Бедная рыфма
Бе́дная ры́фма — тэрмін, якім абазначаюць шэраг бедных на сугуччы рыфмаў.
Да беднай рыфмы перш за ўсё адносіцца мужчынская адкрытая рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі: люблю́ — маю́, край — быва́й, пайшо́ў — зноў і г. д. Не вызначаецца багаццем сугуччаў і мужчынская закрытая рыфма, у якой не супадаюць пераднаціскныя зычныя: ног — даро́г, дым — ім, сцяг — вяка́х і г. д.
Як бедная рыфма ўспрымаюцца таксама аднародныя граматычныя рыфмы, асабліва пры злоўжыванні імі. У першую чаргу гэта адносіцца да т. зв. флексійных рыфмаў — дзеяслоўных (хо́дзіць — паво́дзіць, пыта́е — сяда́е) і назоўнікавых (нага́мі — сцяга́мі, васілё́чак — звано́чак).
У паэтычным творы бедныя рыфмы звычайна выступаюць побач з іншымі сугуччамі, гукавымі паўторамі, з багатымі і глыбокімі рыфмамі, што ў значнай ступені кампенсуе іх гукавую малапрыкметнасць.
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.