Пана́ма, Рэспубліка Панама (ісп.: República de Panama) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы, самая паўднёвая краіна рэгіёну. Мяжуе з Коста-Рыкай на захадзе і Калумбіяй на ўсходзе, з поўдня абмываецца Ціхім акіянам, а з поўначы — Карыбскім морам. Сталіца — Горад Панама. Выключна выгоднае эканоміка-геаграфічнае становішча на Панамскім перашыйку на стыку дзвюх Амерык паспрыяла таму, што менавіта ў Панаме ў пачатку XX ст. быў збудаваны суднаходны канал паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі. Канал фактычна прынёс Панаме незалежнасць і ўжо больш як 100 гадоў служыць асноўнай крыніцай даходаў.

Рэспубліка Панама
República de Panamá
Герб Панамы
Сцяг Панамы Герб Панамы
Дэвіз: «Pro Mundi Beneficio (лац. "На выгоду свету")»
Гімн: «Himno Istmeño»
Дата незалежнасці 3 лістапада 1903 года (ад Калумбіі)
Афіцыйная мова іспанская
Сталіца Панама
Найбуйнейшыя гарады Панама
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Рыкарда Марцінэлі
Хуан Карлас Варэла
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
115-я ў свеце
75 517 км²
2,9
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

3 753 142[1] чал.
49,5 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$99,430 млрд [2]  (86-ы)
$24300
Валюта Панамскі бальбоа; Панамскі долар
Інтэрнэт-дамен .pa
Код ISO (Alpha-2) PA
Код ISO (Alpha-3) PAN
Код МАК PAN
Тэлефонны код +507
Часавыя паясы -5

Этымалогія правіць

Першая версія: ад дрэва Sterculia apetala, вядомага як «дрэва панама»; паводле другой версіі, ад індзейскага слова «матылёк» — першыя пасяленцы з Еўропы прыбылі ў жніўні, калі ўзбярэжжа кішыць матылькамі; згодна з трэцяй версіяй, «панама» азначае месца, багатае рыбай.

Геаграфічнае становішча правіць

Транскантынентальная дзяржава: размешчана ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы на Панамскім перашыйку паміж Карыбскім морам і Ціхім акіянам, мяжуе з Коста-Рыкай на захадзе і Калумбіяй на ўсходзе. У Ціхім акіяне Панамме належаць астравы Койба і Жамчужныя астравы

Прырода правіць

 
Карта Панамы

Рэльеф Панамы пераважна горны. З захаду заходзіць як бы хвосцік Кардыльераў (Цэнтральная Кардыльера), на ўсходзе ўздымаюцца працягі хрыбтоў калумбійскіх Анд. Хрыбет у зоне Панамскага канала моцна эрадаваны. Найвышэйшы пункт — вулкан Бару (3475 м), які знаходзіцца ў правінцыі Чырыкі на захадзе краіны.

Клімат субэкватарыяльны; з траўня па студзень цягнецца сезон дажджоў, са студзеня па май — сухі сезон. У вільготны сезон, ды і ўвогуле на працягу года высокая вільготнасць, воблачнасць. Тэрыторыю Панамы закранаюць моцныя ўраганы.

Самая працяглая рака — Чагрэс, з рукатворным возерам Гатун ў сваёй даліне (1907—1913 пабудовы), што ўваходзіць у сістэму Панамскага канала. Найбуйнейшая рака басейна Ціхага акіяна — Рыа-Турыя, адзіная суднаходная ў Панаме.

Лясістасць Панамы, нягледзячы на актыўныя высечкі, да гэтага часу каля 40 %. Вільготныя лясы, распаўсюджаныя ў так званым Дар’енскім прабеле — працяг паўднёваамерыканскай сельвы; вільготныя трапічныя лясы растуць на Карыбскім узбярэжжы і у гарах захаду. Ціхаакіянскія схілы пакрытыя саванамі. Часта здараюцца лясныя пажары.

Натуральныя рэсурсы — медзь, драўніна, морапрадукты, маецца магчымасць будаўніцтва гідраэлектрастанцый.

Рэкі забруджваюцца сельскагаспадарчымі адходамі, якія наносяць шкоду рыбным рэсурсам. Бескантрольная высечка трапічных лясоў прыводзіць да дэградацыі зямлі, ўрадлівыя пласты глебы змываюцца дажджамі, што наносіць шкоду таксама і Панамскаму каналу.

Гісторыя правіць

 
першы прэзідэнт незалежнай Панамы — Мануэль Амадор Герэра

Тэрыторыя Панамы заселена чалавекам каля 10 тысяч гадоў назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча.

У пачатку XVI ст. заваявана іспанскімі канкістадорамі. У 1502 падчас чацвёртага плавання тут пабываў Калумб. У 1510 Васка Нуньес дэ Бальбоа заснаваў горад Партабэла (сённяшні Калон) ды калонію вакол яго і стаў губернатарам рэгіёну. У 1519 быў заснаваны горад Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 Панама была у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 — генерал-капітанства Гватэмала, у 17181723 і 17401810 — віцэ-каралеўства Новая Гранада. Неўзабаве пасля заснавання Партабэла стаў месцам перапраўкі золата інкаў ў Еўропу, прыцягваючы англійскіх піратаў ў гэтыя мясціны: Генры Морган некалькі разоў рабаваў Партабэла і ў 1671 — Панаму).

У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—1826 Панама 28 лістапада 1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 Панама — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й палове XIX ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні.

3 лістапада 1903 пасля «Тысячадзённай вайны», пры ваеннай дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (19041908) стаў М. А. Герэра. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэрыторыі краіны ад Атлантычнага да Ціхага акіянаў для будаўніцтва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала18791902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 19041914). Паводле Канстытуцыя 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы Панамы.

З канца 1950-х пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны Панамы з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы Панаме канала і яго зоны. У 1968 годзе ваенны пераварот прывёў да ўлады патрыятычную хунту на чале з генералам А. Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясцовых буйных уласнікаў. Амерыкана-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу Панаме Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амерыканскіх ваенных баз. Урад Тарыхаса праводзіў палітыку сацыяльных рэформаў, ліквідацыі непісьменнасці. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках генерала М. Нар’егі Марэны.

У снежні 1989 ЗША шляхам узброенай інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і ўзурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам Панамы абраны Э. Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. 31 снежня 1999 Панамскі канал быў урачыста перададзены Панамскай дзяржаве. З канца 1990-х ва ўладзе знаходзяцца правыя і цэнтрысцкія партыі.

Дзяржаўны лад правіць

Прэзідэнцкая унітарная рэспубліка. Дзеліцца на 10 правінцый і тры аўтаномных акругі.

Насельніцтва правіць

За апошніх 50 гадоў насельніцтва вырасла ў чатыры разы. У ХХІ стагоддзі прырост прыкметна запаволіўся і цяпер складае 1,27 % (2017)[4]

65 % насельніцтва складаюць метысы, 12 — індзейцы, 9 % — афрыканскага паходжання. Больш за 90 % панамцаў размаўляе на іспанскай мове. Каля 400 тысяч насельніцтва шануюць родныя (індзейскія) мовы. Каталіцызм вызнаюць ад 75 да 85 % насельніцтва, каля 20 % — пратэстанты.

Урбанізацыя — 75 % (найвышэйшая ў Цэнтральнай Амерыцы). Больш за палову ўсіх панамцаў пражываюць ў агламерацыі Калон-Панама.

Гаспадарка правіць

Грашовая адзінка — бальбоа (на практыцы выкарыстоўваецца долар ЗША)[5]. ВУП на душу насельніцтва — каля 24 000 даляраў (2018)[6], найбольшы ў Цэнтральнай Амерыцы. У 2010—2014 з усіх эканомік Лацінскай Амерыкі эканоміка Панамы расла з найбольшай хуткасцю. Базуецца яна на эксплуатацыі Панамскага канала (цяпер будуецца трэцяя чарга шлюзаў); а таксама на банкаўскім і страхавым сектары, рэгістрацыі судоў пад сцягам краіны (зручны сцяг) і турызме (названыя галіны сферы паслуг складаюць каля двух трацін ВУП Панамы).

Здабыча медзі і золата выклікае пратэсты эколагаў. На рацэ Чагрэс ёсць каскад ГЭС. Працуюць прадпрыемствы цэментнай, швейнай, харчовай прамысловасці.

Вырошчваюцца рыс, цукровы трыснёг, кукуруза, фасоля, клубніцы. У ніжніх цячэннях рэк — плантацыі бананаў. На ціхаакіянскім узбярэжжы развіта жывёлагадоўля. Вылаў морапрадуктаў.

Праз усю краіну, за выключэннем 87-кіламетровага ўчастка Дар’енскага прабела, праходзіць Панамерыканская шаша. Паралельна Панамскаму каналу пракладзена сучасная чыгунка.

Некаторыя цікавінкі правіць

  • TransPanama Trail (Транспанамская сцяжына) — пешы турыстычны маршрут працягласцю 1127 км, які праходзіць праз усю краіну ад мяжы з Калумбіяй да мяжы з Коста-Рыкай.
  • У зоне Панамскага канала пражывае амерыканская дыяспара, амаль спрэс служачыя УС ЗША, вядомыя як «200 % (двухсотадсоткавыя) амерыканцы» — па-іспанску яны прынцыпова не ведаюць ні слова.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.


Спасылкі правіць