Куба

астраўная краіна ў Паўночнай Амерыцы

Куба (ісп.: Cuba) — астраўная дзяржава ў паўночнай частцы Карыбскага мора. З 1959 года Кубу нярэдка называюць «Востравам Свабоды»

Рэспубліка Куба
República de Cuba
Герб Кубы
Сцяг Кубы Герб Кубы

Дэвіз: «Patria o Muerte»
Гімн: «La Bayamesa»
Дата незалежнасці 20 мая 1902 (ад ЗША)
Афіцыйная мова Іспанская
Сталіца Гавана
Найбуйнейшыя гарады Гавана, Сант’яга-дэ-Куба
Форма кіравання Сацыялістычная рэспубліка
Старшыня
Дзяржаўнага Савета
Мігель Дыяс-Канэль
Плошча
• Усяго
105-я ў свеце
109.884 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
• Перапіс (2015)
Шчыльнасць

11.147.407[1] чал.
11.239.224[2] чал.
102,3 чал./км²  (106-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2016)
  • На душу насельніцтва

$132,9 млрд[1]  (80-ы)
$11,900  (131-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2010)
  • На душу насельніцтва

$57,49 млрд  (68-ы)
$5.100  (90-ы)
ІРЧП (2015) 0,775 (88-ы)
Этнахаронім Кубінцы
Валюта Кубінскае песа ($, CUP)
Кубінскі канвертоўны песа ($, CUC)
Інтэрнэт-дамен .cu
Код ISO (Alpha-2) CU
Код ISO (Alpha-3) CUB
Код МАК CUB
Тэлефонны код +53
Часавыя паясы -5

Тэрыторыя краіны — 110,86 тыс. км². Сталіца — Гавана (2,2 млн чал.). Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне — 14 правінцый і 169 муніцыпій, адна з якіх — Хувентуд — цэнтральнага падначалення. Насельніцтва — 11,15 млн чал. (2017); гарадское — 77 %; 64 % — белыя, 26 % — мулаты, 9 % — негры. Афіцыйная мова — іспанская. Рэлігія — каталіцызм, пратэстанцтва, афра-кубінскія культы.

Адна з нешматлікіх краін свету, дзе дагэтуль пануюць марксіцка-ленінская ідэалогія, планавая эканоміка, а кіруючая роля камуністычнай партыі прапісана ў канстытуцыі.

У сусветнай гаспадарцы Куба вылучаецца экспартам тытуню, цукру, нікелю і кобальту; кваліфікаванай працоўнай сілы (пераважна ўрачоў)

Куба — член ААН, Руху недалучэння (у 2006—2009 Куба — старшыня Руху недалучэння), Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў, Лацінаамерыканскай эканамічнай сістэмы, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі, з’яўляецца назіральнікам у Карыбскай супольнасці, удзельнічае ў Ібераамерыканскім форуме.

Этымалогія

правіць

Назва «Куба», верагодней за ўсё, паходзіць з мёртвых моваў індзейцаў таіна. Дакладны сэнс назвы невядомы, ёсць пункт гледжання, што яна можа быць вытворнай ад слоў cubao, «месца, дзе ўрадлівая зямля багатая»[4], альбо coabana, «цудоўнае месца». Таксама ёсць гіпотэза, што Хрыстафор Калумб назваў востраў у гонар паселішча Куба ў раёне Бежа ў Партугаліі.

Геаграфічнае становішча

правіць

Займае востраў Куба, найбуйнейшы ў складзе Вялікіх Антыльскіх астравоў, і буйны востраў Хувентуд (2200 кв.км) на поўдзень, а таксама каля 1600 дробных выспаў і каралавых рыфаў, што прымыкаюць да іх. На паўночным захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, на паўночным усходзе — Мексіканскім залівам, а на поўдні — Карыбскім морам. Ад Гаіці аддзеленая Наветраным пралівам шырынёю 77 км, ад Ямайкі — пралівам Калон (140 км); ад Паўночнай Амерыкі — двума пралівамі: Фларыдскім (180 км) на поўначы і Юкатанскім (210 км) на паўднёвым захадзе. Самая вялікая дзяржава Вест-Індыі. Востраў, які працягнуўся з захаду на ўсход на 1250 км, нярэдка параўноўваюць з яшчаркаю, галава якой павернута да Атлантыкі, а хвост знаходзіцца ля ўвахода ў Мексіканскі заліў.

Прырода

правіць

Рэльеф Кубы пераважна раўнінны. Горы і ўзвышшы займаюць каля траціны тэрыторыі. Рэльеф паўднёва-ўсходняй часткі вострава Куба, сфармаваны ўзаемадзеяннем Карыбскай і Паўночна-Амерыканскай літасферных пліт, мае гарысты характар — горы Сіера-Маэстра працягласцю 250 км з вышэйшай кропкай краіны пікам Туркіна (1974 м.). З поўдня горы Сіера-Маэстра «падкрэслены» глыбакаводным жолабам Кайман. На Кубе паўсюдна развіты карст. Размешчаныя на захадзе вострава маляўнічыя невысокія горы Гуанігуаніка мудрагеліста расчлененыя. Тут маецца мноства карстовых пячор, буйнейшая з іх, Санта-Томас, мае разгалінаваную сетку падземных галерэй агульнай працягласцю 25 км. У даліне Віньялес, сустракаюцца так званыя «маготас» — формы трапічнага карсту, якія ўяўляюць сабой узвышшы з амаль вертыкальнымі схіламі і плоскімі вяршынямі. Берагі, як правіла, нізкія, часам забалочаныя, але ёсць і доўгія пясчаныя пляжы.

 
Даліна Віньялес

На ўсходзе значныя паклады нікеля, па запасах якога Куба займае трэцяе месца ў свеце (пасля Новай Каледоніі і Аўстраліі, 2007)[5]. Маюцца вялікія запасы кобальту (чацвёртае месца ў свеце [6]). Таксама востраў Куба валодае запасамі медзі, марганцу, кааліну, на востраве Хувентуд ёсць храміты). На шэльфе маюцца запасы нафты (сціплыя, 124 млн барэляў на 2017) і прыроднага газу (значныя, 70 млрд м³ на 2017)[1].

Клімат — трапічны пасатны, якая фарміруецца ў тым ліку і цячэннем Гальфстрым, што зараджаецца на поўнач ад Кубы. Сярэднегадавая тэмпература складае +25,5 °C. Тэмпературы самога цёплага і халоднага месяца адрозніваюцца ўсяго на 5 °C. Летні гадавы максімум ападкаў (май — верасень). Сярэдняя колькасць ападкаў складае 1400 мм[5]. На наветраных схілах гор — да 3400 мм. Асаблівасцю клімату Кубы з’яўляецца тыповая высокая вільготнасць на працягу ўсяго года. У ліпені-лістападзе нярэдкімі гасцямі становяцца ўраганы (у нашым стагоддзі найбольшыя страты прынесла Ірма, верасень 2017).

Рэкі на Кубе кароткія, нешматводныя. Найбуйнейшая рака — Каута на ўсходзе даўжынёй 370 км. Азёры пераважна лагунага тыпу, саланаватыя.

Звыш 50 % прадстаўнікоў флоры Кубы з’яўляюцца эндэмікамі. Раўніны займаюць саваны з хвоямі і каралеўскай пальмай, якая адлютравана на гербе краіны. Лясы, што пакрываюць каля 14 % тэрыторыі, захаваліся толькі ў горных і забалочаных (мангравыя лясы) раёнах. На наветраных схілах гор — трапічныя лясы (махагоні, дальбергія, кампешавае дрэва). Зрэшты, у апошнія гады, дзякуючы лесанасаджэнням, лясістасць узрасла. Жывёльны свет Кубы адносна бедны, млекакормячыя предстаўлены амаль вынішчанымі кубінскім щыліназубам і грызунамі хуціі, ёсць 23 віды кажаноў, мноства птушак (драздовыя, салаўі, калібры, ара). Сустракаюцца тэрміты і жаба-бык. У гарах Сіера-Маэстра знаходзіцца нацыянальны парк Аляксандра Гумбальта, занесены, як і даліна Віньялес, у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

Гісторыя

правіць

У даеўрапейскі час Вялікія Антыльскія астравы засялялі плямёны індзейцаў таіна. Першым з еўрапейцаў, што апынуліся тут, быў Калумб, які высадзіўся на ўсходзе архіпелага ў кастрычніку 1492 года. Насельніцтва Кубы ў XV стагоддзі складала каля 1 800 000 чалавек. Каланізацыя праходзіла ва ўмовах барацьбы з карэнным насельніцтвам вострава — індзейцамі таіна, якія складалі 75 % насельніцтва. Калумб дакладваў аб мільённым забітым індзейцы. У 1511 годзе Дыега Веласкес дэ Куэльяр падпарадкаваў карэннае насельніцтва астравоў, пабудаваў форт Баракоа і стаў першым іспанскім губернатарам Кубы. Да 1514 года было заснавана сем паселішчаў. У 1515 годзе Куэльяр перанёс штаб-кватэру ў Сант’яга-дэ-Куба, які стаў першай сталіцай Кубы. У складзе Іспанскай кароны Куба лічылася цукерняй з-за неабсяжных плантацый цукровага трыснягу, на якіх працавалі негры-рабы.

 
Бітва ля горада Dos Ríos, у якой загінуў Хасэ Марці, 1895

У 1823 годзе было задушана першае антыіспанскае паўстанне. У 1868 годзе пачалася Дзесяцігадовая вайна за незалежнасць Кубы; паўстанцы мелі падтрымку з боку ЗША. Вайна вялася толькі ва ўсходніх правінцыях, Камагуэй і Ар’ентэ. У 1878 годзе было падпісана мірнае пагадненне, якое адмяніла найбольш непрыемныя для жыхароў вострава заканадаўчыя акты. У 1895 годзе на Кубе высадзіўся атрад кубінскіх патрыётаў пад кіраўніцтвам Хасэ Марці. Гэта падзея стала адпраўной кропкай новай вайны з іспанцамі, падчас якой кубінцы дамагліся кантролю амаль над усёй тэрыторыяй вострава, выключаючы буйныя гарады. Іспанія прызнае незалежнасць Кубы ў 1898 годзе пасля паразы ў вайне з ЗША. Куба становіцца залежнай ад ЗША. У канстытуцыі было агаворана права ЗША ўвесці войскі на тэрыторыю краіны. Гэты пункт быў адменены ў 1934 годзе.

У 1933 годзе ў выніку перавароту, арганізаванага рэвалюцыянерамі на чале з сяржантам Фульхенсіа Батыста-і-Сальдзівар, быў зрынуты дыктатар Херарда Мачада-і-Маралес і ўсталяваны дэмакратычны рэжым. 10 сакавіка 1952 года Фульхенсіа Батыста ажыццявіў дзяржаўны пераварот і ўсталяваў асабістую дыктатуру. 26 ліпеня 1953 года група новых рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра паспрабавала захапіць казармы Манкада. Спроба аказалася няўдалай, і ўдзельнікі штурму патрапілі ў турмы, але штурм стаў адпраўной кропкай Кубінскай рэвалюцыі. Гэтыя падзеі пацягнулі за сабою палітычныя рэпрэсіі. У 1955 годзе рэвалюцыянеры былі амніставаныя. 2 снежня 1956 года група рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра высадзілася з яхты «Гранма» на ўсходзе вострава і пачала партызанскія ваенныя дзеянні супраць урада Батысты. 1 студзеня 1959 года дыктатар Батыста ўцёк з Кубы. У той момант паўстанцкія сілы занялі горад Санта-Клара ў цэнтры вострава і кантралявалі вялікія ўчасткі мясцовасці на ўсходзе, хоць сталіцы непасрэдная небяспека не пагражала і ў распараджэнні Батысты заставаліся значныя вайсковыя сілы. 8 студзеня калона паўстанцаў трыумфальна ўступіла ў Гавану.

 
Чэ Гевара і Фідэль Кастра, 1961

У выніку перамогі рэвалюцыі ўладу на Кубе атрымаў урад «левай» арыентацыі на чале з Фідэлем Кастра, які затым схіліўся на шлях будаўніцтва сацыялізму. Кіруючай і адзінай дазволенай партыяй краіны стала Камуністычная партыя Кубы. Урад Фідэля Кастра правёў аграрную рэформу, нацыяналізацыю прамысловых актываў, разгарнуў шырокія сацыяльныя пераўтварэнні. Гэта выклікала незадаволенасць часткі насельніцтва і адбылася масавая эміграцыя, галоўным чынам у ЗША, дзе стварылася буйная дыяспара апанентаў Кастра і яго палітыкі. Эміграцыі таксама спрыяў прыняты ў 1966 годзе Кангрэсам ЗША «Кубінскі Акт», які гарантуе пастаяннае жыхарства любому кубінцаў, які прыбыў у ЗША легальна ці нелегальна.

Адразу ж з рэвалюцыяй 1959 года пачаліся палітычныя рэпрэсіі, у першую чаргу скіраваныя супраць дзеячаў зрынутага рэжыму дыктатара Батысты і агентаў ЦРУ. У красавіку 1961 года кубінскія эмігранты пры актыўнай падтрымцы ЗША высадзілі ўзброены дэсант на паўднёвым узбярэжжы вострава з мэтай у перспектыве арганізаваць масавае выступленне супраць палітыкі новага ўрада, аднак інтэрвенцыя была хутка спынена, а чаканы сацыяльны выбух так і не адбыўся. Пасля эмігранцкія арганізацыі неаднаразова арганізоўвалі тэрарыстычныя акты і маламаштабныя дэсанты на Кубу, але без асаблівых вынікаў. У 1962 годзе Куба была цэнтральным месцам падзей Карыбскага крызісу, што лезь не прывялі свет да ядзернай вайны. З пачатку 1960-х гадоў па пачатак 1990-х Куба была саюзнікам СССР, які аказваў ёй значную фінансавую, эканамічную і палітычную падтрымку; дзейна падтрымлівала марксісцкіх паўстанцаў і марксісцкія ўрады Лацінскай Амерыкі (Пуэрта-Рыка, Гватэмалы, Сальвадора, Нікарагуа, Панамы, Балівіі, Перу, Бразіліі, Аргенціны, Чылі), Афрыкі (Эфіопія, Ангола) і Азіі, а таксама праводзіла палітыку аказання дапамогі гуманітарнага профілю розным краінам свету. У канцы 1980-х за мяжой у рамках ваенных і гуманітарных місій знаходзілася больш за 70 тыс. кубінцаў. Кастра адмоўна паставіўся да палітыкі Перабудовы ў СССР і нават забараніў распаўсюд на Кубе шэрагу савецкіх выданняў («Маскоўскія навіны», «Новы час» і інш.) і ў той жа час падтрымаў галоўнага апанента Гарбачова — Ельцына. Паводле ўспамінаў Ельцына, Кастра выказваў яму сімпатыю і ў гады апалы, і пазней, пасля яго прыходу да ўлады, нягледзячы на відавочны антысацыялістычны характар рэформаў у Расіі. Пасля распаду СССР эканамічнае становішча Кубы істотна пагоршылася (у 1990—1993 гады ВУП зменшыўся на 33 %[7]), і аналітыкі прадказвалі хуткае падзенне ўрада Кастра, аднак да 1994 году сітуацыя ў асноўным стабілізавалася.

19 лютага 2008 года праз газету «Гранма» Фідэль Кастра абвясціў пра сыход у адстаўку з пасады прэзідэнта Дзяржсавета і галоўнакамандуючага кубінскімі войскамі. «Маім дарагім суграмадзянам, якія аказалі мне каласальны гонар абраць мяне членам Парламента, у якім будуць прыняты важнейшыя для лёсу рэвалюцыі рашэнні, я паведамляю, што не намерваюся і не дам сваёй згоды на тое, каб заняць пасаду старшыні Дзяржсавета і Галоўнакамандуючага», — гаворыцца ў звароце[8]. 5 лістапада 2016 года ў 22:29 па кубінскім часе пасля працяглай хваробы Фідэль Кастра сканаў.

Прэзідэнтам Дзяржсавета стаў Рауль Кастра, які паабяцаў сысці на пенсію ў 2018 годзе[9]. 24 лютага 2019 года грамадзяне Кубы на рэферэндуме прагаласавалі за зацвярджэнне новай канстытуцыі.

Палітыка

правіць

Дзеючая Канстытуцыя была ўхваленая ўсенародным рэферэндумам 15 лютага 1976 года. У чэрвені 2002 года ў тэкст Канстытуцыі быў унесены шэраг паправак, якія замацавалі сацыялістычны выбар развіцця краіны і кіруючую ролю Кампартыі.

Вышэйшы орган дзяржаўнай улады — Нацыянальная Асамблея, якая складаецца з 609 дэпутатаў, абіраных на 5 гадоў. З ліку яе дэпутатаў фармуецца Дзяржаўны Савет (31 дэп.) — пастаянна дзеючы орган, які прадстаўляе Асамблею ў перапынку паміж сесіямі (праводзяцца два разы на год). Дзяржаўны Савет падсправаздачны Нацыянальнай Асамблеі. Нацыянальная Асамблея прызначае членаў Савета Міністраў — вышэйшага выканаўчага і адміністрацыйнага органа.

Стратэгічнай мэтай Гаваны застаецца нейтралізацыя лініі Вашынгтона на міжнародную ізаляцыю Кубы, пераадоленне эканамічнага эмбарга з боку ЗША і інтэграцыя ў сусветную гаспадарку праз развіццё супрацоўніцтва «па ўсіх азімутах»

Дыпламатычныя адносіны ўрады Кубы і Беларусі ўсталявалі 16 красавіка 1992 года. У 2000 годзе на Кубу прыязджаў Аляксандр Лукашэнка[10].

Адносіны з Рэспублікай Беларусь

правіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кубай былі ўсталяваны ў красавіку 1992 года. Спачатку на Кубе было адкрыта гандлёвае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь, якое ў маі 1997 года было пераўтворана на пасольства. Адкрытае ў лістападзе 1998 года пасольства стала першым дыпламатычным прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь у Лацінскай Амерыцы.

Прэзідэнт Беларусі наведваў Кубу тройчы: у 2000, 2006 і 2012 гадах[11].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

правіць

Куба падзяляецца на 14 правінцый, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 169 муніцыпальных раёнаў, і адзін спецыяльны муніцыпальны раён.

 

  1. правінцыя Пінар-дэль-Рыё
  2. правіцыя Артэміса
  3. правіцыя Гавана
  4. горад Гавана
  5. правіцыя Матансас
  6. правіцыя С’енфуэгас
  7. правінцыя Вілья-Клара
  8. правінцыя Санкты-Спірытус
  9. правінцыя Сьега-дэ-Авіла
  10. правінцыя Камагуэй
  11. правінцыя Лас-Тунас
  12. правінцыя Гранма
  13. правінцыя Ольгін (адм. цэнтр — Ольгін)
  14. правінцыя Сант’яга-дэ-Куба
  15. правінцыя Гуантанама
  16. спецыяльны муніцыпальны раён Ісла-дэ-ла-Хувентуд

Насельніцтва

правіць

Самая вялікая па колькасці насельніцтва краіна Вест-Індыі. Адзіная лацінаамерыканская краіна з адмоўнай дынамікай насельніцтва. На Кубе самы нізкі паказчык нараджальнасці сярод усіх дзяржаў Заходняга паўшар’я. Натуральны прырост — 0,2 %, міграцыйны — — 0,5 %[1]. Сярэдняя працягласць жыцця — 76 гадоў. Тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці і старэння насельніцтва азначылася тут яшчэ ў 1970-х. Сёння (у 2017 г.) сярэднестатыстычнаму кубінцу 41,5 гады, а асобы маладзей за 15 гадоў складаюць толькі 16,8 % насельніцтва[1]. Тэндэнцыя да старэння насельніцтва бачная таксама на прыкладзе кіраўніцтва краіны: сярэдні ўзрост членаў кубінскага Палітбюро — больш за 70 гадоў[12].

 
Кубінцы, Гавана, квартал Сан-Лазара

Абсалютнуя большасць насельніцтва Кубы складаюць белыя нашчадкі іспанскіх каланістаў, а таксама перасяленцаў з Францыі, Італіі, Германіі (64 %). За 350 гадоў каланізацыі іспанцамі было ўвезена больш за 1 мільён рабоў з заходняй Афрыкі (народы ёруба, конга), іх нашчадкі складаюць 35 % насельніцтва (9 % — негры, 26 % — мулаты)[1]. У перыяд з 1853 па 1874 год з Азіі былі ўвезены больш за 125 000 кітайцаў. Да гэтага часу ў Гаване захаваўся «чайна-таўн». Расавыя прапорцыі на працягу апошняга стагоддзя істотна змяніліся. Доля белых, якая ў 1953 дасягала 84 %, скарацілася ў выніку эміграцыі, выкліканай Кубінскай рэвалюцыяй. Больш за тое, лічыцца, што кубінская статыстыка завышае працэнт белага насельніцтва і на самай справе на Кубе пераважаюць негры і мулаты (51 % ці нават 68 %). Дзяржаўная мова — іспанская, яна ж з’яўляецца асноўным гутарковай мовай. Пасля перамогі рэвалюцыі больш за 30 гадоў на Кубе насаджаўся атэізм, аднак у 1980-х гадах рэлігійнасць грамадства стала расці, а ў 1992 з канстытуцыі Кубы было прынята вызначэнне краіны як атэістычнай. Сёння 60 % насельніцтва складаюць хрысціяне (большасць — каталікі, 5 % — пратэстанты). Каля 17 % (у асноўным, афракубінцы) прытрымліваюцца народных вераванняў. Вельмі папулярны культ сантарыя, зрэшты, сантарысты наведваюць і каталіцкія храмы, лёгка спалучаючы дзве веры.

Найбольш заселеныя і асвоеныя ўзгорыстыя раўніны вострава, найменшая шчыльнасць у гарах захаду і ўсходу. Урбанізацыя — 77 % (2017). У сталічнай агламерацыі Сант’яга пражывае 2,14 мільёны чалавек (2015). Іншымі важнымі гарадамі з’яўляюцца Сант’яга-дэ-Куба (555 тыс.), Камагуэй (347 тыс.)[13].

Эканоміка

правіць

Кубінскае дзяржава сцвярджае, што прытрымліваецца сацыялістычных прынцыпаў у арганізацыі планавай эканомікі. Большая частка сродкаў вытворчасці належыць дзяржаве, і большасць працоўнай сілы занята на дзяржаўных прадпрыемствах. Аднак расце доля прыватнага сектара (у 1981—2006 яна вырасла з 8 да 22 %)[14]. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да павелічэння занятасці ў прыватным сектары. У канцы мая 2016 года быў цалкам легалізаваны прыватны малы і сярэдні бізнес[15].

 
Выраб цыгар, Гавана

Да перамогі Кубінскай рэвалюцыі Куба была адной з найбольш паспяховых эканомік Лацінскай Амерыкі, хаця асноўная маса простых кубінцаў жыла ў поўнай галечы. Сацыялістычны шлях з далейшым крушэннем савецкага лагеру прывёў Востраў Свабоды на край эканамічнай прорвы. У краіне працягвае часткова дзейнічаць размеркавальна-карткавая сістэма па забеспячэнні насельніцтва прадметамі першай неабходнасці. Эканамічная сітуацыя пастаянна ўскладненая праз эмбарга з боку ЗША. Тым не менш, у пачатку нашага стагоддзя азначыліся прыкметы некаторага паляпшэння эканамічнай сітуацыі на востраве. Стан эканомікі Кубы звязаны з дынамікай сусветных цэнаў на асноўныя тавары кубінскага экспарту і прыбыткаў ад турызму. Дадатную дынаміка эканоміка дэманстравала ў 2015, калі рост ВУП склаў 4,4 % (2014 — 1 %). У 2016 годзе ў эканоміцы Кубы назіралася рэцэсія (падзенне ВУП на 0,9 %)[1]. Застаюцца вострымі праблемы беспрацоўя (афіцыйнае — 2,6 %, схаванае — каля 10 % эканамічна актыўнага насельніцтва). У 2008 годзе ўрад Рауля Кастра распачаў аграрную рэформу (да таго моманту чатыры пятых харчавання куплялася за мяжой). Кубу актыўна падтрымлівае Венесуэла, пастаўляючы Востраву Свабоды каля 15 000 тон нафты ў дзень. Узамен кубінскія спецыялісты (у асноўным лекары) працуюць у Венесуэле. Рэцэсія 2016 года і наступнае падзенне эканомікі выклікана ў першую чаргу перабоямі паставак нафты з Венесуэлы.

Развітая здабыўная прамысловасць. Здабыча нікеля пачалася ў 1943 годзе і істотна павялічылася ў перыяд пасля рэвалюцыі 1959 года, калі пры садзейнічанні СССР было мадэрнізавана шахтавае абсталяванне і пабудаваны горна-абагачальны камбінат. Сёння ў нікелевую прамысловасць вялікія грошы інвестуе Кітай — яшчэ адзін ідэалагічны сябра Кубы. Таксама Куба займае трэцяе месца па здабычы кобальту. З 1984 года на шэльфе вядзецца здабыча нафты. З галін апрацоўчай прамысловасці развіты каляровая металургія, харчовая, фармацэўтычная. Вырошчваюцца цукровы трыснёг (гісторыя гэтай культуры сягае ў каланіяльны час), тытунь, кава, цытрусы, бульба, фасоля, рыс. У саванах гадуецца буйная рагатая жывёла. Экспартуецца цукар, цыгары, нікель, медыкаменты (у суме больш за 60 % экспарту). Асноўныя гандлёвыя партнёры — Венесуэла, Канада, Кітай, Іспанія, Нідэрланды.

Нацыянальныя святы

правіць

Нацыянальныя святы: 1 студзеня — Дзень вызвалення (1959); 1 мая — Міжнародны дзень працоўных; 26 ліпеня — Дзень нацыянальнага паўстання (1953); 10 кастрычніка — Дзень пачатку барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (1868); 25 снежня — Каляды (святкаванне адноўлена з 1997).

Сувязь і СМІ

правіць

Пасля перамогі кубінскай рэвалюцыі, урадам Ф. Кастра было прынята рашэнне аб нацыяналізацыі радыёвяшчання, тэлефоннай і радыёсувязі. У далейшым, развіццё тэлекамунікацый апынулася абцяжарана ў сувязі з гандлёва-эканамічнай блакадай, усталяванай ЗША. Тым не менш, у 1960—1980 гады мела месца развіццё сістэм сувязі з боку СССР і сацыялістычных дзяржаў. У перыяд пасля 1991 года сітуацыя ўскладнілася, але ўжо ў 1992 годзе Куба падключылася да камп’ютарнай сеткі Usenet[16]. У 2003 годзе на востраве працавала 2 інтэрнэт-правайдэра. Нацыянальны дамен .cu. У чэрвені 2009 года Венесуэла вылучыла 70 млн долараў на пракладку па дне Карыбскага мора паміж Венесуэлай і пунктам Сібаней у Сант’яга-дэ-Куба оптавалакновага кабеля ALBA-1. У лютым 2011 года пракладка кабеля агульнай працягласцю каля 1,6 тыс. км была завершана[17]. Кабель, эксплуатацыя якога прадугледжана на працягу 25 гадоў, мае выхад 640 гігабіт — у 3 тысячы разоў больш, чым існуючая на Кубе спадарожнікавая інтэрнэт-сувязь[18]. 3 чэрвеня 2013 года ў краіне адкрыліся 118 інтэрнэт-кафэ[19]. На Кубе маецца адзіны аператар мабільнай сувязі — дзяржаўная кампанія ETECSA пад гандлёвай маркай Cubacel. Першапачаткова, мабільныя тэлефоны маглі мець толькі замежнікі, работнікі замежных фірмаў або кубінцы, якія займаюць ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце. Пры гэтым, простыя кубінцы, якія жадаюць абзавесціся мабільным тэлефонам, абыходзілі забарону, афармляючы тэлефоны на імя замежных грамадзян[20]. 14 красавіка 2008 года кубінскім грамадзянам было дазволена свабоднае набыццё мабільных тэлефонаў, што стала прычынай масавага распаўсюджвання мабільнай сувязі. На Кубе дзейнічае стандарт GSM 900, а ў некаторых раёнах Гаваны і курортным Варадэра — GSM 850[21].

Куба мае чатыры агульнанацыянальныя тэлеканалы — «Кубавісьён», «Тэле — Ребельдэ», «Эдукатыва», «Эдукатыва II», а таксама кабельным каналам «Кубавісьён інтэрнасіёналь». Маюцца 6 агульнанацыянальных, 56 правінцыйных і муніцыпальных радыёстанцый, вядзецца радыёвяшчанне на краіны Лацінскай Амерыкі. Выходзяць 3 цэнтральныя газеты — штодзённыя «Гранма» (орган Кампартыі) і «Хувентуд рэбельдэ» (газета Саюза маладых камуністаў) і штотыднёвая «Трабахадорэс» (орган Прафцэнтра працоўных), маецца шэраг іншых штотыднёвікаў.

Некаторыя цікавінкі

правіць
  • Лагуна-дэ-Леча — найбуйнейшае прыроднае прэснаводнае возера Кубы, воды якога становяцца падобнымі на малако, калі струмені з мора ўздымаюць крэйдавыя адкладанні з дна.
  • «wet-foot, dry-foot» палітыка — палітыка «мокрая нага-сухая нага» — інтэрпрэтацыя закона аб іміграцыі ЗША, згодна з якой любы кубінец, што робіць крок на зямлю ЗША, не экстрадуецца, а праз год атрымлівае амерыканскае грамадзянства. Была адменена 12 студзеня 2016 года па завяршэнні тэрміну Барака Абамы, што прывяло да скарачэння міграцыі з Кубы ў ЗША.

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/cu.html Архівавана 18 снежня 2020.
  2. http://www.one.cu/publicaciones/cepde/estudiosydatos/anual/4_tabla_2.pdf Архівавана 7 студзеня 2017.
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
  4. http://www.alfredcarrada.org/notes8.html
  5. а б https://bigenc.ru/geography/text/2117615 Архівавана 23 лістапада 2020.
  6. https://lenta.ru/news/2018/01/14/kobalt/
  7. Brundenius, Claes. Revolutionary Cuba at 50: Growth with Equity revisited Latin American Perspectives Vol. 36 No. 2 March 2009 pp.31-48
  8. "Фидель Кастро уходит в отставку с поста руководителя Кубы". РИА Новости. 19 февраля 2009. Праверана 2009-10-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  9. Кастро пообещал уйти на пенсию в 2018 году. Финам 25.02.2013 Архівавана 2 студзеня 2015.
  10. Аб 10-годдзі ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кубай// Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі. 15 красавіка 2002
  11. Палітычныя зносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Куба // Сайт Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба
  12. https://www.economist.com/node/21550418
  13. http://www.geonames.org/CU/largest-cities-in-cuba.html
  14. https://web.archive.org/web/20071009163422/http://www.oxfamamerica.org/newsandpublications/publications/research_reports/art3670.html/OA-Cuba_Social_Policy_at_Crossroads-en.pdf
  15. https://www.bbc.com/russian/news/2016/05/160524_cuba_small_business_legalize
  16. «In 1992, CENIAI began uucp data transmission. About twice a week, they receive a dial-up call from Toronto for two-way transfer of mail and news. Their Canadian partner is Web, a part of the Association for Progressive Communications»
    Larry Press, Joel Snyder. A Look at Cuban Networks Архівавана 9 мая 2008.
  17. Оптоволоконный кабель Венесуэла-Куба достиг кубинского побережья // РИА «Новости» от 9 февраля 2011
  18. Тестовые испытания интернет-кабеля проходят на Кубе // РИА «Новости» от 24 января 2013
  19. На Кубе 3 июня появились первые 118 интернет-кафе // служба новостей «RuNews24» от 5 июня 2013
  20. Власти Кубы разрешили гражданам покупать мобильные телефоны // РБК от 28 марта 2008
  21. Плата за подключение к мобильной связи на Кубе снизилась с $120 до $65 // РИА «Новости» от 12 декабря 2008