Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць сем'ямі ў гнёздах у глебе або драўніне, некаторыя віды — у тэрмітніках (надземных гнёздах вышынёю да 15 м). У Бразіліі знайшлі вялізныя гарады тэрмітаў, узрост якіх можа перавышаць 4 тысячы гадоў; агульная колькасць «домікаў», у якіх былі выяўленыя калоніі тэрмітаў, складае каля 200 мільёнаў, што ў тэорыі дазваляе зрабіць выснову аб наяўнасці тут мільярднай калоніі тэрмітаў Syntermes dirus[1][2].
Рыючая дзейнасць тэрмітаў — важны фактар глебаўтварэння. Яны асноўныя разбуральнікі раслінных рэшткаў у тропіках; некаторыя віды шкодзяць раслінам, разбураюць драўляныя збудаванні і інш. Найбольш небяспечны паўднёваафрыканскі тэрміт усёразбуральны.
Сям'я складаецца з некалькіх кастаў: здольныя да размнажэння самка («царыца», даўжыня да 14 см, з гіпертрафіраванымі яечнікамі) і самец (значна меншы); бяскрылыя стэрыльныя рабочыя асобіны, знешне падобныя да лічынак, буйныя і дробныя (даўжыня да 1,5 см; асноўная, найбольш шматлікая частка сям'і), нарыхтоўваюць корм, кормяць самку, клапоцяцца аб патомстве; «салдаты» (даўжыня да 2 см), што абараняюць сям'ю ад ворагаў — іншых відаў тэрмітаў, мурашак. У крылатых асобін дзве пары аднолькавых перапончатых крылаў, якія пасля раення і спароўвання абломліваюцца. Бяскрылыя асобіны светлыя (адсюль устарэлая назва — белыя мурашкі). У рабочых асобін і «салдатаў» вочы недаразвітыя або адсутнічаюць, ротавыя органы грызучыя.
Кормяцца расліннымі рэшткамі, пэўнымі грыбамі, што вырошчваюць у т.зв. «грыбных садах». Засваенне корму (клятчаткі) адбываецца з дапамогай сімбіятычных кішэчных прасцейшых (жгуцікавых).