Рыфма
Ры́фма (стар.-грэч.: ῥυθμός — суразмернасць) — паўтаральная сугучнасць асобных словаў ці іх частак на адных і тых жа месцах у вершаваных радках. Усталяванасцю пазіцыі рыфма адрозніваецца ад іншых відаў гукавых паўтораў, што сустракаюцца ў вершы. Часцей за ўсё рыфма бывае ў канцы радкоў, таму яе часам не зусім дакладна вызначаюць як сугучнасць клаўзул.
Аднак паэзія, апрача найбольш пашыраных канцавых рыфмаў, ведае рыфмы пачатковыя, калі сугучныя словы стаяць у пачатку суседніх радкоў, і ўнутраныя, калі адно з сугучных словаў знаходзіцца ў сярэдзіне, а другое — ў канцы аднаго і таго ж радка. Сустракаюцца вершы, у якіх усе словы або частка словаў аднаго радка рыфмуюцца з усімі словамі або часткай словаў другога радка (пантарыфма). Што да характару сугуччаў, то ў іх вырашальную ролю адыгрывае перш за ўсё супадзенне націскных галосных, а ўжо затым — паслянаціскных і пераднаціскных зычных і галосных гукаў.
Рыфма — не абавязковая прымета верша. Антычная паэзія, напрыклад, рыфмаў не ведала. Не было яе і ў найбольш даўніх жанрах усходнеславянскага фальклору (былінах, думах, галашэннях і г. д.).
Гісторыя ўзнікнення рыфмы
правіцьРыфма (у яе цяперашнім разуменні) узнікла раней за ўсё ў паэзіі старажытнага Кітая (II тыс. да н. э.), затым — незалежна ад кітайцаў — ёй сталі карыстацца ў даісламскай паэзіі арабаў (V—VI стст.). У IX ст., у перыяд замены квантытатыўнага (колькаснага) вершавання квалітатыўным (якасным), яна з'явілася ў Еўропе — у лацінамоўнай нямецкай паэзіі, затым шпарка распаўсюдзілася ва ўсёй еўрапейскай вершатворчасці. Тлумачыцца гэта не толькі моцным уплывам лацінскай паэзіі (непасрэдным або апасродкаваным), але і тым, што кожная з нацыянальных еўрапейскіх літаратураў, па сутнасці, самастойна падышла ўжо да авалодання рыфмай У аратарскай прозе ўсіх гэтых літаратураў сугучныя словы ўжываліся досыць часта ў заканчэннях асобных частак рытарычных перыядаў, што прыводзіла да з'яўлення рыфмаванай прозы. У паэзіі слоўная сугучнасць узнікала найперш у выніку ўжывання сінтаксічнага паралелізму, пры якім у сярэдзіне і на канцах суседніх вершарадоў аказваліся тыя самыя часціны мовы ў аднолькавай граматычнай форме. Усё гэта рыхтавала глебу для ўспрыняцця рыфмы як нечага арганічнага, вельмі патрэбнага. З часам роля рыфмы робіцца настолькі значнай, што яе нават лічаць сінонімам верша, паэзіі наогул (зразумела, неапраўдана). На фоне верша звычайнага, г. зн. рыфмаванага, пачынае вылучацца белы верш, а на фоне зарыфмаваных радкоў — халастыя радкі.
Рыфма — з'ява гукавая, а не графічная. Таму зусім зразумела, што рыфмай лічацца гукавыя супадзенні тыпу круг — завірух, сад — хат і г. д. У старажытнай беларускай паэзіі (як, дарэчы, і ў іншых даўнеславянскіх) рыфму нярэдка ўтварала супадзенне апошніх складоў словаў, месца націску ў іх значэння не мела (его́ — бли́жнего, рука́ — лу́ка). Пазней галоўнай прыметай рыфмы становіцца супадзенне націскных галосных і паслянаціскных гукаў. У канцы XIX і асабліва на пачатку XX ст. уся ўсходнеславянская рыфма значна «палявела»: важным стала супадзенне не паслянаціскных, а пераднаціскных гукаў. Пачала шырока ўжывацца недакладная рыфма, пры якой супадаюць толькі асобныя гукі.
Функцыі рыфмы
правіцьРыфма выконвае ў вершаваным творы вельмі важныя функцыі. Як паўтор сугуччаў яна ўваходзіць у сістэму гукавой арганізацыі вершаванай мовы і мае, такім чынам, фанічнае значэнне. Інструментоўка верша ў многім залежыць ад колькасці рыфмаў, багацця гукавых супадзенняў у словах, частаты размяшчэння рыфмаў у вершы. Рыфма адыгрывае ў вершаваным творы і значную інтанацыйную ролю. У прыватнасці, яна садзейнічае (асабліва пры сінтаксічным пераносе) узнікненню лагічнага націску на слове, што стаіць у рыфме. Дзякуючы рыфме часам ствараецца эфект акцэнтна-інтанацыйнай незвычайнасці (рыфмы ламаныя, рознанаціскныя, або няроўнаскладовыя, састаўныя). Велізарная роля належыць рыфме ў рытмічнай арганізацыі верша. Адна з найгалоўнейшых яе функцый, як заўважыў М. Багдановіч, — «падкрэсліваць форму метра, абводзячы цвёрдым контурам яго граніцы». Рыфам з'яўляецца своеасаблівым сігналам аб заканчэнні вершаванага радка — гэтай рытмічнай адзінкі верша, паказвае на месца міжрадковай паўзы. Асабліва важна гэта ў вольным вершы, паколькі рыфма ў ім з'яўляецца фіксатарам канца вершаванага радка. Рыфма ўплывае на рытм верша, бо яна не проста сугучнасць асобных словаў, а сугучнасць, звязаная з моўным націскам. Менавіта таму рыфмы мужчынскія і жаночыя, дактылічныя і гіпердактылічныя, рознанаціскныя (няроўнаскладовыя) і састаўныя, ужытыя ў розных камбінацыях, надаюць творам, апрача ўсяго іншага, і своеасаблівы рытмічны малюнак.
Рыфма выконвае таксама і кампазіцыйную функцыю. Яна не толькі раздзяляе вершаваныя радкі, але і спалучае іх у страфічныя комплексы, аддзяляючы іх затым адзін ад другога, што ўплывае на архітэктоніку твора. Унутраная рыфма ў адрозненне ад канцавой звязвае не радкі, а паўрадкоўі, аднак адыгрывае тую ж рытмічную і кампазіцыйную ролю. Дзякуючы свайму месцу ў вершарадзе (канец радка, перад міжрадковай паўзай) рыфма падкрэслівае, інтанацыйна вылучае пэўныя словы-паняцці. Апрача таго, яна асацыятыўна звязвае асобныя словы, падкрэсліваючы іх сэмантычную блізкасць або, наадварот, аддаленасць. На гэтай уласцівасці рыфмаў засноўваюцца, у прыватнасці, г. зв. тэматычныя рыфмы, якія дапамагаюць падкрэсліць найбольш важныя для ўсяго твора паняцці. Пра сэнсавае, або лексічнае, значэнне рыфмы паэты ведаюць здаўна і выкарыстоўваюць гэта ў сваёй творчай практыцы.
Таксама рыфма мае мнеманічнае значэнне — садзейнічае хутчэйшаму, лепшаму запамінанню рыфмаваных твораў. Пра гэта сведчыць тое, што, напрыклад, белы верш або празаічны тэкст вывучыць на памяць значна цяжэй, чым рыфмаваны верш. Усе свае магчымасці рыфма раскрывае ў творы толькі ў цесным узаемадзеянні з іншымі кампанентамі мастацкай формы, служачы разам з імі выяўленню думак і пачуццяў вершатворцы.
Тыпы рыфмаў
правіцьПа месцы націску:
- Гіпердактылічныя — націск на чацвёртым (і далей) ад канца складзе.
- Дактылічныя — націск на трэцім ад канца складзе.
- Жаночыя — націск на перадапошнім складзе.
- Мужчынскія — націск на апошнім складзе.
У залежнасці ад колькасці і якасці гукавых супадзенняў:
Па характары канцавога гуку:
Адносна дакладнасці сугуччаў:
- Амаграфічныя.
- Аманімічныя.
- Амафонныя.
- Анаграмныя.
- Апорныя.
- Асанансныя.
- Дакладныя.
- Кансанансныя.
- Ламаныя.
- Недакладныя.
- Рознанаціскныя.
- Усечаныя.
Адносна размяшчэння:
- Канцавыя.
- Пантарыфмы.
- Пачатковыя.
- Рэхарыфмы.
- Унутраныя.
Адносна частотнасці з'яўлення ў вершы:
- Рэгулярныя.
- Спарадычныя.
Іншыя тыпы:
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.