae Artium Vilnensis. 2003. C. 176.
  18. Кнігі Вацлава Ластоўскага і Алеся Петрашкевіча прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі . Наша Ніва (6 мая 2024). Праверана 6 мая 2024.

Літаратура

правіць
  • Барысенка В. У. Праблемы светаўладкавання ў апавяданнях В. Ластоўскага: Прэпрынты МДЛУ, № 90. — Мн.: МДЛУ, 2000. — 25 с..
  • Васючэнка П. Захоплены Лабірынтам / П. Васючэнка // Роднае слова. — 2008. — № 11. — С. 3—6.
  • Васючэнка П. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага на фоне сусветнай літаратуры / П. В. Васючэнка // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. — 2008. — № 7. — С. 145—148.
  • Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920; Тое ж. М., 1992.
  • Дварчанін І. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.). Вільня, 1927.
  • Драздовіч Я. Дзённік // Маладосць. — 1992. — № 2.
  • З лістоў беларускіх вучоных і грамадскіх дзеячаў — да М. Грушэўскага / Уступны артыкул Ю. А. Мыцыка; Публікацыя і пераклад з украінскай Я. Лецкі // Полымя. — 2003. — № 3. — С. 174—177.
  • Зубко В. «Curriculum vitae» Вацлава Ластоўскага і Тамаша Грыба / Пасляслоўе У. Ляхоўскага // Беларускі гістарычны часопіс. — 2003. — № 3. — С. 62—71.
  • Ількевіч М. За чатыры месяцы да расстрэлу: Аб адной архіўнай знаходцы // Пагоня. — 1994. — 27 жн. — 2 вер.
  • Кісялёў Г. Власт: Першае набліжэнне // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. — Мн., 1994.
  • Кісялёў Г. Вацлаў Ластоўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 4. — С. 16.
  • Конан У. Парадоксы эстэтыкі Вацлава Ластоўскага: традыцыі і мадэрнізм / У. М. Конан // Весці БДПУ. Серыя 2. — 2008. — № 4. — С. 86—89.
  • Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928; Тое ж. Мн., 1991.
  • Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. — 1991. — № 5.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Мікус А. Ярамір быў жабай. Раман Э. Бульвера «Раса, што ўжо ідзе» як прататып аповесці В. Ластоўскага «Лабірынты» // Arche. — 2011. — № 5 (104). — С. 215—239.
  • Міхнюк У. Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць. — 1993. — № 8—9.
  • Снапкоўская С. «Сыном маладой Беларусі…»: Педагагічная спадчына Вацлава Ластоўскага // Роднае слова. — 1993. — № 10. — С. 38—41.
  • Суша А. Першая гісторыя беларускай кнігі і яе стварэнне // Ластоўскі, В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Факсімільнае выд. — Мн., 2012. — С. 3—30.
  • Хмяльніцкая Л. Новыя звесткі да біяграфіі Вацлава Ластоўскага // Голас Радзімы. — 1994. — 6 студз.
  • Янушкевіч Я. Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 336—337.
  • Янушкевіч Я. Я. Ластоўскі Вацлаў Юсцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). — С. 144—145.
  • Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. — Мн., 1995.
  • Д. Міхалюк. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск: Інбелкульт, 2015.

Спасылкі

правіць