Першая сусветная вайна

сусветны шырокамаштабны ўзброены канфлікт 1914-1918 гадоў
(Пасля перасылкі з 1СВ)

Пе́ршая сусве́тная вайна́ — вайна двух геапалітычных блокаў, Антанты і Цэнтральных дзяржаў (28 ліпеня 1914 — 11 лістапада 1918).

Першая сусветная вайна
Па гадзіннікавай стрэлцы зверху: Вынікі артылерыйскіх абстрэлаў падчас Бітвы на Соме; брытанскі танк Mark V, які перасякае траншэю лініі Гіндэнбурга; лінкар каралеўскага флоту HMS Irresistible, які тоне пасля выбуху марской міны ў бітве ў Дарданэлах; кулямётны разлік у процівагазах і біплан Albatros D.II
Дата 28 ліпеня 191411 лістапада 1918
Месца Еўропа, Афрыка і Блізкі Усход (нядоўга ў Кітаі і астравах Ціхага акіяна)
Вынік Перамога Антанты. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі ў Расіі і Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі. Распад Германскай імперыі, Расійскай імперыі, Асманскай імперыі, і Аўстра-Венгрыі. Выплата Веймарскай рэспублікай рэпарацый. ЗША становяцца звышдзяржавай. Другая сусветная вайна.
Праціўнікі
Антанта і саюзнікі:
Сцяг Францыі Францыя
Сцяг Вялікабрытаніі Брытанская імперыя
Сцяг Расіі Расійская імперыя/рэспубліка
Цэнтральныя дзяржавы і саюзнікі:
Аўстра-Венгрыя
Сцяг Германіі (1871-1918, 1933-1935) Германская імперыя
Чцяг Асманскай імперыі Асманская імперыя
Сцяг Балгарыі Трэцяе Балгарскае царства1915)
Камандуючыя
Камандуючыя Камандуючыя
Сілы бакоў
Армія:
10 119
Лёгкія гарматы:
11 430
Палявая артылерыя:
450
Самалёты:
449
Армія:
6 122
Лёгкія гарматы:
7 944
Палявая артылерыя:
1 856
Самалёты:
297
Страты
Загінула ваенных:
5 953 372
Паранена ваенных:9 723 991
Знікла ваенных:4 000 676[1]
Загінула ваенных:
4 043 397
Паранена ваенных:8 465 286
Знікла ваенных:3 470 138[1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гэтая назва ўмацавалася ў гістарыяграфіі толькі пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе. У міжваенны перыяд ужывалася назва «Вялікая вайна» (англ.: the Great War, фр.: La Grande guerre), часам «Сусветная вайна» (ням.: der Weltkrieg), у Расіі яе часам называлі «Другой Айчыннай»; затым у СССР — «імперыялістычнай вайной».

Непасрэднай нагодай да вайны паслужыла Сараеўскае забойства 28 чэрвеня 1914 года аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда сербскім студэнтам Гаўрылам Прынцыпам, які быў членам тэрарыстычнай арганізацыі «Млада Босна».

Першапачаткова вайна вялася 8 дзяржавамі, у канцы — 38 дзяржавамі з агульнай колькасцю насельніцтва звыш 1,5 млрд чал. Доўжылася 51 месяц і 2 тыдні, чалавечыя страты ўсіх бакоў каля 9,5 млн забітых, каля 20 млн параненых.

У выніку вайны спынілі сваё існаванне тры імперыі: Расійская, Аўстра-Венгерская і Асманская.

Сучасную назву вайны даў афіцэр брытанскай арміі і ваенны журналіст Чарлз Рэпінгтан у сваёй публікацыі ў «Morning Post» у 1918 годзе — «World War One».

Прычыны

правіць

Перадгісторыя

правіць
 
Канадскі плакат, што заклікае франкаканадцаў да ўступлення ў армію

Венскі кангрэс, які тэрытарыяльна ўпарадкаваў Еўропу, не даваў правоў на самавызнанне і свабоду «іншым» народам, пакідаючы ім месца пад патранажам магутных дзяржаў. Доўгі час пастанаўленні кангрэса існавалі дзякуючы так званаму Свяшчэннаму саюзу, але з часам паміж еўрапейскімі краінамі сталі ўзнікаць непаразуменні. Аб’яднанне Італіі ў 1861 годзе і Германіі ў 1871 годзе, дасягнутыя нацыяналістамі, прывялі да перастаноўкі сіл. У выніку франка-прускай вайны, Францыя страціла на карысць Германіі Эльзас і Латарынгію, што пасеяла сярод французаў жаданне помсты суседзям. У Аўстра-Венгрыі і на Балканах усе часцей узнікалі канфлікты этнічнага характару. У асноўным хваляванні адбываліся ў паўднёвай частцы імперыі, якую насялялі славяне, прыхільнікі панславізму, пашыранага Сербіяй і Расіяй. Аналагічнай дактрынай панславянізму, з’яўлялася дактрына пангерманізму, якая была пашырана сярод урадаў Германіі і Аўстра-Венгрыі, што, безумоўна, вяло да абастрэння супярэчнасцяў.

Адным з фактараў напружання паміж дзяржавамі быў імперыялізм. У выніку прагрэса індустрыяльнай рэвалюцыі Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі былі неабходны вялікія рынкі збыту для сваіх тавараў, колькасць якіх штогод павялічвалася. Гэтыя краіны актыўна ўдзельнічаюць у эканамічнай экспансіі Афрыкі, Азіі і Акеаніі. Англія і Францыя здолелі мірна вырашыць пытанні, датычныя сваіх калоній. Але яны не хацелі мірыцца з агрэсіўнай каланіяльнай палітыкай Другога Рэйха, што яшчэ больш павялічвала напружанне. На Блізкім Усходзе за распадам Асманскай імперыі ўважліва сачылі Расія і Аўстра-Венгрыя, якія рыхтаваліся да падзелу тэрыторый саслабелага суседа.

Пад канец 19 ст. узнікла новая сацыяльная і філасофская дактрына, якая атрымала назву «Сацыяльны дарвінізм». Паводле гэтай тэорыі, усе нацыі, народы і этнічныя групы павінны былі весці канкурэнцыю за сусветнае лідарства. Будавалася гэтая тэорыя на думках Дарвіна, а менавіта на біялагічнай эвалюцыі і міжвідавай канкурэнцыі, што разумелася як «выжыванне найбольш прыстасаваных». Такая ідэалогія выдатна спалучалася з імперскай палітыкай, якую праводзілі еўрапейскія дзяржавы. Апраўданая жорсткая «бітва за выжыванне» паміж краінамі, вымушала мацнейшых «з’ядаць» слабейшых, што пазней, у міжваенны перыяд, дало пачатак нацыскаму расізму. Сацыяльны дарвінізм таксама служыў апраўданнем каланізацыі ў Азіі і Афрыцы.

У дадатак, у такіх краінах як Аўстра-Венгрыя і Германія, шла барацьба паміж германскай і славянскай культурамі. Менавіта ў гэты час ваенная перавага над суседзямі стала галоўным фактарам развіцця для шматлікіх еўрапейскіх цывілізацый. Такая філасофія была каталізатарам для фармавання патрабавальных адносін паміж дзяржавамі.

Большасць краін пачала праводзіць агрэсіўную прапагандысцкую кампанію, выклікаючы такім чынам у грамадстве нянавісць і агрэсію да супернікаў. Любыя дыпламатычныя крокі разглядаліся як правакацыя.

Унутраная палітыка Германіі

правіць

На парламенцкіх выбарах 1912 года ў Германіі, адносна вялікую колькасць галасоў атрымала партыя левых сацыял-дэмакратаў (Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі). Прускія юнкеры, якія склалі большасць новага парламента, асцерагаючыся росту папулярнасці левых, імкнуліся адцягнуць увагу грамадства ад палітычных спраў. Правыя пачалі шукаць знешняга канфллікту, які б з’яднаў народ і выклікаў патрыятычныя пачуцці да ўрада. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што шматлікія прускія кансерватары выступалі супраць любых ваенных дзеянняў, нават пераможных, лічачы што вайна можа выклікаць рэвалюцыйны настрой, калі б яна была доўгай і знішчальнай.

Крах саюзаў

правіць
 
Мікалай II, імператар расійскі

Першая сусветная вайна часткова была справакавана існаваннем двух варожых саюзаў: Антанты (Вялікабрытанія, Францыя і Расія) і Траістага саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя і Італія), які ўзнік дзякуючы канцлеру Рэйха — Бісмарку пасля франка-прускай вайны. Бісмарк, жадаючы ізаляваць Францыю, у 1879 годзе заключыў з Аўстра-Венгрыяй ваенную дамову супраць Расіі (у выпадку вайны паміж Германіяй і Францыяй, Аўстра-Венгрыя павінна была захоўваць нейтралітэт). У 1882 годзе, скарыстаўшыся сітуацыяй, «жалезны канцлер» уцягнуў у альянс Італію, якая была незадаволена захопам французамі Тунісу. Італія павінна была застацца нейтральнай, калі б Расія атакавала Аўстра-Венгрыю. А немцы і аўстра-венгры, у сваю чаргу, згаджаліся дапамагчы італьянцам у выпадку напада французаў. Тым часам адносіны паміж Аўстра-Венгрыяй і Расіяй пагаршаліся праз сітуацыю на Балканах.

Яшчэ перад адстаўкай Бісмарк заключыў з Расіяй мірную дамову, паводле якой абодва бакі мусілі захоўваць нейтралітэт у выпадку, калі адзін з бакоў знаходзіцца ў стане вайны. Але на змену Бісмарку прыйшоў Вільгельм II (20 сакавіка 1890 года), які крута змяніў кірунак знешняй палітыкі Рэйха. Новыя прадстаўнікі ўрада былі нецярпімыя да славян, а менавіта да Расіі. Такім чынам нядаўняя мірная дамова не мела шанцаў на далейшае існаванне. Францыя скарыстала магчымасць і знайшла сабе новага саюзніка ў асобе Мікалая II, рускага цара, заключыўшы з ім шэраг абарончых трактатаў у 1892 годзе. Тым часам Вялікабрытанія пачала насцярожана ставіца да нямецкіх палітычных праграм, у прыватнасці велізарнага пашырэння германскага флоту, якое ставіла пад пагрозу панаванне англійскага флоту.

У 1904 годзе Францыя і Вялікабрытанія вырашылі пераадолець узаемную варожасць і аб’яднацца ў палітычна-ваенны саюз, які атрымаў назву Антанта. У 1907 годзе да саюзу далучылася Расія. Вялікабрытанія таксама мела саюзныя адносіны з Японіяй. Так Еўропа ў пачатку ХХ стагоддзя была падзелена на два варожыя лагеры: Антанта і Траісты саюз.

План Шліфена

правіць

Напружанне нарастала, вайны было не пазбегнуць. Тэарэтыкі пачалі распрацоўваць ваенныя планы. Большасць з іх лічыла, што для перамогі неабходна напасць першым і такім чынам атрымаць перавагу над праціўнікам. Для ажыцяўлення гэтага плана неабходна было як мага хутчэй аб’явіць мабілізацыю і не апынуцца ў абароне.

Нямецкае вярхоўнае кіраўніцтва разлічвала ў выпадку вайны паміж дзяржавамі хутка разабрацца з Францыяй, для таго каб Расія не паспела мабілізаваць свае велізарныя чалавечыя рэсурсы. Пасля ліквідацыі аднаго праціўніка ўсе нямецкія войскі павінны былі перайсці на ўсходні фронт. Нягледзячы на тое, што план бліцкрыга быў распрацаваны яшчэ ў 1905 годзе графам Адольфам Шліфенам, нямецкае кіраўніцтва ўскладала на яго вялікія надзеі, асабліва пасля руска-японскай вайны, якая выявіла слабыя месцы царскай Расіі.

Гонка ўзбраенняў

правіць

Еўропа рыхтавалася да вайны. Большасць краін увялі воінскую павіннасць і распрацавалі планы дзеянняў на выпадак пачатка канфлікту. Тэхналагічнае і арганізацыйнае развіццё прывялі да стварэння генеральных штабаў з выразным раскладам для мабілізацыі і наступальных аперацый.

Войскі Францыі і Германіі павялічылі сваю колькасць амаль што ўдвая. Гонка ўзбраенняў на моры была відавочнай, асабліва паміж Вялікабрытаніяй і Германіяй. Першая дзеля забеспячэння марскога панавання распрацавала новыя мадэлі ваеннай марской тэхнікі, як вынік — стварэнне ў 1906 годзе дрэдноўтаў Джонам Фішарам. Вайна 1905 года паміж Расіяй і Японіяй паказала ўсю моц сучаснага флоту і падштурхнула еўрапейскія дзяржавы да стварэння вялікай колькасці браніраваных, буйнакаліберных караблёў. Калі Вялікабрытанія павялічыла вытворчасць ваенных судоў, Германія ў адказ зрабіла тое ж, наладзіўшы вытворчасць дрэдноўтаў. Між тым міжнародныя высілкі былі накіраваныя на спыненне і запавольванне гонкі ўзбраення, у тым ліку Гаагскія канвенцыі 1899 і 1907 гадоў, якія, на жаль, не мелі поспеху.

Мараканскі і Балканскі крызісы

правіць
 
Палітычная карта Еўропы, 1914

Інтарэсы еўрапейскіх дзяржаў яшчэ больш разышліся падчас Мараканскага і Балканскага крызісаў. У 1905 годзе Германія падтрымала Марока на шляху да незалежнасці, афрыканскую калонію, якую Брытанія перадала пад пратэктарат Францыі ў 1904 годзе. У германска-французскім канфлікце англічане занялі французскі бок, а вайны ўдалося пазбегнуць дзякуючы канферэнцыі ў Альхесірасе ў 1906 годзе, на якой Марока было замацавана за Францыяй[2].

Іншы канфлікт быў справакаваны Аўстра-Венгрыяй, якая ў 1908 годзе анэксавала былую турэцкую правінцыю — Боснію. Пасля гэтай падзеі так званы «вялікасербскі рух» паставіў перад сабою мэту здабыць славянскую Боснію, абвастрыўшы такім чынам адносіны Аўстрыі і Сербіі. Расія, звязаная з Сербіяй саюзам, падтрымала яе ў спрэчцы і аб’явіла мабілізацыю. Але пачатак вайны гэтым разам быў адкладзены, бо Расія вырашыла выйсці з канфлікту. Тым не менш аўстра-рускія адносіны засталіся вельмі напружаннымі.

Другі мараканскі крызіс успыхнуў у 1911 годзе, калі немцы адправілі сваіх кананераў у Агадзір, у адказ на ўвод французскіх войскаў у сталіцу Марока, горад Фес. Гэтыя войскі павінны былі абараняць еўрапейскіх жыхароў Феса ад мараканцаў, патрабуючых незалежнасці. Аднак Германія палічіла гэта парушэннем Альхесірасскага пагаднення. Англія зноў заняла бок Францыі і засцерагла Германію ад неразважлівых крокаў. Германія атрымала частку Французскай Экватэрыяльнай Афрыкі, а Францыя атрымала поўны пратэктарат над Марока.

Тым часам на Балканах успыхнулі дзве вайны, пад час якіх Грэцыя, Сербія і Балгарыя спачатку занялі амаль усю еўрапейскую тэрыторыю Турцыі, а пасля прыняліся дзяліць паміж сабою здабытую тэрыторыю (Грэцыя, Сербія і Румынія супраць Балгарыі). Таксама абвастраліся аўстра-сербскія стасункі, у прыватнасці Аўстра-Венгрыя вымусіла сербаў саступіць некаторыя тэрыторыі, здабытыя падчас нядаўніх балканскіх войн.

Сараеўскае забойства

правіць
 
Гаўрыла Прынцып

28 чэрвеня 1914 года эрцгерцаг аўстрыйскі Франц Фердынанд, нашчадак аўстрыйскага стальца, быў застрэлены ў баснійскім Сараеве. На той час Боснія была заселена шматлікімі этнічнымі сербамі. Забойцам быў Гаўрыла Прынцып — сербскі нацыяналіст, які належаў да тэрарыстычнай арганізацыі «Чорная рука». Адразу пасля забойства Германія выказала падтрымку Аўстра-Венгрыі ў любых дальнейшых дзеяннях, тым самым правакуючы яе на ваенны канфлікт з Сербіяй. Між тым Францыя выказала падтрымку Расіі. Аўстра-Венгрыя, інфармаваная, што ініцыятарам забойства быў сербскі ўрад, выдвінула Сербіі непрымальны ўльтыматум, які фактычна пазбаўляў краіну суверэнітэту. Сербія пагадзілася амаль на ўсе пункты, у тым ліку адмаўлялася ад любых правоў на Боснію і давала згоду на ўласнае аўстрыйскае расследаванне сараеўскага забойства, аднак адхіліла запыт, паводле якога аўстрыйская паліцыя мела права дзейнічаць у сваіх інтарэсах на тэрыторыі Сербіі. Аўстра-Венгрыя палічыла адказ нездавальняючым.

Пачатак вайны

правіць

28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. 29 ліпеня Расія яб’яўляе частковую мабілізацыю, але толькі супраць Аўстра-Венгрыі, і ў якасці крока падтрымкі Сербіі. Аднак пасля абвяшчае ўсеагульную мабілізацыю. 31 ліпеня Германія пагражае Расіі вайной у выпадку далейшага правядзення поўнай мабілізацыі. У дадатак Францыя таксама абвяшчае ўсеагульную мабілізацыю. 1 жніўня Другі Рэйх аб’явіў вайну Расіі, а двума днямі пазней — Францыі. Нямецкае ўварванне ў Бельгію, са скасаваннем яе незалежнасці, вымусіла Брытанію 4 жніўня абвясціць вайну Германіі. Да вайны таксама далучылася Японія, якая мела дамову з Англіяй. 6 жніўня Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Расійскай імперыі.

Развіццё падзей

правіць

Першыя ваенныя дзеянні пачаліся ў Афрыцы і Ціхаакіянскім рэгіёне, у калоніях і залежных тэрыторыях еўрапейскіх краін. 8 жніўня 1914 года злучаныя брытанскія і французскія сілы нанеслі ўдар па нямецкаму пратэктарату Тога, што ў Заходняй Афрыцы. Пасля, 10 жніўня нямецкія войскі атакавалі Паўднёвую Афрыку — частку брытанскай каланіяльнай імперыі. Новая Зеландыя (адзін з англійскіх дамініёнаў), 30 жніўня акупавала нямецкія астравы Самоа (дакладней іх заходнюю частку)[заўв 1]. 11 верасня, для падтрымкі Рэйха, аўстралійскі ваенна-марскі флот і сухапутныя сілы высадзіліся на востраве Новая Памеранія (сёння Новая Брытанія), які з’яўляўся часткай нямецкай Новай Гвінеі. На працягу некалькіх месяцаў сілы Антанты або выціснулі, або прынялі капітуляцыю ад усіх нямецкіх войск размешчаных у Ціхаакіянскім рэгіёне (большасць астравоў была занята Японіяй). Войска Рэйха аказала жорсткае супраціўленне толькі ў некаторых рэгіёнах Афрыкі (галоўным чынам на тэрыторыі сучаснай Танзаніі).

 
Нямецкія салдаты адпраўляюцца на фронт. Надпіс на вагоне «З Мюнхена праз Мец у Парыж»

У Еўропе арміі цэнтральных дзяржаў Германіі і Аўстра-Венгрыі пакутавалі ад адсутнасці супрацоўніцтва паміж штабамі ваеннай выведкі, і таму часта саюзнікі нават не ведалі аб узаемных планах дзеянняў. Спачатку Германія гарантавала падтрымку аўстрыйцам падчас уварвання Аўстра-Венгрыі ў Сербію, аднак абяцанні не перараслі ў рэальныя дзеянні. Аўстра-Венгрыя спадзявалася, што Германія здолее забяспечыць абарону паўночнай мяжы ад Расіі. Аднак нямецкае ваеннае кіраўніцтва найперш разлічвала ўсімі сіламі атакаваць заходні фронт, то бок — Францыю. Гэтыя ўзаемныя непаразуменні прывялі да перафармавання аўстрыйскай арміі з поўдня на поўнач, каб супрацьстаяць расійскаму войску. Аднак пры ракіроўцы 12 жніўня аўстрыйцы натрапілі на сербскія сілы і, распачаўшы бітву, былі пераможаны.

З цягам часу сербы занялі відавочна абарончую пазіцыю у адрознені ад аўстрыйцаў, якія 16 жніўня спрабавалі прабіць сербскія гарнізоны. Падчас аднаго з жорсткіх начных баёў сербы нечакана атрымалі падтрымку пад кіраўніцтвам Сцепа Сцепановіча. Праз тры дні аўстра-венгры былі вымушаны адступіць за Дунай, нясучы пры гэтым вялікія людскія страты ў 21000 чалавек, пры 16000 з сербскага боку. Гэта была першая вялікая перамога Антанты з пачатку вайны. Аўстрыйцы не здолелі дасягнуць галоўнай мэты — ліквідацыі паўднёвага фронту. Выявілася, што без нямецкай дапамогі Аўстра-Венгрыя не зможа весці вайну на два бакі (з Сербіяй і Расіяй).

Нямецкі план прадугледжваў накіраваць усе сілы на Францыю, каб у хуткім часе пазбавіць яе ўдзелу ў вайне. А затым накіраваць усю армію супраць Расіі. Згодна плану Шліфена напад на Францыю павінны быў адбыцца з поўначы, праз тэрыторыю Бельгіі. У мэтах выканання плана нямецкае кіраўніцтва даслала бельгійскаму ўраду ноту, у якой змяшчала патрабаванне на дазвол знаходжання нямецкіх войск на тэрыторыі Бельгіі. Бельгійскі ўрад адмовіў немцам, у адказ на што войска Германіі ўварвалася ў краіну, захапіўшы пры гэтым Люксембург. Немцы не прадугледжвалі моцнага супрацьстаяння, якое яны сустрэлі каля горада Ліеж, дзе знаходзілася ваеннае ўмацаванне. Імператарская армія, аднак, не зважаючы на бельгійскі супраціў прасоўвалася ў кірунку Францыі. Вялікабрытанія ў дапамогу свайму саюзніку выслала экспедыцыйны корпус, які накіраваўся на ўсход. 21 жніўня 1914 года быў забіты першы брытанскі салдат. Адбылося гэта паблізу Монса.

Заходні фронт

правіць

1914 год — нямецкае ўварванне ў Бельгію і Францыю

правіць
 
Заходні фронт, 1914 год

Першай бітвай на тэрыторыі Бельгіі была аблога Льежа, якая працягвалася з 5 па 16 жніўня. Пасля падзення гарадской крэпасці бельгіскае войска адступіла ў кірунку Антверпена і Намюра. Асноўнае нямецкае войска, якое імкнулася прарвацца на тэрыторыю Францыі, абмінула бельгійскую армію, якая стала цяпер сур’ёзнай пагрозай для нямецкага тылу. З гэтай прычыны горад Намюр быў узяты ў аблогу, якая цягнулася з 20 па 23 жніўня.

Французскі наступальны план (План XVII) прадугледжваў здабыццё Эльзаса і Латарынгіі. 14 жніўня пачалося ажыццяўленне плана праз атаку французаў на Сарбур у Латарынгіі і Мюлуз у Эльзасе. Французы здолелі здабыць першы горад і дайсці да ракі Саар, аднак пазней яны былі адкінуты з гэтага рэгіёна. Ужо 20 жніўня нямецкай контратакай быў захоплены Сарбур. Акрамя таго, першапачаткова здабыты французскім войскам Мюлуз, быў пакінуты імі з-за пагрозы знішчэння латарынгскіх ваенных аддзелаў.

 
Нямецкія салдаты на бельгійскай мяжы

Пасля перасячэння Бельгіі і Люксембурга кайзераўская армія падступіла да граніцы Паўночнай Францыі, дзе сутыкнулася з аб’яднаным войскам французаў і брытанцаў. Пачаўся шэраг памежных бітваў. Асноўныя баі разгарнуліся ў раёне Шарлеруа і Монс. Пасля шэрага параз урад саюзнікаў абвясціў генеральнае адступленне, падчас якога адбыліся бітвы пры Ле-Като, першая бітва на Марне і аблога Мабёжа.

Перадавыя нямецкія батальёны знаходзіліся ўжо на адлегласці 70 км ад Парыжа, як нечакана два корпусы былі пераведзены ва Усходнюю Прусію[заўв 2], што значна паслабіла наступ на французскую сталіцу. У гэтай сітуацыі немцы былі вымушаны адступіць на поўнач ад ракі Эна, дзе войска і замацавалася. Такім чынам з гэтага моманту на Заходнім фронце пачынаецца статычнае вайна, якая працягнецца яшчэ тры гады. За гэты перыяд была вельмі моцна развіта сістэма траншэй і акопаў, якія цягнуліся ад Ла-Манша да швейцарскай мяжы.

1915 год

правіць
 
Заходні фронт 1915—1916

Лінія фронту цягнулася паміж паўночным узбярэжжэм і Вагезамі, і насіла імя Наён (ад назвы захопленага немцамі тутэйшага горада). Брытанцы імкнуліся прарвацца з поўначы і рухацца ў кірунку Артуа, у той час калі французы атакавалі б Шампань. 10 сакавіка сілы саюзнікаў распачалі вялікі наступ. Англійскае войска рушыла ў атаку, імкнучыся авалодаць узвышшам Аўберс. Атаку праводзілі чатыры дывізіі, займаючы тэрыторыю шырынёй каля трох кіламетраў. Перад наступам нямецкім пазіцыі апынуліся пад шчыльным артылерыйскі абстрэлам, які цягнуўся паўгадзіны. Пачатак аперацыі суправаджаўся поспехам: ужо праз чатыры гадзіны былі захопленыя бліжэйшыя вёскі. Аднак атака была прыпынена у сувязі з папаўненнем боепрыпасаў. Гэты момант дазволіў немцам сцягуць рэзервы і зладзіць контратаку, дзякуючы якой было адбіта ўзвышша Аўберс. Нямецкае камандаванне імкнулася ўтрымаць нязменнай сітуацыю на фронце і адначасова рыхтавала наступ у раёне горада Іпр, які брытанцы захапілі яшчэ ў лістападзе 1914 года падчас першых сутычак у гэтым рэгіёне. Атака мела на мэце адцягнуць увагу ад галоўнага ўдару, што мусіў адбыцца на Усходнім фронце, падарваць ажыццяўленне франка-брытанскіх планаў, а таксама выпрабаваць новую зброю. Пасля двухдзённай бамбардзіроўкі, 22 красавіка 1915 года, нямецкія войскі распылілі хлорны газ, які быў знесены ветрам да брытанскіх акопаў. Зялёна-жоўтая хмара прынесла абаронцам смяротна-задушлівы эфект, сярод войску пачалася паніка. Людзі кінуліся наўцёкі, што прывяло да ўтварэння трохкіламетровага прабою ў абарончых камунікацях саюзнікаў. Аднак немцы не валодалі дастатковымі сіламі, каб выкарыстаць сітуацыю. Хутка падцягнутыя канадскія войскі здолелі ўзяць сітуацыю ў свае рукі і запаволіць падыход праціўніка. Гэтая бітва стала першай, дзе была ўжыта газавая зброя (немцы выкарысталі 168 тон атрутнага хлору), якая ўнесла 5000 жыццяў[заўв 3].

Праз два дні хімічная зброя была знoў ужыта, што прывяло да адступлення войск Антанты. Аднак і гэты поспех немцы не здолелі скарыстаць. 27 красавіка саюзнікі ўжылі новыя метады абароны ад атрутных газаў, непадалёк Іпра, пяхота 16-й ірландскай дывізіі нягледзечы на распылены хлор здолела застацца і весці абарону на сваіх пазіцыях.

Увосень 1915 года падчас баёў у небе усё часцей сталі з’яўляцца самалёты. Да гэтага моманту самалёты ўжываліся пераважна для назірання і фатаграфавання пазіцый ворага. Аднак немцы пераабсталявалі свае машыны пад знішчальнікі, усталяваўшы другому пілоту кулямёт, што дало велізарную перавагу над разведвальнымі самалётамі брытанцаў і французаў.

У верасні саюзнікі правялі новую наступальную аперацыю, французы атакавалі Шампань, брытанцы Лоас. Французскае камандаванне амаль на працягу ўсяго лета рыхтавалася да наступу, пры гэтым брытанцы занялі абарончую пазіцыю на доўгім прамежку фронта, імкнучыся прапусціць французаў наперад. Артылерыйскі абстрэл нямецкіх пазіцый распачаўся 22 верасня. Галоўны ўдар быў прызначаны на 25 верасня. Немцы прадбачылі сцэнарый наступу і былі гатовыя да атакі праціўніка: за галоўнай лініяй акопаў былі пабудаваны дадатковыя абарончыя пазіцыі, што дасягалі трох кіламетраў у глыбіню абароны. Гэта дазволіла ім затрымаць французаў, якія імкнуліся аднавіць атаку да лістапада. Таксама 25 верасня, пачалася атака брытанцаў на Лоас, якая галоўным чынам мела на мэце падтрымку наступу французаў. Брытанскай атацы папярэднічала чатырохдзённая артылерыйская выведка агнём, пад час якой было скарыстана 250000 снарадаў і больш за 5000 капсул з хлорам. Галоўныя ўдарныя сілы наступу складаліся з двух корпусаў і двух дадатковых корпусаў, якія імітавалі наступленне на Іпр. Брытанцы, распачаўшы наступленне, панеслі тут вялікія страты, дасягнуўшы нязначнага поспеху. Гэта было абумоўлена ўдалым размяшчэннем нямецкіх кулямётных разлікаў. Аднак новая атака 13 кастрычніка прынесла больш плёну.

1916 год — вайна на знясіленне

правіць

Нямецкі шэф штаба — Эрых фон Фалькенхайн сцвярджаў, што калі французы будуць працягваць несці такія вялізныя страты, гэта можа прывесці да іх знясілення і поўнай капітуляцыі. У пачатку 1916 года немцы пачалі рыхтавацца да поўнамаштабнай контратакі, сцягнуўшы ў раён Вердэна пяхоту і паветранныя сілы. Вердэн з’яўляўся добраўмацаванай крэпасцю, акружанай кальцом абарончых фартоў; суцэльны комплекс заставаўся, бадай што, апошняй перашкодай на шляху ў Парыж.

Вялікая роля адводзілася нямецкай авіяцыі, якая на пачатку вайны здолела знішчыць большасць самалётаў саюзнікаў, што давала ёй магчымасць панавання ў паветры над крэпасцю і вольнага маніпулявання нямецкіх бамбардзіроўшчыкоў і самалётаў-разведнікаў. Дзякуючы гэтаму артылерыйскі абстрэл быў досыць дакладным. Але пасля з’яўленнія ў маі ў небе над Вердэнам французскай эскадры пераследу Nieuport паветраныя сутычкі перараслі ў бітвы беспрэцэдэнтных маштабаў. Кожны з бакоў спрабаваў атрымаць кантроль у паветры, свабодна выконваць паветраную выведку і бамбардзіроўку пазіцый праціўніка.

21 лютага нямецкія войскі абрынулі на Вердэн ураганны агонь, правёўшы дзевяцігадзінны артылерыйскі абстрэл. Аднак, калі нямецкая пяхота пайшла ў атаку, спадзяючыся, што артылерыя знішчыла ўсё жывое на ўмацаваных лініях французскіх войск, яна неспадзявана сутыкнулася з інтэнсіўным агнём французаў. Немцы штораз аднаўлялі наступ. Яны пачыналі з артылерыйскай падрыхтоўкі, падвяргаючы французскія пазіцыі мацнейшаму абстрэлу. Пасля шматмесячных крывавых баёў немцы здолелі дабіцца толькі нікчэмнага прасоўвання. Авалодаць Вердэнам і прарваць французскі фронт яны так і не здолелі, нягледзечы на велізарныя страты.

Увосень французы сутыкнуліся з праблемай утрымання сваіх пазіцый. З мэтай даць адпачынак французскім войскам, якія знаходзіліся ў раздробленым стане, брытанцы арганізавалі наступленне, якое павінна было паменшыць ціск на французскі фронт, а таксама дапамагчы Расіі, яка несла вялікія страты на Усходзе. 1 ліпеня брытанцы пачалі наступ на рацэ Сома, правы фланг захоўвалі пяць французскіх дывізій. Атацы папярэднічала цяжкая сямідзённая артылерыйская бамбардзіроўка. Французскія сілы дасягнулі значных поспехаў, аднак брытанцы моцна пацярпелі з-за сваёй артылерыі, якая не здолела знішчыць ні калючы дрот, ні нямецкія акопы[заўв 4].

Саюзнікі, атрымаўшы ўрок пад Вердэнам, распрацавалі новыя тыпы самалётаў, якія былі выкарыстаны ў небе над Сомай. Іх дзейнасць дасягнула вялікіх поспехаў і вымусіла немцаў рэарганізаваць свае паветраныя сілы. З гэтага часу ў паветраных баях бралі ўдзел шмат самалётаў, а не па адной машыне, як гэта было раней.

Пасля перагрупоўкі сіл, бітвы ў рэгіёне Сомы працягваліся далей у ліпені і жніўні. Брытанцы дасягнулі значных поспехаў, нягледзечы на падмацаванне праціўніка новымі нямецкмі салдатамі. У жніўні саюзнікі змянілі тактыку атакуючых аддзелаў, выкарыстоўваючы адносна невялікія штурмавыя групы, аднак і яны не змаглі зламаць пазіцыі праціўніка. Вынікам праведзеных баёў стала ўмацаванне лініі фронту, занятай брытанцамі.

Астатняя фаза бітвы над Сомай стала першым у гісторыі эпізодам калі былі ўжыты танкі. Але тэхнічная навінка была няздольная дапамагчы саюзнікам дасягнуць значных поспехаў: танкаў была малая колькасць і яны ламаліся на поле бітвы. Вырашальная бітва на Соме адбылася ў кастрычніку і пачатку лістапада. Як вынік невялікі зрух фронту і велізарныя страты з абодвух бакоў (саюзнікі страцілі 600 000 чалавек, немцы 460 000).

Таксама, у жніўні 1916 года адбыліся значныя перамены ў Германскім вярхоўным камандванні, дзе пасля адстаўкі Фалькенхайна, кіраўніцтва прынялі прыбылыя з Усходняга фронту Паўль фон Гіндэнбург і Эрых Людэндорф. Два новых камандуючых пасля прыбыцця заявілі, што бітва пад Вердэнам і наступленне пад Сомай значна знясілілі нямецкую армію на ўсіх кірунках фронту. З гэтай прычыны яны вырашылі застацца ў стратэгічнай абароне на захадзе, аднак кіраўніцтва саюзных дзяржаў планавала нанесці ўдар у іншым месцы.

Падчас бітвы над Сомай і падчас зімы немцы пачалі будаўніцтва новых абарончых пазіцый, па-за асноўнай лініяй фронту, абарончая лінія атрымала назву Лінія Гіндэнбурга. Будаўніцтва лініі мела на мэце скарачэнне нямецкага фронту і вылучэнне пэўнай колькасці салдатаў для новых заданняў. Фартыфікацыі цягнуліся ад Араса да Сен-Кантэн. Брытанскія лётчыкі-разведчыкі даведаліся аб будаўніцтве лініі ў лістападзе 1916 года.

Аперацыя па перамяшчэнню нямецкай арміі да Лініі Гіндэнбурга атрымала назву Альберых. Яна распачалася 9 лютага і скончылася 5 красавіка 1917 года. Немцы пакунулі пасля сябе поўнасцю вынішчаны абшар, які хутка быў заняты англічанамі. Перасоўванне адбылося на адлегласць ад 10 да 50 км ад зыходнай лініі фронту. Перадыслакацыя імператарскай арміі суправаджалася частымі брытанскімі контратакамі.

6 мая Злучаныя Штаты абвясцілі вайну Германіі. Пасля затаплення трансантлатычнага лайнера Луізітанія ў 1915 годзе, немцы спынілі сваю стратэгічную праграму падводнай вайны на Атлантыцы, таму што гэта магло зацягнуць у вайну ЗША. Цяпер, з ростам незадаволенасці сярод нямецкага насельніцтва, у лютым 1917 года нямецкі штаб пастанавіў аднавіць напады на ўсе судны, якія заходзілі ў парты саюзнікаў.

Меркавалася, што дзякуючы гэтаму ўдасца вымусіць Англію пайсці не поўгадовы перапынак у вайне, у той час як амерыканскім войскам, каб стаць значнай сілай на заходнім фронце, патрабаваўся, як мінімум год. Першапачаткова падводныя лодкі наносілі велізарныя страты для гандлёвых караванаў, але пазней, у сувязі з увядзеннем вайсковых канвояў, страты былі значна зменшаныя.

 
Нямецкі генеральны штаб. Генерал фон Гіндэнбург, кайзер Вільгельм, генерал Людэндорф, Студзень 1917

Далейшыя падзеі атрымалі ў гісторыяграфіі назву па прозвішчы галоўнакамандуючага французскімі войскамі Рабера Нівеля — «Наступ Нівеля», «Бойня Нівеля» альбо «Мясарубка Нівеля». Гэтыя падзеі сталі сімбалам безсэнсоўных чалавечых ахвяр. Перад пачаткам аперацыі саюзнікі здолелі дасягнуць значнай колькаснай перавагі (4 500 000 супраць 2 700 000 германцаў). Нівель разлічваў на раптоўнасць удара, але 4 красавіка ў нямецкі палон трапіў французскі ўнтр-афіцэр з дакументамі датычнімі аперацыі. Такім чынам адцягваючы англійскі ўдар 9 красавіка пры Арасе рабіўся безсэнсоўным. У гэты ж час французы распачалі 7-12 красавіка артылерыйскую падрыхтоўку. Непасрэдна наступ пачаўся 16 красавіка і адбываўся на складанай мясцовасці. Акрамя таго немцы мелі кантроль у паветры, што перашкаджала саюзным самалётам-разведнікам карэктаваць агонь артылерыі. З вялікімі стратамі французы здолелі авалодаць 2-й лініяй нямецкіх умацаванняў, але былі адразу адтуль выбіты. Паказальна, што ў атацы бралі ўдзел 128 танкаў «Шнэйдэр», з якіх толькі 10 здолелі вярнуцца назад. 17 красавіка атака ўзнавілася і 4-я французская армія здолела авалодаць узвышшам, але гэта было бадай адзіным поспехам, нягледзячы на тое, што атакі працягваліся ажно да мая. Такім чынам германскі фронт не быў прарваны. У выніку наступу страты забітымі і параненымі склалі з французскага боку 180 000 чал., з англійскага — 160 000, а з нямецкага — 163 000 (29 000 палоннымі). Нівель страціў сваю пасаду і на яго месца быў прызначаны генерал Петэн. Безсэнсоўныя ахвяры абурылі шматлікіх французскіх салдатаў, што адмаўляліся падпарадкоўвацца і спрабавалі вярнуцца ў Парыж. Хваляванні ахапілі 54 дывізіі. У выніку Петэн пачаў жорсткую барацьбу з «непаслухмянымі» і абвясціў у ліпені аб увядзенні смяротнага пакарання за непадпарадкаванне. Людзі вярнуліся ў акопы, аднак удзельнічаць у атаках адмовіліся. Ад гэтага часу цэлы год французы знаходзіліся ў абароне, а ўвесь цяжар атак лёг на брытанцаў і іх каланіяльныя войскі.

Зімою 1917 года немцы пачалі выкарыстоўваць новую тактыку паветранага бою (паветраная школа была адкрыта ў Валансьен). Вынік — велізарныя страты сярод машын саюзнікаў, у прыватнасці брытанскіх, чые машыны састарэлі, а пілоты былі дрэнна падрыхтаваны. Немцы выходзілі пераможцамі ў большасці сутыкненняў. Падчас нападу на Арас, саюзнікі страцілі 316 машын, у параўнанні з 114 нямецкімі.

7 ліпеня брытанцы зладзілі чарговы наступ на ўзвышшах Месайнс, на поўдні ад Іпра. З 1915 года брытанскія інжынеры ажыццяўлялі падкоп траншэй і тунэляў пад умацаваннямі праціўніка. Пасля земляных прац было заложана 455 тон выбуховых рэчываў і ў ходзе чатырохдзённага артылерыйскага абстрэлу большасць выбухоўкі спрацавала, у выніку моцнага выбуху загінула 10 тысяч нямецкіх салдат. Нягледзячы на паўторны артылерыйскі абстрэл, наступленню не атрымалася выцесніць імператарскія войскі з іх лініі. Наступ стаў у тупіку з-за бруднай мясцовасці (што замінала транспарту) і ў сувязі з вялікімі стратамі.

11 ліпеня 1917 года немцы ўжылі новы спосаб газавай атакі, а менавіта кантэйнеры хімічных рэчываў. Сітуацыя вымусіла немцаў вынаходзіць больш шкодныя газы, для гэтага вельмі добра падыходзіў гарчычны газ, які ўжо ў невялікіх дозах выклікаў сур’ёзныя пашкоджанні ў выглядзе апёкаў. Акрамя таго, новы газ быў здольны захоўвацца на адным месцы цягам некалькіх дзён, што больш дэмаралізавала салдатаў суперніка. Новы газ разам з фасгенам былі скарыстаны ў вялікіх маштабах з абодвух бакоў, саюзнікі таксама пачалі павялічваць вытворчасць газу для хімічнай вайны.

25 чэрвеня 1917 ў Францыю пачынаюць прыбываць першыя амерыканскія падраздзяленні, з якіх быў сфармаваны Амерыканскі экспедыцыйны корпус. Аднак удзел у бітвах салдаты пакуль не бралі, ажно да кастрычніка. Гэтая паўза была выклікана неабходнай перадваеннай падрыхтоўкай. Але ўжо сама прысутнасць корпуса падымала маральны дух саюзнікаў. У кастрычніку аднавіліся ваенныя дзеянні ў рэгіёне Іпра, пачалася бітва пад вёскай Пашэндэйле. Дзякуючы канадскім сілам, саюзнікі здолелі захапіць вёску. Нягледзячы на вялікія страты, прагрэс быў нязначны. Не спрыяла саюзнікам і надвор’е: моцныя залевы зрабілі з поля боя непраходныя балоты. Абодва бакі падчас бітвы страцілі каля 500 000 чалавек.

20 лістапада брытанцы першы раз падчас вайны ажыцявілі напад з удзелам вялікай колькасці танкаў (бітва пры Камбрэ). Атаку здзяйснялі 12 дывізій супраць усяго 2 нямецкіх. Дзеля нечаканасці атака не суправаджалася артылерыйскім абстрэлам нямецкіх пазіцый і была ўжыта толькі дымавая завеса. На танках былі размешчаны фашыны (звязкі гялля), якімі запаўняліся нямецкія абарончыя рвы.

Толькі адна дывізія (51-я шатландская) не здолела дамагчыся пастаўленай мэты, астатняе войска дасягнула значнага прагрэсу. Брытанскія сілы прасунуліся ў глыб пазіцый непрыяцеля цягам 6 гадзін больш, чым за час трэцяй бітвы пад Іпрам, страціўшы пры гэтым толькі 4000 салдат. Аднак хуткі наступ стварыў выпукласць у брытанскай лініі, на што добра адрэагавалі немцы, зладзіўшы 30 лістапада контратаку. Яна адкінула брытанцаў на першапачатковыя пазіцыі. Нягледзячы на правал атакі, наступ палічылі ўдалым, бо выкарыстанне танкаў дазваляла з лёгкасцю пераадольваць добра ўмацаваныя акопы немцаў. Падчас бітвы немцы першы раз ужылі добра падрыхтаваныя атрады штурмавікоў.

1918, апошні наступ

правіць

Пасля шэрагу паспяховых акцый саюзнікаў Людэндорф бачыў выратаванне сітуацыі ва ўсеагульным наступе па ўсёй лініі заходняга фронту, прычым пачаць наступ было неабходна вясной, да таго часу, як амерыканскія сілы пачнуць адыгрываць значную ролю. Тым часам 3 сакавіка 1918 года ў Брэсце кайзераўская Германія падпісала мірны трактат з бальшавіцкай Расіяй, паводле якога апошняя абвяшчала аб аднабаковым выхадзе з вайны. Гэтая падзея мела велізарнае значэнне, бо дазваляла немцам перавесці на захад 44 дывізіі. Цяпер 173 дывізіям саюзнікаў супрацьстаялі 192 нямецкія.

Нямецкая армія паспяхова ажыццяўляла новую тактыку, выпрабаваную на ўсходнім фронце: саюзнікі цярпелі ад праблем з адсутнасцю адзінага кіравання, слабога маральнага духа і недахопу новых папаўненняў.

Людэндорф імкнуўся найперш ударыць па брытанскім пазіцыям, каб адцясніць іх ад французскіх войскаў і парушыць сувязь саюзнікаў з марскімі партамі на поўначы, адкуль прыходзіла амерыканская дапамога. Наступленне ўзначалілі штурмавікі, падмацаваныя шматлікай артылерыяй і авіяцыяй. Таксама быў ужыты атрутны газ. Агулам на працягу 8-мі дзён немцы вымусілі брытанскія і французскія сілы адыйсці далёка на захад. Аперацыя, названая імем Міхаэль, перанесла лінію фронту амаль на 100 км і дазволіла немцам упершыню, пасля 1914 года, бамбардраваць Парыж.

У выніку няўдачы саюзнікі вырашылі стварыць адзінае камандаванне, якое ўзначаліў маршал Фердынанд Фош — галоўнакамандуючы саюзнікаў з гэтага моманту. Дзякуючы гэтаму значна палепшылася ўзаемадзеянне паміж брытанскай, французскай і амерыканскай арміямі.

Першую перамогу войскі ЗША атрымалі каля Кантыньі. Цягам лета ў Францыю прыбывалі 300 000 вайскоўцаў штомесячна, і пад канец лістапада гэтая лічба перавысіла 2 000 000 чалавек. Павелічэнне прысутнасці амерыканцаў на полі бою ў значнай ступені перашкодзіла немцам хутка перагрупаваць свае сілы.

У ліпені Фош вырашыў распачаць вялікі наступ ў раёне ракі Марна, аднак усе выпады былі блакаваны немцамі. Другі вялікі наступ адбыўся двума днямі пазней і прыйшоўся на Ам’ен, што на поўначы. Падчас атакі былі ўжыты магутныя сілы: прыкладна 600 танкаў і 800 самалётаў. Гіндэнбург назваў 8 жніўня «чорным днём у гісторыі нямецкай арміі». У верасні Першая Амерыканская армія пад камандаваннем генерала Першынга дасягнула колькасці ў 500 000 чалавек і пачала бітву пры Сент-Мішэлі. Адначасова з гэтай аперацыяй было выканана наступленне на Мейз-Арганэ. Дзякуючы гэтым дзвюм атакам была адбіта тэрыторыя плошчай 500 км².

Пасля 4 гадоў цяжкіх сражэнняў нямецкае войска была моцна знясілена, пачаў адчувацца недахоп ваеннай тэхнікі. Акрамя таго, супольнасць моцна стамілася ад працяглай вайны. Паразы ішлі адна за адной, і нават буйныя нямецкія групіроўкі пачалі здавацца, не выяўляючы аніякага жадання змагацца. Калі саюзнікі з вялікімі стратамі зламалі абарону немцаў, Германская Імперыя пакрысе наблізілася да канца свайго існавання. Галоўнакамандуючыя Гіндэнбург і Людэндорф падалі ў адстаўку. Аднак сутычкі на фронце працягваліся. Канец ім быў пакладзены Германскай рэвалюцыяй, што прывяло да ўтварэння новага ўрада ў Берліне, які 11 лістапада 1918 года падпісаў акт аб спыненні вайны.

Усходні фронт

правіць
 
Усходні фронт, 1914 год

Усходне-Пруская аперацыя

правіць

На Усходнім фронце вайна пачалася з Усходне-Прускай аперацыі. Германія пачынала вайну на два фронту. 17 жніўня руская армія перайшла мяжу, пачаўшы наступ на Усходнюю Прусію. 1-я руская армія рушыла на Кенігсберг з усходу ад Мазурскіх азёраў, 2-я армія — з захаду ад іх. Першы тыдзень дзеянні рускіх армій былі паспяховымі, саступаўшыя па колькасці немцы паступова адыходзілі. Аднак рускае камандаванне не здолела скарыстаць гэтую сітуацыю, што дало кайзераўскім войскам магчымасць зладзіць наступ. 26-30 жніўня падчас бітвы пад Таненбергам, 2-я армія генерала Самсонава была цалкам разбіта, значная частка трапіла ў палон. Пасля гэтага 1-я руская армія, знаходзячыся пад пагрозай акружэння, была вымушана з баямі адыйсці на зыходную пазіцыю. Адыход скончыўся 16 верасня. Дзеянні кіраўніцтва 1-й арміі палічылі няўдалымі, што стала першым эпізодам характэрнага ў далейшым недаверу да ваеннага камандавання.

Галіцыйская бітва

правіць

18 жніўня пачалася Галіцыйская бітва — вялікая па маштабе задзейсненных сіл бітва паміж рускімі войскамі Паўднёва-Заходняга фронту (5 армій) пад камандаваннем генерала Іванова і чатырма аўстра-венгерскімі войскамі пад камандаваннем эрцгерцага Фрыдрыха. Рускія войскі перайшлі ў наступленне па шырокаму (450—500 км) фронту, маючы мэтай наступу Львоў. Баявыя дзеянні, якія адбываліся па даўжыні ўсяго фронту, падзяліліся на шматлікія асобныя аперацыі, якія суправаджаліся як наступамі, так і адступленнямі абодвух бакоў.

Польскі кірунак

правіць
 
Рускія салдаты

Абставіны ў паўднёвай частцы руска-аўстрыйскай мяжы спачатку складаліся неспрыяла для рускай арміі. Да 1 — 2 верасня рускія войскі адступілі на тэрыторыю Польскага Царства, да Любліна і Холма. Дзеянні ў цэнтры фронту аказаліся няўдалымі для Аўстра-Венгрыі. Наступ рускіх пачаўся 19 жніўня і развіваўся вельмі хутка. Пасля першага адступлення аўстра-венгерская армія аказала моцнае супраціўленне на рубяжах рэк Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа, але вымушаная была адступіць. Рускае войска 3 верасня заняло Львоў, 4 верасня — Галіч. 11 верасня пачалося агульнае адступленне аўстрыйскай арміі. Руская армія, захоўваючы шпаркі тэмп наступу, у самы кароткі тэрмін захапіла велізарную стратэгічна важную тэрыторыю — Усходнюю Галіцыю і частку Букавіны. 26 верасня фронт стабілізаваўся на прамежку 120—150 км на захад ад Львова. Моцная аўстрыйская крэпасць Перамышль апынулася ў аблозе ў тыле рускай арміі. Аўстра-Венгрыя страціла ўпэўненасць у моцы свайго войска і ў далейшым не рызыкавала распачынаць буйныя аперацыі без дапамогі германскіх войскаў.

Пасля таго, як рускае наступленне ва Усходняй Прусіі правалілася, Германія магла наступаць толькі ў польскім кірунку, на поўдзень, каб фронт не рассекся на дзве часткі. Апрача гэтага поспех наступу ў паўднёвай частцы Польшчы мог паспрыяць поспеху на Аўстра-Венгерскім напрамку. 28 верасня наступам германцаў распачалася Варшаўска-Івангарадская аперацыя. Наступленне ішло ў паўночна-ўсходнім напрамку, маючы на мэце Варшаву і крэпасць Івангарад. 12 кастрычніка немцы выйшлі да ракі Віслы. 20 кастрычніка рускія пачалі пераходзіць Віслу, а 27 кастрычніка германская армія пачала агульнае адступленне. 8 лістапада немцы, не дамогшыся станоўчага выніку, адышлі на першапачатковыя пазіцыі, а 11 лістапада распачалі паўторны наступ ў тым жа паўночна-ўсходнім кірунку (Лодзінская аперацыя). Цэнтрам бітвы стаў горад Лодзь, захоплены і пакінуты германцамі некалькімі тыднямі раней. Вынікі баёў былі невыразнымі — рускія здолелі адстаяць Лодзь і Варшаву, але ў той жа час Германія захапіла паўночна-заходнюю частку Польшчы. Лінія фронту цягнулася амаль 1200 км і знаходзілася блізу даваенных межаў.

1915 год

правіць

У маі 1915 года нямецкае камандаванне ўзяло на сябе кіраванне ўсходнім фронтам, вылучыўшы дадатковыя часткі для запаўнення прагалаў у аўстрыйскай арміі. 2 мая пачалося Горліцкае наступленне. Удар атрымаўся сакрушальным, немцы здолелі прарваць умацаванні і трапілі ўглыб тэрыторыі, захапіўшы Пшэмышль і Львоў. Пасля грубых памылак рускага камандавання, расійскі фронт на поўдні быў амаль знішчаны, узнікла пагроза страты польскіх земляў. 5 жніўня немцы занялі Варшаву, а пад канец лета крэпасці, Модлін, Брэсцкую, Асавецкую, крэпасці ў Коўне і Вільні. У верасні, новаўтвораная нямецкая 12 армія, пад камандаваннем генерала Макса фон Гальвіца атакавала Курляндыю, рухаючыся ў кірунку Рыгі. Аднак на канец верасня руская армія ачуняць і стварыла новую лінію ўмацаванняў. Неўзабаве пасля гэтых падзей, цар Мікалай II асабіста ўзначаліў кіраўніцтва імпаретарскім войскам, што ў далейшым выклікала блытаніцу.

Пад канец 1915 года лінія фронту ішла ад Рыжскага заліва, праз Баранавічы, Цярнопаль, Каменец-Падольскі, землі Польшчы, Літвы, Латвіі, Заходняй Беларусі і Украіны. Амаль 2 мільёны рускіх салдат загінулі, страты Аўстрыі і Германіі склалі 1 000 000 вайскоўцаў. Пасля поспехаў Германіі і Аўстрыі на усходнім фронце, на бок Цэнтральных дзяржаў перайшлі Балгарыя і Турцыя. Спроба ўтварэння калідору для зносін паміж Антантай з Расіяй праз Дарданэлы скончылася няўдачай: аперацыя брытанскіх і аўстралійскіх дэсантных войск у бітве пад Галіполі пацярпела фіяска.

1916 год

правіць

У 1916 г. Цэнтральныя дзяржавы актыўных дзеянняў на Усходнім Фронце не планавалі. У сваю чаргу, саюзнікі па Антанце рыхтавалі скаардынаваны наступ і на Захадзе і на Усходзе.

Пасля пачатку германскага наступу на Захадзе французы звярнуўся да рускага камандавання каб тыя зладзілі ў сакавіку адцягвальны ўдар. 16 сакавіка генерал Аляксееў распачаў наступ рускіх армій ля возера Нарач у Беларусі. Германскае камандаванне пачало сцягваць рэзервы да небяспечнага ўчастку і гэтым спыніла атакі на французскі Вердэн. У выніку немцы здолелі утрымаць пазіцыі ля Нарачы.

Рускае кіраўніцтва запланавала наступ пад камандванннем Аляксея Брусілава (гл. Брусілаўскі прарыў). У адрознені ад папярэдняй аперацыі, кампаніі Брусілава папярэднічала працяглая падрыхтоўка, таксама ўпершыню былі ўжыты спецыяльныя ўдарныя групы. З дапамогай саюзнікаў з захаду і павелічэннем прамысловай вытворчасці, рускія здолелі кампенсаваць страты, панесеныя ў папярэдніх баях. Тым не менш першапачатковыя поспехі былі выкарыстаны не найлепшым чынам з-за пастаянных непаразуменняў паміж камандуючымі і перабоямі ў пастаўках харчавання.

4 чэрвеня 1916 года чатыры арміі Брусілава: 8-я, 11-я, 7-я і 9-я, прарвалі нямецкія пазіцыі і трапілі далёка ўглыб тэрыторыі праціўніка, захапіўшы 13 000 палонных. Наступ, які цягнуўся два месяцы, паспрыяў моцнаму паслабленню аўстра-венгерскай манархіі. У гэты момант, да вайны на баку Антанты далучаецца Румынія, якая замест утварэння пазіцыйнай абароны, напала на Трансільванію, у разліку на лёгкую перамогу. Гэтую памылку скарысталі немцы, зладзіўшы разбуральную контраатаку і акупаваўшы ўсю тэрыторыю Румыніі. Германія і Аўстрыя здабылі каштоўныя рэсурсы каменнага вугля, а таксама правізію для войска, аднак арміям гэтага дзяржавам дадалося яшчэ 180 км лініі фронту.

Брусілаў, выконваючы кіраванне з Пецярбурга, аднавіў атаку, нягледзечы на рост страт. У верасні наступ яшчэ працягваўся і быў спынены толькі пасля заняцця Букавіны ў Галіцыі. Але поспех меў высокі кошт, страты наблізіліся да 1 000 000 чалавек. У дадатак ваенная прамысловасць не спраўлялася з патрэбамі арміі, якія увесь час павялічваліся. 

Усе гэтыя падзеі прывялі да ўздыму народных хваляванняў у Расіі і Аўстра-Венгрыі. Насельніцтва гэтых краін моцна пацярпела ад вайны і знаходзіліся ў цяжкім эканамічным становішчы, што адыграла адмоўную ролю і на маральным стане армій.

Балканскі фронт

правіць
 
Адступленне сербскай арміі праз Албанію, 1915 год

На сербскім фронце справы для аўстрыйцаў ішлі няўдала. Нягледзячы на вялікую колькасную перавагу, ім удалося заняць памежны Белград толькі 2 снежня, але 15 снежня сербы адбілі горад і пагналі аўстрыйцаў са сваёй тэрыторыі. Хоць патрабаванні Аўстра-Венгрыі да Сербіі і былі непасрэднай прычынай пачатку вайны, менавіта ў Сербіі ваенныя дзеянні 1914 года шлі досыць млява.

Да восені на Балканах не назіралася ніякай актыўнасці. Пасля завяршэння ўдалай кампаніі па выцісканню рускіх войскаў з Галіцыі і Букавіны, аўстра-венгры і германцы змаглі перакінуць на Балканы вялікую колькасць войскаў. У той жа час меркавалася, што Балгарыя пад уражаннем поспехаў Цэнтральных дзяржаў далучыцца да вайны на іх баку. У такім выпадку маланаселеная Сербія з невялікай арміяй трапіла б у акружэнне з двух франтоў. Англа-французская дапамога падыйшла з вялікім спазненнем — толькі 5 кастрычніка войскі сталі сыходзіць на бераг ў Салоніках. Расія, усваю чаргу, не здолела дапамагчы: нейтральная Румынія адмовілася прапусціць рускія войскі. 5 кастрычніка пачалося наступленне Аўстра-Венгрыі, а 14 кастрычніка Балгарыя абвясціла вайну краінам Антанты і пачала ваенныя дзеянні супраць Сербіі. Войска сербаў, англічан і французаў колькасна саступала сілам праціўніка больш чым у 2 разы і не мела шанцаў на поспех.

Да канца снежня сербскія войскі пакінулі тэрыторыю Сербіі, адступіўшы ў Албанію, адкуль у студзені 1916 г. іх рэшткі былі эвакуаваны на востраў Корфу і ў Бізерту. Англа-французскія войскі ў снежні адышлі на тэрыторыю Грэцыі, дзе змаглі замацавацца, утварыўшы Саланікійскі фронт па мяжы Грэцыі з Балгарыяй і Сербіяй. Войскі Сербскай арміі (150 000 чал.) былі захаваны і вясной 1916 ўзмацнілі Саланікійскі фронт. Уступленне Балгарыі ў вайну і падзенне Сербіі адкрыла для Цэнтральных дзяржаў прамыя зносіны па сушы з Турцыяй.

Краіны ўдзельніцы

правіць

Цэнтральныя дзяржавы:

  Аўстра-Венгрыя
  Германская імперыя
  Асманская імперыя
  Балгарыя1915)
  Італія (удзельнічала ў вайне на баку Антанты з 1915 года, нягледзячы на тое, што была членам Траістага саюза)

Саюзнікі (Антанта):

  Францыя
  Брытанская імперыя
  Расійская імперыя
  Італія1915)
  ЗША1917)
  Японія1917)
  Сербія1917)

Члены Антанты (падтрымалі Антанту ў вайне): Чарнагорыя, Бельгія, Грэцыя, Бразілія, Кітай, Афганістан, Куба, Нікарагуа, Сіям, Гаіці, Ліберыя, Панама, Гандурас, Коста-Рыка

Камандуючыя

правіць

Камандуючыя Антанты

правіць

  вялікі князь Мікалай Мікалаевіч
  Мікалай II
  Міхаіл Васільевіч Аляксееў
  Аляксей Аляксеевіч Брусілаў
  Лаўр Георгіевіч Карнілаў
  Аляксандр Фёдаравіч Керанскі
  Мікалай Мікалаевіч Духонін
  Мікалай Васільевіч Крыленка
  Раймон Пуанкарэ
  Жорж Бенжамэн Клемансо
  Жазэф Жак Сезар Жофр
  Фердынанд Фош
  Рабер Жорж Нівель
  Анры Філіп Петэн
  Георг V
  Герберт Генры Эсквіт
  Дэвід Лойд Джордж
  Дуглас Хейг
  Джон Рашуорт Джэліка
  Гарацыа Герберт Кітчэнер
  Віктар Эмануіл III
  Луіджы Кадорна
  Арманда Дыяз
  прынц і герцаг Луіджы Амедэа
  Томас Вудра Вільсан
  Джон Джозаф Першынг

Камандуючыя Цэнтральных дзяржаў

правіць

  Франц Іосіф I
  Карл I
  Франц Конрад фон Гётцэндорф
  Артур Арц фон Штраўсенбург
  Вільгельм II
  Эрых фон Фалькенгайн
  Паўль фон Гіндэнбург
  Хельмут Іаган Людвіг фон Мальтке (Малодшы)
  Райнгард Шэер
  Эрых Фрыдрых Вільгельм Людэндорф
  кронпрынц Рупрэхт
  Мехмед V
  Мехмед VI
  Энвер-паша
  Мустафа Кемаль Атацюрк
  Фердынанд I
  Уладзімір Вазаў
  Нікола Жэкаў
  Георг Стаянаў-Тодараў

Беларусь у гады Першай сусветнай вайны

правіць
 
Фронт на лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск

Згодна з распрацаванымі планамі ваенных дзеянняў Германія разлічвала спачатку разбіць Францыю, а затым Расію. Уварваўшыся праз тэрыторыю нейтральнай Бельгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжа. Расія планавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданэлы.

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 000 палоннымі, забітымі і параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў.

Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна-Вільня-Менск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Ліду, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага перасунулася з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй. Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія, губерні былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура.

У сувязі з наступленнем германскіх войск на ўсход рушыў вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек). На захопленай Германіяй тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя ваенныя павіннасці. На абаронныя працы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову ваенных аб’ектаў і г.д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, харчавання і фуражу. У Віцебскай губерні з 1 чэрвеня 1914 г. да 1 чэрвеня 1915 г. было рэквізавана 120 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5 %.

Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. Сёння дзеліца на Заходняе Самоа і Амерыканскае Самоа
  2. У сувязі з наступленнем расійскага войска
  3. Ужыванне газавай зброі было забаронена канвенцыяй у 1899 годзе
  4. Страты брытанцаў у першы дзень бітвы налічвалі каля 57 тыс. чалавек.

Крыніцы

правіць
  1. а б Evans, David. Teach yourself, the First World War, Hodder Arnold, 2004.p.188
  2. Adam Stankiewicz: Geneza wybuchu I wojny światowej (pol.). konflikty.pl, 21-02-2009. [dostęp 7-06-2010].

Літаратура

правіць
  • Беларусь у Першай Сусветнай вайне: Гіст. нарыс / Юры Весялкоўскі; [Рэд. А.Мірановіч]. — Беласток; Лондан, 1996. — 361 с. (Бібліяграфія: С. 359—361).