Іахім Храптовіч

(1729—1812) канцлер вялікі літоўскі

Іахім Ігнацы Літавор Храптовіч, або Яўхім Храптовіч (4 студзеня 1729, маёнт. Ясянец Наваградскага павета — 4 сакавіка 1812) — грамадскі і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, апошні канцлер вялікі літоўскі (1793—1795). Прадстаўнік роду Храптовічаў.

Іахім Храптовіч
польск.: Joachim Ignacy Litawor Chreptowicz
Герб «Адрованж»
Герб «Адрованж»
Канцлер вялікі літоўскі
1793 — 1795
Папярэднік Аляксандр Міхал Сапега
Пераемнік пасада скасаваная
Падканцлер літоўскі
1773 — 1791
Папярэднік Антоні Пшаздзецкі
Пераемнік Казімір Канстанцін Плятэр
Сакратар вялікі літоўскі
1764 — 1773
Папярэднік пасада ўтворана
Пераемнік Андрэй Агінскі
Нараджэнне 4 студзеня 1729(1729-01-04)[1]
Смерць 4 сакавіка 1812(1812-03-04)[1][2] (83 гады)
Месца пахавання
Род Храптовічы
Бацька Марцыян Храптовіч
Маці Рэгіна з Войнаў
Жонка Канстанцыя з Пшаздзецкіх
Дзеці Ірэнэюш Храптовіч, Адам Храптовіч
Веравызнанне Каталіцкая Царква
Член у
Адукацыя
Дзейнасць публіцыстыка[3], творчае і прафесійнае пісьмо[d][3], перакладніцтва[d][3], палітыка[3] і дзяржаўная служба[3]
Аўтограф Выява аўтографа
Званне палкоўнік[4]
Узнагароды
ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага ордэн Белага арла ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Сын Марцыяна Храптовіча і Рэгіны Вайнянкі. Нарадзіўся 4 снежня 1729 г. ў маёнтку Ясянец, у доме бабулі Тэафілі Войны з дэ Раесаў. У Ясянецкім маёнтку прайшлі яго першыя гады жыцця. Ахрышчаны, верагодна, у сядзібнай Свята-Мікалаеўскай царкве[5].

Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад кіраўніцтвам «дарэктара», ксяндза Адама Хмялёўскага, у спадчынным маёнтку бацькі Шчорсы Наваградскага павета. Потым вучыўся ў Віленскай акадэміі (2 гады), у розных навучальных установах Брунсберга ў Заходняй Прусіі (3 гады), Нясвіжа (1 год) і зноў Вільні (1 год).

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміна службы ў войску займае пасады наваградскага стольніка, г.зн. маршалка соймікаў Наваградскага павета (1752); дэпутата Галоўнага трыбуналу ВКЛ ад Горадзенскага павета (1753); пасла ад Наваградскага і іншых паветаў на соймы Рэчы Паспалітай, маршалка Наваградскага ваяводства канфедэрацыі ВКЛ (1764), маршалка Галоўнага трыбуналу ВКЛ (1765) і інш.

24 снежня 1764 г. пасля каранацыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732—1798) Храптовіч прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ. 8 мая наступнага года ў ліку першых адзначаны новай узнагародай Рэчы Паспалітай — ордэнам Станіслава.

11 снежня 1766 г. у Варшаве Яўхім Храптовіч узяў шлюб з Канстанцыяй Пшаздзецкай, дачкой падканцлера літоўскага Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага. Пасля шлюбу, падчас абвастрэння ўнутрыпалітычных супярэчнасцей у Рэчы Паспалітай, асабліва ў гады дзейнасці Барскай канфедэрацыі (1768—1772), Храптовіч дзяржаўнымі справамі не займаўся. У 1769—1772 г. знаходзіўся па-за межамі краіны. Па вяртанні ў Варшаву пачынае рэалізоўваць прагрэсіўныя ідэі ў сваёй рознабаковай дзяржаўнай і прыватнай дзейнасці.

26 кастрычніка 1773 г. Я. Храптовіч прызначаецца падканцлерам літоўскім. 21 ліпеня 1773 г. Папа Клемент XIV сваёй булай скасаваў ордэн Таварыства Ісуса. Я. Храптовіч разам з іншымі прапанаваў маёмасць езуітаў у Рэчы Паспалітай перадаць у фонд развіцця адукацыі. 14 кастрычніка 1773 г. сойм зацвердзіў праект стварэння Адукацыйнай камісіі. Паводле сваіх функцый яна была першым у свеце міністэрствам адукацыі. Храптовіч быў прызначаны камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школаў ВКЛ. За дваццаць гадоў існавання (1773—1793) дэпартамент пад яго кіраўніцтвам дамогся значных поспехаў найперш у павелічэнні колькасці школаў розных узроўняў і наданні навучанню свецкага характару.

На Чатырохгадовым сойме (1788—1792) Я. Храптовіч прапанаваў шэраг праектаў дзеля вырашэння некаторых актуальных праблем. У прыватнасці, у 1788 г., каб спыніць шматлікія судовыя працэсы па межавых канфліктах, унёс прапанову абмежаваць усе вёскі, стварыць планы апошніх і перанесці іх на розныя карты краіны. Гэты праект быў ухвалены ў 1791 г., але выкананне адклалася да 1793 г. Але трэці падзел Рэчы Паспалітай пахаваў гэты праект.

Апошняя высокая дзяржаўная пасада, на якую 14 чэрвеня 1793 г. Я. Храптовіча прызначыла рэакцыйная Таргавіцкая канфедэрацыя (1792—1793), — пасада канцлера ВКЛ. Але складаныя палітычныя абставіны, сталы ўзрост, дрэннае здароўе і інш. вымусілі яго скласці канцлерскія паўнамоцтвы. Такім чынам, Я. Храптовіч стаў апошнім канцлерам ВКЛ. Тым не менш, заслугі перад дзяржавай былі адзначаны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім: 7 верасня 1793 г. ён узнагароджаны ордэнам Белага Арла.

Перад пачаткам трагічнага Гродзенскага сойму (17 чэрвеня 1793 г.) Я. Храптовіч паехаў на лячэнне ў Карлсбад у Аўстрыі. Вярнуўшыся ў сакавіку 1795 г. на радзіму, канчаткова пасяліўся ў Варшаве, адышоў ад дзяржаўных спраў і захапіўся літаратурнай і навуковай працай.

 
Шчорсаўскі палац у 1894 годзе

Менавіта ў прыватнай дзейнасці Храптовіча найбольш яскрава выявіліся яго выдатныя здольнасці і энцыклапедычныя веды. Засвоіўшы прагрэсіўныя заходнееўрапейскія ідэі і досвед, амаль адразу пасля смерці бацькі (1766) і атрымання спадчынных маёнткаў пачаў упарадкоўваць сваю сельскую рэзідэнцыю — сядзібу Шчорсы — галоўны адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр усіх маёнткаў, а таксама рэарганізоўваць панскую гаспадарку ў фальварках і асабліва сістэму карыстання зямлёй сялянамі.

Памёр граф Яўхім Літавор Храптовіч на 84-м годзе 4 сакавіка 1812 г. Пахаваны ў Варшаве ў касцёле капуцынаў.

Паэтычная творчасць

правіць

У сталым веку пісаў вершы на польскай мове і латыні, лічачы гэты занятак за «мілую забаўку»[6].

У 1970 г. беларускі літаратуразнаўца Адам Мальдзіс знайшоў у бібліятэцы Курніцкай (Польшча) рукапіс верша «Всем многі век в новой хаці» на тагачаснай гутарковай беларускай мове, напісаны лацініцай дзесьці ў 1750-х гг. на Наваградчыне — на памежжы барока і Асветніцтва[6]. Верш прадстаўляе сабой прыватнае віншаванне дзядам ад унукаў з нагоды канкрэтнай падзеі — уваходзін унукаў у новы палац дзеда і бабулі. Адам Мальдзіс, узяўшы пад увагу імёны дзядоў (Казімір і Тэафілія) і ўнукаў (Яўхім і Ганна), а таксама паходжанне рукапісу, дату і месца стварэння і іншыя прыкметы, прыпісаў аўтарства гэтага верша маладому Яўхіму Храптовічу, а «палацам» лічыць — драўляны палац у вёсцы Ясянец Новагародскага ваяводства, які належаў дзеду Іахіма навагрудскаму шляхціцу Казіміру Несялоўскаму (смаленскаму кашталяну) і яго жонцы Тэафіліі з роду дэ Рэес[7]. У віншаванні паэтызуецца дом, у якім сабраліся госці на ўваходзіны:

 
Палац гойны, в нім прыгожо,
Паўберано всюды гожо,
Где пойдеш, напасеш очы,
Гледеўбысь аж до цёмнай ночы,
Пачавшы од світа.
В сені вхожу, поглядаю,
Где Паном чолом біці маю,
I вхожу в тые покое,
Где з гостмі Панове двое,
А з німі дружына.[8]

 

Класіцысцкія каноны яшчэ не цалкам запаланілі аўтара, не адгарадзілі яго ад гутарковай мовы. Побач з тым у вершы ўжо няма і празмернай экзальтаванасці, рэлігійнасці, характэрных для аналагічных барочных твораў. Яўхім Храптовіч славіць дзеда і бабулю за зямныя дабрачыннасці, зычыць ім зямных даброт. Наяўнасць беларускамоўнага верша Яўхіма Храптовіча паказвае, што ў паўсядзённым жыцці магнатэрыі XVIII ст. ужывалася гутарковая беларуская мова, паэтычная творчасць на якой афармлялася па канонам тагачаснага ўзроўню паэтыкі і рыторыкі ў ВКЛ[6]. Прысутнасць у вершы некаторых архаічных форм літаратурнай старабеларускай мовы, на думку Мальдзіса, указвае на знаёмства Яўхіма Храптовіча не толькі з гутарковым варыянтам беларускай мовы, але і з кніжнасцю на старабеларускай мове[6].

Зноскі

  1. а б Joachim Litawor Chreptowicz // CERL ThesaurusConsortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 162.
  3. а б в г д Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  4. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 4, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV-XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 311. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5
  5. 1638, Ясянец // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз; [рэдакцыйны савет: У. У. Андрыевіч (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2018. — С. 172-173. — 511 с. — 600 экз. — ISBN 978-985-11-1055-7.
  6. а б в г Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 179.
  7. Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 178.
  8. Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich... S. 177.

Літаратура

правіць