Нікарагуа

краіна ў Цэнтральнай Амерыцы

Нікарагуа (ісп.: República de Nicaragua [reˈpuβlika ðe nikaˈɾaɣwa]) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы. Мяжуе з Гандурасам на поўначы і Коста-Рыкай на поўдні, з захаду амываецца Ціхім акіянам, а з усходу — Карыбскім морам.

Рэспубліка Нікарагуа
República de Nicaragua
Герб Нікарагуа
Сцяг Нікарагуа Герб Нікарагуа
Дэвіз: «En Dios Confiamos (На Бога спадзяемя)»
Гімн: «Salve a ti»
Дата незалежнасці 28 верасня 1821 (ад Іспаніі)
Афіцыйная мова іспанская
Сталіца Манагуа
Найбуйнейшы горад Манагуа
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Даніэль Артэга
Амар Халсевенс
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
95-я ў свеце
129 494 км²
8,0 [1]
Насельніцтва
• Ацэнка (2009)
Шчыльнасць

5 742 300 [2] чал.
44,04 чал./км²
ВУП
  • Разам (2009)
  • На душу насельніцтва

$6,149 млрд дол.  (136-ы)
$1070,8 дол. [3]
ІРЧП (2011)  0,589[4] (сярэдні) (129-ы)
Валюта Кордаба
Інтэрнэт-дамен .ni
Код ISO (Alpha-2) NI
Код ISO (Alpha-3) NIC
Код МАК NCA
Тэлефонны код +505
Часавыя паясы -6
Карта краіны
Рэльеф

Геаграфія

правіць

Рэльеф

правіць

Нікарагуа знаходзіцца ў Цэнтральнай Амерыцы паміж Ціхім акіянам і Карыбскім морам. Амаль палову тэрыторыі займае паўночнае нагор'е, якое з'яўляецца працягам горнай сістэмы суседняга Гандураса і ўяўляе сабою складаную сістэму адгор'яў і геалагічных напластаванняў. Тут знаходзяць радовішчы золата, срэбра, цынку, жалеза і г. д. Найвышэйшы пункт краіны — гара Магатон на мяжы з Гандурасам (2107 м). Паміж рэкамі, што сцякаюць у бок Карыбскага мора, за многія тысячагоддзі ўтварыліся доўгія горныя камлюкі і плато з стромкімі схіламі. Для ложаў нікарагуанскіх рэк уласцівы шматлікія парогі і вадаспады. Рэкі нясуць з нагор'я абломкі скал, пясок, гліну, якія запаўняюць прыбярэжную нізіну, так званы Маскітавы бераг, шырынёй да 60 - 80 км. Адкладанні асадкавых парод ствараюць уздоўж усяго ўсходняга берага шматлікія водмелі і лагуны. На плыткаводдзі развіваюцца каралавыя рыфы, якія ў выніку фарміруюць астравы, найбольш вядомыя — Міскітас, Каёс-Перлас, Маіс.

Геалагічны ўзрост заходніх раёнаў значна маладзейшы. На ціхаакіянскім узбярэжжы амаль няма заліваў. Уздоўж яго цягнецца ланцуг вулканаў - усяго 23 (6 актыўных). Паміж паўночным нагор'ем і заходнім вулканічным поясам цягнецца Нікарагуанская нізіна, часткова запоўненая азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Для заходніх раёнаў характэрны частыя землятрусы. Але дзякуючы вулканам уздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа ўзнікла вузкая паласа зямлі, складзеная лававымі струменямі і выкідамі попелу. Мясцовыя глебы надзвычай урадлівыя.

Клімат

правіць

Клімат трапічны. Сярэдняя тэмпература ў Манагуа вагаецца ў межах 28—30° С. Самым спякотным месяцам лічыцца май. Нізіны і даліны ўтвараюць "Цёплую зямлю" (цьера-кальентэ. На вышыні 600 м пачынаецца цьера-тэмплада, дзе сярэдняя тэмпература ніжэй на 7—10° С, чым у нізінах. Вышэй за 1500 м знаходзіцца прахалодная цьера-фрыя (на 16—18° С ніжэй).

Значную ролю адыгрываюць пасатныя вятры, якія дзьмуць з боку Атлантычнага акіяна. На ўсходнім узбярэжжы ападкі здараюцца штодзень, а вусце ракі Сан-Хуан — адно з самых вільготных месцаў на Зямлі (6350 мм у год). У Нікарагуа вылучаюць толькі 2 сезоны - сухі верана (лета) з лістапада да канца красавіка і вільготны інв'ерна (зіма) з мая да кастрычніка. Аднак большую частку вільгаці "збіраюць" менавіта схілы паўночнага нагор'я. У Нікарагуанскай нізіне на працягу сухога сезона нават існуе патрэба ў абрашэнні культурных насаджэнняў. На заходнім узбярэжжы колькасць ападкаў зноў узрастае да 2500 мм у год.

Гісторыя

правіць

Дакалумбавы перыяд

правіць

Першыя людзі з'явіліся на тэрыторыі Нікарагуа каля 12000 гадоў таму. Мясцовыя плямёны знаходзіліся пад уплывам андскай і месаамерыканскай культур. Да прыбыцця еўрапейцаў усходнюю частку краіны насялялі продкі сучасных індзейцаў міскіта. Захад Нікарагуа быў населены паміж VI ст. і VIII ст. племям чаратэга, што перасялілася з Ч’япаса. Каля 1200 г. з цэнтральнай Мексікі ўварваліся плямёны, якія размаўлялі на мове наўатль, продкі піпіль. Нікараа, адно з гэтых плямёнаў, здолела адсунуць чаратэга[6]. Ад назвы племені паходзіць сучасная назва краіны.

Каланіяльны перыяд

правіць

16 верасня 1502 г. узбярэжжа Нікарагуа адкрыў Х. Калумб. У 1522 г. краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 г. заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Нікарагуа) і Гранада, уключылі землі Нікарагуа ў склад аўдзьенсіі (адміністрацыйна-судовая адзінка) Санта-Дамінга (1523 г.), потым аўдзьенсіі Панама (1539 г.), генерал-капітанства Гватэмала (1573 г.). У ходзе іспанскай каланізацыі большая частка індзейцаў Нікарагуа асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна міскіта, што жылі на карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Яны стварылі сваю дзяржаву, якая ў 17401860 гг. была брытанскім пратэктаратам.

Незалежнасць

правіць

Падчас вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810 — 1826 гг. Нікарагуа далучана да Мексіканскай імперыі (1822 г.), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823 г.). З красавіка 1838 г. самастойная рэспубліка. У першай палове XIX ст. тут склаліся палітычныя партыі лібералаў (асноўная падтрымка — г.Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г.Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 г. краіна стала аб'ектам эканамічнай, палітычнай і ваеннай экспансіі ЗША. З 1858 г. сталіца Нікарагуа — г.Манагуа. У 18671893 гг. уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х. С. Селая (18931909 гг.) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадзянскі шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы, садзейнічаў развіццю народнай адукацыі, пашырыў чыгуначнае будаўніцтва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Нікарагуа амерыканскага капіталу.

Акупацыя ЗША (1909—1933)

правіць

У 19121925 гг. і 19261933 гг. краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША. Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нацыянал-вызваленчага руху, які з 1927 г. узначальваў А. С. Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934 г.) і дзяржаўнага перавароту 1936 г. у краіне пачала ўсталёўвацца праамерыканская дыктатура сям’і Самоса.

Дыктатура сям'і Самоса

правіць
 
Прэзідэнт А. Самоса Гарсія (злева), і дамініканскі прэзідэнт Рафаэль Трухільё. 1952 г.

Пры прэзідэнце А. Самосе Гарсія (19361947 гг., 19501956 гг.) Нікарагуа абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снежань 1941 г.), устанавіла дыпламатычныя адносіны з СССР (1944 г.); пасля 2-й сусветнай вайны ўдзельнічала ва ўзброенай інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948 г.) і Гватэмале (1954 г.). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных сіл (з 1945 г.), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л. Самосе Дэбайле (19571963 гг.) і А. Дэбайле (19671972 гг., 19741979 гг.; абодва сыны Самосы Гарсія).

Нікарагуанская рэвалюцыя і грамадзянская вайна

правіць

Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 г. у Нікарагуа актывізаваліся апазіцыйныя сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961 г.), разгарнулі партызанскую вайну супраць Нацыянальнай гвардыі — галоўнай апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 г. прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакратычны ўрад Нацыянальнага адраджэння. 4 лістапада 1984 г. адбыліся першыя ў Нікарагуа свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдата СФНВ Д. Артэга Сааведра і С. Рамірэс. З 1981 г. спынена эканамічная дапамога з боку ЗША, у Нікарагуа з тэрыторыі Гандураса пачаліся ўварванні ўзброенных атрадаў контрас (былыя вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканамічнага крызісу, выкліканага грамадзянскай вайной (спынена ў сакавіку 1988 г.), на прэзідэнцкіх выбарах у лютым 1990 г. перамог кандыдат ад Апазіцыйнага нацыянальнага саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В. Барыяс дэ Чамора.

Пасляваенны перыяд

правіць

У 1990 г. распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандлёвыя эмбарга, але эканамічныя цяжкасці ў Нікарагуа захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 г. перамог кандыдат ад Ліберальнага альянса А. Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нацыянальнай згоды.

Цяжкі ўдар па эканоміцы і інфраструктуры краіны быў нанесены ўраганам «Мітч», які пранёсся 27 кастрычніка 1998 г.

На прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. кандыдат ад кіруючай Канстытуцыйнай ліберальнай партыі Нікарагуа Э. Баланас атрымаў перамогу і быў абраны прэзідэнтам краіны. У выбарах прынялі ўдзел звыш 2 млн выбаршчыкаў. Э. Баланас атрымаў 56 % галасоў. Яго супернікам быў лідар сандыністаў і былы кіраўнік краіны Даніэль Артэга.

У лістападзе 2006 г. прэзідэнцкія выбары выйграў Д. Артэга, атрымаўшы 38 % галасоў супраць 29 %, аддадзеных за кандыдата правых Эдуарда Мантэалегры. Удзел у выбарах прынялі ад 75 % да 80 % насельніцтва краіны, што пацвярджае левы зрух, які адбыўся ў Нікарагуа пасля 16 гадоў кіравання кансерватараў.

З сярэдзіны красавіка 2018 г. у Нікарагуа перыядычна праходзяць антыўрадавыя пратэсты. Падставай для іх паслужыла рэформа сістэмы сацыяльнага страхавання. Саступіўшы ціску, Д. Артэга яе адмяніў, але пратэсты не спыніліся. У верасні ўрад забараніў апазіцыі праводзіць пратэсты. Паводле звестак праваабаронцаў, у іх загінулі ўжо больш за 300 чал. У канцы лютага 2019 г. ўлады аднавілі мірны дыялог, пачаты пры пасярэдніцтве каталіцкай царквы ў маі мінулага года і перарваны ў ліпені[7].

Эканоміка

правіць
 
Эканомічная геаграфія Нікарагуа

Нікарагуа — адна з найменш развітых краін Цэнтральнай Амерыкі. Яе эканоміка значна пацярпела ў канцы XX ст. з-за грамадзянскай вайны. З 1990 г. праводзіліся рынкавыя рэформы, а таксама барацьба з інфляцыяй, якая дасягала 33603% у год. У першае дзесяцігоддзе XXI ст. атрымалася дасягнуць стаўкі ўсяго 9,5%. Гэта стала магчыма дзякуючы знешней фінансавай дапамозе. У 2001 г. яна складала 25% ВУП. Нягледзячы на цяжкасці, у Нікарагуа адносна невялікая колькасць беспрацоўных (3,8% у 2006 г.).

Асновай эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка, накіраваная на экспарт. Найбольш важныя сельскагаспадарчыя культуры — кава, бавоўна, цукровы трыснёг, бананы, кунжут. Для ўнутранага спажывання таксама вырошчваюць бабовыя, рыс, маніёк і г. д. На экспарт арыентавана значная частка жывёлагадоўлі. З Нікарагуа вывозіцца мармуровая ялавічына. Развіццю сельскай гаспадаркі замінаюць недахоп зямлі, годнай для апрацоўкі, а таксама цяжкасці з фінансавымі ўкладаннямі, выкліканымі невырашанасцю аграрнага пытання.

У апошнія дзесяцігоддзі значных поспехаў дасягнулі рыбалоўства і перапрацоўка рыбных прадуктаў. У экспарце расце доля амараў. Прамысловасць у значнай ступені арыентавана на ўнутраны рынак. Разам з тым, у суседнія краіны адбываецца продаж электрычнай энергіі (69340 тыс. кВт · г у 2006 г.). Сектар паслуг складае 56,8% ад ВУП. У ім занята 52% актыўнага насельніцтва. Дзякуючы рынкавым рэформам Нікарагуа паспяхова развівае гандаль, турызм і здабычу золата.

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

  1. "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.1.
  2. "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.3.
  3. "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.2.
  4. Human Development Report 2011. United Nations Development Programme (2011). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2013. Праверана August 21, 2012.
  5. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
  6. El origen de “Nicarao-agua”: la Traición y la Paz
  7. Манагуа: протесты и аресты (руск.). Euronews (17 сакавіка 2016). Праверана 18 сакавіка 2010.

Спасылкі

правіць