Багатая рыфма
Бага́тая ры́фма — рыфма з выразным супадзеннем у ёй многіх гукаў. Багацце рыфмы — паняцце адноснае. Па-першае, дакладныя жаночыя рыфмы заўсёды багацейшыя за мужчынскія, а дактылічныя — за жаночыя. Па-другое, на багацце сугуччаў у словах-рыфмах вельмі ўплывае супадзенне пераднаціскных зычных гукаў і гукаў, якія стаяць перад націскнымі складамі. Таму як багатыя ўспрымаюцца рыфмы глыбокія (сасну — засну, непрымальна — нармальна, нака́палася — наплакалася). Нарэшце, на багацце гучання рыфмаў уплывае фанічная якасць гукаў. Звонкія зычныя, адкрытыя, шырокія галосныя надаюць рыфмам гуказапіснае багацце. Багатыя рыфмы ўзбагачаюць інструментоўку верша ў цэлым, надаюць яму гукавую выразнасць, музычнасць. Вось прыклад вершаваных радкоў з багатай рыфмай:
- А хоць жа й пайду ў гасціну—
- Навяжу бліноў хусціну.
- (Народная песня)
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.