Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі

«Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» — беларуская палітычная арганізацыя, дзейнічала ў 1916-1918 гадах у Вільні.

Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі палітычная арганізацыя[d]
Заснаванне
Дата заснавання 1916
Ліквідацыя
Дата скасавання 1918
Лістоўка № 5 Сувязі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі

У арганізацыю ўваходзілі Вацлаў Ластоўскі, Вінцэнт Святаполк-Мірскі, Казімір Шафнагель і іншыя. З 2.6.1917 да 22.4.1918 года выдала прынамсі 5[1] лістовак з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на беларускіх і літоўскіх землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць беларуска-літоўскую дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэспубліканскі лад, правесці беларусізацыю школ, рэлігійных і дзяржаўных устаноў з забеспячэннем правоў нацыянальных меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі беларускага народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культурным і нацыянальным будаўніцтве. Прызнаючы права літоўскага народа на незалежнасць, арганізацыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што палітычная раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем украінскага пытання, вітала Украінскую раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «Сувяззю незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім камітэтам Беларускай сацыялістычнай грамады (верасень 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй у Вільні (1918). Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць