Эстонцы (саманазва: Eestlased) — еўрапейскі народ, асноўнае насельніцтва Эстоніі.

Эстонцы
(Eestlased)
Жанчыны ў народных строях падчас свята на Саарэмаа
Агульная колькасць 1131800 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Эстонія — 901 000

 Германія — 82000
 Фінляндыя — 50000
 ЗША — 28000
 Вялікабрытанія — 15000
 Расія — 7859

Мова эстонская
Рэлігія лютэранства, праваслаўе
Блізкія этнічныя групы сету, водзь, лівы, іжора, фіны, вепсы, карэлы

Колькасць у Эстоніі — каля 901 000 чалавек. Значныя па колькасці эстонскія абшчыны склаліся ў Германіі, Фінляндыі, ЗША, Расіі і Вялікабрытаніі. Агульная колькасць  — каля 1 131 800 чалавек[1].

Родная мова — эстонская. Належыць да фіна-ўгорскай моўнай сям’і.

Паходжанне

правіць

Сучасныя эстонцы належаць да фіна-ўгорскіх народаў, аднак генетычна бліжэй да іншых народаў Прыбалтыкі, чым да фінаў[2], блізкіх моўна і геаграфічна. Прычынай таму з’яўляюцца складаныя працэсы, што суправаджалі этнагенез гэтага народа. Людзі насялілі тэрыторыю Эстоніі ўжо ў 10 тысячагоддзі да н. э.[3] У 3 тысячагоддзі да н. э. тут усталявалася культура шнуравой керамікі, з якой звязана распаўсюджанне земляробства і жывёлагадоўлі. Яе прадстаўнікі ўяўлялі сабою сумесь перасяленцаў індаеўрапейскага паходжання і ранніх еўрапейскіх неалітычных культур[4]. Яны сталі асновай для далейшага фарміравання эстонскага насельніцтва.

На мяжы бронзавага і жалезнага вякоў пачалося перасяленне ўраламоўных груп[5]. Мяркуецца, што продкі ўраламоўных народаў паходзяць з Сібіры, адкуль каля 4,2 тысячы гадоў таму рушылі на паўночны ўсход Еўропы праз Волга-Камскі рэгіён[6]. У нашы дні болей за адну траціну эстонцаў маюць агульнае паходжанне з прадстаўнікамі іншых ўраламоўных народаў на ўсход ад Прыбалтыкі. Але іх роля ў фарміраванні эстонцаў значна важнейшая, паколькі яны прынеслі гаворкі, на аснове якіх пазней узнікла эстонская мова.

У перыяд сярэднявечча на фарміраванне эстонскіх этнічнай культуры і мовы аказалі значны ўплыў кантакты з германскімі, славянскімі і балцкімі народамі. У той жа час перасяленне выхадцаў з Эстоніі на поўнач Фінскага заліва актыўна ўплывала на фарміраванне фінскага народа[7].

Назва эстонцы паходзіць ад наймення эстаў. Упершыню яго выкарыстаў Тацыт адносна жыхароў усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора[8]. Відавочна, эсты, узгаданыя ім, былі балтамі, а сама назва мела германскае паходжанне і значыла тых, хто насяляў усход. У сярэднявеччы назва эстаў у дачыненні да часткі жыхароў Прыбалтыкі выкарыстоўвалася складальнікамі скандынаўскіх саг і нямецкімі храністамі. Так, Генрых Латвійскі паведамляў аб нападзе эстаў і куршаў на Данію, а потым і на нямецкія караблі[9]. У XIII ст. назву Эстонія (лац.: Estonia) набылі землі ўздоўж паўднёвага берага Фінскага заліва, далучаныя да валоданняў Вальдэмара II.

Да сярэдзіны XIX ст. продкі эстонцаў карысталіся саманазвай maarahva (літаральна «сельскія жыхары»), сваю мову называлі maakeelt. З 1858 г. Ёхан Вальдэмар Янсен пачаў актыўна выкарыстоўваць назву eestlased замест традыцыйнай maarahva[10]. Дзякуючы яму і іншым эстонскім інтэлектуалам яна распаўсюдзілася сярод эстонцаў.

Этна-культурныя групы

правіць
 
Жанчына сету ў народным строі.

Сету (саманазвы: setu, seto) — этнаканфесійная група, якая насяляе паўднёвы ўсход Эстоніі і Пячорскі раён у Пскоўскай вобласці Расіі. Рэгіён іх традыцыйнага пражывання завецца Сетумаа. У Эстоніі яны разглядаюцца як субэтнічная група эстонцаў. У Расіі з 2010 г. — у якасці асобнага карэннага народа[11]. Сету размаўляюць на дыялекце, блізкім да вырускага. Вернікі ў адрозненні ад іншых эстонцаў спавядаюць пераважна праваслаўе. У іх захаваліся некаторыя дахрысціянскія вераванні, шанаванне драўлянай лялькі Пека, што лічыцца старажытным эстонскім богам урадлівасці. У 1995 г. у Фінляндыі быў апублікаваны эпічны твор сету «Спевы Пека»[12]. Распаўсюджаны звычай супольнага шанавання продкаў на могілках.

Выру, або вырусцы (эст.: võrukesed) насяляюць воласці Выру і Пала на паўднёвым усходзе Эстоніі. Яны размаўляюць на вырускім дыялекце, што выразна адрозніваецца ад літаратурнай эстонскай мовы. Лічыцца, быццам бы яны адрозніваюцца ад іншых эстонцаў большай эмацыйнасцю і гасцёўнасцю[13]. З 1995 г. працуе спецыялізаваны Інстытут культуры выру[14].

Мулькі

правіць

Мулькі (эст.: mulgid, магчыма ад лат.: muļķis «дурань») — карэнныя насельнікі поўдня Эстоніі і поўначы Латвіі, адметныя асобным дыялектам. У пачатку другой паловы XIX ст. павышэнне попыту на лён дапамагло сялянам з паўднёвай Эстоніі палепшыць сваё эканамічннае становішча і купляць гаспадаркі ў іншых частках краіны. Дзякуючы гэтаму яны будавалі добрыя дамы, аддавалі сваіх дзяцей у школы[15]. Аднак у эстонскай класічнай культуры мулькі болей вядомы як героі анекдотаў, у якіх высмейваецца іх сквапнасць і глупства[16][17]. З 1996 г. працуе спецыялізаваны Інстытут[18], што вывучае і развівае традыцыйную спадчыну мулькаў, перыядычна адбываюцца канферэнцыі, прысвечаныя іх гаворцы і культуры.

Эзельцы

правіць

Э́зельцы (лац.: Osiliani), або «астравіцяне» (эст.: Saarlased) — карэнныя жыхары вострава Саарэмаа і суседніх астравоў архіпелага Маанзунд. Яны сталі шырока вядомы ў сярэднявеччы, калі арганізоўвалі напады на іншыя краіны Балтыйскага мора. Сутычкі з эзельцамі апісваліся ў ісландскіх сагах. У 1187 г. яны разам з куршамі разрабавалі Сігтуну[19]. Культура мясцовых жыхароў фарміравалася ў значнай ступені ў сувязі з морам, а таксама дзякуючы сталым кантактам з немцамі і шведамі, якія доўгі перыяд насялялі астравы разам з эстонцамі. Да нашых дзён «астравіцяне» размаўляюць на шэрагу гаворак, якія звычайна вылучаюцца ў асобны астраўны дыялект.

Эстонская дыяспара

правіць

Перасяленне значных груп эстонцаў з радзімы пачалося з сярэдзіны XIX ст. Звычайна яно адбывалася пад ціскам эканамічных праблем. Аднак падчас Другой сусветнай вайны большасць выязджала па палітычных прычынах. У 1944 г. уваход савецкіх войск у Эстонію быў адзначаны «вялікімі ўцёкамі» (эст.: Suur põgenemine) пераважна ў Германію і Швецыю[20]. Падчас вайны і ў пасляваенны перыяд 20 722 эстонцы былі прымусова дэпартаваны ў аддаленыя часткі СССР[21].

Паводле ацэнак, у нашы дні па-за межамі Эстоніі налічваецца да 200 000 чалавек эстонскага паходжання, амаль 80 % з іх жадаюць ведаць пра жыццё ў Эстоніі і спрыяць развіццю эстонскага грамадства[22]. З сакавіка 2021 года дзейнасць глабальнай эстонскай дыяспары каардынуецца Міністэрствам замежных спраў Эстоніі.

Эстонцы Беларусі

правіць

Эстонцы пачалі перасяляцца на беларускія землі ў 1860-х гг. і 1870-х гг. У 1897 г. Віцебскай губерні жыло 907 эстонцаў, у Магілёўскай — 662 эстонцы, у Гродзенскай — 118 эстонцаў. Пераважна гэта былі сяляне, што куплялі мясцовыя землі[23]. Кампактным месцам рассялення стаў Аршанскі павет. У 1926 г. колькасць эстонцаў у БССР дасягала 967 чалавек.

У 1926 г. у Горбаве была адкрыта эстонская школа, у 1932 г. узнік нацыянальны калгас «Інтэрнацыянал»[24]. У Горбаве нарадзіўся Артур Паўлавіч Вадэр, эстонскі савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Аднак у 1937 г. супраць беларускіх эстонцаў быў арганізаваны дзяржаўны палітычны тэрор[25], у выніку якога частка была рэпрэсіравана, частка пераехала ў Эстонію.

У 2009 г. на Беларусі жыло 238 чалавек, якія вызначалі сваю этнічную тоеснасць як эстонцы[26]. Дзейнічае эстонская абшчына «Ластаўка».

Культура

правіць

Гаспадарчыя заняткі

правіць
 
Эстонскі селянін, 1867 г.

Доўгі час пераважнай крыніцай сродкаў да існавання эстонцаў была сельская гаспадарка. Да 1919 г. найбольш урадлівыя землі належалі панам, пераважна немцам. Адначасова з сярэдзіны XIX ст. складвалася сістэма асобных сялянскіх гаспадарак, што арыентаваліся на рынак. Тым не меней, 70 % эстонскага сельскага насельніцтва заставаліся беззямельнымі. Перадача зямлі сялянам прывяла да перавагі сялянскай зямельнай маёмасці. Адносна невялікія памеры надзелаў кампенсаваліся спецыялізацыяй на вытворчасць найбольш рэнтабельных прадуктаў. Так, у 1938—1939 гг. у Эстоніі выраблялася 870 кг малака ў разліку на аднаго жыхара, каля 55 % насельніцтва утрымліваліся за кошт сельскай гаспадаркі[27]. Хаця падчас уваходжання Эстоніі ў склад СССР тут адбылася калектывізацыя, асобныя сялянскія гаспадаркі адрадзіліся да аднаўлення незалежнасці дзяржавы[28].

Традыцыйныя сельскагаспадарчыя культуры: жыта, ячмень, гарох, лён. З XIX ст. значнае месца на палетках заняла бульба, якая паступова выціснула шырока распаўсюджаныя раней рэпу і бручку. Жывёлагадоўля існавала ў шчыльным звязку з земляробствам. У заходніх раёнах і на астравах дзякуючы багатым сенакосам трыманне кароў і авечак адыгрывала больш значную ролю, чым апрацоўка зямлі. Нягледзячы на адасобленасць сялянскіх гаспадарак, было прынята аказваць узаемную дапамогу, у тым ліку падчас супольнай працы talgud[29]. Дапаможнымі заняткамі ў дачыненні да сельскай гаспадаркі былі лясное бортніцтва і рыбалоўства. У XIX ст. бортніцтва паступова саступіла месца сучаснаму пчалярству. Ва ўнутраных вадаёмах доўгі час захоўваліся архаічныя спосабы лову астрогай, сеткамі, вудамі і пасткамі. На марскім узбярэжжы частка насельніцтва перайшла да прамысловай здабычы рыбы.

З эпохі сярэднявечча асноўнымі цэнтрамі рамеснай вытворчасці з’яўляліся гарады. Аднак у сельскай мясцовасці захоўваліся такія рамёствы, як выраб вопраткі, што ўключаў шыццё, вязанне, прадзенне, апрацоўку драўніны, выраб куфараў, будаўніцтва[30]. Прамысловасць узнікла да пачатку XX ст. Ужо ў 1913 г. дзве траціны рабочых працавалі на буйных прадпрыемствах з колькасцю персанала болей за 500 чалавек[31]. Многія дробныя прадпрыемствы працавалі сезонна і арыентаваліся на рабочых-адыходнікаў. Такім чынам падтрымлівалася сувязь паміж гарадскімі прадпрыемствамі і сельскай мясцовасцю. У нашы дні большасць эстонцаў жыве ў гарадах і ўцягнута ў сферу абслугоўвання. Характэрны высокі ўзровень працоўнай занятасці[32]. Нягледзячы на тэхналагічнае развіццё, многія эстонцы захоўваюць традыцыі народных рамёстваў[33], у тым ліку выраб вопраткі з ільняных тканін і нітак, розных упрыгожванняў, драўляных рэчаў.

Паселішчы

правіць
 
Эстонская дворагаспадарка

Асноўным відам эстонскага сельскага паселішча з’яўляецца вёска (эст.: küla). У залежнасці ад асаблівасцей мясцовасці і гістарычных абставін вёскі мелі розную планіроўку. Так, на прыбярэжных нізінах дамінавала свабодная кластарная планіроўка, хаця таксама былі распаўсюджаны вёскі, дзе хаціны будаваліся ўздоўж берага. На паўночным усходзе сустракаліся паселішчы з дамамі, пабудаванымі ўздоўж умоўнага кола, якое абмяжоўвала ўнутраныя агароды і сажалкі. Але найбольш характэрны вёскі, пабудаваныя ўздоўж дарог, часам з бакавымі адгалінаваннямі, і вёскі з ясна вылучаным цэнтрам, узведзеныя вакол касцёла або панскага маёнтка (эст.: mõis, mõisad). Калі частка вяскоўцаў адсялялася з асноўнай вёскі, яны асноўвалі непадалёк даччыную вёску (эст.: tütarküla)[34]. Вёскі складаліся з асобных сямейных дворагаспадарак (эст.: talu)[35]. Часцяком іх атаясняюць з хутарамі, хаця ў рэчаіснасці дворагаспадарка ўяўляе сабою комплекс жылля і гаспадарчых пабудоў.

Класічны выгляд сельскія талу набылі ў другой палове XIX — першай палове XX стст. Звычайна яны падзяляюцца на асноўны двор і двор для свойскай жывёлы, аддзеленыя агарожай. На асноўным двары знаходзяцца жылы дом, адрына, баня, часам — асобны будынак летняй кухні. На двары для свойскай жывёлы ўзводзяць хлявы, пуню. У мінулым будавалі стайню. Прычым, яна магла выглядаць значна болей капітальна, чым жылы будынак[36]. Асноўнымі будаўнічымі матэрыяламі здаўна былі вапняк, драўніна і цэгла. У жылых і гаспадарчых будынках падлога абавязкова мела пакрыццё[37]. Асобныя будынкі прыбіральняў узніклі адносна позна[38] і яшчэ ў пачатку XX стагоддзя былі рэдкімі ў сельскай мясцовасці.

Гарады ўзніклі ў перыяд сярэднявечча. Іх насельніцтва было заўсёды этнічна стракатым. Так, у сярэднявечных гарадах панавалі нямецкія гандляры, а эстонцы былі абмежаваны ў правах выбару прафесіі, некаторых гандлёвых дамоў і міжэтнічных шлюбаў. Аднак гарадскія свабоды былі прыцягальнымі для эстонцаў, якія перасяляліся з сельскай мясцовасці, каб пазбегнуць прыгону[39]. Яны былі вымушаны жыць у прадмесцях. На працягу стагоддзяў гарадская архітэктура перажыла ўплыў готыкі, класіцызму, неаготыкі, неарамантызму, мадэрнізму і іншых стыляў[40]. Жылыя гарадскія пабудовы звычайна ўзводзіліся з дрэва. Яшчэ ў пачатку XX ст. у Таліне, найбуйнейшым горадзе, пераважалі адна- і двухпавярховыя дамы[41]. Эстонскія гарадскія жытлы таго перыяду мелі двухсхільны дах, іх сцены ашалёўваліся дошкамі. За домам меўся невялікі двор з адрынай для дроў і хлявом. Гарадское насельніцтва Эстоніі стала пераважаць сельскае толькі ў 1960-я гг.[42] Урбанізацыя суправаджалася з’яўленнем сучасных шматпавярховых будынкаў, узведзеных па тыпавых праектах.

 
Крывяная каўбаса

Эстонская народная кухня значна змянялася на працягу апошніх стагоддзяў пад уплывам кухняў суседніх народаў, сацыяльна-эканамічных змен і ўкаранення новых прадуктаў. Так, з 1765 г. пачалося распаўсюджванне бульбы. Да пачатку XX ст. яна ператварылася ў адну з асноўных культур, якая займала каля 25 % апрацоўваемых зямель[43]. Бульба ў значнай ступені выціснула са стала рэпу, яе выкарыстоўваюць у якасці начыння, як дадатак да хлеба, аладак, салатаў і нават да салодкіх дэсертаў[44]. Тым не меней, некаторая мясцовая спецыфіка працягвае захоўвацца. Эстонская кухня па-ранейшаму моцна залежыць ад пары года[45]. Увесну і ўлетку, калі ёсць свежыя прадукты, эстонцы ядуць шмат садавіны і гародніны. Вясновыя асноўныя прадукты ўключаюць рэвень, мядзвежую цыбулю, шчаўе і радыску. Асноўнае харчаванне ўлетку: капуста, буракі, морква, бульба, агуркі, яблыкі, слівы і парэчкі. Увосень шматлікія хатнія гаспадаркі робяць кансервы і саленні, павялічваючы тэрмін прыдатнасці лясных ягад, грыбоў, агуркоў і карняплодаў. Папулярны крывяная каўбаса, квашаная капуста і марынаваны вугор. Яшчэ ў першай палове XX стагоддзя звычайнай ежай і адначасова прыправай была салёная салака.

Сімвалам эстонскай кухні можна лічыць жытні хлеб. У мінулым з ім было звязана шмат рэлігійных звычаяў. Калі гаспадыня ставіла цеста ў печ, то малявала пальцам на боханах крыж. Хлеб нельга было даваць жывёлам, акрамя як напярэдадні Калядаў[46]. Мяса, масла, рыбу, вараную гародніну лічылі дадаткам да хлеба. Аднак часцей хлеб елі з кашай. У нашы дні шырока распаўсюджаны пшанічны хлеб, але спажыванне жытняга хлеба застаецца высокім. Жытнюю муку ўжываюць таксама для выпечкі пірагоў і круглявых піражкоў. Некаторыя стравы гатуюць з ячменнай або бабовай мукі.

У сярэднявеччы эстонцы славіліся вырабам алкагольнага напою з мёду. Другім распаўсюджаным старажытным напоем было піва. Асноўнай сыравінай для піваварства з’яўляўся ячмень. Для атрымання соладу збожжа замочвалі ў мяхах у рацэ ці ў бочцы на некалькі дзён, потым высыпалі на падлогу і прарошчвалі. Пасля сушкі солад перамалывалі ў муку. Найбольш просты метад прыгатавання піва быў заключаны ў варцы солада на вадзе, а потым — доўгім тамленні атрыманай жыжы на гарачых камянях. Сусла фільтравалі, змешвалі з вараным хмелем і ферментавалі на працягу 18 — 48 гадзін[47]. Для атрымання напою з асаблівым смакам у сусла маглі дадаваць адвар ядлоўцу, бярозавы сок, хлеб, жытнюю муку і г. д. Улетку сяляне бралі з сабою на палеткі прастаквашу. З канца XVII ст. паступова пашыралася ўжыванне кавы. У нашы дні таксама п’юць гарбату, розныя кісламалочныя напоі, гарэлку, бальзамы.

Народная вопратка

правіць
 
Эстонскія рэгіянальныя народныя строі

З часоў сярэднявечча эстонцы шылі вопратку з даступных ільняных і ваўняных тканін. Найлепей вывучана старажытная жаночая вопратка[48], якая ўключала ільняную кашулю з рукавамі і надзеты паверх яе ваўняны безрукаўны каптур, ваўняную ці льняную спадніцу з запахам, што зашпілялася на рамень. Па-над імі апраналася паліто, багата аздобленае ўпрыгожваннямі, былі вядомы фартухі. На галаве дзяўчыны, імаверна, насілі повязь або вянок, замужнія жанчыны — доўгую тасьму або хустку. Істотныя змены ў вопратцы сельскіх жыхароў пачалі паступова адбывацца ў XVII — XIX стст., калі з’явіліся вязаныя прадметы адзення, асабліва рукавіцы, доўгія паліто з каптуром, аднолькавыя для мужчын і жанчын, вузкія паласатыя спадніцы, мужчынскія лямцавыя капелюшы і г. д. Найхутчэй змены ў вопратцы адбываліся ў паўночнай Эстоніі. Тут адчуваўся ўплыў Таліна і Санкт-Пецярбурга. Наадварот, вопратка паўднёвых раёнаў захоўвала пэўную архаічнасць. Найбольшы ўплыў гарадская мода мела ў XIX ст. Гэтаму садзейнічала выкарыстанне пакупных тканін, гатовай вопраткі і асабліва абутку, распаўсюджванне фарбавальнікаў. Аднак у той жа перыяд пад уплывам рамантызму інтэлігенцыя пачала вывучаць народныя строі і імкнулася вярнуць іх да жыцця.

У нашы дні народную вопратку носяць пераважна ў святочныя дні. Прынята вылучаць 4 асноўныя рэгіёны з асаблівасцямі народнага адзення. Паўночны рэгіён супадае са старой мяжой паміж мацерыковай Эстляндыяй і Ліфляндыяй. Тут раней за астатнія рэгіёны ўкараніліся мужчынскі строй з камізэлькай і брыджамі і жаночы строй з пярэстай шырокай спадніцай, прыталенай кашуляй без рукавоў, абшэўкамі, ваўняная вопратка, пафарбаваная ў цёмна-сіні колер індыга[49]. На Маанзундскім архіпелагу на розных астравах мелася даволі самабытнае адзенне. Пад уплывам шведаў мясцовая вопратка рана набыла некаторыя скандынаўскія рысы, у прыватнасці замацаваліся плісаваныя спадніцы. На Хіюмаа жанчыны насілі абшэўкі, а на Саарэмаа — кашулі з доўгімі рукавамі і спадніцы. Жаночыя галаўныя ўборы адрозніваліся разнастайнасцю: каптуры, загорнутыя пад падбародак, аўчынныя зімовыя капелюшы з рожкамі, берэты, вязаныя чубатыя капелюшы. У мужчынскіх строях дамінавалі чорны, карычневы, радзей шэры колеры, не распаўсюдзілася мода на брыджы і кароткае паліто[50].

У паўднёвай Эстоніі адчуваўся ўплыў суседзей-латышоў, захоўваліся многія старажытныя элементы накшталт кашуль рудыментарнага крою, спадніц з суцэльнага кавалка тканіны, хустак і шаляў, фартухоў з сярэднявечным арнаментам, доўгіх мужчынскіх штаноў[51]. Для жаночага адзення паўднёвай Эстоніі была характэрна кашуля з доўгімі рукавамі, упрыгожаная прарэзамі або геаметрычнай вышыўкай. Мужчынскі строй складаўся з кашулі, штаноў і кароткай камізэлькі. На паўднёвым усходзе пад уплывам рускіх з’явіліся паласатая кашуля па-над штанамі. Уплыў рускай вопраткі асабліва адчулі праваслаўныя сету. У заходняй Эстоніі спалучаліся рысы поўдня і поўначы[52]. Характэрнай рысай гэтага рэгіёна можна лічыць выкарыстанне вузлаватай афарбаванай пражы. Мясцовыя насельнікі былі ўспрымальныя да гарадской моды, але традыцыйнае адзенне насілася адносна доўга. На Кіхну — да пачатку XX ст.

Грамадства

правіць

Асновай традыцыйнага грамадства здаўна была малая нуклеарная сям’я, уключэнне ў якую дзядуль і бабуль было неабавязковым. Тым не меней, у сельскай мясцовасці захоўваліся звычаі супольнага абшчыннага пражывання — наяўнасць стараст, супольныя сходы для вырашэння найбольш важных пытанняў, узаемная дапамога і г. д. Характэрны звычай abiajamine дапамогі бедным і пагарэльцам, а таксама маладым сваякам і суседзям, што рыхтуюцца да шлюбу[53]. Важную ролю адыгрывала сяброўства, што ўсталёўвалася ў маладыя гады паміж хлопцамі або дзяўчатамі прыкладна аднаго ўзросту з адной вёскі. У сталым узросце сябры арганізоўвалі сумесныя мужчынскія і жаночыя святы. Гаспадарчай адзінкай выступала дворагаспадарка, што знаходзілася ў карыстанні, пазней — валоданні сям’і гаспадара. Дворагаспадарка рэдка падзялялася, перадавалася па спадчыне да старэйшага сына, у выпадку яго адсутнасці — да старэйшай дачкі і яе мужа-прымака. Малодшыя сыны часцяком заставаліся парабкамі старэйшага брата і жылі разам са сваімі сем’ямі ў дворагаспадарцы. Такім чынам у Эстоніі рана склаўся пласт беззямельных сялян. У эпоху індустрыялізацыі яны рушылі працаваць на прамысловыя прадпрыемствы, але доўгі час захоўвалі сувязі з сельскай радзімай, аказвалі працоўную дапамогу, атрымоўвалі дапамогу наўзамен ў выглядзе прадуктаў харчавання.

З другой паловы XIX ст. фарміруюцца грамадскія аб’яднанні накшталт добраахвотных і аматарскіх арганізацый, што дзейнічалі як у гарадах, так і ў вёсках. Яны ўносілі значныя змены ў пабытовы лад, распаўсюджвалі інавацыі, аказвалі ўзаемную дапамогу[54]. Вынікам дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў было фарміраванне эстонскай нацыянальнай супольнасці з ясна акрэсленай тоеснасцю. У савецкі перыяд фармальныя і нефармальныя аб’яднанні садзейнічалі захаванню нацыянальнай мовы і культуры, а потым — адраджэнню незалежнасці дзяржавы.

Народная творчасць

правіць
 
Народны танец

Эстонскі фальклор надзвычай багаты. Яго актыўнае вывучэнне ў XIX — пачатку XX стст. прывяло да фарміравання мастацкай літаратуры на эстонскай мове. Адным з найбольш славутых знаўцаў народнай творчасці быў Фрыдрых Крэйцвальд[55], складальнік эпічнага твору «Калевіпоэг». У яго аснову ён паклаў старажытныя народныя песні regivärsid. Для іх характэрна паўтарэнне першых гукаў націскнога слова і пераход аднаго радка або думкі з адной страфы ў іншую. Яны выконваліся пераважна монафанічна ва ўнісон без акампанементу, важнай асаблівасцю з’яўлялася імправізацыя[56]. Аснову архаічнага пласту склалі так званыя laulu — песні з паэтычным тэкстам і мелодыяй з пэўнай структурай. Акрамя таго, старажытныя карані маюць галашэнні, імітацыя гукаў прыроды, замовы і загаворы, калыханкі, дзіцячыя і казачныя песні[57].

Рыфмаваныя песні з’явіліся толькі ў XVIII ст. пад уплывам традыцый Цэнтральнай Еўропы і Скандынавіі. Для іх болей характэрны адаптацыя да музычнага акампанементу, рытмічная разнастайнасць, чатырохрадковыя формы[56]. У 1869 г. у Тарту адбылося першае харавое свята, якое паклала пачатак эстонскаму спеўнаму руху, адначасова культурнай і палітычнай з’яве. З 1891 г. на такія святы былі дапушчаны жаночыя хоры. З 1910 г. праграма складалася выключна з эстонскіх нацыянальных твораў. У 1988 г. харавое свята было вызначана «спеўнай рэвалюцыяй», калі сотні тысяч людзей сабраліся на спеўным полі, каб спяваць патрыятычныя песні і адначасова вылучыць палітычныя патрабаванні[58].

Да пачатку XX стагоддзя ігра на музычных інструментах лічылася непрыстойнай справай для жанчын[59], таму асноўнымі музычнымі выканаўцамі доўгі час заставаліся мужчыны. Традыцыйныя інструменты: варган, скрыпка, жалейка, дуда, смычковая арфа, жартоўная цытра põispill са свіных кішак[60]. Відавочна, старажытныя карані мае шматструнны шчыпковы інструмент канель (эст.: kannel). Упершыню ён згадваецца пад 1579 г., вядомы захаваныя канелі канца XVIII ст.[61] Незвычайную папулярнасць атрымаў акардэон, які трапіў у Эстонію ў XIX ст. і выціснуў скрыпку і дуду[62]. У немалой ступені гэта тлумачыцца распаўсюджваннем у той жа час новых меладычных танцаў накшталт полькі, вальса і рэйнландара. Эстонія вызначылася асабістымі майстрамі, якія славіліся вырабам акардэонаў.

Відавочна, найстаражытнейшай формай танцаў быў карагод. Аднак паступова мясцовая танцавальная культура трансфармавалася пад вонкавым уплывам[63]. Так, у XVIII ст. выяўляецца спалучэнне танцаў па крузе з парнымі танцамі. Адно з першых апісанняў танцаў эстонцаў было зроблена ў 1777 г. Яно апавядае пра парныя танцы па колу, з тактам 3/4 або 3/8, лёгкімі крокамі і прытаптваннем у трэцяй частцы[64]. У XIX ст. адчуваўся моцны вонкавы ўплыў, распаўсюдзіліся кадрыль, вальс, полька, мазурка і г. д. У выніку склаліся танцы, што пераймалі вонкавыя рысы, але маглі мець мясцовыя назвы і асаблівасці[65]:

  • Laba jala waltz — разнавіднасць народнага танца з элементамі вальса
  • Jooksu polka — вясёлы, лёгкі і хуткі народны танец са скачкамі, бегам і пераваротамі
  • Jamaja labajalg — павольны і ціхі парны танец
  • Ingliska — танец, падобны на кадрыль, але з элементамі полькі
  • Pulga-tants — мужчынскі танец з кіямі

Вусная народная проза ўключае казкі, вусныя гістарычныя апавяданні, анекдоты і іншыя жарты. Адметна, што сярод захаваных казак асноўную групу складаюць чарадзейныя[66]. Іх сюжэт утрымоўвае матывы барацьбы з цмокамі, выкрадання высакародных дзяўчын, дапамогі чароўных коней, прыгод братоў-блізнят або семярых сясцёр і інш.[67], што аб’ядноўвае эстонскія казкі з агульнай еўрапейскай фальклорнай спадчынай, у першую чаргу з казкамі суседніх народаў.

Эстонскае прыкладное мастацтва вядома вышыўкай і разьбярствам.

Эстонская мова належыць да паўднёвай фінскай галіны ўральскай моўнай сям’і. Найбліжэйшымі да яе з’яўляюцца водская мова і ліўская мова[68]. Падзяляецца на 2 буйныя групы дыялектаў: паўночныя і паўднёвыя. Сучасная літаратурная мова складзена на аснове паўночных дыялектаў, аднак паўднёвыя дыялекты выру і сету таксама выкарыстоўваюцца ў літаратурнай творчасці.

Першыя запісы на эстонскай мове, пераважна імёны і тапонімы, вядомы з XIII ст. У 1684 г. педагог Бенгт Готфрыд Фарселіюс склаў першы падручнік эстонскай мовы са спрошчанай арфаграфіяй на аснове нямецкага алфавіта. Дзякуючы яго працы да канца XVII ст. большасць дарослых эстонцаў маглі карыстацца пісьмовасцю[69]. У 1843 г. Эдуард Арэнс стварыў эстонскі правапіс, набліжаны да фінскага.

У нашы дні эстонская мова — афіцыйная дзяржаўная мова Эстоніі, шырока выкарыстоўваецца ў літаратуры, сродках масавай інфармацыі, дзяржаўных дакументах, вывучаецца ў школах і вышэйшых навучальных установах.

Рэлігія

правіць

Згодна з перапісам насельніцтва 2021 г.[70], толькі 17 % эстонцаў, што насяляюць Эстонію, спавядаюць якую-небудзь рэлігію. 71 % наогул вызначае сябе як няверуючыя. Такім чынам, эстонцы з’яўляюцца найменей рэлігійным народам у свеце. Большасць вернікаў належыць да лютэран (11 %) і праваслаўных (3 %).

Паганства

правіць
 
Лагатып Maavalla Koda

Генрых Латвійскі паведамляў, што продкі эстонцаў шанавалі выяву бога, якая знаходзілася ў лесе на пагорку[71]. Нягледзячы на наступныя стагоддзі панавання хрысціянства, жыхары сельскай мясцовасці доўгі час захоўвалі традыцыю шанавання гаёў, каменных насыпаў, пагоркаў, дзе ў святочныя дні прыносілі ахвярапрынашэнні[72]. У народнай міфалогіі захаваліся постаці, што лічацца даследчыкамі меркаванымі старажытнымі багамі і духамі, у тым ліку Тын (бог урадлівасці), Пека (бог жніва), Тоані (бог смерці і ўладар свету мёртвых), Пікер (бог грому), Ільманейтсі (валадарка надвор’я) і інш. Водгукі старажытнага культу продкаў можна ўбачыць у абрадах супольнага наведвання могілак, якія добра захаваліся на поўдні[73].

У 1928 г. шэраг інтэлектуалаў паставіў перад сабою мэту зноў стварыць уласную эстонскую рэлігію. Яны лічылі, што нацыянальная незалежнасць ёсць не што іншае, як сродак дасягнення і абароны духоўнай незалежнасці. Асноўным бажаством з меркаванага старажытнага паганскага пантэона імі быў выбраны Таара, узгаданы яшчэ Генрыхам Латвійскім[74]. Адсюль паходзіць назва рэлігійнага руху — «таараізм». Паколькі бог рэлігіі прыраўноўваўся да абсалюту, маліцца яму лічылася бессэнсоўным. Рэлігійная практыка ўключала рытуалы з песень, загавораў і ігры на цытры. Супольна святкаваліся шлюбы, здзяйсняліся абрады пахавання памерлых і адзначаліся іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы. У 1933 г. была заснавана першая таараісцкая арганізацыя Tallinna Hiis («Святы гай Таліна»)[75]. Аднак у гады Другой сусветнай вайны таараізм апынуўся пад забаронай.

Цікавасць да адраджэння нацыянальных вераванняў зноў выявілася ў 1987 г., калі ў Тарту быў створаны клуб Tõlet, члены якога мелі намер захоўваць, вывучаць і распаўсюджваць старажытную эстонскую культуру. Клуб выдаваў свой інфармацыйны бюлетэнь, арганізоўваў публічныя лекцыі і мерапрыемствы. Прыхільнікі неапаганства прапанавалі новы каляндар з адлікам ад 8213 г. да н. э., «дня нараджэння» Зямлі, дэкларавалі чужасць індаеўрапейскіх падыходаў да народных вераванняў, стварылі асобную рытуальную і песенную практыку, дэкларавалі плюралістычныя погляды, веданне і разуменне праз традыцыю[76]. У 1995 г. была створана рэлігійная арганізацыя Maavalla Koda[77], што аб’ядноўвае прыхільнікаў неапаганства. Колькасць неапаганцаў у сучаснай Эстоніі невялікая, аднак яны карыстаюцца сімпатыямі грамадства[78].

Хрысціянства

правіць
 
Будынак лютэранскай Кансісторыі ў Таліне

У высокае сярэднявечча продкі сучасных эстонцаў былі ўцягнутыя ў той ці іншай ступені ў рух вікінгаў, што значна пашырыла іх кантакты з вонкавым светам і пазнаёміла з хрысціянствам. Хрысціянізацыя эстонцаў адбылася ў XIII ст. па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла з пачаткам крыжовых паходаў у Прыбалтыку. Фармальна эстонцы прынялі каталіцтва да 1227 г. Важную ролю ў распаўсюджванні хрысціянскай веры адыгралі каталіцкія ордэны мечаносцаў, Тэўтонскі, дамініканцаў і цыстэрцыянцаў. У пачатку XVI ст. дзейнічалі болей за 100 касцёлаў, 12 мужчынскіх і жаночых кляштараў. З пачаткам Рэфармацыі каталіцтва захавала свае пазіцыі толькі ў паўднёвых раёнах, што ўваходзілі ў склад Лівоніі. У 1924 г. у незалежнай Эстоніі была створана Апольстальская адміністрацыя. Яна фактычна была разбурана пасля далучэння дзяржавы да СССР. Характэрна, што ў 19771987 гг. у Эстоніі працаваў толькі адзін каталіцкі святар латышскага паходжання. У 1991 г. Эстонія ўзнавіла дыпламатычныя адносіны з Ватыканам. У 1993 г. Эстонію наведаў Ян Павел II. У 2002 г. каталіцкая абшчына налічвала 5 745 вернікаў, прычым далёка не ўсе былі эстонцамі. З 14 святароў толькі 1 быў эстонцам[79].

У XVI ст. падчас Рэфармацыі большасць вернікаў звярнулася да лютэранства. Эстонскія сяляне належалі да вызначаных лютэранскіх парафій, але ім не дазвалялася ўдзельнічаць у органах кіравання сваёй кангрэгацыі. Большасць духавенства і кіраўнікоў складалі немцы. У 1917 г. адбыўся першы царкоўны сход. Яго прадстаўнікі вырашылі стварыць царкоўную народную арганізацыю, дзе кожны вернік мог адчуваць сябе ў адзінстве з іншымі. Такім чынам адбылося фарміраванне нацыянальнай лютэранскай арганізацыі на чале з прадстаўнічым царкоўным соймам і выбраным біскупам. У 1944 г. біскуп Ё. Кёп быў вымушаны збегчы ў Швецыю і ў далейшым працаваў сярод эстонскіх эмігрантаў. У самой Эстоніі ў пасляваенны перыяд царкоўная лютэранская арганізацыя фактычна фарміравалася нанава. З 1949 г. яе ўзначальваў арцыбіскуп, падрыхтоўка святароў вялася ў тэалагічным інстытуце ў Тарту. Аб’яднанне эстонскіх лютэранскіх цэркваў адбылося толькі ў 2010 г. У нашы дні Эстонская Евангелічная Лютэранская Царква кіруецца Генеральным сінодам і Кансісторыяй на чале з арцыбіскупам. Каля 40 міністраў з 220 з’яўляюцца жанчынамі[80].

Праваслаўе сярод эстонцаў пачало распаўсюджвацца нават раней за каталіцызм. Так, у першай палове XII стагоддзя ў Наўгародскай і Пскоўскай епархіях існавалі правілы, якімі трэба было кіравацца пры абвяшчэнні новаахрышчаных эстонцаў. Так, Ніфонтам, епіскапам Наўгародскім у 11301156 гг., прадпісвалася пачаць абвяшчэнне аб хрышчэнні за 40 дзён да самой падзеі. Важным місіянерскім цэнтрам для паўднёвых эстонцаў былі княствы Герцыке і Кукенойс. У 1210 г. у Отэпя былі хрышчоны некаторыя эстонцы, але абяцанне прыслаць да іх святароў так і не было выканана[81]. Пашырэнне праваслаўя адбылося пасля падпарадкавання эстонскіх зямель Расійскай імперыяй у гады Паўночнай вайны. Хаця ў нашы дні колькасць праваслаўных у Эстоніі большая, чым прадстаўнікоў іншых канфесій, вернікі-эстонцы фарміруюць у ёй адносна невялікую групу. Значную частку праваслаўных вернікаў-эстонцаў складаюць сету. Дзейнічаюць Эстонская Апостальская Праваслаўная Царква і Эстонская Праваслаўная Царква Маскоўскага патрыярхата.

Вядомыя асобы

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Estonian
  2. Honkola T, Vesakoski O, Korhonen K, Lehtinen J, Syrjänen K, Wahlberg N. Cultural and climatic changes shape the evolutionary history of the Uralic languages. J Evol Biol. 2013 Jun;26(6):1244-53
  3. STONE AGE SETTLEMENT AND ECONOMIC PROCESSES IN THE ESTONIAN COASTAL AREA AND ISLANDS
  4. Saag L, Varul L, Scheib CL, Stenderup J, Allentoft ME, Saag L, Pagani L, Reidla M, Tambets K, Metspalu E, Kriiska A, Willerslev E, Kivisild T, Metspalu M. Extensive Farming in Estonia Started through a Sex-Biased Migration from the Steppe. Curr Biol. 2017 Jul 24;27(14):2185-2193
  5. Saag L, Laneman M, Varul L, Malve M, Valk H, Razzak MA, Shirobokov IG, Khartanovich VI, Mikhaylova ER, Kushniarevich A, Scheib CL, Solnik A, Reisberg T, Parik J, Saag L, Metspalu E, Rootsi S, Montinaro F, Remm M, Mägi R, D’Atanasio E, Crema ER, Díez-Del-Molino D, Thomas MG, Kriiska A, Kivisild T, Villems R, Lang V, Metspalu M, Tambets K. The Arrival of Siberian Ancestry Connecting the Eastern Baltic to Uralic Speakers further East. Curr Biol. 2019 May 20;29(10):1701-1711
  6. Dramatic events in demographics led to the spread of Uralic languages
  7. Kivisild T, Saag L, Hui R, Biagini SA, Pankratov V, D’Atanasio E, Pagani L, Saag L, Rootsi S, Mägi R, Metspalu E, Valk H, Malve M, Irdt K, Reisberg T, Solnik A, Scheib CL, Seidman DN, Williams AL; Estonian Biobank Research Team; Tambets K, Metspalu M. Patterns of genetic connectedness between modern and medieval Estonian genomes reveal the origins of a major ancestry component of the Finnish population. Am J Hum Genet. 2021 Sep 2;108(9):1792-1806
  8. Tacitus, P. C. «Germania», 45
  9. Henricus de Lettis «Heinrici Cronicon Lyvoniae», VII:1—2, VIII:4
  10. Keeleminutid. Kes on eestlased?
  11. Setod
  12. Comment to the Seto epic: second part of the «Peko song» (4318 verses)
  13. Võrukesed
  14. Instituudist(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 мая 2023. Праверана 12 мая 2023.
  15. Mulgid
  16. TAAVI PAE, KERSTI LUST MULKIDE NIMETUSE SAAMISLOOST EHK KAS MULGID ON TÕESTI RUMALAD?
  17. Huvitavat lugemist — Mulgikultuur(недаступная спасылка)
  18. Ajalugu — Mulgikultuur(недаступная спасылка)
  19. Estonian Vikings
  20. LIISI RÄLI Eestlaste uus elu 1940. aastatel Läänes
  21. Forced to flee: The Great Escape to the West in 1944
  22. The global Estonian diaspora
  23. Тамби, С.А. 2021.
  24. Карашчанка, І. Эстонцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 6. Кніга II. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — С. 269
  25. Пушкін, І.А. 2010, с. 77.
  26. belstat.gov.by
  27. Eesti põllumajandus läbi aegade(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2023. Праверана 13 мая 2023.
  28. Eesti põllumajanduse arengulugu
  29. talgud
  30. Traditsioonilised käsitöövormid
  31. Eesti majanduse arengulugu 1940. aastani
  32. Уровень трудовой занятости в Эстонии близок к 70 % населения
  33. Традиционное эстонское ремесло
  34. Tütarküla — Unioonpeedia, mõiste kaart
  35. Talu
  36. Heiki Pärdi XX sajand — murrang Eesti maa-arhitektuuris
  37. Lugeja küsib: millal tuli talupoja tuppa põrand ja õuele muru?
  38. Oliver Tätte KOMPOSTIVA KUIVKÄIMLA PROJEKTEERIMINE JA EHITUS
  39. Vaike Haas A Review of Urban Planning in Tallinn, Estonia: Post-Soviet Planning Initiatives in Historic and Cultural Context
  40. Architecture of Estonia
  41. Kallast, K. So Close and Yet So Far: The Distant Heritage of the Historical Urban Landscapes of Residential Districts of Tartu, Estonia. Int J Semiot Law 34, 907—928 (2021)
  42. Culture.ee: 'A century of the Estonian home in the city'
  43. KARTULI AJALUGU
  44. Potato
  45. Cuisine Overview
  46. Meie rahvustoit on leib
  47. Õlle ajalugu
  48. Talupojarõivaste areng esiajast 19. sajandini
  49. Põhja-Eesti
  50. Saared
  51. Lõuna-Eesti
  52. Lääne-Eesti
  53. Karu, E., Abiajamine — Vana vastastuslikuse abistamise komme // Etnograafia aastaraamat. — Tallinn, 1962. P. 276—286
  54. Гл.: Johan Eellend Cultivating the Rural Citizen
  55. Friedrich Reinhold Kreutzwald (1803—1882)
  56. а б Folk Song
  57. ESTONIAN FOLK MUSIC LAYERS IN THE CONTEXT OF ETHNIC RELATIONS
  58. Songs of Freedom: Estonian Choir Song Tradition
  59. ESTONIAN TRADITIONAL MUSICAL INSTRUMENTS
  60. Estonian folk music instruments. Taive Särg
  61. Tall J. Kannel // Folk Harp Journal. — No 30, 1980. — P. 25—29
  62. Lõõtspill
  63. Sille Kapper Continuity and Reinvention: Past Round Dances in Present Estonia
  64. EESTI RAHVATANTSU AJALOO KRONOLOOGIA
  65. The History Of Estonia Dance Culture
  66. Estonian Fairy Tales, Folk Tales and Fables
  67. ESTONIAN FOLKTALES I : 1. FAIRY TALES SUMMARY
  68. Estonian language, alphabet and pronunciation
  69. Liivi Aarma Volksbildung und Buchproduktion im schwedischen Livland: Johann Fischer und Bengt Gottfried Forselius
  70. Population census. The proportion of people with a religious affiliation remains stable, Orthodox Christianity is still the most widespread
  71. Henricus de Lettis «Heinrici Cronicon Lyvoniae», XXIV:5
  72. Tõnno Jonuks HOLY GROVES IN ESTONIAN RELIGION. In Estonian Journal of Archaeology, 2007, 11, 1, 3-35
  73. Heiki Valk LÕUNA-EESTI XIII—XVII/XVIII SAJANDI KÜLAKALMISTUD RAHVATRADITSIOONIS JA USKUMUSTES
  74. Urmas Sutrop TAARAPITA — THE GREAT GOD OF THE OESELIANS
  75. AHTO KAASIK OLD ESTONIAN RELIGIONS
  76. Ergo-Hart Västrik THE HEATHENS IN TARTU IN 1987—1994: HERITAGE PROTECTION CLUB TÕLET
  77. Maavalla Koda
  78. Jenni Rinne Searching for Authentic Living Through Native Fait
  79. History
  80. History — EELC(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2023. Праверана 31 мая 2023.
  81. ПРАВОСЛАВИЕ В ЭСТОНИИ

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць