Бежанства
Бежанства — масавая прымусовая эвакуацыя жыхароў з Беларусі і ўсёй заходняй часткі Расійскай імперыі ў губерні далей на ўсход. Праведзена ў часе Першай сусветнай вайны, падчас г.зв. вялікага адступлення расійскай арміі пад націскам нямецкага наступлення з 3 мая па верасень 1915 года.
Найбольшая этнічная група бежанцаў — беларусы (з украінцамі), рэлігійная — праваслаўныя.
У выніку ваеннай няўдачы Расіі (Горліцкі прарыў нямецкіх войск) урад пачаў рыхтавацца да адступлення і заклікаць мірных жыхароў да найскарэйшай эвакуацыі. Людзей палохалі страшнымі забойствамі, грабяжамі і іншымі злачынствамі, якія нібыта абяцаў прыход немцаў тутэйшым праваслаўным. Сялянскую маёмасць забіралі і знішчалі. Так расійскае войска выкарыстоўвала тактыку спаленай зямлі.
Урадоўцы, супрацоўнікі прамысловых устаноў, чыгуначнікі і інш. таксама эвакуіраваліся.
Родны кут пакінула ад 2 да 3 млн чалавек (каля 800 тысяч з Гродзенскай губерні). З зямель на ўсход ад Беластока пайшлі да 80 % жыхароў. Расійская імперыя не здолела арганізаваць бяспечную эвакуацыю. Яна была бязладнай, працягвалася некалькі месяцаў і забрала многа жыццяў. Была спёка, не ставала ежы і вады. Пры дарогах заставаліся магілы, а некаторых памерлых не хавалі. Такія варункі спрыялі сполахам эпідэмій і прывялі да масавай смерці дзяцей.
Сярод уцекачоў пераважалі дзеці і жанчыны. Дзяцей было каля 41-48 % ад усіх. Каля 1/3 уцекачоў не выжылі.
Этнічны склад:
- беларусы (з украінцамі) — 67,5 %
- палякі — 13,2 %
- яўрэі — 6,4 %
- латышы — 4,9 %
- армяне, літоўцы, эстонцы, іншыя — 8 %
Уцекачоў рассялілі ў розных раёнах, аж да кітайскае граніцы. У 1918—1922 яны вярталіся назад. Вяртанне, як і перамяшчэнне ў Расію, забрала жыцці.
Бежанства і вяртанне апісаны ў творах беларускай, яўрэйскай і іншай літаратуры. Тут верш «На чужыне», апавяданне «Туды, на захад!» Якуба Коласа. Апублікаваны ўспаміны.
У 2015 у вёсках Беласточчыны ўсталявалі крыжы і помнікі ў памяць пра бежанцаў. Гэта вёскі Вялікія Пасечнікі, Давідовічы , Дубяжын , Пухлы , Стары Корнін , Трасьцянка і іншыя.
У 2017 паказаны фільм «Бежанцы 1915—1922» Юрыя Каліны.
Літаратура
правіць- Prymaka-Oniszk Aneta, Bieżeństwo 1915. Zapomniani uchodźcy. 2016. ISBN 978-83-8049-350-6
- Бежанства 1915 года: забытыя ўцекачы / Анета Прымака-Онішк; пераклад з польскай мовы Алекса Моніча. — Смаленск: Інбелкульт, 2019. — 303 с. ISBN 978-5-00076-051-2
- Mironowicz Eugeniusz, Wielka tułaczka (1915—1921). 2018. ISBN 978-83-953097-00
- Віталь Луба (рэд.): Бежанства 1915 года. Беласток 2000. — Зборнік успамінаў
- Losy mieszkańców Orli, Czasopis, Nr 11/09, listopad 2009
- Michał Mincewicz: Ciężki los bieżeńców, Czasopis, Nr 7-8/09