Літаратуразнаўства
Літаратуразнаўства — навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі мастацкай літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асноўных раздзелаў: метадалогіі і тэорыі літаратуры, гісторыі літаратуры, літаратурнай крытыкі.
Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння мастацкай літаратуры. Тэорыя літаразнаўства даследуе сацыяльную прыроду, вобразна-эстэтычную сутнасць, спецыфіку літаратуры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літаратурна-мастацкай творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення літаратуры, асаблівасці мастацкіх метадаў, плыняў і кірункаў.
Гісторыя вывучае літаратуру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літаратурных кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і мастацкіх стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў ў літаратурным працэсе.
Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літаратурны працэс, ацэньвае і тлумачыць літаратурныя творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэтычных ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця літаратуры. Літаратуразнаўства выкарыстоўвае дасягненні іншых гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літаратурная крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і іншыя. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самастойныя галіны (напрыклад, тэксталогія).
Асновы вучэння пра мастацкую літаратуру распрацавалі старажытнагрэчаскія філосафы. Найбольшую ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця літаратуразнаўства; яго ідэямі жывіліся трактаты пра літаратуру ў Старажытным Рыме, у эпоху Адраджэння і нават перыяд класіцызму (Н. Буало). У XVIII — пачатку XIX стагоддзяў на развіццё літаратуразнаўства моцна паўплывалі працы Д. Дзідро, Г. Лесінга, Ё. В. Гётэ і іншых пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветніцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі мастацкай літаратуры, яе суадносінамі з іншымі відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).