Адам Іосіфавіч Мальдзіс
Ада́м Іос́іфавіч Ма́льдзіс (нар. 7 жніўня 1932, в. Расолы, цяпер Астравецкі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст. Доктар філалагічных навук (1986), прафесар (1990).
Адам Іосіфавіч Мальдзіс | |
---|---|
Дата нараджэння | 7 жніўня 1932 (88 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | пісьменнік, перакладчык, літаратуразнавец, журналіст, літаратурны крытык |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Навум Перкін |
Член у | |
Узнагароды і прэміі |
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча» (1956—1959). У 1962 скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. У 1962—1991 працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР: з 1962 — навуковы супрацоўнік, з 1981 — загадчык аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры (1981—1991). Кандыдат філалагічных навук (1963), тэма дысертацыі: «Белорусско-польские литературные взаимосвязи во второй половине ХІХ в.». Доктар філалагічных навук (1986), тэма доктарскай дысертацыі: «Закономерности развития белорусской литературы переходного периода (вторая половина XVII—XVIII в.)». У 1990 як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1965. Член Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. У 1991—1998 дырэктар Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, у 1991—2005 прэзідэнт (з 2010 ганаровы старшыня) Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, у 1996—2006 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (Т. 1-6; 1992—1995) і інфармацыйна-культуралагічнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі» (1996—2002).
Творчая і навуковая дзейнасцьПравіць
У друку з артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у 1954. Даследуе гісторыю беларускай культуры і літаратуры 17-19 стст., беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя ўзаемасувязі.
Пачынаў як даследчык літаратуры XIX стагоддзя. Яго кніга «Творчае пабрацімства» (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах, мноства свежых думак, арыгінальных даследчыцкіх назіранняў. Даследчыка адразу вызначала комплекснасць у вывучэнні пытанняў літаратуры і культуры, імкненне да жывой размовы з шырокім чытачом. У кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху.
У 1970 г. Адам Мальдзіс знайшоў у бібліятэцы Курніцкай (Польшча) рукапіс верша «Всем многі век в новой хаці» на тагачаснай гутарковай беларускай мове, напісаны Іахімам Храптовічам лацініцай дзесьці ў 1750-х гг. на Наваградчыне — на памежжы барока і Асветніцтва[1]. Адам Мальдзіс указвае, што ў справе фонда бібліятэкі Курніцкіх знаходзяцца яшчэ два ананімныя рукапісныя беларускамоўныя вершы XVIII ст., напісаныя на лацініцы, — «Chorostwo gumu, odwagi, rozumu» (тыповы твор перыяду барока) і «Na dolinie mak, mak do wsio kanapielki» (стылізацыя пад народную песню альбо літаратарская апрацоўка народнай песні), аўтарства якіх не з’яўляецца вызначаным[2]. Мальдзіс адзначае, што кашталян Казімір Несялоўскі быў паэтам-аматарам (дакладна вядома, што пісаў вершы на польскай мове), гэтак жа як і яго сын Адам Несялоўскі (дакладна вядома, што выдаў у 1741 г. зборнік вершаў на лацінскай мове ў Пінску)[1].
Выдаў даследаванне «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжавані славянскіх традыцый» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў» (1982, перавыдадзена ў абноўленым выглядзе 2001), «З літаратуразнаўчых вандраванняў» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988), дзе ўпершыню паказана літаратурнае ўзаемадзеянне двух народаў ад старажытнасці да нашага часу. Пазней выйшлі яго кнігі «І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае» (1994), «Выбране» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2010).
Падрабязная бібліяграфія змешчана ў кн.: «Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса» (2007). Працы Адама Мальдзіса вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу, арыгінальнасцю вывадаў, наватарскімі падыходамі, бліскучым стылем. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Напісаў гістарычную аповесць «Восень пасярод вясны» (1984), у якой на аснове мясцовай легенды звёў разам, сабраў у Анеліне на Астравеччыне Кастуся Каліноўскага, Уладзіслава Сыракомлю, актрысу Галену Маеўскую-Кіркор і іншых герояў. Аўтар краязнаўчага нарыса «Астравеччына, край дарагі…» (1977), шматлікіх артыкулах па краязнаўству. Кніга «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990) — сплаў мемуарыстыкі, эсэістыкі, літаратуразнаўства. Аўтар кнігі «Як жылі нашы продкі ў XVIII ст.» (2001).
Сам Адам Мальдзіс узгадваў:
Найбольш дарагія для мяне першая кніга, напісаная «для душы», «Падарожжа ў XIX стагоддзе» і «няшлюбнае» (г. зн. мастацкае) дзіця «Восень пасярод вясны», інспіраванае Уладзімірам Караткевічам (паралельна ён меўся пісаць на тую ж тэму «Крыж Аняліна», але паспеў накідаць толькі пачатак). Найбольш удалай лічу «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», бо выношвалася яна доўга, а рэдактары ў ёй амаль нічога не змянілі. А найбольш сур’ёзнай і даўгавечнай з навуковага пункту гледжання — «Беларусь на скрыжаванні славянскіх традыцый», дзе разгледжана беларуская літаратура і, шырэй, культура XVII–XVIII стагоддзяў, у перыяд іх пераходу ад адной эпохі (Сярэдневякоўе, Рэнесанс) да другой, Новага часу. |
Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны…» А. Міцкевіча (1969) і «Творы» Я. Дылы (1981), «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча (пераклад Б. Тарашкевіча, 1981).
Перакладаў з польскай і балгарскай моў.
УзнагародыПравіць
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[3] і інш. медалямі, ордэнам Францыска Скарыны (2013), чатырма польскімі ганаровымі адзнакамі. Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) — за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977).
Выбраная бібліяграфіяПравіць
- Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст. — Мн., 1966.
- Падарожжа ў XIX стагоддзе: 3 гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. — Мн., 1969.
- Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. — Мн., 1972.
- Тры месяцы пошукаў, знаходак і сустрэч // Полымя. 1973. №7.
- Таямніцы старажытных сховішчаў. — Мн., 1974.
- Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich / A. Maldzis // Pamiętnik biblioteki Kórnickiej. — 1978. — Zesz. 14. — S. 177—180.
- На скрыжаванні славянских традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна ХVII—ХVIII ст. — Мн., 1980.
- Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў. — Мн., 1982.
- Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў. — Мн.: Мастац. літ., 1984.
- 3 літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі. — Мн., 1987.
- Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988.
- Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека. — Мн., 1990.
- І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. — Мн., 1994.
- Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. — Мн., 2001.
- Выбранае / Адам Мальдзіс; Уклад. В. Грышкевіч; Прадм. Г. Кісялёў, В. Чамярыцкі. — Мн.: Кнігазбор, 2007. — 464 с. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6824-95-4.
- Белорусские сокровища за рубежом / А. И. Мальдис. — Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009. — 208 с. : ил. — (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-6720-94-2.
- Соотечественики : очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / Адам Мальдис. — Минск : Издательский дом «Звезда», 2013. — 336 с. (Беларусь вчера и сегодня). ISBN 978-985-7059-85-0.
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 179.
- ↑ Maldzis, A. Nieznany wiersz białoruski ze zbiorów Kórnickich… S. 180.
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
ЛітаратураПравіць
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Мальдзіс Адам // Культуралогія: Энц. даведнік; Уклад. Э. Дубянецкі. —Мн: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- Мальдис Адам Иосифович // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
- Мальдзіс Адам // Беларусь: Энц.даведнік. — Мн., 1995. — С. 460—461
- Мальдзіс Адам // Энцыклапедыя мастацтва і літаратуры Беларусі. — Мн., 1986. — Т.3
- Мальдзіс Адам // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. — Мн., 1994. — Т.4. — С. 194—199
- Zaprudnik Jan. Historical Dictionary of Belarus. — 1998. P. 153
СпасылкіПравіць
- Скарынаўскі Цэнтр — Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны
- «Кантакты і дыялогі» — Інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь
- KAMUNIKAT — Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка KAMUNIKAT