Адам Іосіфавіч Мальдзіс

беларускі літаратуразнавец, гісторык (1932—2022)

Ада́м Іос́іфавіч Ма́льдзіс (7 жніўня 1932, в. Расолы, цяпер Астравецкі раён, Гродзенская вобласць3 студзеня 2022, Мінск. Псеўданімы: А. Гудас, Адам Гудас, А. Расольскі, Адам Расольскі, А. Свіслацкі) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990).

Адам Іосіфавіч Мальдзіс
Адам Мальдзіс, 2004 г.
Адам Мальдзіс, 2004 г.
Дата нараджэння 7 жніўня 1932(1932-08-07)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 студзеня 2022(2022-01-03)[2] (89 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці пісьменнік, перакладчык, літаратуразнавец, журналіст, літаратурны крытык, публіцыст, літаратар
Навуковая сфера літаратуразнаўства[3], літаратурная крытыка[3], публіцыстыка[3] і творчае і прафесійнае пісьмо[d][3]
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук
Навуковае званне
  • прафесар[d]
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Навум Саламонавіч Перкін
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды
ордэн Францыска Скарыны медаль Францыска Скарыны Медаль да стагоддзя БНР
Заслужаны дзеяч культуры Польшчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы ў Заходняй Беларусі (Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства, Польшча) ў сялянскай сям’і. У 1951 годзе скончыў Ашмянскую сярэднюю школу. Вучыўся на аддзяленні журналістыкі БДУ (1951—1956).

У 1956—1959 гадах працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча». Вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1959—1962). У 1962—1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР : з 1962 года — навуковы супрацоўнік, з 1981 года — загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры (1981—1991). Кандыдат філалагічных навук (1963), тэма дысертацыі: «Белорусско-польские литературные взаимосвязи во второй половине ХІХ в.». Доктар філалагічных навук (1986), тэма доктарскай дысертацыі: «Закономерности развития белорусской литературы переходного периода (вторая половина XVII—XVIII в.)».

У 1991—1998 гадах узначальваў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны. З 1987 года старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, пазней уваходзіў у аналагічную камісію (па вяртанні ў Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей) пры Міністэрстве культуры РБ[4]. У 1991—2005 гадах быў прэзідэнтам (з 2010 ганаровы старшыня) Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у 1996—2006 гадах — кіраўніком аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

У 1990 годзе як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН.

З канца 1960-х гадоў жыў па вул. Чарвякова, 18 у Мінску[4].

Памёр 3 студзеня 2022 года[5]. Пахавальная служба адбылася 5 студзеня ў касцёле Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, яе ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч[6]. Пахаваны на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёна.

Творчая і навуковая дзейнасць

правіць

У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954 годзе. Даследаваў гісторыю беларускай культуры і літаратуры XVII—XIX стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі. Перакладаў з польскай і балгарскай моў.

Пачынаў як даследчык літаратуры XIX стагоддзя. Яго кніга «Творчае пабрацімства» (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у беларускіх і польскіх архівах, мноства свежых думак, арыгінальных даследчыцкіх назіранняў. Даследчыка адразу вызначала комплекснасць у вывучэнні пытанняў літаратуры і культуры, імкненне да жывой размовы з шырокім чытачом. У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху.

У 1970 годзе Адам Мальдзіс знайшоў у бібліятэцы Курніцкай (Польшча) рукапіс верша «Всем многі век в новой хаці» на тагачаснай гутарковай беларускай мове, напісаны Іахімам Храптовічам лацінкай дзесьці ў 1750-х гадах на Наваградчыне[7]. Адам Мальдзіс указвае, што ў справе фонду бібліятэкі Курніцкіх знаходзяцца яшчэ два ананімныя рукапісныя беларускамоўныя вершы XVIII ст., напісаныя на лацініцы, — «Chorostwo gumu, odwagi, rozumu» (тыповы твор перыяду барока) і «Na dolinie mak, mak do wsio kanapielki» (стылізацыя пад народную песню альбо літаратарская апрацоўка народнай песні), аўтарства якіх не вызначана[8]. Мальдзіс адзначае, што кашталян Казімір Несялоўскі быў паэтам-аматарам (дакладна вядома, што пісаў вершы на польскай мове), гэтак жа як і яго сын Адам Несялоўскі (дакладна вядома, што выдаў у 1741 годзе зборнік вершаў на лацінскай мове ў Пінску)[7].

Выдаў даследаванне «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982, перавыдадзена ў абноўленым выглядзе 2001), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), дзе ўпершыню паказана літаратурнае ўзаемадзеянне беларусаў і літоўцаў ад старажытнасці да нашага часу. Пазней выйшлі яго кнігі «І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае» (1994), «Выбране» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2010).

Падрабязная бібліяграфія змешчана ў кнізе: «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса» (2007). Працы Адама Мальдзіса вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу, арыгінальнасцю вывадаў, наватарскімі падыходамі, бліскучым стылем. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).

Напісаў гістарычную аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), у якой на аснове мясцовай легенды звёў разам у Анеліне на Астравеччыне Кастуся Каліноўскага, Уладзіслава Сыракомлю, актрысу Галену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў. Аўтар краязнаўчага нарыса «Астравеччына, край дарагі…» (1977), шматлікіх артыкулаў па краязнаўстве. Кніга «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — спалучэнне мемуарыстыкі, эсэістыкі, літаратуразнаўства. Аўтар кнігі «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001).

Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны…» Адама Міцкевіча (1969) і «Творы» Язэпа Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча (пераклад Браніслава Тарашкевіча, 1981).

Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6; 1992—1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі» (1996—2002).

Ацэньваючы сваю творчую спадчыну, Адам Мальдзіс пісаў:

 

Найбольш дарагія для мяне першая кніга, напісаная «для душы», «Падарожжа ў XIX стагоддзе» і «няшлюбнае» (г. зн. мастацкае) дзіця «Восень пасярод вясны», інспіраванае Уладзімірам Караткевічам (паралельна ён меўся пісаць на тую ж тэму «Крыж Аняліна», але паспеў накідаць толькі пачатак). Найбольш удалай лічу «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», бо выношвалася яна доўга, а рэдактары ў ёй амаль нічога не змянілі. А найбольш сур’ёзнай і даўгавечнай з навуковага пункту гледжання — «Беларусь на скрыжаванні славянскіх традыцый», дзе разгледжана беларуская літаратура і, шырэй, культура XVII–XVIII стагоддзяў, у перыяд іх пераходу ад адной эпохі (Сярэдневякоўе, Рэнесанс) да другой, Новага часу.

 

Пасмяротна выдадзены зборнік артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю «Што было, што ёсць, што будзе з беларусамі?»[9].

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[10] і інш. медалямі, ордэнам Францыска Скарыны (2013), чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі.[11] Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) — за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977).

Ушанававанне памяці

правіць

Выбраная бібліяграфія

правіць
  • Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. — Мн., 1966.
  • Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. — Мн., 1969.
  • Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. — Мн., 1972.
  • Тры месяцы пошукаў, знаходак і сустрэч // Полымя. 1973. № 7.
  • Таямніцы старажытных сховішчаў. — Мн., 1974.
  • Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich / A. Maldzis // Pamiętnik biblioteki Kórnickiej. — 1978. — Zesz. 14. — S. 177—180.
  • На скрыжаванні славянских традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна ХVII—ХVIII ст. — Мн., 1980.
  • Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў. — Мн., 1982.
  • Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў. — Мн.: Мастац. літ., 1984.
  • 3 літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі. — Мн., 1987.
  • Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988.
  • Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990.
  • І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. — Мн., 1994.
  • Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. — Мн., 2001.
  • Выбранае / Адам Мальдзіс; Уклад. В. Грышкевіч; Прадм. Г. Кісялёў, В. Чамярыцкі. — Мн.: Кніга­збор, 2007. — 464 с. — («Беларускі кніга­збор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6824-95-4.
  • Белорусские сокровища за рубежом / А. И. Мальдис. — Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009.  — 208 с. : ил. — (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-6720-94-2.
  • Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым / Адам Мальдзіс, Армэн Сардараў. — Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. — 165, [2] с. ISBN 978-985-6941-36-1.
  • Соотечественники : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / Адам Мальдис. — Минск : Издательский дом «Звезда», 2013. — 336 с. (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-7059-85-0.
  • Ад Скарыны і Фёдарава — у XXI стагоддзе: зборнік эсэ / Адам Мальдзіс. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2018. — 206, [1] с. — ISBN 978-985-581-087-3.
  • Што было, што ёсць, што будзе з беларусамі? : артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. — Мн.: УП Энцыклапедыкс, 2022. — 104 с. — 80 экз. — ISBN 978-985-7090-81-5.

Зноскі

  1. Identifiants et RéférentielsABES, 2011. Праверана 14 жніўня 2024.
  2. а б https://www.svaboda.org/amp/31637736.html Праверана 4 студзеня 2022.
  3. а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  4. а б https://belisrael.info/?p=29764
  5. Марыў схавацца на Астравеччыне і дапісаць свае кнігі. Памёр Адам Мальдзіс Архівавана 3 студзеня 2022.
  6. catholic.by
  7. а б Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 179.
  8. Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 180.
  9. Навінкі ад «Акадэмкнігі»: Сага па Мальдзісу
  10. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
  11. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2022. Праверана 17 жніўня 2022.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць