Аляксандр Іванавіч Цвікевіч
Аляксандр Іванавіч Цвікевіч (псеўд. А. Гвоздзь, А. Галынец) (22 чэрвеня 1888, Брэст — 30 снежня 1937, Мінск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, юрыст, філосаф, публіцыст.
Аляксандр Цвікевіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
альтэрн.: Аляксандар Цьвікевіч | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Пётр Антонавіч Крачэўскі | ||||||
Пераемнік | Аўген Калубовіч | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
22 чэрвеня 1888 |
||||||
Смерць |
30 снежня 1937 (49 гадоў) |
||||||
Бацька | Іван Цвікевіч | ||||||
Нацыянальнасць | беларус | ||||||
Адукацыя |
|
||||||
Дзейнасць | палітычная дзейнасць[d][1], гісторыя[1], філасофія[1], публіцыстыка[1] і права[1] | ||||||
Месца працы | |||||||
Аўтограф | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 22 чэрвеня 1888 г. у Брэсце ў сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1912), да 1914 працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Брэсце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны — у бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.
Удзельнічаў у працы Першага Усебеларускага з’езда, быў абраны сакратаром прэзідыума, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з’езда. У студзені 1918 Выканкам І Усебеларускага з’езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Брэст. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Цвікевіч і Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР у якасці дарадцаў.
У канцы сакавіка 1918 быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Брэсцкага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам быў наладжаны выпуск газеты «Белорусское эхо», арганізавана Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. 29 мая 1918 беларуская місія звярнулася да расійскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Х. Ракоўскаму ноту, падпісаную Цвікевічам і М. Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнання расійскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі.
У ліпені 1918 Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.
Вясной 1919 урад БНР накіроўвае Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне — атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.
З 1921 па 1923 Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынём І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 г. Выказаўся за кансалідацыю беларускіх палітычных сіл, выступіў супраць паланафільскай арыентацыі П. Алексюка і інш. На гэтай канферэнцыі ў яго рэдакцыі была прынята рэзалюцыя па віленскім пытанні. Прызнаў Вільню сталіцай Літвы, выказаў згоду на ўключэнне Віленшчыны і Гродзеншчыны ў склад Літоўскай Рэспублікі, што прывяло да ўрадавага крызісу БНР[2].
У 1922 Цвікевіч разам з В. Ластоўскім быў на Генуэзскай канферэнцыі, дзе спрабаваў уключыць беларускае пытанне ў парадак дня яе работы.
У 1923 г., у сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячаў з палітыкай урада БНР В. Ластоўскага быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. Калі Ліга Нацый прызнала ўсходнія межы Польшчы з савецкай Расіяй, урад Літвы страціў зацікаўленасць у падтрымцы беларускага асяродка ў літоўскай сталіцы (Коўне) і пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР, Аляксандр Цвікевіч не хаваў свайго намеру пераехаць у Мінск (БССР)[3]. Перад вяртаннем прадстаўнікі ўрада БССР і ўрада СССР угаварылі Цвікевіча правесці ў Берліне Беларускую нацыянальна-палітычную канферэнцыю[3]. Праз савецкіх агентаў было дамоўлена, што Цвікевіч збярэ канферэнцыю, якая прызнае БССР адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. 12-16 кастрычніка 1925 года Другая Усебеларуская канферэнцыя адбылася ў Берліне. Патрэбная Мінску рэзалюцыя была прынята[4]. Абвяшчаючы на канферэнцыі пра ліквідацыю эмігранцкага цэнтра БНР, Аляксандр Цвікевіч паверыў, што ў БССР былі рэалізаваны палітычныя і сацыяльныя ідэалы беларускіх сацыялістаў[5]. Амаль усе беларускія інтэлектуалы, якія змагаліся за БНР, выказаліся на канферэнцыі ў падтрымку савецкай ўлады, бо створаная ў 1920-х гг. у БССР рэчаіснасць на самой справе недалёка адыходзіла ад іх ранейшых праграмных мэт[5].
У лістападзе 1925 Аляксандр Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у Мінск. Пасля пераезду ў БССР працаваў кансультантам у Наркамаце фінансаў, потым — вучоным сакратаром Інбелкульта. З 1929 г. працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук[2].
4 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны, абвінавачаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмурція). Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937. 30 снежня 1937 Аляксандр Цвікевіч быў расстраляны ў Мінску.
Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988, па другім — 31 мая 1989.
Навукова-публіцыстычная дзейнасць
правіцьАляксандр Цвікевіч — аўтар 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. У 1918 у Кіеве ён выдае брашуру «Кароткі нарыс узнікнення БНР» (на рускай мове), у якой дае кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць. Каб азнаёміць замежнага чытача з Беларуссю і яе нацыянальным рухам Аляксандр Цвікевіч у 1921 у Берліне на рускай мове выдае брашуру «Беларусь: палітычны нарыс».
З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі Аляксандр Цвікевіч у 1921 г. напісаў кнігу «Адраджэньне Беларусі і Польшча», дзе прыйшоў да высновы, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі не столькі палітычнымі, колькі эканамічнымі.
Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах, пераважна ў часопісе «Беларускі сьцяг». З-пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы і эсэ, як «Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі», «Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй», «Усе дарогі вядуць у Беларусь», «Эўразійцы» і г.д. Падпісваецца ў асноўным крыптанімам А. Ц. ці псеўданімамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу».
У 1926 у Рызе намаганнямі Кастуся Езавітава выходзіць наступная праца Цвікевіча «Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?». Увесь змест гэтай кнігі быў звернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэння.
У 1929 г. у Мінску (БССР) была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвікевіча «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX стст." У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі, даў ацэнку розным кірункам «заходнерусізму». Фактычна адразу пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь яе тыраж быў знішчаны. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасць перавыдаць яе ў 1993[6].
Творы
правіцьКнігі, брашуры
правіць- Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. — Киев, 1918. — 21 с. (Рэпрынт. — Мн., 1990).
- Беларусь: политический очерк. — Берлин: Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
- Адраджэнне Беларусі і Польшча. — Менск — Вільня — Берлін: Выдавецкае таварыства «Вызваленне», 1921. — 191 с.
- Пагляд П. Безсонава на беларускую справу. — Коўна: Друкарня А. Бака, 1922. — 23 с.
- Вялікае апрашчэнне, ці вялікае удасканаленне?: З цыкла «Штодзен. думкі» / А.Галынец; Пад рэд. К.Езавітава. — Рыга, 1926. — 44 с. — (Бібліятэка беларуса-выбаршчыка; N 13)
- Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. — Мінск: Беларус.дзярж.выд., 1929. — 340 с.
Артыкулы
правіць- Западная комуна / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 3 июня. — С.
- Прямой долг / А. Гвоздь // Белорусское эхо. — 1918. — №. — 30 мая. — С.
- Судьба Белоруссии / А. Цвикевич // Белорусская земля. — 1918. — № 1. — 1 марта. — С.
- Беларусь перад Генуэзкай конфэрэнцыяй / А. Ц. // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 1. — С. 10 — 13.
- Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі / А. Галынец // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 2-3. — С. 1 — 7.
- Незалежнасьць — як програма сёнешняга дня / А. Галынец // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 4. — С. 1 — 6.
- «Эўразійцы» (новыя шуканьня расійскай думкі) / А. Ц-ч // Беларускі сьцяг. — 1922. — № 4. — С. 38 — 44.
- Политический очерк Западной Белоруссии / А. И. Цвикевич // Западная Белоруссия. Сборник статей: книга 1. — Минск: БГИ, 1927. — С. 3 — 43.
Зноскі
- ↑ а б в г д Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17). С. 92
- ↑ а б Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 448.
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 390
- ↑ а б Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 449.
- ↑ Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. / Пасьляслоўе А. Ліса. — 2-е выд. — Мн .: Навука і тэхніка, 1993. — 352 с. — 5 000 экз. — ISBN 5-343-01425-9.
Літаратура
правіць- Ліс А., У. Міхнюк. Цвікевіч Аляксандр Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17). — С. 92.
- Цвікевіч Аляксандр Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 97.
- Ліс А. Паланёны далёкай марай // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. — Мн., 1994.
- Ліс А. Аляксандр Цвікевіч — публіцыст і гісторык. — Мн.: Харвест, 2014. — 63 с. — 1500 экз. — ISBN 978-985-18-2913-8.
- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с.
Спасылкі
правіцьАляксандр Іванавіч Цвікевіч у Вікікрыніцах | |
Аляксандр Іванавіч Цвікевіч на Вікісховішчы |